№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэнке Кац (Menke Katz)

1906 - 1991

Мэнке Кац
Нарадзіўся ў 1906 годзе ў павятовым гарадку Свянцяны непадалёк ад Вільні. Як і ўсе габрэйскія дзеці, маленькі Мэнке (на ідышы — Méyn-keh) вучыўся ў традыцыйнай школе — хедары. Навучанне вялося на ідышы, тэксты ж, якія выкладаліся ў школе, былі на іўрыце і арамейскай.

Бацька Мэнке Гіршэ-Довід Кац быў не дужа паспяховым у справе піўнога броварства, таму вырашыў падацца ў Амерыку да сваякоў, якія з’ехалі туды раней. Ён спадзяваўся неўзабаве перавезці з сабой сям’ю. У траўні 1914 Гіршэ-Довід Кац прыбыў у Нью-Ёрк.

Першая сусветная вайна не дала магчымасці сям’і Кацаў далучыцца да бацькі сямейства. Шэсць гадоў Бадона Кац, маці паэта, не мела ад мужа ніякіх звестак. Вайна прайшлася і па Свянцянах: літаральна за некалькі крокаў ад дома Кацаў была лінія фронту.

Голад і смерць старэйшага сына Эльчыка, найлепшага сябра Мэнке, прымусіла маці паэта пераехаць у роднае мястэчка Міхалішкі.

У 1919 годзе прыйшоў першы ліст ад бацькі, які на той момант жыў ужо ў Нью-Джэрсі. А ў 1920 годзе маці і чацвёра дзяцей прыехалі ў Амерыку.

Пасля пераезду паэт амаль адразу пачынае дасылаць свае літаратурныя спробы ў габрэйскамоўныя літаратурныя газеты. З сярэдзіны 1920-х яго творы пачалі з’яўляцца ва ўплывовых нью-ёркскіх газетах.

Першая паэтычная кніга Каца “Тры сястры” выйшла ў 1932 годзе ў горадзе Мілуокі.

У тыя часы ён далучыўся да габрэйскіх літаратурных колаў, якія былі пераважна левага кірунку і сімпатызавалі Савецкаму Саюзу. Гэта было абумоўлена падтрымкай габрэйскай літаратуры і адукацыі ў СССР. Але савецкія падзеі другой паловы 1930-х прымусілі Каца перагледзець свае погляды. У 1938 годзе выходзіць яго кніга “Мястэчка ў агні”, у якой знаходзіць адбітак яго перакананне, што габрэйская літаратура мусіць адмовіцца ад класавага падыходу, палітызаванасці і сімпатыі “пралетарскім пытанням”. Праз гэта многія сябры адвярнуліся ад яго. Наступная кніга “Адказ маёй бабкі Баданы” (1939) выклікала яшчэ большую палеміку.

У 1953 годзе, калі стала вядома пра забойства ў СССР габрэйскіх паэтаў, ён канчаткова парваў з левымі коламі, пачаў выдаваць уласны літаратурны часопіс “Бітэр-рут”.

Некалькі гадоў Мэнке Кац пражыў у Ізраілі, але, адчуўшы там варожасць да мовы і культуры ідыш, вярнуўся ў ЗША. Пасля Другой сусветнай вайны Кац пачынае пісаць па-ангельску. У 1972 годзе ён быў намінаваны на Пулітцэраўскую прэмію.

Памёр паэт у красавіку 1991 году.

За жыццё Мэнке Кац выдаў 18 зборнікаў паэзіі на ідышы і ангельскай. Яго творы перакладалі на французскую, грэцкую, італьянскую, іўрыт, японскую і іншыя.

Больш інфармацыі пра паэта можна знайсці на сайце яго сына Довіда Каца.

Чытайце таксама

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Стыян Холе

Стыян Холе

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Томас Эспедал

Томас Эспедал

Нарвежскі пісьменнік.

888