№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Названыя самыя экранізаваныя класікі літаратуры

4 лютага 2010

Названыя самыя экранізаваныя класікі літаратуры
Самы экранізаваны ў свеце, як і варта было чакаць, – Ўільям Шэкспір. Ён абышоў сваіх калег па пяры больш чым удвая – ягоныя творы экранізаваліся 768 разоў.

У тройку найбольш кінагенічных аўтараў увайшлі Антон Чэхаў і Чарлз Дыкенс – у абодвух майстроў слова па 287 экранізацый.

1. Ўільям Шэкспір (768 экранізацый)

Шэкспіра экранізавалі па ўсім свеце: ад Фінляндыі і Швецыі да Індыі і Кітая. Створаных ім персанажаў гралі Элізабэт Тэйлар, Вудзі Алэн, Сяргей Бандарчук. Сярод рэжысёраў – Раман Паланскі, Орсан Ўэлс, Акіра Курасава. Сам аўтар стаў героем 49 карцінаў, адна з апошніх – “Закаханы Шэкспір” – атрымала сем “Оскараў”.

2-3. Чарлз Дыкенс (287)

Першы фільм – "Смерць Нэнсі Сайкс" паводле рамана "Олівер Твіст" – выйшаў яшчэ ў 1897 годзе. Мюзікл “Олівер!” 1968 году атрымаў шэсць “Оскараў”. Увагай у рэжысёраў карыстаецца і “Калядны харал”. Першы 11-хвілінны фільм з'явіўся ў 1901 годзе, апошняя версія ў 3D-фармаце – у лістападзе 2009 году, анімацыйны фільм 1971 году адзначаны “Оскарам”.

2-3. Антон Чэхаў (287)

Першы расійскі фільм паводле ягонага апавядання датуецца 1911 годам ("Раман з басэтляй"), першая замежная экранізацыя – 1926 годам ("Лішнія людзі", Германія). Ролі чэхаўскіх герояў выконвалі Фаіна Ранеўская, Алег Янкоўскі, Мікіта Міхалкоў, Інакенцій Смактуноўскі. Карціна "Мой ласкавы і пяшчотны звер" (1978) была намінаваная на галоўны прыз Канскага кінафэсту, “Вочы чорныя” (1987) – на “Оскара” і “Залаты глобус”, а Марчэла Мастраяні, што сыграў у гэтым фільме, займеў тытул найлепшага актора ў Канах.

4. Аляксандр Дзюма-бацька (230)

Часцей за ўсё экранізаваліся, натуральна, “Тры мушкецёры”. Першымі яго знялі брытанцы ў 1898 годзе. Усяго паўстала на яго аснове больш за сотню карцін, не ўлічваючы сіквелаў. У ролі д'Артаньяна ў розныя гады выступалі Дуглас Фэрбэнкс, Жан Марэ, Майкл Ёрк, Міхаіл Баярскі. “Тры мушкецёры” прадстаўленыя ў розных жанрах – ад мюзіклаў да анімацый. Другім па папулярнасці з'яўляецца раман “Граф Монтэ-Крыста”.

5. Эдгар По (220)

Адной з найбольш вядомых экранізацый стаў фільм “Тры крокі трызнячы” (1968), зняты рэжысёрамі Федэрыка Феліні, Ражэ Вадзімам і Луі Малем з удзелам зорак Брыджыт Бардо, Алена Дэлона і Джэйн Фонды. Самым верным рэжысёрам Эдгара По з'яўляецца майстар фільмаў-жахаў Роджэр Корман. У 1960-х ён зняў адразу шэсць карцін, якія сталі класікай жанру. У СССР у 1923 годзе выйшла экранізацыя навэлы "Маска Чырвонай Смерці" пад рэвалюцыйнай назвай "Призрак бродит по Европе".

6. Роберт Льюіс Стывенсан (215)

Шатландскі пісьменнік увайшоў у дзесятку дзякуючы творам “Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Хайда” і “Востраў скарбаў”. Аповесць пра Джэкіла і Хайда стала асновай каля ста фільмаў, у якіх здымаліся Кірк Дуглас, Майкл Кейн, Інгрыд Бергман, Інакенцій Смактуноўскі. “Востраў скарбаў” экранізаваны больш за 50 разоў. Самая незвычайная – анімацыйная версія 2002 году “Планета скарбаў”, дзеянне перанесенае ў космас, а Джон Сільвер стаў кібаргам.

7. Артур Конан Дойл (214)

Абсалютная большасць фільмаў па творах пісьменніка заснаваная на аповедах пра Шэрлака Холмса. У розныя гады ягоную ролю выконвалі Джон Бэрымор, Роджэр Мур, Руперт Эверэт, Майкл Кейн, Васілій Ліванаў. Першы фільм быў зняты ў 1900 годзе і цягнуўся ўсяго 30 секунд. Апошняя экранізацыя Гая Рычы яшчэ ў кінапракаце. Шэрлак Холмс трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса як самы экранізаваны персанаж.

8. Ганс Хрысціян Андэрсэн (202)

Персанажаў дацкага казачніка гралі Шырлі Тэмпл (Русалачка), Джэйн Фонда (Снежная каралева) і нават каралева Даніі Маргрэтэ ІІ (сыграла сябе ў дацкім фільме “Дзікія лебедзі” 2009 году). Дыснэеўская версія “Гідкага качаняці” 1939 году адзначаная адным “Оскарам”, “Маленькая русалачка” 1989 году – двума. Сам пісьменнік стаў героем фільма Эльдара Разанава “Андэрсэн. Жыццё без кахання” (2006).

9. Браты Грым (197)

Самай папулярнай у кінематаграфістаў з'яўляецца казка пра Беласнежку, экранізаваная з 1930 году больш за 30 разоў. У 1937 годзе з'явіўся знакаміты дыснэеўскі мульцік “Беласнежка і сем гномаў”, які ўваходзіць у сотню найлепшых фільмаў ЗША паводле Амерыканскага інстытута кінамастацтва. У фільме “Чароўны свет братоў Грым” (1962), які атрымаў “Оскара” за касцюмы, самі браты сталі галоўнымі героямі. У карціне “Браты Грым” (2005) казачнікаў сыгралі Хіт Леджэр і Мэт Дэйман.

10. О. Генры (196)

Замыкае дзесятку майстар навэлы О. Генры. У рэжысёраў карыстаюцца папулярнасцю “Дары мудрацоў”, “Правадыр чырванаскурых”, “Апошні лісток”. У некалькіх дзесятках фільмаў і адным серыяле з'яўляецца прыдуманы О. Генры персанаж Cisco Kid, своеасаблівы Робін Гуд Дзікага Захаду. У фільмах паводле твораў О. Генры здымаліся Мэрылін Манро, Фернандэль, Дэні дэ Віта, Георгій Віцын, Юрый Нікулін, Мікалай Карачанцаў.
паводле kommersant.ru

Чытайце таксама

626