№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Чарлз Букоўскі

Гісторыя аднаго крутога засранца

Вершы



яны і мы

(them and us)


яны ўсе сядзелі на верандзе
і размаўлялі:
Хэмінгуэй, Фолкнэр, Т. С. Эліят,
Эзра Паўнд, Гамсун, Ўолі Стывенс,
э.э. камінгс і яшчэ нехта.

“слухай, — сказала маці, — ты не можаш
папрасіць іх замоўкнуць?”

“не”, — адказаў я.

“яны нясуць лухту, — сказаў бацька, —
няхай лепш знойдуць
працу”.

“у іх ёсць праца”, —
адказаў я.

“чорта з два ў іх ёсць”, — сказаў
бацька.

“і гэта таксама”, —
адказаў я.

і тут, хістаючыся,
уваліўся Фолкнэр.
ён знайшоў віскі
у серванце і выйшаў
з пляшкай.

“страшны чалавек”, —
прамовіла маці.

потым паднялася і выглянула
на веранду.

“а з імі яшчэ жанчына, —
зазначыла яна, — праўда, на выгляд
мужык”.

“гэта Гертруда”, —
адказаў я.

“тут нехта грае мускуламі, —
сказала маці, — і цвердзіць,
што можа пабіць адразу
траіх”.

“гэта Эрні”, — адказаў я.

“і ён, — бацька паказаў на мяне, —
хоча быць як яны!”

“праўда?” — спыталася маці.

“не як яны, — адказаў я, — адным з іх”.

“хера, у цябе ж ёсць праца”, —
сказаў бацька.

“заткніся!” — сказаў я.

“што?!”

“я сказаў, заткніся. я слухаю
гэтых людзей”.

бацька глянуў на жонку:
“ён не мой сын!”

“спадзяюся”, — прамовіў я.

Фолкнэр зноў, хістаючыся, увайшоў
у пакой.

“дзе тэлефон?” —
запытаўся ён.

“якога хера?” —
сказаў бацька.

“Эрні выбіў сабе мазгі”, — сказаў ён.

“бачыш, што з такімі
бывае?!” — закрычаў бацька.

я павольна
ўзняўся
і дапамог Білі
знайсці
той
тэлефон.




геній натоўпу

(the genius of the crowd)


вераломства, нянавісці, жорсткасці, абсурду ў звычайнай
чалавечай істоце даволі, каб забяспечыць любую армію ў любы час

найлепш забіваюць тыя, хто прапаведуе супраць забойства
найлепш ненавідзяць тыя, хто прапаведуе любоў
найлепш ваююць тыя, хто прапаведуе мір

тым, хто прапаведуе бога, бракуе бога
тым, хто прапаведуе мір, не хапае міру
тым, хто прапаведуе любоў, не хапае любові     

сцеражыцеся прапаведнікаў
сцеражыцеся знаўцаў
сцеражыцеся тых, хто заўжды чытае кнігі
сцеражыцеся тых, хто ненавідзіць беднасць
і тых, хто ёй ганарыцца
сцеражыцеся тых, хто адразу хваліць
бо яны чакаюць пахвалы ў адказ
сцеражыцеся тых, хто адразу забараняе
бо яны баяцца таго, чаго не ведаюць
сцеражыцеся тых, хто ўвесь час шукае натоўпу
бо паасобку яны — ніхто
сцеражыцеся звычайных мужчынаў звычайных жанчынаў
сцеражыцеся іх любові, іх любоў звычайная
прагне звычайнага

але геній іх у нянавісці
у іх нянавісці стае генію, каб забіць цябе
забіць кожнага
не жадаючы самоты
не разумеючы самоты
яны паспрабуюць разбурыць усё
адрознае ад іхнага
не ўмеючы стварыць мастацтва
яны не зразумеюць мастацтва
сваю паразу як творцаў
яны палічаць паразай сусвету
не ўмеючы любіць напоўніцу
яны палічаць тваю любоў няпоўнай
і потым узненавідзяць цябе
іх нянавісць і будзе без заганаў

як бляск дыямента
як лязо
як гара
як тыгр
як атрута

іх найвышэйшае мастацтва




гісторыя аднаго крутога засранца

(the history of one tough motherfucker)


неяк уночы ён прыйшоў пад дзверы мокры худы пабіты
напужаны
белы кот касавокі й бясхвосты
я забраў яго, накарміў, і ён застаўся
і вучыўся мне давяраць, пакуль сябрук не прамчаў па трасе
і па ім.
я занёс парэшткі да ветэрынара, той сказаў: “надзеі
мала… давайце гэтыя пігулкі… у яго зламаны хрыбет
але ён і раней быў зламаны, ды неяк
зросся, калі кот выжыве, то не зможа хадзіць, гляньце
на рэнтген, у яго стралялі, гляньце, кулі
яшчэ ўнутры… хвост у яго таксама быў, але
нехта адрэзаў…”

я забраў ката дахаты, лета стаяла спякотнае, самае
спякотнае за дзясяткі гадоў, я паклаў яго на падлогу
ў ваннай, даў вады і пігулак, ён нічога не еў, ён зусім
не піў, я мачыў палец у місцы і мазаў яму рот, я
гаварыў з ім, я нікуды не адыходзіў
я шмат часу прабавіў у той ваннай, і гаварыў з ім, і
пяшчотна пагладжваў, а ён глядзеў сваімі
касымі выцвіла-сінімі вачыма, а праз нейкі час
і ён зрабіў свой першы рух
падцягнуў цела пярэднімі лапамі
(заднія не слухаліся)
дабраўся да свайго туалета
здолеў залезці туды,
усё было быццам урачысты марш магчымай перамозе
што грымнуў у той ваннай і ва ўсім горадзе, я
прыкіпеў да гэтага ката, я запаў на яго
не тое каб надта, але ж запаў
неяк раніцай ён прачнуўся, устаў, заваліўся назад і
проста глянуў на мяне
“ты зможаш”, — сказаў я яму.
ён змагаўся далей, уставаў і валіўся, нарэшце
ён зрабіў колькі крокаў, быццам п’яны, заднія
лапы не рухаліся, і ён упаў ізноў, адпачыў, а
потым падняўся.
астатняе вы ведаеце: цяпер яму лепш, чым калі, касавокі
амаль бяззубы, але зграбны ізноў, а гэты яго пагляд
і не знікаў…
цяпер часам у мяне бяруць інтэрв’ю, хочуць пачуць пра
жыццё і літаратуру, а я напіваюся, бяру свайго касавокага
бясхвостага, падстрэленага і збітага ката і кажу ім:
“гляньце, гляньце на гэта!”
але яны не разумеюць, яны гавораць нешта накшталт: “вы кажаце
на вас моцна паўплываў Селін?”
“не ён! — я ўздымаю ката, — тое, што адбываецца, гэта
вось гэта!”
я трасу ката, уздымаю яго вышэй
у пракураным і п’яным святле, ён спакойны, ён ведае…
і тады інтэрв’ю канчаюцца,
хоць часам я ганаруся, калі пазней бачу
здымкі, дзе ёсць я і ёсць кот, дзе нас сфата-
графавалі разам
ён таксама ведае, гэта гаўно, але так крыху лягчэй.




я памыліўся

(I made a mistake)


з верхняй паліцы шафы
я дастаў пару блакітных майтак
і паказаў ёй, і
спытаўся: “гэта твае?”
яна глянула і адказала:
“не, гэта сабачыя”.
а пасля сышла, і я яе
больш не бачыў. яе няма дома.
я ўсё хаджу туды, пакідаю цыдулкі
ў дзвярах. вяртаюся, а цыдулкі
яшчэ там. я адвязваю мальтыйскі крыж
ад люстэрка сваёй машыны, прывязваю яго
матузком да ручкі яе дзвярэй, пакідаю
зборнік вершаў.
калі вяртаюся наступнаю ноччу, усё гэта
яшчэ там.
я шукаю на вуліцах яе вінна-крывавы лінкор
са здохлым акумулятарам і з дзверкамі,
што злятаюць з петляў.
я аб’язджаю вуліцы,
ужо амаль плачу,
саромеючыся сваёй сентыментальнасці і
магчымага кахання.
збянтэжаны стары, што едзе пад дажджом і
не ведае, куды ж падзелася

шчасце.



дык ты хочаш быць пісьменнікам?

(so you want to be a writer?)


калі выбухам не імкне з цябе
ўсяму насуперак,
не трэба.
пакуль няпрошанае не рвецца
з твайго сэрца і розуму,
з твайго нутра,
не трэба.
калі праседжваеш гадзінамі,
утаропіўся ў манітор,
згорбіўся над
друкаркай
у пошуках словаў,
не трэба.
калі займаешся гэтым для грошай
ці славы,
не трэба.
калі займаешся гэтым, каб пакласці
жанчыну ў ложак,
не трэба.
калі доўга сядзіш,
перапісваючы зноў і зноў,
не трэба.
калі табе цяжка нават падумаць пра гэта,
не трэба.
калі спрабуеш наследаваць
некаму іншаму,
забудзься.

калі трэба счакаць, каб зараўло
ў табе,
чакай цярпліва.
калі ж ніколі ў табе не раве,
займіся чым іншым.

калі спачатку імкнешся прачытаць жонцы,
ці сваёй дзяўчыне, ці хлопцу,
ці бацькам, ці каму там яшчэ,
ты не гатовы.

не будзь як многія пісьменнікі,
не будзь як многія тысячы людзей,
што завуць сябе пісьменнікамі,
не будзь нудным, сумным,
прэтэнцыёзным. ніколі не будзь сама-
закаханым.
бібліятэкі свету
пазяхаюць ва ўвесь рот
ад такіх, як ты.
хопіць ужо.
не трэба.
пакуль не імкнецца на волю
з тваёй душы ракетай,
пакуль бяздзеяннем не штурхае
цябе да вар’яцтва,
забойства ці самазабойства,
не трэба.
пакуль сонца ўнутры цябе
не выпаліць кішкі,
не трэба.

калі ж праўда прыспеў час,
і ты быў абраны, усё
здзейсніцца
само па сабе і будзе здзяйсняцца,
пакуль не памрэш ты ці яно ў табе.

няма іншай дарогі.

і не было ніколі.




Удача

(luck)


калісьці
мы былі маладымі
за гэтай
друкаркай…
пілі
палілі
пісалі
гэта быў самы
добры
найцудоўнейшы
час
і ён
ёсць
толькі
цяпер
не мы
імкнемся да
часу
а ён
імкне на
нас
і кожнае слова
ўганяе
ў
паперу
гладка
хутка
важка
запаўняючы
апошні
прабел




пераклад з ангельскайЮля Цімафеева

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Яльмар Сёдэрберг

Яльмар Сёдэрберг

Адзін з найбуйнейшых шведскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Ўільям Блэйк

Ўільям Блэйк

Ангельскі паэт, мастак, містык і візіянер. Апярэдзіў свой час

Таццяна Заміроўская

Таццяна Заміроўская

Пісьменніца, журналістка, музычны крытык. Піша страшныя казкі і добрыя апавяданні

138