№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Сматрычэнка

Камандай мы здольныя на многае

25 сакавіка 2012

Камандай мы здольныя на многае
— На сённяшні дзень Вы адзін з самых плённых перакладчыкаў з чэшскай мовы. Чаму Вы ўвогуле звярнуліся да чэшскай культуры і чым яна так доўга ўтрымлівае Вашую прыхільнасць?

— Думаю, Вы са мной пагодзіцеся, што шмат чаго ў чалавечым жыцці прадвызначаюць выпадковасці ці нават іх збегі. Я не выключэнне: выпадкова трапіў у Гуманітарны ліцэй, выпадкова год вывучаў у ім чэшскую мову як другую замежную, выпадкова лёс звёў мяне з людзьмі, якія паспрыялі маёй зацікаўленасці чэшскай літаратурай, літаратурай увогуле, мастацкім перакладам, і якія ўвялі мяне — у непасрэдным ці пераносным сэнсе — у адпаведныя асяродкі, зрабіліся маімі настаўнікамі, сябрамі, калегамі. Чэшская літаратура як цэлае тады, у ліцэі, амаль дваццаць гадоў таму, сталася маім першым вялікім адкрыццём, я знайшоў у ёй шалёна цікавыя з’явы, і гэтым адкрыццём мне закарцела падзяліцца. Напрыклад, прыгадваю, як да нас у ліцэй прыйшла тагачасная аспірантка прафесаркі Ірыны Шаблоўскай па імені Каця, прозвішча ўжо не памятаю, у аспірантуры яна займалася чэшскай літаратурай, і яна заявіла нам, што найбольш значныя і вядомыя чэшскія аўтары апошняга паўстагоддзя жылі ў эміграцыі і афіцыйна не выдаваліся. Для мяне 16-гадовага гэта было абсалютна незразумелым: так, дома на паліцы ў мяне стаяў томік “Тугі па радзіме”, я ведаў, хто такія Наталля Арсеннева, Янка Юхнавец або, скажам, Антон Адамовіч, але якімі б каштоўнымі для беларускай літаратуры яны ні былі, як у грамадскай свядомасці, так і з перспектывы нашага літаратуразнаўства гэтыя аўтары былі досыць перыферыйнай з’явай і не маглі канкураваць з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам або Адамовічам Алесем, якія жылі і творы якіх, хай сабе з праблемамі, але выходзілі збольшага на радзіме. Гэта быў адзін аспект. А другі — што я з першых пачутых словаў літаральна закахаўся ў саму чэшскую мову. І пачаў чытаць як апантаны. З часам з’явіліся знаёмствы сярод чэшскіх пісьменнікаў, выдаўцоў, літаратуразнаўцаў, доступ да кніг для мяне зрабіўся прасцейшым. Паступова я пачаў арыентавацца ў чэшскай літаратуры не горш, чым у беларускай. І ведаеце, у чэхаў столькі твораў, вартых перакладу, што ажно роспач ахоплівае: калі ўсё паспець? Праўда, варыцца ў адным соку таксама трохі прыядаецца. Да таго ж, калі выходзіш па-за нейкія межы, табе адкрываюцца новыя гарызонты. Таму, не закідваючы літаратуры чэшскай, я ўсё больш стараюся пашыраць свае кругагляды: некалькі гадоў таму актыўна пачаў чытаць па-славацку і цікавіцца, што робіцца ў славацкай літаратуры, цяпер спрабую сачыць за літаратурным працэсам у пост-югаслаўскіх краінах, Польшчы, Украіне або, скажам, у Венгрыі, адно што ў апошняй пакуль праз творы ў перакладзе на мовы, мне вядомыя, а не ў арыгінале. Дарэчы, мой першы “дарослы” пераклад, апублікаваны ў 1994 годзе ў “Спадчыне”, быў яшчэ не з чэшскай, а з украінскай мовы.

— Многія маладыя перакладчыкі з чэшскай і іншых славянскіх моваў — у пэўным сэнсе Вашыя вучні. Раскажыце, калі ласка, як можна навучыць перакладу і як матываваць студэнта да такой дзейнасці.

— Паўнавартасна навучыць мастацкаму перакладу, пэўна, немагчыма. Затое магчыма распазнаць здольнасці, заахвоціць да перакладання і скарэктаваць нейкія хібы. А далей удасканальванне адбываецца бесперапынна, у працэсе абмеркавання канкрэтных з’яваў з рэдактарам, з калегамі па цэху. Мне пашанцавала, што я вучыўся, а потым да апошняга часу і працаваў, з невялікімі перапынкамі, на філфаку БДУ — якраз тады, калі там узніклі і развіваліся аддзяленні славянскіх моваў. Менавіта з шэрагаў студэнтаў, якія вывучалі славянскія мовы як асноўную або дадатковую спецыяльнасць, і вырасла, а цяпер працягвае расці, большасць цяперашніх маладых перакладчыкаў, дакладней, значна часцей перакладчыц, якія з большай ці меншай актыўнасцю сёння працуюць на глебе мастацкага перакладу. Вельмі многіх з іх я ведаў і ведаю, многім з іх прапанаваў зрабіць той ці іншы пераклад для публікацыі — кніжнай або часопіснай, часам гэта былі іх першыя спробы перакладу ўвогуле. Распазнаць такія таленты нескладана, бо я сам выкладаў у іх прадметы кшталту “Тэорыі і практыкі мастацкага перакладу”, а калі не сам, то чуў пра такіх студэнтаў водгукі ад калег з кафедры, якія вялі курсы перакладу на іншых мовах. Двойчы на філфаку я ладзіў конкурсы перакладу — для багемістаў і балгарыстаў, а нядаўна натхніўся, і мы з вамі — маю на ўвазе “ПрайдзіСвет” — правялі, прычым досыць паспяхова, конкурс перакладу “Ператвор” адразу з усіх славянскіх моваў, якія выкладаюцца ў Беларусі. Так што я сапраўды вельмі ганаруся тым, што меў дачыненне да адкрыцця або прафесійнага сталення такіх перакладчыкаў, ці, зноў жа, часцей перакладчыц, як Вераніка Бяльковіч, Марыя Пушкіна, Алена Пятровіч, Святлана Рогач, тая ж Марыя Мартысевіч, і іншыя. Працяг, спадзяюся, будзе. Гэтую дзейнасць — пошуку і заахвочвання перакладчыцкіх талентаў — я лічу ці не важнейшай, чым непасрэдна пераклад. Усяго, што хочацца, я і блізка не змагу перакласці сам, а цэлымі камандамі мы здольныя на многае. Здаецца, пра гэта сведчаць, напрыклад, тоўстыя “нацыянальныя” нумары “ARCHE”, якія я ўкладаў, або выдавецкая серыя “Чэшская калекцыя”.

— Колькасць перакладчыкаў у Беларусі расце, расце і колькасць перакладзеных тэкстаў. Аднак яны не заўжды бываюць чытэльныя не толькі праз непрафесіяналізм перакладчыкаў, але і праз недапрацоўкі рэдактара або ўвогуле праз яго адсутнасць. Як трэба выхоўваць добрых рэдактараў перакладаў?

— Так, праблема адсутнасці рэдактараў або іх непрафесіяналізм — не менш істотная, чым адсутнасць саміх перакладчыкаў. Асабіста я нярэдка кідаю чытаць кніжку праз некалькі старонак або магу ўвогуле здаць яе ў макулатуру, калі заўважу падобнага кшталту халтуру. Таксама я надзвычай скептычна стаўлюся да ініцыятываў кшталту калектыўнага перакладу, скажам, “Гары Потэра” або тытраў да замежных фільмаў. Я перакананы, што якім бы выдатным перакладчык ні быў, нават слабенькі рэдактар зможа пераклад палепшыць, а нярэдка, калі перакладчык недастаткова дасведчаны, рэдактар увогуле здольны выратаваць твор. Як рэдактараў выхоўваць — у мяне рэцэпту няма. Я шмат рэдагую сам, значна больш, чым перакладаю, пераважна якраз тых самых маладых перакладчыкаў, якіх “азадачваю” нейкім творам. Але, асабліва апошнім часам, мяне на ўсё не хапае, таму я спрабую прыцягваць да гэтай дзейнасці іншых людзей, у тым ліку новых, пра якіх думаю, што яны дадуць рады з новай задачай, бо ўжо засведчылі сябе як пісьменныя літаратары, у тым ліку перакладчыкі. Вельмі добра, калі такі рэдактар будзе добра ведаць мову арыгіналу, у адваротным выпадку мову проста абавязаны дасканала ведаць перакладчык, бо ў нас гэта часцяком не аксіёма. Нарэшце, рэдактар мусіць валодаць наборам чалавечых якасцяў, без якіх ягоная камунікацыя з перакладчыкам будзе праблематычнай: гэта ўседлівасць, цярплівасць, уважлівасць, настойлівасць, добразычлівасць. Вядома, ад перакладчыка таксама патрабуецца не эмацыйны, а рацыянальны падыход, разуменне, жаданне рабіць саступкі, уменне слухаць парады і ўзважваць іх.

— Мовы, з якіх Вы перакладаеце літаратуру на беларускую, — славянскія. Якія падводныя камяні сустракаюцца падчас перакладу на блізкія мовы?

— Падводныя камяні ў кожнай мовы свае, але, безумоўна, можна вылучыць і нейкія ўніверсалізаваныя. Пра міжмоўныя амонімы, думаю, казаць лішне, гэтую праблему ўсведамляе кожны, але не кожны, на жаль, зазірае ў слоўнік, каб памылковага перакладу пазбегнуць. Тут жа стаілася і праблема распазнавання і перакладу фразеалагічных ці тэрміналагізаваных спалучэнняў, параўнанняў, гульні словаў, схаваных сэнсаў і культуралагічнага фону. Груба кажучы, калі ў чэшскім тэксце напісана, што нехта ў лесе знайшоў грыбы, то толькі з кантэксту можна зразумець, сапраўды гаворка пра грыбы або ўсё ж пра эўфемістычнае азначэнне, даруйце, слова “гаўно”, то бок па-беларуску нехта замест грыбоў у лесе мог бы знайсці хрэн у гародзе. Усё гэта вымагае ўважлівасці, выдатнага ведання адпаведнай мовы і культуры, а таксама вялікага творчага патэнцыялу. Шмат пастак таксама схавана ў сінтаксісе: у кожнай мовы, нават з вельмі падобнымі да нашых словамі, ёсць свой характэрны парадак словаў, свае тыповыя сінтаксічныя канструкцыі і да т.п. Напрыклад, у чэшскай мове ёсць злучнікі “а” і “і”, як і ў нас, але іх ужыванне кардынальна адрозніваецца ад беларускага. Значныя складанасці ўзнікаюць пры перадачы дыялектнага маўлення або ўвогуле адпаведнага стылю, бо моўная сітуацыя ў кожнай краіне ўнікальная: у Беларусі, напрыклад, у параўнанні з многімі іншымі, вельмі нязначная розніца паміж гутарковай беларускай мовай і кніжнай або амаль адсутнічаюць слэнгі. Нарэшце, даводзіцца ламаць галаву над такімі рэчамі, як транслітарацыя імёнаў уласных, перадача “nomen omen”, то бок гаваркіх імёнаў і інш. У паэзіі, да таго ж, шмат сваіх асаблівасцяў, пра якія казаць можна доўга, але лепш асобна.

— Большасць перакладзеных Вамі твораў можна не вагаючыся аднесці да сучаснай літаратуры. Чаму Вы выбіраеце для перакладу менавіта навінкі (ці, прынамсі, больш-менш свежыя творы)?

— Мушу прызнацца, што ў мяне ёсць вялікія прагалы ў літаратурнай адукацыі. Многія класічныя творы я не чытаў, а што з іх і чытаў, тое, як правіла, было даўно, калі я толькі рабіў першыя крокі ў перакладзе, ці нават яшчэ раней. Кожнага разу я кажу сабе: неяк трэба прачытаць тое ці сёе, але потым з’яўляецца мільён навінак, пра якія я чую шмат добрага, пасля прачытання гэтых навінак узнікае ахвота нейкія з іх перакласці, хаця б урывак, і я гэта раблю. Зрэшты, я трохі ўтрырую: з аднаго боку, і з сучаснай літаратуры я стараюся перакладаць, або замаўляць пераклад некаму з калег, больш-менш сістэмна. Маю на ўвазе, што тыя творы і аўтары, якія пачынаюць гучаць па-беларуску, — гэта не графаманства, і ў сябе на радзіме яны былі заўважаныя і належным чынам ацэненыя. З іншага боку, мы знаходзімся ў такой сітуацыі, што трэба хуценька перакладаць і класіку, і я таксама зрабіў нейкія ўжо класічныя творы: трохі Грабала, трохі Кундэры, класічныя дзіцячыя кніжкі, паасобныя вершы Скацэла, Галаса або Яна Колара, цяпер пачаў “Вайну з саламандрамі” Чапэка і г.д.; але ж варта і за сучасным літаратурным працэсам назіраць і на яго рэагаваць. Вядома, пры ўмове, што мы хочам, каб па-беларуску людзі чыталі і не ўтаропліваліся няўцямна, скажам, на беларускамоўнае выданне Ўэльбэка: маўляў, няўжо гэта магчыма?!

— Ці даводзілася Вам перакладаць дэтэктыўныя творы раней? Як Вы робіце з дэтэктывамі — спачатку іх чытаеце, а пасля перакладаеце, ці адразу берацеся перакладаць, каб было цікава даведацца пра разгадку?

— Не, раней дэтэктывы перакладаць не даводзілася. Уласна, і аповесць Даніэлы Капітанявай, якую я прапанаваў вам для нумару — хутчэй лёгкая пародыя на крымінальны жанр. А прачытаць да канца твор, перш чым пачаць яго перакладаць, — гэта лічу абавязковай умовай. Бо трэба ж улавіць стыль, увогуле вызначыць агульную канцэпцыю перакладу дадзенага твора, задумацца пра вырашэнне розных чыста перакладчыцкіх задач. Трымаючы ў галаве моўныя пасткі, якія цябе чакаюць праз тры, пяць, дваццаць старонак, прасцей выбіраць правільны варыянт для перакладу пэўных выразаў.

— Дэтэктыў — жанр на аматара. Ці можаце Вы залічыць сябе да аматараў дэтэктыву? Якую літаратуру Вы любіце чытаць, каб адпачыць і расслабіцца?

— Аматарам — наўрад ці. Адназначна, я не лічу дэтэктыў жанрам, даруйце за стэрэатыпны выраз, для хатніх гаспадыняў; яго чытанне можа зацягваць і прымушае міжволі напружваць мазгавыя звіліны. Разам з тым, мне ўсё ж больш даспадобы ўменне аўтара маніпуляваць мовай, сэнсамі, намёкамі, я люблю пасмяяцца з віртуозна і з гумарам апісаных звычайных побытавых сітуацый. Таму я ўсё ж аддаю перавагу чытанню іншых, не дэтэктыўных, твораў. Вызначыць іх жанравую прыналежнасць часам бывае досыць праблематычна. Збольшага гэта раманы ці апавяданні з сучаснасці, часта з магічнымі элементамі, гэта фантасмагорыі, пародыі, прычым нават вельмі чорныя, гэта дакументальныя творы, мемуары, рэпартажы, дзіцячыя аповесці, нарэшце, паэзія.

— Вы перакладаеце не толькі з чэшскай ды славацкай на беларускую, але і наадварот, чым у нейкай ступені вырашаеце праблему невядомасці айчыннай літаратуры за мяжой. Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці перакладу твораў на мову, якая ад пачатку не родная. З якімі асноўнымі праблемамі Вы сутыкаліся?

— Так, на жаль, і гэтым даводзіцца займацца, прычым гэта збольшага крок вымушаны. Пачаў я такую практыку, здаецца, годзе ў 2002-м, калі пачаў укладаць анталогію беларускага апавядання па-чэшску, у якую ўрэшце ўключыў дваццатку апавяданняў розных аўтараў. Натуральна, для гэтай працы я спрабаваў адшукаць перакладчыкаў-чэхаў, якія б добра валодалі беларускай мовай, але фактычна такіх знайшліся літаральна адзінкі, і шмат працы на сябе яны не адважыліся браць. Таму давялося перакладаць самому і прыцягваць да гэтай справы іншых беларускіх багемістаў. Пазней быў яшчэ шэраг даволі маштабных праектаў, у рамках якіх патрабавалася перакласці пэўны корпус беларускіх тэкстаў: гэта і “Месяц аўтарскага чытання — 2007” у Брне з удзелам блізу 30 беларускіх літаратараў, і беларускія тэматычныя нумары ў розных часопісах. Праекты не сканчаюцца, колькасць перакладчыкаў-чэхаў з беларускай мовы трохі вырасла, але яна ўсё яшчэ вельмі абмежаваная, таму я і цяпер раблю такія пераклады. Тое самае са славакамі. Асноўная праблема ў гэтым адна: мэтавая мова для мяне не родная, а таму я не магу адэкватна ацаніць стылістычную, а часам і сэнсавую адпаведнасць ды натуральнасць паасобных фразаў, магу не ведаць — а слоўнікі ў гэтым далёка не заўжды дапамагаюць — нейкіх эквівалентных выразаў. Натуральна, таксама даводзіцца вырашаць і іншыя, больш канкрэтныя, партыкулярныя пытанні, напрыклад, як перадаваць па-чэшску ці па-славацку трасянку або рускія ўстаўкі. У кожным разе, пры перакладзе на няродную мову надзвычайнае значэнне набывае праца рэдактара, які часам можа ператварацца ў суперакладчыка.

— У Беларусі вядуцца размовы пра тое, што школа беларускага перакладу адсутнічае. Вы доўгі час жывяце за мяжой, у Аўстрыі і Чэхіі, кантактуеце з мясцовымі перакладчыкамі і літаратарамі. На Вашую думку, ці існуе школа чэшскага перакладу прозы і паэзіі? Чым яна адрозніваецца ад рускай, польскай ці, напрыклад, пачаткаў мясцовай?

— Не лічу сябе надта кампетэнтным, каб меркаваць пра школы перакладу. Зрэшты, гэтае паняцце я лічу трохі надуманым. Мне здаецца, што ў той самай Чэхіі, як і ў іншых краінах, у тым ліку Беларусі, адно што ў большых маштабах, папросту існуюць асобныя выдатныя перакладчыкі, якіх можна назваць грандамі і сапраўднымі экспертамі ў пэўнай мове, у пэўнай літаратуры або нейкай яе галіне, у пэўнай культуры ў цэлым. Скажам, такім знаўцам славенцаў быў чэх Францішак Бэрнгард, або такім знаўцам сучаснай рускай літаратуры, перадусім альтэрнатыўнай, ёсць Лібар Дворжак. Вядома, на розныя замежныя літаратуры такіх перакладчыкаў-карыфеяў можа быць і некалькі, у іх даўно пазнавальны стыль, пазнавальныя густы, прыярытэты. Нарэшце, у іх могуць быць і вучні, асабліва калі сваю перакладчыцкую дзейнасць яны спалучаюць з працай выкладчыцкай або рэдактарскай. Інакш кажучы, калі школа перакладу — паняцце хутчэй колькаснае, то так: у чэхаў, славакаў, палякаў, украінцаў, вядома ж, ёсць свае школы. Але калі разглядаць школу як нешта якасна адрознае, то я бачу хутчэй агульныя асаблівасці дадзенай мовы, пэўную традыцыю і індывідуальныя асаблівасці творцаў, месцамі ўплывы настаўнікаў.

— Раскажыце, калі ласка, пра сваю самую вялікую перакладчыцкую мару.

— Можна, вядома, марыць перакласці тую ці іншую кнігу, але я б не называў гэта марамі, хутчэй намерамі. Калі Вы пытаецеся пра такія намеры, то я б вельмі хацеў данесці да беларускіх чытачоў творы Карэла Чапэка, Мілана Кундэры, Багуміла Грабала, Паўла Когаўта, Ёзэфа Шкворэцкага, Іржы Кратахвіла, Яхіма Топала... Прынамсі, палову са згаданых аўтараў я пачаў перакладаць, нешта пакуль адклаў, але абавязкова вярнуся. Ёсць у мяне ўлюбёнцы і сярод славацкіх аўтараў, сербскіх, баснійскіх, якіх я таксама хачу перакласці або ўжо паціху перакладаю. З часам хацелася б авалодаць венгерскай мовай і паказаць беларусам багацце венгерскай літаратуры. Як я сказаў, гэта намеры. Таксама бязглузда марыць пра прыцягненне да справы перакладу новых талентаў і пра спрыянне ім — гэта папросту трэба рабіць; калі хочацца, я не бачу ў гэтым вялікіх перашкодаў. Зусім нядаўна ў Кіеве ў кнігарні я меў магчымасць пабачыць, як актыўна шчыруюць украінскія калегі, колькі ў іх цэлых перакладных серый, выключна якасных і шыкоўна зробленых. Ну што ж, і гэта можна і варта рабіць, бо мары, каб у нас было “як у іх”, патыхаюць зайздрасцю. Але вось пра што я сапраўды пакуль магу толькі марыць — каб нашыя людзі пачалі чытаць па-беларуску і каб для іх гэта не было нейкай надзвычайнай з’явай. А таксама каб аўтарскія ганарары памерам некалькі сотняў еўра для нашых выдаўцоў перасталі быць непераадольнай перашкодай і нам не даводзілася прыніжацца перад замежнымі аўтарамі ці агентамі, вымольваючы ў іх дазвол надрукаваць пераклады іх твораў бясплатна і пры гэтым абавязкова спасылаючыся на нейкія там сацыяльныя, матэрыяльныя, моўныя і палітычныя варункі.

Спампаваць тэкст у фарматах .pdf, .mobi і .fb2.

Siarghiei Smatrychenka_ Kamandai my zdol - Maistar-klas.pdf   Siarghiei Smatrychenka_ Kamandai my zdol - Maistar-klas.doc   Siarghiei Smatrychenka_ Kamandai my zdol - Maistar-klas.fb2

Чытайце таксама

Залаты век ілюстрацыі: Іда Рэнтул Аўтуэйт

Залаты век ілюстрацыі: Іда Рэнтул Аўтуэйт

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

"Затое не прагрызе!" — так на маіх вачах клапатлівая матуля выбірае ў кнігарні кніжку-цацку для свайго маленькага сына. Кніжка стракатая і безгустоўная, але з тоўстымі кардоннымі старонкамі. Яе, як і пераважную…

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Уладзіслаў Гарбацкі

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Дзевяноста гадоў таму — 4 ліпеня 1928 года — у віленскай газеце «Сцяг Працы», якую выдавалі беларускія левыя, было надрукавана апавяданне «Дзіўнае вяселле» пад псеўданімам П. Асака. Пад гэтым псеўданімам…

Мяне вельмі вабіць мова памылкі

Дзмітры Плакс

Мяне вельмі вабіць мова памылкі

— Дзмітры, наколькі я ведаю, Вы пішаце паэзію на трох мовах. У вас ужо выйшлі кнігі паэзіі па-руску, па-беларуску і па-шведску. Раскажыце, калі ласка, на якой мове Вы пачалі пісаць спачатку і як абралі…

4195