№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Сыракомля (Uladzislau Syrakomlja)

1823 - 1862

Уладзіслаў Сыракомля
Сапраўднае імя — Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч. Нарадзіўся 29 верасня 1823 у фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскае губерні (цяпер вёска Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці) у сям'і арандатара Аляксандра Каятана Кандратовіча (шляхецкі герб “Сыракомля”), жанатага з Вікторыяй Златкоўскай. Продкі паэта належалі да старадаўняй беларускай шляхты, паланізаванай у выніку гістарычных падзей у Вялікім Княстве Літоўскім. Дзед паэта Юзаф быў лідскім ротмістрам, бацька меў адукацыю каморніка, але на казённую службу не пайшоў і, каб пракарміць сям'ю, арандаваў дробныя фальваркі ў князёў Радзівілаў.

У 1825 Кандратовічы пераехалі ў Яськавічы (цяпер вёска ў Салігорскім раёне), а вясной 1831 — у Кудзінавічы (цяпер вёска ў Капыльскім раёне).

Навучыўшыся чытаць па-польску ў шасцігадовым узросце, Сыракомля самастойна знаёміўся з творамі I. Красіцкага і Ф. Князьніна.

Здаўшы ў канцы лета 1833 году экзамены, Сыракомля пачаў вучыцца ў павятовай школе пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы адразу з другога класа. Пад канец навучальнага году ён быў па паспяховасці трэцім вучнем класа, аднак скончыць школу не ўдалося: у лістападзе 1835-га ўлады закрылі яе. Давучваўся ў дамініканскай школе ў Наваградку, адкуль, скончыўшы пяты клас, вярнуўся да бацькоў у вёску Мархачоўшчына, каб паступова далучацца да гаспадарчых справаў. Неўзабаве высветлілася, што арандатарскія клопаты не прывабліваюць падлетка, які шмат чытае і нават рыфмуе, пераймаючы класічныя ўзоры. Бацька дапамог яму ў 1841 годзе ўладкавацца на службу ў канцылярыю кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. Гэта дазволіла Сыракомлю пашырыць магчымасці для самаадукацыі. Год ён вывучаў паперы радзівілаўскага архіва і ў выніку напісаў артыкул пра мінулае Нясвіжа для “Старажытнай Польшчы” М. Баліньскага.

У красавіку 1844 ажаніўся з Паўлінай Мітрашэўскай і пераехаў у Залучча.

. Сыракомля напісаў паводле пачутай у Міры гісторыі “народную гутарку” “Паштальён”, якая стала яго дэбютам у друку (1844), а пазней, праз пераклад Л. Трэфалева —папулярнай у Расіі песняй “Когда я на почте служил ямщиком...”

Сыракомля перакладаў на польскую мову паэтаў-лаціністаў, рыхтаваў “Гісторыю літаратуры ў Польшчы”, пісаў вершы, гутаркі, карэспандэнцыі ў газеты. Літаратурныя клопаты вымагалі частых сустрэч з выдаўцамі, паўстала непазбежнасць пераезду ў Вільню. У верасні 1852 У. Сыракомля, даручыўшы гаспадарчыя клопаты будучаму паэту В. Каратынскаму, які жыў у яго з сярэдзіны 1850, пераехаў з сям'ёю ў Вільню. Аднак сталым жыхаром горада ён быў нядоўга: у канцы красавіка 1853 пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчына (цяпер вёска ў Віленскім раёне).

У сярэдзіне 1850-х Сыракомля быў ужо аўтарам шасці перакладных кніг паэтаў-лаціністаў, двухтомнай “Гісторыі літаратуры ў Польшчы”, некалькіх асобных выданняў гутарак-паэм, а таксама зборнікаў лірычных твораў. Шмат увагі надаваў падтрымцы творчасці землякоў на беларускай мове (В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі і інш.). Збіраўся сумесна з В. Каратынскім выдаць кнігу беларускамоўных вершаў.

З твораў, напісаных Сыракомлем па-беларуску, да нас дайшлі толькі два — верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і вершаваная лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць ўсюды...” (1861).

Сакрэтны нагляд за Сыракомлем, усталяваны пасля яго знаходжання за мяжой у 1858, паглыбіў канфлікт з царскімі ўладамі. Калі паэт выступіў у Коўне з чытаннем антыцарскіх вершаў, а пасля здолеў выехаць у Варшаву, яго на зваротным шляху арыштавалі. Амаль месяц Сыракомля знаходзіўся пад арыштам у віленскай турме. Пасля — да заканчэння следства — яму было дазволена жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазней пераехаць на лячэнне ў Вільню.

Памёр 15 верасня 1862. Пахаваны на могілках Роса. У фарным касцёле ў Нясвіжы, касцёле святога Яна ў Вільні, а таксама на доме ў Вільні, дзе ён памёр, ёсць памятныя шыльды. У Нясвіжы і Варшаве ёсць вуліцы, якія носяць яго імя. Імем У. Сыракомлі названая адна з сярэдніх школаў у Вільні. Песні на словы паэта пісалі I. Залескі, С. Манюшка. С. Грушвіцкі і інш. Паводле паэмы “Маргер” К. Горскім напісаная аднайменная опера (нядаўна знойдзена ў Санкт-Пецярбургу). Скульптурны партрэт паэта зрабіў А. Шатэрнік.

Чытайце таксама

Уладзімір Валодзін

Уладзімір Валодзін

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

4394