№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пра кнігі ў 2011 годзе

4 студзеня 2012

Пра кнігі ў 2011 годзе

І калі заходні літаратурны працэс развіваецца ў сферы тэхналогій і інтэрнэт-камунікацый, то літаратурны свет Расіі і Украіны робіць стаўку на атмасфернасць і камернасць. Піша партал znaki.fm.

Англія

На туманным Альбіёне функцыянуе кнігавыдавецкая платформа Unbound. Джасцін Подард, адзін з заснавальнікаў, прапанаваў цалкам новы падыход да кнігавыдання. На сайце функцыянуе форум, дзе аўтары могуць прадставіць праекты сваіх кніг. Калі чытачы зацікаўленыя ў выданні, яны могуць фінансава падтрымаць праект. Unbound прапануе шмат сацыяльных інструментаў, чытачы і пісьменнікі могуць абменьвацца думкамі, запрашаць сяброў, ствараць групы і да т.п. Такім чынам у пісьменнікаў ёсць магчымасць атрымаць пастаянных чытачоў і матывацыйны рэсурс у выглядзе першапачатковых грашовых укладанняў. Акрамя таго выдавецкая платформа Unbound абяцае пісьменніку 50% усяго прыбытку, атрыманага ад продажу кніг. Сярод аўтараў праекту — былы “пітон” Тэры Джонс, які таксама вядомы як аўтар сюррэалістычных апавяданняў, Тыбар Фішэр, Джонатан Мідэс, Кейт Мос.

Вядома, што кніжнае выдавецтва Faber&Faber падтрымлівае сэрвіс Unbound і збіраецца друкаваць новыя кнігі на паперы.

ЗША

Выдаўцы Melville House Books вырашылі аб'яднаць кнігу, тэхналогіі смартфонаў і iPad, выкарыстоўваючы QR-код. Праект атрымаў назву HybridBook. Кнігі, выдадзеныя ў рамках гэтага праекту, у дадатак да тэкставага зместу атрымліваюць лічбавае суправаджэнне — the Melville House Illuminations, а менавіта карты, фотаздымкі і ілюстрацыі, звязаныя з арыгінальным тэкстам. Такім чынам новае жыццё атрымалі кнігі Джакома Казановы, Джозэфа Конрада, Антона Чэхава і Аляксандра Купрына. Выданні праекту можна набыць як у лічбавым, так і ў друкаваным выглядзе.

Расія

У Расіі пачалі адкрываць культавыя кніжныя крамы (“Фаланстер”, “Циолковский”, “Все свободны” і інш.), якія прапагандуюць у першую чаргу ўспрыманне кнігі як кнігі, а не як тавару масавага збыту. З гэтай мэтай быў створаны Альянс незалежных выдаўцоў і кнігагандляроў. Працоўная група ў складзе выдавецтваў “Текст”, “Ад Маргинем Пресс”, “БСГ-ОГИ”, кнігагандлёвых арганізацый “Фаланстер”, “Берроунз/Медленные книги” плануюць “не ратаваць карпаратыўную кніжную індустрыю, якая цяпер знаходзіцца ў глыбокім крызісе, а стварыць у Расіі паралельную кніжную прастору, дзе кніга перастала б быць толькі забаўкай або таварам”. Акрамя камерных крамаў веснікам Альянсу стаў кніжны кірмаш “Новая площадь”, які адбыўся ў верасні ў Маскве. У арганізацыю кірмашу былі пакладзеныя два галоўныя прынцыпы: гандаль і зносіны без пасярэднікаў і дэмакратычныя цэны. Гэтая ініцыятыва аб'яднала нішавыя выдавецтвы, кнігі якіх доўгі час былі абдзеленыя ўвагай буйных кнігагандлёвых сетак Расіі.

Таксама не варта забывацца і на паэтычны феномен Расіі — “Грамадзянін паэт”. Першапачаткова тэлевізійны праект канала “Дождж” артыста Міхаіла Яфрэмава і пісьменніка Дзмітрыя Быкава выклікаў нечуваную цікавасць да паэзіі ў рускага абывацеля. Вершы Быкава, напісаныя на злабадзённыя тэмы, у выкананні Яфрэмава схапілі дух часу — палітычная сатыра на манер вядомых пісьменнікаў. Так, выкарыстоўваючы бяскрыўдную вершаваную форму, асвятляліся ўсе парадаксальныя феномены рускай палітыкі. Радкі вершаў зрабіліся крылатымі і шчыльна ўвайшлі ва ўжытак удзячных гледачоў. Цяпер новыя выпускі праекту з'яўляюцца кожны панядзелак у фармаце відэа на партале F5, а ў фармаце аўдыё — у эфіры і на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”. Збіраючы вялікія канцэртныя залы, Яфрэмаў і Быкаў уводзяць паэзію ў масы, але і атрымліваюць нядрэнныя касавыя зборы.

Украіна

Ва Украіне сёлета кніжных фетышыстаў і ўсіх чытачоў парадавалі дзве буйныя міжнародныя падзеі — паэтычны фестываль Meridian Czernowitz у Чарнаўцах і “Кніжны арсенал” у Кіеве.

На Міжнародны паэтычны фестываль Meridian Czernowitz у Чарнаўцы прыехалі паэты, мастакі і музыкі з 12 краін: Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Малдовы, Украіны, Расіі, Польшчы, Румыніі, Ізраіля, Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Спецыяльным госцем фестывалю быў Томас Вольфарт — дырэктар Literatutwerkstatt Berlin.

Нягледзячы на тое, што фестываль праводзіўся толькі другі раз, яго поспех складана пераацаніць.

Канец вясны ў Кіеве быў адзначаны “Кніжным арсеналам”. Яго асаблівасцю стала імкненне выйсці за межы руціннага літпрацэсу і выдавецкага кола. Арганізатарам удалося адысці ад звыклага для наведнікаў кніжных фестываляў “кірмашовага” фармату і адлюстраваць развіццё тэхналогій, узаемасувязь літаратуры з шырокім сацыякультурным кантэкстам і іншымі відамі мастацтва — візуальнага, медыйнага, музычнага. Сярод гасцей кніжнага кірмашу можна было ўбачыць не толькі папулярных пісьменнікаў, але і вядомых журналістаў-публіцыстаў, фатографаў і мастакоў.

паводле znaki.fm

Чытайце таксама

329