№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Што чытаюць нідэрландцы

11 снежня 2010

Што чытаюць нідэрландцы
Самымі папулярнымі нідэрландскімі пісьменнікамі ў Нідэрландах выявіліся Гары Мюліш (Harry Mulisch), Ян Волкерс (Jan Wolkers), Клюн (Kluun), Герард Рэве (Gerard Reve) і Саскія Норт (Saskia Noort). Самы вядомы ў Нідэрландах, паводле апытання, фламандскі пісьменнік – Х’юга Клаўс (Hugo Klaus). Што цікава, 70% апытаных нідэрландцаў не ўспомнілі ніводнага фламандскага пісьменніка. Прыкладна такая ж сітуацыя і з сурынамскімі аўтарамі: адзіны творца, якога ўзгадалі рэспандэнты-нідэрландцы, – Сінтыя Мак-Леад (Cyntia McLeod).

Фламандцы самым знакамітым фламандскім пісьменнікам назвалі Пітэра Аспэ (Pieter Aspe), на другім і трэцім месцы апынуліся Х’юга Клаўс і Херман Бруселманс (Herman Brusselmans). Хаця вялікая колькасць рэспандэнтаў-фламандцаў палічыла і Пітэра Аспэ, і Хермана Бруселманса нідэрландскімі аўтарамі. Самым вядомым у Фландрыі пісьменнікам з Нідэрландаў апынуўся Сэйс Натэбом (Cees Nooteboom), які ў 2009 годзе атрымаў Нідэрландскую літаратурную прэмію, найбуйнейшую прэмію за твор на нідэрландскай мове. Што да сурынамскіх аўтараў, то іх у Фландрыі амаль зусім не ведаюць.

Самі ж сурынамцы сярод сваіх суайчыннікаў найбольш чытаюць Сінтыю Мак-Леад, Герыта Барана (Gerrit Barron) і Астрыд Румер (Astrid Roemer). Амаль 80% сурынамцаў нічога не ведаюць пра нідэрландскіх і фламандскіх пісьменнікаў. Астатнія 20% чытаюць пераважна Яна Волкерса і Гары Мюліша.

Такім чынам, самымі папулярнымі нідэрландскімі аўтарамі ў нідэрландскамоўным свеце (Нідэрланды, Бельгія, Сурынам) можна назваць Гары Мюліша і Яна Волкерса, фламандскім – Х’юга Клаўса, сурынамскім – Сінтыю Мак-Леад. Дарэчы, Сінтыя Мак-Леад – увогуле самы папулярны сурынамскі аўтар у свеце. Пісьменніца шмат увагі надае тэме мінулага Сурынама і гісторыі рабства. Яе першая кніга “Колькі каштаваў цукар” (Hoe duur was de suiker, 1987) апавядае пра цукровую культуру XVIII стагоддзя, калі вырошчванне цукру каштавала мноства чалавечых жыццяў. На сённяшні дзень выйшла ўжо 8 раманаў Сінтыі Мак-Леад, а таксама некалькі дзіцячых кніг і навуковых даследаванняў.
паводле taalunieversum

Чытайце таксама

332