№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Топ-5 пісьменнікаў-містыфікатараў, што выкрылі самі сябе

9 верасня 2011

Топ-5 пісьменнікаў-містыфікатараў, што выкрылі самі сябе
1. Барыс Віян пляваў на нашыя магілы

У лютым 1947 году французскі архітэктар Даніэль Паркер, па сумяшчальніцтве — кіраўнік французскага Камітэта сацыяльнага і маральнага судзеяння, падае ў парыжскую пракуратуру заяву. У ёй ён абвінавачвае пісьменніка Вернана Салівана ў разбэшчванні няпоўнагадовых і падрыве маральных асноваў грамадства. На той момант з друку выйшлі два з пяці раманаў згаданага аўтара: “Я прыйду плюнуць на вашыя магілы” і “Смерць усім вырадкам”. Праз два месяцы ў адным з гатэляў было ўчыненае забойства, а на целе маладой жанчыны быў знойдзены раман Салівана, разгорнуты на адпаведнай старонцы. Гэта дадае рэкламы не толькі аўтару, якога ніхто ў вочы не бачыў, але і цэлай “чорнай серыі” дэтэктыўных раманаў, заснаванай за год да таго. Раман “Я прыйду плюнуць на вашыя магілы” імгненна трапляе ў спіс нацыянальных бэстсэлераў 1947 году ў Францыі. А за аўтара гісторыі пра негра-альбіноса, які гвалтуе і забівае, правячы такім чынам трызну па малодшым браце, аддуваецца нават не выдавец, а перакладчык — вядомы і ў пэўным сэнсе культавы французскі пісьменнік, перакладчык і джазмэн Барыс Віян. Гэта ён адкрыў для Францыі творы Салівана, якога не рызыкнулі выдаць у ЗША. Але ўжо да канца году таямніца раскрываецца: пад псеўданімам, складзеным з прозвішчаў двух джазавых музыкаў, выступіў сам Віян. Мэта вядомага мадэрніста — эпатаваць грамадства і зарабіць грошай — апраўдала сябе. Віяна судзяць, штрафуюць, прысуджаюць 15 сутак арышту за парушэнне грамадскага спакою. Адседзеўшы за Салівана, Віян, па іроніі лёсу, памёр ад сардэчнага прыступу праз 12 гадоў, пасля прэм'еры фільма паводле скандальнага твора прыдуманага ім аўтара.

2. Рамэн Гары: Ганкураўская прэмія сабе і яшчэ раз сабе

У пачатку 1970-х французскі пісьменнік і свецкі леў Рамэн Гары (ён жа — выхадзец з сям'і польскіх габрэяў-эмігрантаў Раман Кацаў), карыстаючыся сувязямі, бярэ пад апеку свайго пляменніка, пісьменніка-пачаткоўца Эміля Ажара. Сам Гары на той час — ужо кавалер Ордэна Ганаровага легіёна, вядомы дыпламат, адзін з самых папулярных пісьменнікаў Францыі, ушанаваны ў 1956 годзе прэстыжнай Ганкураўскай прэміяй за раман “Карані неба”. Рэпутацыя Гары прымушае выдаўцоў паставіцца да яго пратэжэ добразычліва, хоць ніхто не ведае, як менавіта той выглядае. Твор Ажара “Усё жыццё наперадзе” сапраўды выявіўся годным узнагароды, і ў 1975-м раманісту-пачаткоўцу прысуджаюць Ганкураўскую прэмію. Падчас цырымоніі высвятляецца: ніякага Эміля Ажара не існуе, другую прэстыжную прэмію ў адны рукі атрымлівае ўсё той жа Рамэн Гары. Да сёння гэта адзіны такі прэцэдэнт у гісторыі прэміі. Паводле версіі Барыса Акуніна, менавіта гэтая містыфікацыя, якая прывяла да раздваення асобы, стала праз пяць гадоў прычынай самагубства Гары.

3. Кліфард Ірвінг — біёграф Говарда Х'юза

Амерыканскі пісьменнік Кліфард Ірвінг не хапаў зорак з неба. Ён пісаў пасрэдныя дэтэктывы і шпіёнскія раманы, якія гэтак жа пасрэдна прадаваліся. Каб выратаваць сваё матэрыяльнае становішча, Ірвінг у 1971 годзе прапануе аднаму з найбуйнейшых у той час выдавецтваў “Макра-Хіл” сябе ў якасці біёграфа эксцэнтрычнага мільярдэра Говарда Х'юза. Сам Х'юз жыў пустэльнікам, нікога не прымаў, пры гэтым заснаваў уласную авіякампанію, фінансаваў галівудскія стужкі, звар'яцеў на глебе асабістай гігіены і пакутаваў на псіхічныя расстройствы. Біяграфію такога чалавека-легенды можна было выгадна прадаць. Пасля таго, як Ірвінг падаў выдаўцам дакументальныя пацверджанні свайго ліставання з Х'юзам, з ім заключылі паўмільённы кантракт. І толькі калі кніга ўжо рыхтавалася да друку, сам мільярдэр выйшаў з падполля і заявіў: ён ніякага дазволу на публікацыю не даваў, кніга — выдумка, ліставанне — фальшывае. Яму не паверылі, бо ўсе ведалі, што эксцэнтрычны Х'юз за свае словы не адказвае і наогул ім не гаспадар. На гэта і рабіў асноўны разлік містыфікатар Ірвінг: выбрыкі таямнічага мільярдэра, як і яго заявы, даўно не ўспрымаліся сур'ёзна. Аднак гэтым разам юрысты Х'юза ідуць да канца, падаюць доказы фальшывак і падробак, таму кантракт з Ірвінгам разрываюць, а яго самога штрафуюць. Пісьменнік тым часам піша раман “Містыфікацыя” — пра тое, як ён ледзь не падмануў “Макра-Хіл” і ўсю Амерыку. Паводле яго рэжысёр і актор Орсан Ўэлс, не менш вядомы містыфікатар, зняў у 1975 годзе стужку “Фальшыўка”, каб даказаць: у некаторых аўтараў падробкі атрымліваюцца лепш, чым арыгінальныя творы.

4. Стывен Кінг: пахаванне другога “Я”

У Нью-Хэмпшыры (ЗША) у 1985 годзе памірае ўладальнік малочнай фермы, у мінулым — марак гандлёвага флоту, а акрамя таго — аўтар паспяховых раманаў жахаў Рычард Бахман. У яго ўжо даўно выявілі пухліну галаўнога мозгу, але аперацыя не дапамагла — прыхільнікі аплаквалі свайго куміра, які, як і належыць культаваму аўтару, жыў самотна. Сярод яго твораў — раман “Чалавек, што бяжыць”, пасля экранізаваны ў Галівудзе, хоць стужка, дзе ў галоўнай ролі зняўся Арнольд Шварцэнэгер, мае з арыгіналам-антыўтопіяй вельмі мала агульнага. Праз дзевяць гадоў пасля смерці Бахмана, у 1994-м, на гарышчы свайго дома ўдава пісьменніка знаходзіць скрынку з рукапісамі, якія да гэтага часу не публікаваліся. Прыхільнікі ў чаканні паціралі рукі і глыталі сліну, але першы ж рукапіс — “Той, што худнее” — прыцягнуў увагу журналіста Стыва Браўна. Той быў упэўнены: альбо гэта “кароль жахаў” Стывен Кінг, або яго эпігон, або літаратурны “бацька” вядомага пісьменніка-мільянера. Правёўшы невялікае расследаванне, Браўн высвятляе: аўтарскія правы на творчую спадчыну Бахмана сапраўды належаць Стывену Кінгу. Пісьменнік жа прызнаўся, што Рычард Бахман — яго асабістая выдумка, і ён, папраўдзе, ужо стаміўся гэта хаваць. Аднак скандалу не атрымалася, прыхільнікаў у аўтара “Чалавека, што бяжыць” не паменшылася, хоць сам Кінг ў наступных перавыданнях усё ж змяніў “мёртвы” псеўданім на сваё сапраўднае імя.

5. Юрый Вінічук і рарытэтныя рукапісы

Вядомы як паспяховы пісьменнік і не менш паспяховы перакладчык і даследчык рарытэтных першадрукаў, украінец Юрый Вінічук у розны час публікуе ўласныя пераклады паэмы “Плач над Градам Кія”, якую “напісаў” у XIII стагоддзі ірландскі манах Рыангабар, а таксама літаратурнага помніка XVII стагоддзя — акраверша “Світальная песня” “аўтарства” Ганны Любавічаўны. Згадка пра “Плач...” ёсць нават ва Украінскай літаратурнай энцыклапедыі 1988 году выдання. “Песню...” ж уключалі нават ва ўкраінскія літаратурныя хрэстаматыі. Але пасля ўсё настолькі зацягнулася, што сам Вінічук вырашыў раскрыць свае містыфікацыі. У пачатку 1990-х ён знаходзіць чарговы “рарытэт” — дзённік знакамітай Раксаланы і публікуе яго пад назвай “Жыцце гарэмнае”, чым выклікае люты пратэст з боку рэлігійных абшчын. Раскрыццё містыфікацыі градусу пратэстаў не памяншае. А сам Вінічук і надалей перыядычна прыдумляе няісныя рукапісы, не даючы прыхільнікам расслабляцца.
паводле life.comments.ua

Чытайце таксама

Выйшла дэтэктыўная кніга Роберта ван Гуліка пра Старажытны Кітай

У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”. Перакладчыца — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна Саюзам беларускіх пісьменнікаў і…

Новыя кнігі з серыі "Паэты планеты": Катул, Каханоўскі, Кітс, Гайнэ

19 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе прэзентацыя новых кніг з серыі "Паэты планеты".

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Кадзуа Ісігура

Сёлета лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры стаў Кадзуа Ісігура.

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

іншыя навіны
130