№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

У гэты дзень, 13 студзеня

  • 1593

    Памёр Сымон Будны, беларускі мысляр-гуманіст эпохі Рэнесансу, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай і філасофскай традыцыі Францыска Скарыны. Працы і тэорыі Буднага выклікалі неверагоднае абурэнне ў клерыкальных колах. Шырока вядомая тагачасная карыкатура, на якой Будны смажыцца ў пекле за ерась.

  • 1599

    Памёр Эдмунд Спэнсэр (анг. Edmund Spenser, нар. каля 1552), адзін з самых значных ангельскіх паэтаў эпохі Рэнесансу. Ягоная няскончаная эпічная паэма “Каралева феяў” (The Faerie Queene) – адна з найдаўжэйшых ва ўсёй ангельскай літаратуры. Паэма напісаная дзевяцірадковай страфой (рыфмоўка ababbcbcc; першыя восем радкоў – 5-стопны ямб, апошні – 6-стопны), названай імем Спэнсэра, хоць ён не з’яўляецца яе вынаходнікам – прыклады выкарыстання “спэнсэравай страфы” сустракаюцца ў ангельскай паэзіі да нараджэння Спэнсэра.

  • 1887

    Нарадзіўся Хэд Ўін (вал. Hedd Wyn, сапр. Эліс Хамфры Эванс, памёр 31 ліпеня 1917), валійскі паэт, забіты ў Першай сусветнай вайне. Псеўданім Хэд Ўін даслоўна перакладаецца як “дабраславёны (ці белы) свет”. Падчас вайны Ўін атрымаў тыднёвы адпачынак, падчас якога напісаў вялікі верш у памеры аўдл (вал. Awdl) пад назвай “Герой” (Yr Arwr), заснаваны на ўражаннях ад вайны. Паэт ледзь паспеў адправіць яго на конкурс “Нацыянальны эйстэдвод”, што праходзіў у 1917 годзе ў Біркенхэдзе. Пераможца быў названы 6 верасня 1917 году. Калі выявілася, што аўтар найлепшага верша (а ім стаў Хэд Ўін) загінуў, традыцыйны разьблёны трон для “галоўнага барда” быў пакрыты чорнай тканінай; паэты ўганаравалі памяць найлепшага свайго субрата. Пасля трон быў адпраўлены ў дом бацькоў Эванса, дзе захоўваецца да гэтага часу

  • 1893

    Нарадзіўся Кларк Эштан Сміт (анг. Clark Ashton Smith, памёр 14 жніўня 1961), паэт і празаік, аўтар апавяданняў у жанры хорар і навуковай фантастыкі, сябар Г. Ф. Лаўкрафта. Пра яго казалі, што “з часоў Эдгара По ніхто не любіў парадкам падгнілыя трупы так, як Сміт”.

  • 1898

    Эміль Заля дасылае французскаму ўраду адкрыты ліст “Я абвінавачваю” (J’accuse) наконт справы Дрэйфуса. У той самы дзень ліст быў надрукаваны ў газеце L’Aurore. У ім Заля вінаваціць французскія ўлады ў антысемітызме (афіцэра Альфрэда Дрэйфуса, габрэя з паходжання, абвінавацілі і асудзілі нібыта за шпіянаж на карысць Германіі), перадузятасці і несправядлівым прысудзе. Ліст выклікаў скандал у Францыі і за яе межамі, Заля абвінавацілі ў паклёпе і асудзілі. Каб пазбегнуць турмы, Заля збег у Англію і змог вярнуцца ў Францыю толькі ў 1899 годзе, пасля самагубства палкоўніка Анры і ўцёкаў маёра Эстэргазі – дзвюх галоўных фігураў справы Дрэйфуса.

  • 1941

    Памёр Джэймс Джойс (анг. James Augustine Aloysius Joyce, ірл. Séamas Seoige, нар. 2 лютага 1882), ірландскі англамоўны пісьменнік, аўтар раманаў “Уліс”, “Хаўтуры па Фінегану” і інш. На беларускую мову Джойса перакладалі Ян Максімюк (выйшла першая частка “Уліса”) і Ігар Бабкоў.

  • 1974

    Памёр Сальвадор Нова (гішп. Salvador Novo López, нар. 30 ліпеня 1904), мексіканскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Належаў да групы мексіканскіх мадэрністаў Los Contemporáneos (“Сучаснікі”). Не хаваў сваёй гомасэксуальнай арыентацыі і аднойчы адазваўся на скандал, што разгарэўся пасля таго, як ягоныя сябры-пісьменнікі запрасілі маладых салдатаў да сябе на прыём, наступным чынам: “Вось што бывае, калі інтэлектуальная эліта спрабуе пакруціцца ў вайсковых колах”.

  • 1978

    Памёр Марыс Карэм (фр. Maurice Carême, нар. 12 траўня 1899), адзін з найбуйнейшых бельгійскіх паэтаў ХХ стагоддзя. Пісаў па-французску, выдаў каля 60 зборнікаў вершаў. У 1972 годзе ў Парыжы ён быў абвешчаны каралём паэтаў. Яго вершы перакладзеныя больш чым на сто моваў. На беларускую Карэма перакладалі Андрэй Хадановіч і Эдзі Агняцвет.