№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Чаму беларускія кніжныя графікі не хочуць маляваць?

4 чэрвеня 2010

Гэтыя малюнкі наўрад ці змогуць навучыць будучага грамадзяніна адрозніваць дабро і зло, распазнаваць нацыянальную культуру, з маленства цаніць сям'ю і радзіму. Звярніце ўвагу на галоўны крытэр, якім карыстаецца матуля пры выбары кнігі для свайго дзіцяці. Агучаны часткова жартам, ён наводзіць на сур'ёзныя і не дужа вясёлыя разважанні пра культурны ўзровень сярэдняга беларуса, пра колькасную несуразмернасць якаснай дзіцячай кнігі і "кітчу". А нашэсце расійскіх дзіцячых кніг на айчынны рынак і няздольнасць беларускай дзіцячай кнігі ні колькасна, ні якасна супрацьстаяць гэтай "экспанісіі" — факты агульнавядомыя. Што ж перашкаджае беларускай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі быць высокамастацкай і канкурэнтаздольнай?

Дзе кнігі?

Яшчэ ў савецкія часы беларуская школа кніжнай графікі стала вядомая на ўвесь свет. Немагчыма пераацаніць унёсак у беларускую графіку такіх мастакоў як Арлен Кашкурэвіч, Уладзімір Савіч, Валеры Славук, Уладзімір Вішнеўскі, Мікалай Селяшчук... Сёння на кніжных паліцах мы бачым вельмі мала добра праілюстраваных беларускіх дзіцячых кніг. Натуральна, паўстае пытанне: ці існуе сёння школа беларускай кніжнай графікі?

Уладзімір Савіч, мастак, графік, старшыня Саюза мастакоў лічыць так:

— Раней беларуская школа кніжнай графікі мела высокі ўзровень і заслугоўвала вялікай увагі. Зараз яна існуе, але ўзровень гэтай школы значна знізіўся. Я сам выкладаю ў Беларускай акадэміі мастацтваў і назіраю, што студэнты сталі больш лянівымі і абыякавымі да працы. Адпаведна ўпаў і агульны мастацкі ўзровень будучых графікаў. А самых таленавітых студэнтаў-графікаў запрашаюць, напрыклад, у Швецыю на стажыроўку, бо за мяжой, у адрозненні ад нашай краіны, вельмі запатрабаваныя прафесійныя мастакі, якія працуюць у ручных тэхніках графікі.

Адзін з найвыбітнейшых кніжных графікаў новага пакалення Павел Татарнікаў таксама вось ужо год як выкладае ў БАМе і прытрымліваецца такога меркавання: "Школа, безумоўна, існуе. Бо школа — гэта перадача навыкаў і ведаў. Яна не перапынялася. Прадстаўнікі беларускай графічнай школы могуць працаваць у іншых краінах свету, але будуць належаць менавіта да беларускай школы, бо яны ў Беларусі вучыліся і з'яўляюцца носьбітамі адмысловага мастацкага светапогляду і менталітэту. У Беларусі шмат маладых таленавітых кніжных графікаў: Ігар Гардзіёнак, Уладзімір Даўгяла, Тамара Шэлест..." Але калі перадача мастацкіх навыкаў і ведаў не перапынялася, калі ў нас ёсць таленавітыя графікі, то чаму беларуская дзіцячая кніга не "гучыць" так значна і ўпэўнена, як гучала ў тыя ж савецкія часы? Чаму наогул мала якасных беларускіх дзіцячых кніг, аздобленых ілюстрацыямі айчынных графікаў?

Валянцін Лукша, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, не згодны з тым, што ўзровень беларускай кніжнай ілюстрацыі знізіўся:

— Зараз не ўзровень знізіўся, а колькасць кніг паменшылася, — лічыць пісьменнік. — Пра якасць нашых кніг сведчаць вынікі Рэспубліканскага конкурсу "Мастацтва кнігі". Безумоўна, калі-нікалі выдаюцца кнігі, аформленыя мэтрамі кніжнай графікі: Таццянай Беразенскай, Міколам Купавам, Міколам Казловым...

Але ці з'яўляецца перамога на рэспубліканскім (не міжнародным!) конкурсе паказчыкам якасці выдання? Альбо варта глядзець на попыт, на прадавальнасць кніг, на рэкламаванне айчыннай кніжнай прадукцыі, на яе канкурэнтаздольнасць? Калі кнігі такія цудоўныя, што перамагаюць на конкурсе, дык чаму ж яны тады залежваюцца на паліцах кнігарняў?

Там жа,
дзе і ганарары...

Даўно вядома, што, не здолеўшы рэалізаваць сябе на радзіме, шмат беларускіх мастакоў альбо з'язджаюць за мяжу, альбо працуюць на замежныя выдавецтвы. Нават Павел Татарнікаў, уладальнік двух браціслаўскіх "Залатых яблыкаў" — самай прэстыжнай міжнароднай узнагароды ў галіне кніжнай ілюстрацыі, прызнаўся, што сёлета атрымаў прапанову ад дзяржаўнага выдавецтва ўпершыню аж за дзесяць гадоў! Беларускі графік актыўна супрацоўнічае са шматлікімі замежнымі выдавецтвамі (напрыклад, англійскімі, тайваньскімі). А з 1999 па 2008 год для Беларусі рабіў толькі па адной кнізе ў год для серыі "Сем цудаў Беларусі", і тое для прыватнага выдавецтва "Кавалер". Чаму складаюцца такія нягеглыя стасункі паміж дзяржаўнымі выдавецтвамі і мастакамі ў нашай краіне?

Абодва мае суразмоўцы (і Уладзімір Савіч, і Павел Татарнікаў) літаральна ў адзін голас канстатавалі нежаданне прафесійных мастакоў супрацоўнічаць з беларускімі дзяржаўнымі выдавецтвамі. "Мастак цяпер не хоча брацца за кнігу. Таму што ён элементарна не атрымлівае ганарар за сваю працу, — кажа Уладзімір Савіч. — Адбываецца так: кніга праілюстраваная, праца зробленая, але праходзіць два-тры гады, а мастак так і не атрымлівае свае грошы. Дзяржава пакінула гэтую справу на сумленне выдавецтваў.

А выдавецтвы працуюць па дамове, у якой гаворыцца, што мастак атрымае ганарар толькі пасля таго, як будзе прададзена 85% тыражу праілюстраванай ім кнігі. А калі такая колькасць ніколі не будзе прададзена, дык мастаку і плаціць не трэба?! Абсурд!".

Да людзей мастацтва ў нашай краіне ставяцца вельмі дзіўна. Пануе меркаванне, што праца мастака з'яўляецца працай, за якую не трэба плаціць, што самай выдатнай узнагародай для яго будуць апублікаваныя ў кнізе ілюстрацыі. А на якія сродкі жыць мастаку? Тут Павел Татарнікаў дарэчы параўноўвае супрацоўніцтва мастака з беларускімі і замежнымі выдавецтвамі: "Там значна вышэйшая агульная культура стасункаў паміж людзьмі, чым у нас, там менш хамства і падману ў прафесійных дачыненнях. Акрамя таго, там больш выгадныя для мастака грашовыя ўмовы працы, вышэйшыя заробкі, мастак можа спакойна жыць на ганарары... Я не сказаў бы, што ганарары ў нас нізкія — іх проста выплачваюць праз некалькі год пасля таго, як праца зроблена. Хіба так пражывеш?".

Праблему прызнае і Алена Паўлава, старшыня ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі:

— У дзяржаўных выдавецтваў няма зваротных грошай, таму яны не могуць расплаціцца з мастакамі адразу. І многія выдатныя мастакі на такое супрацоўніцтва не пагаджаюцца. Рэч у тым, што кнігі, асабліва дзіцячыя беларускамоўныя, прадаюцца марудна. У нас не бывае такога, каб выпусцілі кнігу і яна разышлася за месяц...

Дзе купіць беларускае?

Каб даведацца, як "пачуваецца" беларуская ілюстраваная дзіцячая кніга на паліцах нашых кнігарняў, я паразмаўляла з Інгай Бекеш, выканаўцай абавязкаў дырэктара ААТ "Белкніга", філіял "Цэнтральная кніжная крама".

— Попытам карыстаюцца розныя кнігі, бо пакупнікі да нас завітваюць і з Мінска, і з абласцей, — распавядае Інга Мікалаеўна. — Кожны карыстаецца рознымі крытэрамі пры выбары дзіцячай кнігі. Але беларускамоўных мастацкіх дзіцячых кніг адназначна не хапае. Беларускамоўныя кнігі пытаюць, бацькі хочуць, каб іх дзеці з маленства вучыліся беларускай мове. А прапанаваць такім пакупнікам вялікага выбару мы, на жаль, не можам. Асабліва гэта тычыцца беларускай кнігі для дашкольнікаў.

Вось і атрымліваецца: ва ўсіх крамах заклікаюць купляць беларускае, а дзе яго купляць? Калі з прадуктамі харчавання, касметыкай і вопраткай айчыннай вытворчасці ў нас усё няблага, то з кнігай, відавочна, праблемы. А кніга — гэта, перш за ўсё, носьбіт нацыянальнай культуры, тое, што павінна нас вылучаць сярод мноства іншых народаў...

Па словах Алены Паўлавай, для таго, каб нармальна функцыянавала кнігарня, такая як, напрыклад, "Светач", яна мусіць мець у продажы 40 тысяч найменняў тавару. "А наша краіна ў год выпускае ў сярэднім 13 тысяч. Ды з іх палова — ведамасная літаратура, якая наогул у продаж не ідзе, — гаворыць Паўлава. — Як бы мы ні хацелі, мы проста фізічна не можам забяспечыць такі асартымент. Таму каля 60% кніжнай прадукцыі ў кнігарнях — расійскай вытворчасці. Гэта тычыцца і дзіцячай літаратуры". Атрымліваецца, у айчынных кнігавыдаўцоў няма стымулу для развіцця, для канкурыравання з расійскай кнігай, таму што, як ні круці, яна ўсё роўна бярэ колькасцю. Магчыма, дзяржава павінна неяк узяць сітуацыю пад свой кантроль і стварыць больш спрыяльныя ўмовы для айчынных кнігавыдаўцоў.

Статыстыка сведчыць, што за 2008 год у Беларусі з 13 210 кніжных выданняў толькі 879 было выдадзена на беларускай мове. "Мы часткова фінансуем сацыяльна значную літаратуру, — кажа Алена Паўлава. — А гэта, у асноўным, беларускамоўныя кнігі. У Беларусі не хапае развіваючых і пазнавальных кніг, кніг для самых маленькіх на роднай мове. Дзіцячыя садкі просяць... У нас праходзяць пасяджэнні, сходы, і Міністэрства адукацыі гаворыць, што сектар літаратуры для самых маленькіх у нас зусім не запоўнены".

Галіна Макаранкава, кіраўнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, лічыць, што калі б было стабільнае фінансаванне дзіцячых садкоў, то ад іх пастаянна паступалі б трывалыя заказы на кнігі, і беларускія выдаўцы маглі б смела выдаваць больш дашкольнай літаратуры. З-за таго, што попыт на дашкольную літаратуру ёсць, а грошай на яе ў дашкольных устаноў няма, айчынных кніг для дашкольнікаў выдаецца замала.

"Якасць —
нявыгадная?"

Да каго звяртацца з просьбай выправіць становішча (палепшыць мастацкую якасць дзіцячых кніг): да дзяржавы, да выдавецтваў? Імкнучыся найбольш поўна разабрацца ў сітуацыі, я накіравалася ў выдавецтва "Мастацкая літаратура" да Надзеі Барай, галоўнага мастацкага рэдактара.

— На пытанне, ці ахвотна з выдавецтвам супрацоўнічаюць мастакі, цяжка адказаць адназначна, — кажа Надзея Васільеўна. — На цяперашні момант у нас, і праўда, існуюць з гэтым праблемы. У выдавецтваў зараз няпростае фінансавае становішча. Таму матэрыяльна сёння мы не можам зацікавіць мастакоў. Але мы шукаем іншыя стымулы. Пакуль што катастрафічнага недахопу ў мастаках, дызайнерах у нас не было. Мы прыцягваем маладых мастакоў. У нас ёсць серыя дзіцячых кніг, дзе мы рэкламуем маладых аўтараў літаратурных твораў і маладых мастакоў, якія зрабілі ілюстрацыі да гэтых твораў.

Варта задумацца: якой будзе якасць кнігі, праілюстраванай студэнтам (мяркуючы па ўсім, не самым таленавітым)? Безумоўна, студэнты творчых факультэтаў крэатыўныя і смелыя людзі, але мала хто з іх знайшоў ужо сваю мастацкую мову, дакладна ведае, што і як хоча перадаць на паперы. Гэта прыходзіць з гадамі творчай практыкі. А так кніга рызыкуе быць проста практыкаваннем па кампазіцыі ці графіцы, што несамавіта для сур'ёзнага выдавецтва, бо патыхае самадзейнасцю.

Вядома, у Беларусі ёсць прыклады кніг, выдатна праілюстраваных найлепшымі сучаснымі мастакамі-графікамі. Тут нельга не ўзгадаць серыі "Сем цудаў Беларусі", "Казачная Шэкспірыяда" і "Слова пра паход Ігара" ў выкананні Паўла Татарнікава, якія былі выдадзены ў прыватным выдавецтве ў перыяд з 1999 па 2008 год. Але вось ужо некалькі гадоў колькасць кніг высокай мастацкай якасці ў гэтага выдавецтва значна паменшылася. Канстанцін Хацяноўскі, яго дырэктар, распавядае: "Так, агульная колькасць кніг у нас паменшылася. Гэта звязана з не вельмі добрым агульным фінансавым становішчам у выдавецтве, з вялікай насычанасцю нашага рынку расійскімі кнігамі, у якіх тыражы большыя, а кошты меншыя. І наогул, высокамастацкія кнігі доўга прадаюцца, не хутка і не цалкам акупляюцца, выдаваць іх нявыгадна".

Атрымліваецца, што ўся праблема ў нястачы грошай. У дзяржаўных выдавецтваў няма сродкаў на аплату працы прафесіяналаў, і ў прыватных выдавецтваў падобная сітуацыя.

Але кніга — гэта паказчык культуры, гэта люстэрка жыцця народа. А яна пераўтварылася ўсяго толькі ў прадукт масавай вытворчасці... Дзіцячай кнігай у Беларусі амаль не займаюцца як часткай нацыянальнай культуры. Самыя таленавітыя з нашых мастакоў сёння працуюць не на айчынную, а на замежную кнігу. І выдавецтвы, і дзяржава робяць надта мала для таго, каб зацікавіць сапраўдных прафесіяналаў у працы на карысць менавіта беларускай кніжнай графікі. Атрымліваецца, у мастацкіх школах, каледжах і акадэміях мы рыхтуем таленты дарэмна. Усё адно самыя лепшыя з іх, імкнучыся пазбегнуць непрызнання і безграшоўя на радзіме, працуюць на замежных кнігавыдаўцоў альбо ўвогуле з'язджаюць...

Чытайце таксама

27 лістапада 2017

Прэзентацыя зборніка вершаў Баляслава Лесьмяна

30 лістапада 2017 года а 19-ай гадзіне ў кнігарні “Сон Гогаля”(вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Баляслава Лесьмяна ў перакладзе…

9 лістапада 2017

Па-беларуску выйшаў знакаміты раман албанца Ісмаіла Кадарэ

Максім Мудроў пераклаў на беларускую мову раман Ісмаіла Кадарэ "Хроніка ў камені". Гэтая кніга лічыцца адным з самых вядомых твораў албанскага пісьменніка. А Кадарэ — зорка першай велічыні. Беларусы сталі…

30 верасня 2017

Абвешчаны кароткі спіс Прэміі Шэрмана

Сёння, у Сусветны lзень перакладчыка, стаў вядомы кароткі спіс прэміі імя Карласа Шэрмана.

5 кастрычніка 2017

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Кадзуа Ісігура

Сёлета лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры стаў Кадзуа Ісігура.

іншыя навіны
163