№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 18 снежня

  • 1870

    Нарадзіўся Сакі (анг. Saki, сапр. Гектар Х’ю Манро; памёр 13 лістапада 1916), брытанскі пісьменнік, чые дасціпныя, а часам нават змрочныя апавяданні былі сатырай на норавы эдвардыянскай Англіі. Сакі лічыцца прызнаным майстрам апавядання нароўні з О. Генры і Дораці Паркер. На яго творчасць зрабілі моцны ўплыў Оскар Ўайлд, Льюіс Кэрал і Кіплінг, у той час як яго творы паўплывалі на А. А. Мілна, Ноэла Каўарда і П. Г. Вудхаўза. Загінуў на Першай сусветнай вайне ў бітве на Соме.

  • 1892

    Нарадзіўся Мікола Куліш (укр. Микола Куліш, расстраляны 3 лістапада 1937), украінскі пісьменнік, рэжысёр, драматург, грамадскі дзеяч, журналіст і рэдактар, дзеяч украінскай асветы, педагог. Мікола Куліш — стваральнік мадэрнісцкай драмы ўкраінскага адраджэння. Яго п’есы “Народны Малахій” (1928), “Міна Мазайла” (1929), “Маклена Граса” (1933) вывелі ўкраінскі тэатр на сусветны ўзровень. За 10 гадоў творчай працы Куліш напісаў 14 п’есаў — усе яны па чарзе былі забароненыя, а сам пісьменнік ― расстраляны. Каля паловы п’есаў на сённяшні дзень лічацца страчанымі. На беларускую мову п'есу “Народны Малахій” пераклала Паліна Маслянкова.

  • 1969

    Памёр Пятро Глебка (псеўд. Язэп Касіла; нар. 6 ліпеня 1905), беларускі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, навуковец. Быў чальцом “Маладняка”, затым “Узвышша” (3 1926). З пераходам П. Глебкі ва “Узвышша” мяняецца яго творчая манера: яна робіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна паглыбленай. Аўтар паэтычных зборнікаў “Шыпшына” (1927), “Урачыстыя дні” (1930), “Хада падзей” (1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (1938) і інш. Быў кіраўніком групы па складанні “Руска-беларускага слоўніка” (1953). Ініцыяваў і ўзяў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці. На яго прапанову навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў).

  • 1971

    Памёр Аляксандр Твардоўскі (руск. Александр Твардовский, нар. 21 чэрвеня 1910), рускі паэт, лаўрэат трох Сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Найбольш вядомы як аўтар паэмы “Васіль Цёркін” (“Василий Тёркин”, 1941—1945), якая зрабіла яго культавым паэтам ваеннага пакалення. У 1960-х працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Новый мир”, які аб’яднаў антысталінскія сілы ў літаратуры, стаў органам легальнай апазіцыі савецкім уладам.