№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мантэгю Родс Джэймс (Montague Rhodes James)

1862 - 1936

Мантэгю Родс Джэймс
Ангельскі пісьменнік і навуковец (тэкстолаг і бібліёграф-медыевіст). Адзін з класікаў жанру ghost story – гісторыі пра прывідаў, хаця развіў ён гэты жанр па-свойму, і даследчыкі кажуць пра асобны жанр “джэймсіянскай” навэлы або “антыкварнага” дэтэктыву.

Ужо ў маленстве М. Р. Джэймс больш цікавіўся старажытнымі кнігамі, чым дзіцячымі гульнямі. Захаваўся аповед пра тое, як шасцігадовы Джэймс, захварэўшы на бранхіт, запатрабаваў нідэрландскую Біблію XVII стагоддзя, якая належала сябру яго бацькі, і толькі атрымаўшы кнігу пайшоў на папраўку. Захапленне біблійнымі штудыямі захавалася ў будучага пісьменніка і ў школьныя гады. Пры гэтым яго ў роўнай ступені цікавілі гістарычныя і іншыя “вучоныя” звесткі – і жахлівыя, містычныя падрабязнасці (так, ледзь не галоўным крытэрам ацэнкі жыццяў святых была колькасць апісаных там пакутаў: “чым болей, тым лепей”).

Бліскуча скончыўшы Ітан, Джэймс стаў стыпендыятам Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы, пасля заканчэння якога ўладкаваўся ў аддзел археалогіі Фіцвільямскага музея. Абараніўны дысертацыю “Адкрыццё Святога Пятра” (Apocalypse of St. Peter), ён чытаў лекцыі па тэалогіі ў Каралеўскім Каледжы, а з 1889 году стаў яго дэканам. З Каралеўскім каледжам звязаная і далейшая праца М. Р. Джэймса: у 1905 ён быў абраны яго рэктарам, а з 1913 па 1915 год быў віцэ-канцлерам універсітэта. З цягам часу навуковыя інтарэсы М. Р. Джэймса сканцэнтравалася на палеаграфіі. Яму належыць цэлы шэраг навуковых працаў у гэтай галіне.

Аднак цікавасць да таямнічага, тагасветнага нікуды не знікла – нездарма адным з улюбёных пісьменнікаў М. Р. Джэймса быў класік гатычнае прозы Джозэф Шэрыдан Ле Фаню. Пад яго ўплывам М. Р. Джэймс пачынае пісаць уласныя навэлы, якія спачатку мелі адзіную мэту – забавіць сяброў – і зусім не прызначаліся для публікацыі. Пачынаючы з 1893 году яны чыталіся ў кембрыджскім “Таварыстве балбатуноў”, куды М. Р. Джэймс уваходзіў са студэнцкіх гадоў, і гэтыя чытанні заўсёды былі абстаўленыя як своеасаблівы рытуал. Сучаснік узгадваў, што найперш слухачам М. Р. Джэймса даводзілася пачакаць яго – быццам чарговая навэла дапісвалася ў апошнія хвіліны. “Нарэшце з’яўляўся са спальні з рукапісам у руцэ Мінці, гасіў усе свечкі, акрамя адной, побач з якой сядаў. Затым у паўзмроку ён пачынаў чытаць радкі, напісаныя ягоным почыркам, які амаль немагчыма было расшыфраваць, – з большай упэўненасцю, чым можна было б чакаць” (цыт. паводле: Краснова М. Профессор в ночной рубашке, или Откуда растут страшные руки и куда глядят страшные глаза // НЛО, 2002, № 6 (58). – С. 290). Таямнічая атмасфера, безумоўна, спрыяла нагнятанню жаху, аднак і даследчыкі, і шараговыя чытачы М. Р. Джэймса ў адзін голас сведчаць: нават удзень з кніжкай у руцэ цяжка пазбавіцца вусцішнага адчування. Пры гэтым стыль пісьменніка заўсёды трохі (а часам і не трохі) іранічны і перанасычаны дэталямі – пры аповедзе як пра будзённыя абставіны падзей, так і пра іх “тагасветны” складнік.

Часопісныя публікацыі гэтых аповедаў з’яўляліся пачынаючы з 1895 году. Выдаць першую кнігу апавяданняў М. Р. Джэймса (менавіта так – выключна з ініцыяламі – ён і падпісваў свае гісторыі) прымусілі абставіны. Блізкі сябра пісьменніка Джэймс Макбрайд праілюстраваў некалькі ягоных навэлаў, але неўзабаве памёр. Такім чынам, кнігу “Гісторыі антыкварыя аб прывідах” (Ghost Stories of an Antiquary, 1904) М. Р. Джэймс выдаў у памяць пра сябра. У 1911 годзе выходзяць “Новыя гісторыі аб прывідах” (More Ghost Stories), у 1919 – “Худы прывід і іншыя гісторыі” (A Thin Ghost and Others), у 1925 – “Папярэджанне цікаўным” (A Warning to the Curious and Other Ghost Stories). У 1931 годзе пад адной вокладкай выйшлі апавяданні з гэтых зборнікаў і некалькі новых, склаўшы кнігу “Збор гісторый аб прывідах” (The Collected Ghost Stories of M. R. James).

Апавяданне “Студня Стогнаў” было напісанае ў 1927 годзе для скаўтаў Ітана і прачытаная самім Джэймсам летам таго ж году у Ўорбера Бэй у Дорсэце. Яно ўвайшло ў “Збор гісторый аб прывідах” (1931).

Чытайце таксама

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

Лена Элтанг

Лена Элтанг

Нарадзілася ў Ленінградзе, скончыла факультэт журналістыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

Баляслаў Лесьмян

Баляслаў Лесьмян

Польскі культавы паэт, сябра Польскай акадэміі літаратуры

1125