№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

"Логвінаў" выдасць "прыватную бібліятэку" Акудовіча

13 верасня 2010

Пра мэты і маштабы праекту яго распытвала Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: Спадар Акудовіч, у вашых намерах выдаць у новым праекце ўсё найлепшае з беларускай літаратуры. Расшыфруйце, калі ласка, што ўключае ў сябе азначэнне «ўсё найлепшае»?

Валянцін Акудовіч: У сваю пару я, як усякі безграшовы чалавек, засынаючы, марыў, што з неба мне зваліцца шмат грошай. І сярод таго, на што я іх патрачу, паўставала думка, што я выдам прыватную бібліятэку В. Акудовіча. Іншымі словамі, я выдам усё тое, што я люблю ў беларускай літаратуры. І тут мне раптам прапануюць зрабіць тое, пра што я мроіў, бо выдавецтва мяне не надта абмяжоўвае. Разам з тым, я не збіраюся рабіць ніводнага кроку ў канфрантацыю з выдавецтвам, калі тая ці іншая кніжка, той ці іншы аўтар выдавецтву не спадабаецца.

Аксак: З чаго пачняце, з «Жыцця Ефрасінні Полацкай»?

Акудовіч: А пачынаць мы будзем не са старажытнасці. І ўвогуле, у нас усё будзе ўразнабой, чысты нейкі постмадэрн: сёння можа выйсці Міцкевіч, а наступнай кніжкай, да прыкладу, «Міколка-паравоз» ці што-небудзь яшчэ такое. Гэта будзе як бы мешаніна, хаця пазіцыі загадзя вызначаныя, проста ўсё будзе залежаць ад таго, на каго будуць грошы, і ад шэрагу іншых прычынаў. І ўвесь праект умоўна для нас дзеліцца на два блокі. Адзін – гэта класічная літаратура ці літаратура ранейшых часоў і эпох, а другі – літаратура апошніх трыццаці-сарака гадоў. І галоўнае – у адрозненне ад акадэмічных выданняў, гэта будзе покетбук, кішэнная серыя. Яна адразу плануецца на самай таннай паперы з самай просценькай вокладкай, яе задача – быць лёгкадаступнай для шырокага чытача. Задача праекту – не проста выдаць усе найлепшыя кнігі, а запоўніць імі ўсе кнігарні Беларусі, а магчыма, і вялізныя супермаркеты.

Аксак: Значыць, наклады будуць не 1-2 тысячы асобнікаў, якія сёння лічацца добрымі для беларускіх выданняў, а 20 ці мо нават 200 тысяч?

Акудовіч: Не, у нас і кнігарняў не так і шмат, па-мойму, іх дзвесце з нечым. Але ў накладаў гэтага праекту будзе такі прынцып: плануецца не разавае выданне кожнай кнігі праекту, а як толькі яна будзе раскупляцца, то будзе дадрукоўвацца. Гэта значыць, што ўсе пазіцыі праекту будуць увесь час прысутнічаць усюды, дзе яны змогуць прысутнічаць.

Аксак: Вы будзеце друкаваць выбранае пэўнага літаратара ці гэта будуць тыя творы, якія любіць куратар серыі?

Акудовіч: У аснове ляжыць перадрук той ці іншай кніжкі. Скажам, я вельмі хацеў перавыдаць «Шлях – 360» і ўгаворваў Алеся Разанава, каб ён даў дазвол на гэта. Бо гэта кніга з неверагоднай гісторыяй, з якой шмат што пачалося ў нашай літаратуры, не кажучы ўжо пра тое, што з яе пачаўся Разанаў як класік і нават больш, чым класік. Альбо ў Лёні Дранько-Майсюка я прасіў менавіта «Стомленасць Парыжам». Але ёсць варыянты, калі мы будзем ісці па шляху выбранага. У любым выпадку гэта будуць толькі творы, якія ўжо друкаваліся. Яны могуць быць друкаваныя ў розных кніжках, як у выпадку, скажам, з Леанідам Галубовічам гэта будзе адна з дзвюх ягоных кніжак: «Таемнасць агню» і «Апошнія вершы». Ці, як у выпадку з Андрэем Хадановічам, гэта будзе выбранае з усіх ягоных кніг. Выбранае будзе найчасцей, бо гэта ўсё-ткі не надта вялікія кніжкі, кішэнныя, недзе старонак па 240-260, але не больш за 300. І мы не можам там друкаваць вялікія раманы, «Каласы…» Караткевіча, да прыкладу, не трапяць з гэтай прычыны ў серыю.

Аксак: Калі ўсё ж выйдзе першая кніжка праекту і хто будзе яе аўтар?

Акудовіч: У верасні будзе выпушчана адразу тры, а магчыма, і пяць кніжак. Сярод гэтых першых дакладна будуць Адам Глобус з кніжкай «Толькі не гавары маёй маме», Ігар Бабкоў з «Адамам Клакоцкім…». Але выбар прозвішчаў тут не мае істотнае ролі. Гэта калі б мы пачыналі са старажытнасці, то выбар першае фігуры быў бы істотным, таму што яна казала б пра стратэгію нашай задумы, а тут не так: першыя – гэта тыя, хто апынуўся пад рукой раней за іншых. Не будзе тут ні храналагічнага прынцыпу, ні статуснага, бо нам цікавы не акадэмічны ракурс, нам цікавыя кніжкі і аўтары, якія могуць быць жывыя і актуальныя сёння. Разам з тым, гэта будуць, з нашага гледзішча, і харошыя аўтары, і харошыя кніжкі, вартыя, каб бясконца перавыдавацца і перавыдавацца.

Аксак: Кастусь Цвірка, запачаткоўваючы свой грандыёзны выдавецкі праект «Беларускі кнігазбор», у 1997 годзе сказаў, што выдасць 200 тамоў, якія ахопяць усё найлепшае, на ягоную думку, у беларускай літаратуры. У вашым праекце колькі тамоў плануецца?

Акудовіч: Пачынаючы фармаваць гэты план, я разагнаўся, а калі ўбачыў, што ў мяне ўжо больш за 150 пазіцый, зразумеў, што трэба спыніцца. Давайце паглядзім, што ў нас будзе атрымлівацца, бо вельмі тут істотна, ці знойдзем мы партнёраў і менавіта стратэгічных партнёраў. Ясна, што асабліва спачатку гэты праект будзе ніяк не камерцыйным. Пакуль што на кожную кніжку шукаюцца грошы і шукаюцца па самых розных месцах, і нам істотна, паўтараю, знайсці стратэгічных партнёраў. Дык вось, калі праект пакоціцца і мы выдадзім хаця б кніжак 50, то вы мяне тады запрасіце, і я вам дакладна скажу, колькі надалей яшчэ плануем.
паводле svaboda.org

Чытайце таксама

366