№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 11 жніўня

  • 1885

    Нарадзілася Сафія Парнок (руск. София Парнок, сапр. Парнох, памерла 26 жніўня 1933), руская паэтка і перакладчыца. У яе некралогу У. Хадасевіч напісаў: “Ёю было выдадзена шмат кніг, невядомых шырокай публіцы — тым горш для публікі”. Парнок выпусціла шэраг зборнікаў: Ружы Піерыі” (“Розы Пиерии”, 1922), “Лаза” (“Лоза”, 1923), “Музыка” (1926), “Напаўголасу” (“Вполголоса”, 1928), прычым апошні — накладам усяго 200 асобнікаў. Менавіта яна ўпершыню назвала “вялікую чацверку” постсімвалісцкай паэзіі — Пастарнак, Цвятаева, Ахматава, Мандэльштам. Сафіі Парнок прысвечаны цыкл вершаў Марыны Цвятаевай “Сяброўка” (“Подруга” — “Под лаской плюшевого пледа...”). Сястра выбітнага рускага перакладчыка Валянціна Парнаха.

  • 1897

    Нарадзілася Энід Мэры Блайтан (анг. Enid Mary Blyton, памерла 28 лістапада 1968), брытанская пісьменніца, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў. Яе кнігі мелі велізарны поспех па ўсім свеце, было прададзена больш за 400 мільёнаў асобнікаў. Творы пісьменніцы перакладзеныя больш чым на 90 моваў.

  • 1932

    Памёр Максіміліян Валошын (руск. Максимилиан Волошин, сапр. Кірыенка-Валошын, нар. 28 траўня 1877), рускі паэт, перакладчык, мастацкі крытык і мастак-пейзажыст. У 1907 годзе Валошын пераехаў у Кактэбель, дзе напісаў знакаміты цыкл вершаў “Кімерыйскае змярканне” (“Киммерийские сумерки”). 22 лістапада 1909 году ён біўся на дуэлі з Мікалаем Гумілёвым; прычынай дуэлі была паэтка Елізавета Дзмітрыева. Для яе Валошын прыдумаў удалую містыфікацыю — Чэрубіну дэ Габрыяк, у якую закахаліся многія творчыя людзі Пецярбурга, у тым ліку Гумілёў. Секундант Валошына, граф Аляксей Талстой, пакінуў досыць забаўнае апісанне гэтай дуэлі, падчас якой была згубленая адна галёша. Скончылася дуэль без праліцця крыві.

  • 1932

    Нарадзіўся Фэрнанда Арабаль (гішп. Fernando Arrabal Terán), гішпанскі сцэнарыст, драматург, рэжысёр, празаік і паэт. Арабаль — рэжысёр сямі поўнаметражных фільмаў, апублікаваў больш за 100 п'есаў, 14 раманаў, 800 вершаў, некалькі эсэ і свой знакаміты “Ліст генералу Франка”, дзе расказвае пра жыццё Франсіска Франка — кіраўніка і дыктатара Іспаніі. У 1962 годзе Арабаль разам з Алехандра Хадароўскі і Раланом Тапорам засноўвае аб'яднанне “Паніка” (Mouvement panique). Назваўшыся ў гонар грэцкага бога ўрадлівасці і дзікай прыроды Пана, і натхнёныя творчасцю Луіса Бунюэля і “Тэатрам жорсткасці” Антанэна Арто, сябры новага аб'яднання ў сваіх выступах імкнуліся максімальна шакаваць і эпатаваць публіку.

  • 1937

    Памерла Эдыт Ўортан (анг. Edith Wharton, нар. 24 студзеня 1862), амерыканская пісьменніца, дызайнер. Першая жанчына, якая атрымала Пулітцэраўскую прэмію — за свой знакаміты раман “Век нявіннасці” (The Age of Innocence, 1920).

  • 1954

    Выйшла пастанова Прэзідыюма Саюза савецкіх пісьменнікаў пра памылкі часопіса “Новый мир”. У “памылкі” часопіса залічаныя публікацыі “ідэалагічна няспелых” артыкулаў В. Памяранцава, М. Ліфшыца, Ф. Абрамава, М. Шчаглова.