№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 9 ліпеня

  • 1677

    Памёр Ангелус Сілезіюс (ням. Angelus Silesius, сапр. Ёганэс Шэфлер; нар. 25 снежня 1624), нямецкі паэт-містык. У 1657 апублікаваў калекцыю з 205 гімнаў пад назвай “Heilige Seelenlust, oder geistliche Hirtenlieder der in ihren Jesum verliebten Psyche” (1657), два з якіх увайшлі ў пратэстанцкія зборнікі царкоўных спеваў. Найвыбітнейшай яго працай стала кніга “Geistreiche Sinn-und Schluss-reime” (1657), якая ў 1674 выйшла другім выданнем пад назвай “Херувімскі вандроўнік” (Cherubinischer Wandersmann).

  • 1764

    Нарадзілася Эн Рэдкліф (анг. Ann Radcliffe, пры нараджэнні Ўорд; памерла 7 лютага 1823), ангельская пісьменніца, адна са стваральнікаў жанру гатычнага рамана. На працягу 8 гадоў яна напісала раманы, якія зрабілі яе папулярнай. Пасля 1797 году не выдала ніводнага твора. Лічыцца, што яна перастала пісаць, бо была вельмі сціплай, і вялікая вядомасць палохала яе і парушала душэўную раўнавагу.

  • 1775

    Нарадзіўся Мэцью Грэгары Льюіс (анг. Matthew Gregory Lewis, памёр 14 траўня 1818), ангельскі паэт і празаік. З дапамогай бацькі Льюіс атрымаў пасаду брытанскага аташэ ў Гаазе, куды прыехаў 15 траўня 1794 году і дзе заставаўся да снежня таго ж году. Менавіта там за дзесяць месяцаў быў напісаны раман жахаў “Манах” (Ambrosio, or The Monk), які быў ананімна выдадзены летам 1794. Льюіс адразу зрабіўся знакамітым, аднак праз год прадаваць раман было забаронена. У другім выданні Льюіс выкінуў асобныя, найбольш “абуральныя” моманты, але ў цэлым захаваў вусцішную атмасферу твора. Раманам захапляліся ўсе — ад лорда Байрана (які назваў аўтара “чарадзеем Льюісам”, “манахам” і “бардам”) да маркіза дэ Сада, што ўсхваліў пісьменніка ў нарысе “Разважанні пра раман”.

  • 1834

    Нарадзіўся Ян Нэруда (чэшск. Jan Nepomuk Neruda, памёр 22 жніўня 1891), чэшскі празаік, паэт і журналіст, найярчэйшы ў Чэхіі прадстаўнік крытычнага рэалізму. Найбольш вядомыя яго кнігі — “Кветкі на могілках” (Hřbitovní kvítí), “Кніга вершаў” (Knihy veršů), “Маластранскія аповеды” (Povídky malostranské), “Простыя матывы” (Prosté motivy) і інш.

  • 1850

    Нарадзіўся Іван Вазаў (балг. Иван Вазов, памёр 22 верасня 1921), балгарскі празаік, паэт, класік балгарскай літаратуры. Акадэмік Балгарскай акадэміі навук, быў міністрам адукацыі ад Народнай партыі Балгарыі (1897—1899). Раман “У ярме” (“Роман из живота на българите в предвечерието на Освобождението”, 1894) на беларускую мову пераклаў У. Аніскевіч (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1991).

  • 1927

    У Расіі пачала выходзіць “Роман-газета”.

  • 1944

    Нарадзіўся Глен Кук (анг. Glen Cook), амерыканскі пісьменнік-фантаст, аўтар серый “Прыгоды Гарэта” (Garrett P.I., фэнтэзі-дэтэктыў), “Хронікі Чорнага атраду”" (Тhe Black Company, сага, фэнтэзі), “Імперыя жаху” (Dread Empire) і інш.

  • 1945

    Нарадзіўся Дзін Рэй Кунц (анг. Dean Ray Koontz), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Адзін з найвядомейшых у свеце майстроў вострасюжэтных трылераў. Агульны наклад яго кніг перавысіў 100 мільёнаў асобнікаў.

  • 1961

    У Вініпегу (Канада) адкрыты помнік Тарасу Шаўчэнку.

  • 1962

    Памёр Жорж Батай (фр. Georges Bataille; нар. 10 верасня 1897), французскі філосаф і пісьменнік, які стаяў ля вытокаў постмадэрнізму. Яго раман “Гісторыя вока” (Histoire de l'œil, 1928), выдадзены пад псеўданімам Lord Auch, першапачаткова чытаўся як чыстая парнаграфія, у той час як тлумачэнне гэтай працы спела толькі паступова, раскрываючы з часам сваю значную філасофскую і эмацыйную глыбіню, характэрную для аўтараў “забароненай літаратуры”. Вобразы рамана будаваліся на шэрагу метафар, якія, у сваю чаргу, былі звернутыя да філасофскіх канструктаў, развітых у яго працах: вока, яйка, сонца, зямля, органы. Іншыя вядомыя раманы Батая — “Мая маці” (Ma mère, 1966) і “Сінеча нябёсаў” (Le Bleu du ciel, 1957). Апошні твор, з яго некрафілічнымі і палітычнымі тэндэнцыямі і аўтабіяграфічным падтэкстам і філасофскімі абагульненнямі, даводзіць “Гісторыю вока” да кульмінацыі, фармуючы нашмат больш цёмнае і суровае ўспрыманне сучаснай гістарычнай рэчаіснасці.

  • 1970

    У Феадосіі адкрыты літаратурны музей Аляксандра Грына.

  • 1980

    Памёр Вінісіюш ды Мараіш (парт. Marcus Vinícius da Cruz de Melo Morais, нар. 19 кастрычніка 1913), бразільскі паэт, аўтар песняў, драматург, дыпламат. Паводле яго п’есы “Арфей з Кансэйсаў” (Orfeu da Conceição, 1954) Марсэль Камю зняў фільм “Чорны Арфей”, які атрымаў Залатую пальмавую галіну Канскага кінафестывалю (1959) і прэмію “Оскар”. Падчас працы над пастаноўкай п’есы Мараіш пазнаёміўся з кампазітарам Антонію Карлушам Жабімам, плённая супраца з якім дала шмат песняў у новым тады жанры боса-нова, найбольш вядомай з якіх з’яўляецца “Дзяўчына з Іпанэмы” (Garota de Ipanema / Girl from Ipanema, 1962). Пасля Мараіш працаваў з многімі спевакамі і музыкамі Бразіліі і свету, агулам было запісана больш за 400 песняў. Памёр паэт ад алкагалізму. Пра любімы віскі ён выказваўся так: “Віскі — найлепшы сябар чалавека, гэта сабака ў бутэльцы”.