№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Беларускі кніжны знак

9 ліпеня 2010


Гісторыя беларускага кніжнага знака пачынаецца з выданняў Францыска Скарыны. Сонца маладзіковае лічыцца першым беларускім экслібрысам, які адрозніваецца ад традыцыйнага тым, што пазначае не ўладальніка кнігі, а друкара. Беларускі кніжны знак прайшоў усе этапы развіцця еўрапейскага экслібрысу. Тагачасныя манастыры і княскія роды валодалі багатымі кнігазборамі, якія пазначалі суперэкслібрысам – геральдычнай выявай, якая размяшчалася на верхняй вокладцы дыхтоўнага пераплёту.

Характэрныя экслібрысы мелі праўдстаўнікі роду Радзівілаў: чорны арол, на грудзях якога шчыт з трыма ражкамі, а зверху – карона.

Кніжны знак Багуслава Радзівіла зроблены ў 1671 годзе, ужо пасля смерці князя, для адзначэння той часткі княжацкай бібліятэкі, якая паводле тэстаменту перадавалася пляменніку князя Фрыдрыху Вільгельму, герцагу Прусіі, і павінная была знаходзіцца ў Кёнігсбергу. Акрамя твораў багаслоўскага зместу  кнігазбор утрымліваў значную колькасць кніг па мастацтве, архітэктуры, гісторыі, філасофіі, медыцыне, матэматыцы. Бібліятэка князя Багуслава складалася з кніг, якія ён набываў у Еўропе. Уваходзілі ў яе і кніжныя фонды князёў Алелькавічаў, якія Радзівілам перайшлі ў 1612 годзе ў спадчыну.

Экслібрыс Багуслава Радзівіла (1671)
Вышэйпрыведзены экслібрыс Ігар Ціткоўскі параўноўвае з экслібрысам уладара Слуцка ХVІІІ стагоддзя Гераніма Фларыяна Радзівіла. Тут таксама бачым чорнага арла, з такімі ж ражкамі на шчыце на грудзях. Але адпаведныя новаму часу эстэтычныя погляды патрабавалі іншага падыходу да рашэння твору. Гэта ўжо не сімвалічная па характары рэнесансава-гатычная геральдычная выява, а сюжэтная кампазіцыя з рэалістычнай праўдападобнасцю вобразаў, што ўласцівая мастацтву барока.

Экслібрыс Гераніма Фларыяна Радзівіла.
Мы бачым, што арол ляціць па небе, пад ім прасціраецца даліна з двума гарадамі на гарызонце. Архітэктурныя матывы падаюцца спрошчана, аднак можна не сумнявацца, што адзін з іх абазначае Нясвіж — цэнтр роду Радзівілаў і месца, дзе нарадзіўся князь Геранім. Другі — гэта Слуцк, цэнтр уласных уладанняў князя, яго любімы горад, дзеля квітнення якога ён будаваў грандыёзныя і нават фантастычныя планы. Можна думаць, што Геранім Фларыян Радзівіл, які надаваў увагу мастацтву, у тым ліку і літаратуры, меў значную бібліятэку, сведчаннем чаго з'яўляецца і зроблены для яе экслібрыс. 

Экслібрысы мелі і іншыя, не менш славутыя роды.

Экслібрысы троцкага ваяводы Тадэвуша Іосіфа Агінскага (1747) і Караля Яна Гутэн-Чапскага (XVIII ст.).
А вось так выглядалі экслібрысы пачатку ХХ стагоддзя.

Экслібрысы Я. Тышкевіча (1902) і Е. Бараноўскага (1902).

Мелі ўласныя экслібрысы дзеячы беларускага адраджэння. Да ліку яркіх кніжных знакаў гэтага перыяду належаць экслібрысы этнографа Браніслава Эпімах-Шыпілы, паэта Алеся Гаруна, пісьменніка-краязнаўцы Аляксандра Ельскага, гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, першага рэктара ўніверсітэта Уладзіміра Пічэты і інш.

Экслібрыс Браніслава Эпімах-Шыпілы.

Экслібрыс Вацлава Ластоўскага быў намаляваны ў 1912 годзе, калі яго ўладальнік працаваў сакратаром рэдакцыі газеты “Наша Ніва” і загадваў у Вільні беларускай кнігарняй.

Зоська Верас, якая з 1928 году ў Заходняй Беларусі ўзначальвала кааператыўнае таварыства “Пчала”, а з 1934 да 1938 году была рэдактарам часопіса “Беларуская борць”, мела экслібрыс, заснаваны на выяве пчаліных сотаў.

Цікавым перыядам для экслібрысу можна назваць 1920-30-я гады, калі нараджалася новае беларускае мастацтва. Экслібрысы беларускіх мастакоў экспанаваліся на міжнародных выставах, прысвечаных гэтаму жанру кніжнай графікі.
Экслібрысы Міколы Каспяровіча (1925) і Альгерда Шлюбскага (1926) мастака Я. Мініна.

Усесаюзную вядомасць атрымалі дзве групы мастакоў: адна ў Віцебску (З. Гарбавец, М. Загароўскі, Мінін, Юдовін), другая ў Мінску (А. Грубэ, П. Гуткоўскі, Г. Змудзінскі, А. Тычына).

Росквіту беларускага экслібрысу спрыяла стварэнне Таварыства бібліяфілаў пры секцыі выяўленчага мастацтва. Таварыства выдала першую манаграфію А. Шлюбскага пра кніжныя знакі А. Тычыны, якая стала ўжо бібліяграфічнай рэдкасцю.

Вось старонка з гэтай манаграфіі: Экслібрыс Віталя Вольскага для кніг па ўсходазнаўстве.

Як бачым, уласныя экслібрысы мелі беларускія пісьменнікі.


 

Дарэчы, Уладзімір Караткевіч меў некалькі экслібрысаў. Мастак-экслібрысіст Уладзімір Басалыга ўзгадваў:
…Памятаю, як Караткевіч замовіў мне экслібрыс. У ягоным прасторным кабінеце да паталка тры сцяны былі застаўлены полкамі з кніжкамі. “Калі пісаў "Каласы пад сярпом тваім”, вось бачыш, колькі кніжак, якія я вывучаў. Каб ты ведаў, колькі тут мураўёўшчыны... – звярнуўся да мяне Караткевіч. — Дык вось, ты мне зрабі экслібрыс з Каліноўскім, і я на гэтых кніжках пра Мураўёва настаўлю экслібрысаў з яго выявай, каб гэты вешальнік там у труне перавярнуўся”.

Пікам росквіту беларускага экслібрысу можна назваць 1970 — 80-я гады. Тады з'яўляліся прысвечаныя экслібрысу даследаванні і выданні. Актыўна дзейнічаў «Беларускі клуб экслібрысістаў». Мастакі ўдзельнічалі ў разнастайных выставах экслібрысу. Падобныя выставы праводзяцца і цяпер.



У экспазіцыі выстаўленыя экслібрысы, выкананыя ў розных тэхніках: разцовая гравюра на метале, гравюра на лінолеўме, літаграфія, гравюра на дрэве (ксілаграфія), сухая іголка па  арганічным шкле, афорт, аквацінта.

У наш час найбольш папулярнай і распаўсюджанай тэхнікай экслібрысу з'яўляецца лінагравюра і афорт.

Мастакі экслібрысу часам прысвячаюць экслібрысы пэўным асобам.
Вядомая калекцыя беларускіх экслібрысаў у абарону роднай мовы.

У наш час экслібрысы ў грамадскіх бібліятэках, напрыклад, для зручнасці замянілі  штампамі, а экслібрыс стаў нечым элітарным, унікальным.

Далей прапаную вам галерэю беларускіх экслібрысаў з кнігі "Беларускі кніжны знак" укладання А. Тычыны і В. Шматава 1975 года выдання. Большасць з іх належыць да перыяду 70-ых гадоў ХХ стагоддзя.
  







 




Даследаваннем мастацтва беларускага экслібрысу займаліся Ілля Доўнар, Ірына Мішкевіч, Людміла Сільнова, Ганна Ціханава. 

Чытайце таксама

27 лістапада 2017

Прэзентацыя зборніка вершаў Баляслава Лесьмяна

30 лістапада 2017 года а 19-ай гадзіне ў кнігарні “Сон Гогаля”(вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя зборніка выбраных вершаў Баляслава Лесьмяна ў перакладзе…

29 снежня 2017

Вынікі году па версіі Андрэя Хадановіча: перакладная паэзія

Апошнім часам пры канцы года зрабілася модным падводзіць вынікі. І літаратары не выключэнне. Складаецца ўражанне, што сёлета ў Беларусі заўважна актывізавалася паэтычнае жыццё.

7 студзеня 2018

Найлепшая перакладная проза за 2017 па версіі Андрэя Хадановіча

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

іншыя навіны
1091