№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 студзеня

  • 1729

    Нарадзіўся Готхальд Эфраім Лесінг (ням. Gotthold Ephraim Lessing, памёр 15 лютага 1781), нямецкі пісьменнік, філосаф, драматург, публіцыст, тэарэтык мастацтва, літаратурны крытык, адзін з яскравых дзеячаў эпохі Асветніцтва, радыкальны прыхільнік рацыяналізму і крытык царкоўных дагматаў і антысемітызму. Быў першым драматургам, афіцыйна прызначаным на гэтую пасаду. Адзін са знакамітых твораў “Лаакаон, ці Межы жывапісу і паэзіі” параўноўвае гэтыя два віды мастацтва.

  • 1788

    Нарадзіўся Джордж Гордан Байран, шосты лорд Байран (анг. George Gordon Byron, памёр 19 красавіка 1824), выбітны ангельскі паэт і драматург, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Знакаміты сваімі эксцэнтрычнымі паводзінамі арыстакрата, вялікімі пазыкамі, шматлікімі любоўнымі драмамі і добраахвотнай высылкай. За ўдзел у вайне супраць Атаманскай імперыі лічыцца нацыянальным героем Грэцыі, дзе памёр ад ліхаманкі. З імем Байрана звязаны новы тып светаўспрымання і паводзінаў жыхароў Еўропы ў пачатку XIX стагоддзя – байранізм, спалучэнне расчаравання ў рэчаіснасці, адчування катастрафічнасці быцця, страты ідэалаў, духу бунтарства. Вядомы творамі “Паломніцтва Чайлд-Гарольда” (Childe Harold's Pilgrimage, 1818), “Дон Жуан” (Don Juan, 1819–1824, не скончаны). На беларускую мову творы Байрана выдаваліся асобнымі кнігамі двойчы: у 1963 і 1989 гг. Сярод перакладчыкаў – Р. Барадулін, Ю. Гаўрук, У. Дубоўка, Г. Дубянецкая, У. Караткевіч, М. Лужанін, Я. Семяжон, М. Танк, Э. Агняцвет, Е. Лось, М. Аўрамчык. Уладзімір Скарынкін пераклаў на беларускую мову паэму “Прароцтва Дантэ” (The Prophecy of Dante, 1819) і раман у вершах “Дон Жуан”.

  • 1849

    Нарадзіўся Юхан Аўгуст Стрындберг (шв. Johan August Strindberg, памёр 14 траўня 1912), шведскі пісьменнік, драматург і жывапісец, дзёрзкі эксперыментатар і рэфарматар сучаснай драмы. Аўтар больш як 60 п’есаў і 30 мастацкіх і аўтабіяграфічных твораў, палітычных, гістарычных і культуралагічных нарысаў. Адзін з заснавальнікаў “новай драмы”.

  • 1877

    Нарадзіўся Баляслаў Лесьмян (польск. Bolesław Leśmian, памёр 5 лістапада 1937), польскі паэт, адзін з самых уплывовых паэтаў XX стагоддзя, чалец Польскай акадэміі літаратуры. Аўтар паэтычных зборнікаў “Сад на раздарожжы” (Sad rozstajny, 1912), “Луг” (Łąka, 1920), “Цяністы напой” (Napój cienisty, 1936), “Лясная дзея” (Dziejba leśna, 1938). Паэзія Лесьмяна – гэта своеасаблівы фантастычны свет са сваёй уласнай міфалогіяй і філасофіяй. Адна з яе асаблівасцяў Лесьмяна – насычанасць неалагізмамі, многія з якіх пасля ўвайшлі ў польскую мову. Яго часта называлі “паэтам мёртвых”: месца дзеяння многіх яго вершаў – тагасветныя прысады ці нябыт. Сярод творчай спадчыны Лесьмяна – і зборнікі казак “Паданні Сезаму” (Klechdy sezamowe, 1913), “Прыгоды Сіндбада Марахода (Przygody Sindbada Żeglarza, 1913), “Польскія паданні” (Klechdy polskie, пасмяротнае выданне, 1956), і эсэ, і літаратурныя нарысы. Больш падрабязная біяграфія Лесьмяна – тут.

  • 1921

    Нарадзіўся Кшыштаф Каміль Бачыньскі (польск. Krzysztof Kamil Baczyński, загінуў 4 жніўня 1944), самы значны польскі паэт з “пакалення калумбаў”. Яго бацька, Станіслаў Бачыньскі, быў польскім пісьменнікам і літаратурным крытыкам, маці, Стэфанія Зяленьчык (паходзіла з акаталічаных габрэяў), — педагогам, аўтарам некалькіх школьных падручнікаў. У дзяцінстве хлопчык пакутаваў на астму, меў слабое сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай захварэць на туберкулёз. Пасля заканчэння школы Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і зрабіцца графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яму рэалізаваць гэтую мару. У 1940 годзе было створанае габрэйскае гета, але Кшыштаф разам з маці застаецца жыць па-за ім, рызыкуючы ў выпадку выкрыцця іх паходжання быць расстралянымі на месцы. З восені 1942 году паэт паступіў у падпольны Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў паланістыку. 6 ліпеня 1942 году Бачыньскі ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай, таксама студэнткай аддзялення паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. У ліпені 1943 году Бачыньскі трапіў у батальён “Зоська” Арміі Краёвай у чыне яфрэйтара пад імем Кшыштаф Зяліньскі. Тады ж ён кінуў навучанне ва універсітэце і заняўся выключна падпольнай дзейнасцю і паэзіяй, кажучы, што калі яму будзе лёсіць, то ён вернецца і да навучання. Падчас нямецкай акупацыі Бачыньскі выдаў 4 томікі вершаў: “Замкнёны рэхам” (Zamknięty echem, лета 1940), “Дзве любові” (Dwie miłości, восень 1940), “Выбраныя вершы” (Wiersze wybrane, май 1942), “Паэтычны аркуш №1” (Arkusz poetycki Nr 1, 1944) і зборнік “Спеў з пажарышча” (Śpiew z pożogi, 1944). Аднак большая частка яго твораў, якая ўлучае каля 500 вершаў, некалькі паэмаў і два дзясяткі апавяданняў, была надрукаваная пасля вайны. Кшыштаф Бачыньскі загінуў на чацверты дзень Варшаўскага паўстання, смяротна паранены нямецкім стралком. 1 верасня таго ж году загінула і жонка Бачыньскага. На беларускую мову творы Бачыньскага перакладалі Наста Гвоздзева, Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута.

  • 1993

    Памёр Коба Абэ (яп. 安部 公房, Abe Kōbō, нар. 17 сакавіка 1924), вядомы японскі пісьменнік-авангардыст, драматург, фатограф. Выхоўваўся ў Маньчжурыі, атрымаў дыплом медыцынскага факультэта Такійскага імператарскага ўніверсітэта, але пры ўмове, што займацца лекарскай практыкай ён не будзе. Шырокае прызнанне атрымалі яго апавяданні і авангардысцкія мінімалісцкія п’есы, але сусветную вядомасць пісьменніку прынёс раман “Жанчына ў пяску” (砂の女, Suna no onna, 1962) і яго экранізацыя японскім рэжысёрам Тэсігахара Хіросі. У гэтым і іншых раманах Абэ даследуе так званы постмадэрнісцкі стан чалавека ва ўмовах жорстка ўрбанізаваных і індустрыялізаваных грамадстваў. У 1986 годзе выдадзены пераклады раманаў “Жанчына ў пяску” і “Чужы твар” (他人の顔, Tanin no kao) на беларускую мову, зробленыя В. Рабкевічам.

  • 2000

    Памерла Ана Эбер (фр. Anne Hébert, нар. 1 жніўня 1916), канадская паэтка, празаік, драматург, пісала на французскай мове. Яе кнігі вершаў і гатычнай прозы, у тым ліку тыя, што прынеслі ёй сусветную вядомасць, выклікалі абурэнне, не былі прынятыя канадскімі выдаўцамі і друкаваліся на ўласныя сродкі пісьменніцы. У 1950-х жыла ў Парыжы, дзе напісала некалькі раманаў – псіхалагічных даследаванняў гвалту, пошукаў асабістай свабоды. Тройчы пераможца найвышэйшай нацыянальнай літаратурнай узнагароды – Прэміі Генерал-губернатара.

  • 2008

    Памёр Клод Пірон (фр. Claude Piron, нар. 26 лютага 1931), швейцарскі лінгвіст, псіхолаг, перакладчык, знакаміты эсперантыст, прапагандыст эсперанта, вядомы паэт, аўтар шматлікіх мастацкіх і публіцыстычных твораў на мове эсперанта. Акрамя эсперанта валодаў кітайскай, ангельскай, рускай, гішпанскай мовамі, працаваў перакладчыкам у сістэме ААН, псіхатэрапеўтам, выкладчыкам псіхалогіі ў Жэнеўскім універсітэце. Абараняў тэзіс пра тое, што мова эсперанта з’яўляецца “больш прыстасаванай для чалавечай псіхікі, чым нацыянальныя мовы”.