№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Жан-Жазэф Рабэарывелу (Jean-Joseph Rabearivelo)

1901 - 1937

Жан-Жазэф Рабэарывелу
Многія даследчыкі лічаць Жана-Жазэфа Рабэарывелу першым афрыканскім паэтам-мадэрністам. Нарадзіўся ён 4 сакавіка 1901 году ў Тананарыве (цяпер Антананарыву), сталіцы Мадагаскара. За пяць гадоў да яго нараджэння Мадагаскар зрабіўся французскай калоніяй. Жан-Жазэф быў адзіным дзіцем незамужняй жанчыны, якая паходзіла з сям’і, што збяднела ў выніку скасавання французскім урадам гандлю рабамі. У 13 гадоў хлопчыка выключылі з каледжа Сэн-Мішэль за тое, што ён адмовіўся ўступаць у рэлігійны ордэн. Крыху павучыўшыся ў сярэдняй школе, ён кінуў навучанне і пачаў працаваць на самых розных працах, якія магло яму прапанаваць каланіяльнае грамадства.

У 1924 годзе ён пачаў працаваць карэктарам, і нягледзячы на тое, што першыя два гады не атрымліваў за гэтую працу грошай, ён да канца жыцця зарабляў карэктурамі. За гэта выдавецтва выпусціла невялікімі накладамі некалькі кніг Рабэарывелу — для яго гэта было дастатковай прычынай заставацца на гэтай працы. У 1926 годзе паэт ажаніўся з Мэры Разафітрыма, дачкой фатографа-афрыканца. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей.

У Тананарыве ў 1920-х гадах бурна кіпела літаратурнае і журналісцкае жыццё: большасць літаратараў выкарыстоўвалі народную мову. Рабэарывелу быў адным з першых малагасійскіх паэтаў, які пачаў пісаць па- французску. Яго першыя зборнікі “Урна з прахам” (La coupe de cendres, 1924), “Лясы” (Sylves, 1927), “Тамы” (Volumes, 1928) напісаныя ў рамантычна-акадэмічнай манеры, у якой пісалі французскія паэты ХІХ ст. Аднак пазней у творчасці Рабэарывелу з’явіліся рысы сімвалізму. Праз прыхільнасць паэта да Францыі і французскай мовы многія яго суайчыннікі, асабліва традыцыяналісты, пагарджалі ім — як ён пагарджаў сваімі непісьменнымі землякамі. Не цікавіла яго творчасць і французскіх гандляроў і адміністратараў. У дзённіках ён апісваў свой дваісты стан — стан чалавека з раманскім розумам і чорнай скурай. Пра гэтую дваістасць сведчыла нават ягоная манера апранацца: на еўрапейскі касцюм ён накідваў ламбу, традыцыйную малагасійскую адзежу.

Паэт усё жыццё пражыў у пазыках і нават сядзеў праз гэта ў турме. Яго найвялікшымі праблемамі былі нізкі заробак, азартныя гульні, калекцыянаванне кніг і цяга да опіюму. Ён вельмі шмат чытаў і займаўся самаадукацыяй, уклаў некалькі анталогіяў малагасійскай паэзіі і дапамагаў з выданнем двух літаратурных зборнікаў, “18 Latitude Sud” і “Capricorne”. Да смерці Рабэрывелу было надрукавана толькі каля паловы яго твораў — вершаў, п’есаў, крытычных артыкулаў і белетрыстыкі. 22 чэрвеня 1937 году паэт, напісаўшы некалькі развітальных лістоў, скончыў жыццё самагубствам з дапамогай цыяніду, дакладна апісаўшы апошнія моманты свайго існавання ў “Блакітным нататніку” (Calepins Bleu), што налічваў больш за 1800 старонак.

Даследчыкі знаходзяць у яго творах рысы як сімвалізму, так і сюррэалізму. Тым не менш, уся творчасць Рабэарывелу ўкаранёная ў малагасійскім фальклоры і гісторыі. Ён быў адначасова паэтам французскім і паэтам малагасійскім, аднак адмовіўся ад магчымасці пасяліцца ў Парыжы. Поўны збор твораў паэта ўлучае сем кніг: “Урна з прахам” (La coupe de cendres, 1924), “Лясы” (Sylves, 1927), “Тамы” (Volumes, 1928), “Дзеці Арфея” (Enfants d'Orphée, 1931), “Амаль сны” (Presque-Songes, 1934), “Перакладаючы ноч” (Traduit de la Nuit, 1935), “Імайтсанала” (Imaitsoanala, 1935), “Песні для Абеоны” (Chants pour Abéone, 1936).

Чытайце таксама

Генры Мілер

Генры Мілер

Амерыканскі пісьменнік і мастак

Віялета Пачкоўская

Віялета Пачкоўская

Беларуская паэтка, перакладчыца з польскай

Вольга Бабкова

Вольга Бабкова

Гісторык, архівыстка, пісьменніца

Жэрар дэ Нэрваль

Жэрар дэ Нэрваль

Французскi пiсьменнiк-рамантык, перакладчык з нямецкай

194