№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман (Herman Charles Bosman)

1905 - 1951

Герман Чарлз Босман
Паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданняў ПАР. Ён вывучаў творчасць Эдгара По і Марка Твэна і выпрацаваў свой стыль, у якім асаблівая ўвага надавалася іроніі. У творах Босмана, напісаных у асноўным па-ангельску, выведзена шмат афрыканераў; шмат увагі пісьменнік надае супярэчнасцям у грамадстве афрыканераў у першай палове ХХ ст.

Босман нарадзіўся ў Кайлсрывіры (Kuilsrivier), гарадку непадалёк ад Кейптаўна, у афрыканерскай сям’і, і з дзяцінства ведаў афрыкаанс і ангельскую. Калі Босманы пераехалі ў Ёханэсбург, будучы пісьменнік пайшоў у кенсінгтанскую сярэднюю школу для хлопчыкаў. Удзельнічаў у стварэнні школьнага часопіса. Калі Герману было шаснаццаць, ён пачаў пісаць першыя свае апавяданні для нядзельнай газеты Sunday Times. Ва ўніверсітэт ён паступіў дзякуючы ўдзелу ў шэрагу конкурсаў студэнцкіх літаратурных твораў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Босман атрымаў месца настаўніка ў школе, дзе навучанне вялося на афрыкаанс, у раёне Грот Марыка (Groot Marico). Гэты край і яго людзі натхнілі пісьменніка і сталі асноўным матэрыялам для самых вядомых апавяданняў Босмана: серыі апавяданняў пра Дзядзьку Схалка Лоўрэнса (Oom Schalk Lourens) і нарысаў з “Вітальні” (Voorkamer) — дзеянне іх усіх адбываецца ў гэтым рэгіёне.

Падчас школьных канікулаў у 1926 годзе Босман прыехаў у госці да сваёй сям’і ў Ёханэсбург. Паспрачаўшыся са сваім зводным братам, ён стрэліў з вінтоўкі і забіў яго.

Пісьменніка асудзілі на страту і перавялі ў камеру для смяротнікаў у Цэнтральнай вязні Прэторыі, але потым памілавалі і замянілі страту на дзесяцігадовае зняволенне і катаргу. У 1930 годзе яго вызвалілі пасля адбывання паловы тэрміну. Турэмны досвед лёг у аснову яго напаўбіяграфічнай кнігі, “Турма Колд Стоўн” (Cold Stone Jug).

Босман адкрыў сваю друкарню і хутка зрабіўся часткай літаратурнай супольнасці Ёханэсбурга. Але яму быў патрэбны адпачынак, і ён выправіўся ў падарожжа, што зацягнулася на дзевяць гадоў, большую частку якіх ён правёў у Лондане. Апавяданні, напісаныя ў гэты перыяд, увайшлі потым у адну з самых вядомых яго кніг — “Мафекінгская дарога” (Mafeking Road).

У пачатку Другой сусветнай вайны ён вярнуўся ў Паўднёвую Афрыку і пачаў працаваць журналістам, апроч гэтага, перакладаў на афрыкаанс “Рубаят” Амара Хаяма (выйшаў у 1948).

Босмана вельмі хвалявала тое, што ў Ёханэсбургу не шанавалася культурная спадчына. Так, ён пісаў: “Яны знясуць Класічны тэатр, як ужо знеслі ўсе іншыя старыя будынкі, тэатры, джын-палаца, начлежкі, храмы, крамы, аркады, кафэ і турмы, якія асацыююцца з шахцёрскімі часамі Ёханэсбурга… Я рады, што ў свеце няма больш іншых гарадоў, якія б так прагнулі пазбавіцца ад сведчанняў уласнага паходжання”.

Пісьменнік ажаніўся з Элай Мэнсан. Пара зрабілася вядомай праз багемны стыль жыцця і вечарынкі, якія часта зацягваліся да ранку і на якіх госці бавіліся дасціпнымі размовамі. Пасля вечарынкі, што адбылася ў гонар пераезду ў новы дом, пісьменнік моцна захварэў — у яго з’явіліся болі ў грудзях, — і яго адправілі ў лякарню ў Эдэнвалі. Падчас прыёму на пытанне: “Месца нараджэння?” — ён адказаў: “Нарадзіўся ў Кайлсрывіры, памёр у эдэнвалскай лякарні”. Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як ён увайшоў да доктара, з кабінета пачуўся гучны рогат, і пісьменніка выпісалі. Аднак літаральна праз некалькі гадзінаў ён злёг і памёр па дарозе ў лякарню. Дата смерці пісьменніка — 14 кастрычніка 1951 году. Пахавалі Босмана на могілках у Вестдэне. На яго трохвугольным надмагіллі на афрыкаанс і па- ангельску напісана слова “пісьменнік” (Die Skrywer, The Writer, Herman Charles Bosman).

Пасля смерці Босмана аўтарскія правы на ўсе яго творы былі выстаўленыя на аўкцыён, і іх набыла яго жонка. Пасля яе смерці правы перайшлі да яе сына.

Пры жыцці Босмана пабачылі свет толькі тры яго кнігі: “Мафекінгская дарога” (1947), “Джакаранда” (Jacaranda) і “Турма Колд Стоўн” (1949). Аднак многія яго апавяданні выходзілі ў шэрагу даўно забытых часопісаў; многія з гэтых апавяданняў былі ўлучаныя пасля ў розныя зборнікі і анталогіі, якія шматразова выдаваліся пад рознымі назвамі і ў розным складзе.

Чытайце таксама

Францішак Карпінскі

Францішак Карпінскі

Польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму.

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Эдрыен Рыч

Эдрыен Рыч

Амерыканская паэтка, эсэістка, феміністка і грамадская дзяячка.

214