№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 красавіка

  • 1488

    Нарадзіўся Ульрых фон Гутэн (ням. Ulrich von Hutten, памёр 29 жніўня 1523), нямецкі рыцар-гуманіст, адзін з галоўных аўтараў “Лістоў цёмных людзей”. У 1509 годзе выдаў сваю першую працу “Нема”, а ў 1511 годзе — трактат пра вершаскладанне De Arte Versificandi, які зрабіўся вядомым як ва ўсёй Германіі, так і за яе межамі. У 1514 годзе быў запрошаны да двара майнскага арцыбіскупа Альбрэхта, дзе пазнаёміўся з Эразмам Ратэрдамскім. “Лісты цёмных людзей” (выходзілі ў дзвюх частках, 1515 і 1517), напісаныя групай гуманістаў, змяшчалі сатыру супраць кліру і схаластыкі — пародыю на ліставанне разумова і маральна ўбогіх манахаў і тэолагаў. Выказванне Гутэна “Вее паветрам свабоды” зрабілася дэвізам Стэнфардскага ўніверсітэта.

  • 1816

    Нарадзілася Шарлота Бронтэ (анг. Charlotte Brontë, памерла 31 сакавіка 1855), ангельская пісьменніца, сястра пісьменніц Эмілі і Эн Бронтэ. Ужо ў дзяцінстве Шарлота Бронтэ вельмі шмат пісала (частка яе ювеналіяў дагэтуль перавыдаецца). Самыя вядомыя раманы пісьменніцы напісаныя ў сталым узросце — “Джэн Эйр”, “Шэрлі”, “Гарадок” і “Настаўнік”. Раман “Эма” застаўся незавершаным, аднак яго дапісала Канстанс Сэйверы (вельмі беражліва паставіўшыся да спадчыны Шарлоты Бронтэ) і выдала пад аўтарствам “Шарлота Бронтэ і Іншая Лэдзі (Another Lady), апроч гэтага, раман дапісала таксама Клер Бойлен і назвала яго “Эма Браўн”.

  • 1910

    Памёр Марк Твэн (анг. Mark Twain, сапр. Сэмюэл Клеменс, нар. 30 лістапада 1835), амерыканскі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч. Яго творчасць ахоплівае мноства жанраў — гумар, сатыра, філасофская фантастыка, публіцыстыка і інш. Працаваў наборшчыкам у друкарні, рачным лоцманам, шукальнікам золата, рэпарцёрам. Дэбютаваў апавяданнем “Знакамітая жаба-скакуха з Калавераса” (The Celebrated Jumping Frog of Calaveras County, 1865). Найбольшую вядомасць атрымалі два цыклы твораў Марка Твэна: своеасаблівы эпас ракі Місісіпі (зборнікі нарысаў “Даўнія часы на Місісіпі”, Old Times on the Mississippi, 1875, “Жыццё на Місісіпі”, Life on the Mississippi, 1883), аповесці “Прыгоды Тома Соера” (The Adventures of Tom Sawyer, 1876), “Прыгоды Гекльберы Фіна” (Adventures of Huckleberry Finn, 1884) і проза на “сярэднявечныя” тэмы (алегарычная аповесць “Прынц і жабрак”, The Prince and the Pauper, 1882; раман-антыўтопія “Янкі з Канектыкута пры двары караля Артура”, A Connecticut Yankee in King Arthur's Court, 1889, раман “Асабістыя ўспаміны пра Жанну д'Арк яе пажа і сакратара Луі дэ Конта”, Personal Recollections of Joan of Arc, 1896 і інш.). Сярод перакладчыкаў твораў Марка Твэна на беларускую мову — І. Гурскі, П. Кавалёў, А. Марціновіч, Я. Маўр, І. Пташнікаў, А. Савіцкі, Б. Сачанка, Я. Семяжон, М. Татур, М. Ткачоў, Т. Хадкевіч і інш.

  • 1930

    Нарадзілася Хільда Хільст (парт. Hilda Hilst, памерла 4 лютага 2004), бразільская пісьменніца. Познія яе працы належаць да плыні “магічнага рэалізму”. Лаўрэатка ўсіх магчымых літаратурных прэмій Бразіліі. Галоўныя творы: “Сем песняў паэта анёлу” (Sete Cantos do Poeta para o Anjo, 1962), п’есы “Кат” (Verdugo, 1969), “Выдумкі” (Ficções, 1977) і інш.

  • 1938

    Расстраляны Барыс Пільняк (руск. Борис Пильняк, сапр. Вогаў), рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915 году. Раман “Голы год” (1921), аповесці “Іван-ды-Мар’я” (1922), “Чырвонае дрэва” (1929) адлюстроўваюць побыт рэвалюцыйнай эпохі. Псіхалагічная “Аповесць непагашанай поўні” (1926) заснаваная на таямнічых абставінах гібелі М. Фрунзэ і намякае на магчымую датычнасць да гэтага І. Сталіна. Вядомы моўнымі эксперыментамі, стаяў на чале літаратурнай плыні “арнаментальнай прозы”. Рэабілітаваны ў 1956 г. На беларускую мову яго апавяданне “Наследнікі” пераклаў Я. Скрыган.

  • 2004

    Памёр Эдуард Асадаў (руск. Эдуард Асадов, нар. 7 верасня 1923), папулярны савецкі паэт і празаік. Браў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, быў цяжка паранены і страціў зрок. Скончыў Літаратурны інстытут імя М.Горкага. Аўтар 60 кніг.