№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзіслаў Гарбацкі

Апошні enfant terrible ХХ стагодзьдзя

Эсэ



31 ліпеня 2012 году ЗША страцілі свайго апошняга enfant terrible ХХ стагодзьдзя. Памёр выбітны і непапраўна непачцівы мэтр пяра паўночнаамэрыканскай літаратуры Гор Відал. У ЗША, ды ў і сьвеце, пасьля скону Нормана Мэйлера і Трумэна Капотэ менавіта гэты пісьменьнік і каляпалітык прэзэнтаваў альтэрнатыўнае, сацыяльнае, злабадзённае і пры гэтым заўсёды эстэтычнае пяро Злучаных Штатаў. Усе ягоныя званьні і азначэньні зь першага погляду мала ўпісваліся ў амэрыканскі дамінантны і стэрэатыпізаваны лад: левы, атэіст, сэксуальны разьнявольнік, які хваліўся сваімі шматлікімі як разнаполымі, так і аднаполымі каханкамі, і пры гэтым таленавіты пісьменьнік, эсэіст, сцэнарыст. Насамрэч ён цудоўна ўпісваўся і жыў у пазаабыватальскай сфэры, сымбалізаваў альтэрнатыўныя і на эўрапейскі манер адкрытыя ЗША. Жыў паміж Амэрыкай і Эўропай, знаходзіў сябе як у мілай сэрцу Італіі, так і ў шалёных ЗША. Гэта чалавек, якому ўдалося сесьці на два крэслы адразу. Вястун вольніцы і вольнага каханьня, ён меў за каханкаў такіх вядомых хлопцаў, як Тэнэсі Ўільямз,  Джэк Кэруак, і пры гэтым пяцідзясят тры гады быў зьвязаны амурнай сувязьзю з чалавекам усяго свайго жыцьця Говардам Остэнам.

Другая сусьветная вайна зрабіла зь яго пісьменьніка. З раманам “Ураган”, базуючыся на ўласным досьведзе ўдзелу ў вайне, ён уваходзіць у сьвет літаратуры. Але не вайна, а страта першага каханьня на фронце робіць зь яго ня проста пісьменьніка, але пісьменьніка, які прысьвяціў творчасьць не абстрактнай вайне, а заўчасна забітаму каханку Джэймсу Трымблу. Скандал пасьля выхаду рамана “Горад і стоўп” (The City and the Pillar) якраз і ўсчаўся праз тое, што вайна і пасьляваеннае пурытанскае  жыцьцё “пэцкалася” гомасэксуальнай тэмай. 1948 год, калі зьявіўся скандальны твор, стаўся ня толькі пачаткам складанага і пакручастага шляху, але і шляху вольніцы, эмансыпацыі і новых разуменьняў. Страціўшы кансэрватыўнага чытача, аўтар набыў новага, альтэрнатыўнага, і стаўся клясыкам ня толькі амэрыканскай літаратуры наагул, але і гей-літаратуры. У самой назьве кнігі мякка прыхаваная біблейная алюзія, але, безумоўна, зацяты бязбожнік сьмяецца і перакручвае на свой капыл старазапаветныя цытаты, кідае выклік старазапаветным табу.

“Горад і стоўп” — адзін зь першых амэрыканскіх раманаў (эўрапейцы, вядома, адважыліся напісаць пра такое значна раней) пра тое, як хлопцы — маскулінныя і цалкам сацыяльныя і інтэграваныя ў грамадзтва — пражываюць сваё малапрынятае іншымі каханьне. Раман закрыў 23-гадоваму пісьменьніку доступ у шматлікія выдавецтвы і газэты, сьмелая і звычайна прасунутая New York Times адвярнулася ад яго. Аўтар быў вымушаны пісаць пад псэўданімамі (Cameron Kay, Edgar Box, Katherine Everard). Неўзабаве слава прыйшла да яго: прагрэс тэлевізіі і папулярнасьць Брадвэя, для якіх пачаў пісаць амэрыканскі дэндзі, паспрыялі раскрыцьцю ягоных талентаў. У 1959 годзе яго запрашаюць перарабіць сцэнар вядомага “Бэн Гура”, у які аўтар сьмела прыўнёс гей-ноткі.

Ва ўседазволеным сьвеце Брадвэя аўтар не перастае працаваць на карысьць роўніцы і сэксуальных правоў. Зброяй пяра (раманы “Юліян” і “Майра Брекенрыдж “, эсэ “Эвангельле ад Гора Відала”, “Размовы пра сэкс”, кніга мэмуараў “Палімпсэст” і інш.) ды ўласнага прыкладу пісьменьнік раздражняе афіцыйны бамонд, хрысьціянскую і гетэрасэксуальную Амэрыку. Крытыкуе палітыку інтэрвэнцыі ЗША ва ўсім сьвеце, асабіста ганіць прэзыдэнтаў Бушаў, падзеі 11 верасьня тлумачыць сьцісла і крытычна: гэта натуральная расплата амэрыканцаў за тое, што яны нарабілі ва ўсім сьвеце. І шакуе далей: як вэтэран Другой сусьветнай вайны шкадуе, што ЗША ўлезьлі ў гэтую вайну, бо менавіта там амэрыканцы пакаштавалі інтэрвэнцыі.

Беларускаму чытачу творы апошняга амэрыканскага дэндзі вядомыя хіба ў расійскіх і польскіх перакладах. Нашыя перакладнікі праігнаравалі чалавека, малазразумелага на агульным фоне іншых, больш канфармісцкіх і акадэмічных, амэрыканскіх пісьменьнікаў.

Пражыўшы яскравае жыцьцё, як бачна са шматлікіх інтэрвію, пісьменьнік на схіле гадоў ні на каліва не шкадаваў аб мінулых гадах.

Адчуўшы старасьць і нямогласьць, сумна, але сьмела вольнік заявіў, што неяк трэба спыняць гэтыя зацягнутыя мукі. Уладар непаўторнага пяра, аўтар процьмы кнігаў, тым ня менш застаўся цалкам на зямлі, слава не закруціла яму галавы, і ён да скону сьцьвярджаў малазначнасьць уласнага літаратурнага імя. Калі француская Le Monde запыталася ў яго, якую кнігу са сваёй спадчыны ён параіў бы прачытаць наступным генэрацыям, пісьменьнік сказаў: “Ніякую”. І зазначыў, што няхай маладыя пакаленьні лепей чытаюць... альфабэт.

Ці то праз расчараваньне сьветам, ці то праз канстатаваньне рэгрэсу ў разьвіцьці чалавецтва мысьляр і вольнік прадугадаў патомныя хібы грамадзтва. І не ператварыўся ў стоўп.

 

Упершыню надрукавана ў часопісе ARCHE02.08.2012

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Ігар Кулікоў

Ігар Кулікоў

Паэт і перакладчык.

Міхай Эмінэску

Міхай Эмінэску

Найвядомейшы ў свеце румынскі пісьменнік, класік румынскага рамантызму

2118