№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Публій Авідый Назон

Я здабыча твая, Купідоне

Элегіі

Пераклад з лацінскай Антон Францішак Брыль

1.1

 

Зброю ды дзеі вайны суровым выкласці вершам

 Думаў я, з тэмай такой згодны абраўшы памер.  

Першаму вершу другі быў роўны. Але засмяяўся

 Тут Купідон ды адну, кажуць, сцягнуў ён стапу.

“Хто табе, люты хлапчук, надаў над песнямі права?

 Не, спевакам ты не ўказ, нас Пірэіды вядуць!

Што, калі б выкрала меч Венера ў бялявай Мінервы,

 Ці каб бялявай далі факел Мінерве паліць?

Хто б над гарамі прызнаў лясістымі права Цэрэры

 Ці над палямі — закон дзевы, што носіць калчан?

Хто пажадае кап'ём цудоўнавалосага ўзброіць

 Фэба ды ліру кранаць Марсу даверыць між тым?

Царства ты маеш, хлапчук, на высокім пануеш пасадзе,

 Новых шукаеш нашто працаў сабе, славалюб?

Што ж, усё ды паўсюль — тваё? Гелікон ты прысвоіў?

 Фэбава ліра хаця б Фэбу належыць яшчэ?

Першы верш узрастаў на новай старонцы выдатна,

 Толькі слабы ды благі цягнецца следам другі:

Тэмы не маю! Бо шчэ для памераў лягчэйшых прадмета

 Між юнакоў ці між дзеў я сабе не прыглядзеў”.

Так наракаў я; між тым з калчáна стрэлы ён выбраў —

 З гэтых любая страла мне на пагібель была.

Ўзяў ён выгнуты лук, а тады, цеціву нацягнуўшы,

 Мовіў: “Што ж, калі так — вось табе тэма, спявак!”

Гора мне! Стрэлы яго з выдатнаю трапнасцю білі.

 Я запалаў. Захапіў вольныя грудзі Амур. 

Верш узрастае ў шасці стапах і ў пяці суціхае.

 Бітвы ды бітваў памер — вас пакідаю цяпер!

Міртам, што рос ля вады, вянчай галаву залатую,

 Муза, ды слых прыхілі да адзінаццаці стоп!

 

 

 

1.2

 

Як адкажу я, чаму і ложак уночы здаецца

 Мулкім, і покрыўкі ўсе паадкіданыя прэч?

І да світання чаму знемагаў я, сном не крануты,

 Косткі баляць ад чаго ў стомленым целе маім?

Каб закаханы я быў, то ведаў бы гэта, напэўна...

 Ці мо каханне цяпер потайкі точыць мяне?

Слушна! Ў сэрцы маім заселі тонкія стрэлы,

 Запанаваўшы ў грудзёх, лютасці чыніць Амур.

Здацца яму? Ці агонь мацней распаліць супрацівам?

 Здамся! Лягчэе цяжар, як перахопіш лаўчэй.

Зырка паходня гарыць, пакуль размахваюць ёю,

 А перасталі махаць — то і прыгасла яна.

Бык малады, што ярма насіць не жадае, пабіты

 Будзе часцей за таго, што без адмовы арэ.

Цуглі ўразаюцца ў рот каню, наравістаму лішне,

 Хто ж не ахвочы дурыць — тым не ў пакуту аброць.

Вось і Каханне заўжды непакорных і паліць, і гоніць

 Болей за тых, што яму згодныя слугамі быць.

То павінюся ва ўсім — я здабыча твая, Купідоне!

 Вось мае рукі — вяжы! Я паланёны табой.

Болей не трэба вайны. Аб міры малю й дараванні!

 Славы для зброі няма ў тым, каб бяззбройнага цяць.

Міртам вянчай галаву, запрагай галубоў мацярынскіх,

 А калясніцу табе годную ўдзеліць айчым.

На калясніцы ў хвале, паміж ускліканняў народу

 Будзеш упэўнена ты птушак трымаць павады.

Безліч услед павядуць юнакоў ды паннаў палонных,

 Спраўлены з пышнасцю, твой велічным будзе трыюмф!

Сам я, здабыча твая найноўшая, з ранаю свежай,

 Новыя ковы душы скорана там пранясу.

Рукі скруціўшы як след ёй за спінай, пацягнуць Развагу, 

 І Сарамлівасць, і ўсіх ворагаў раці тваёй.

Кожны тады затрымціць. І натоўп, узняўшы далоні,

 Хорам сугучным “Іо!” грымне табе: “Трыюмфуй!”

Будуць у свіце тваёй Пяшчоты, Аблуда й Шаленства:

 Як ты ні прыйдзеш куды — гэтыя побач заўжды.

Покуль яны за цябе — і людзей, і багоў ты змагаеш,

 Без дапамогі такой роўна што голы б ты быў.

Шчасная будзе тады на цябе з алімпійскіх вышыняў

 Маці твая паглядаць, пляскаць і ружы кідаць.

Крылы твае й валасы каменнем аздобяцца яркім,

 Колы памчацца, і ты — на залатых залаты!

Многіх, напэўна, і тут, калі знаю цябе я, апаліш,

 Многа і тут мімаходзь ранаў цяжкíх нанясеш.

Гэтыя стрэлы ўтрымаць і самому табе не па сілах:

 Блізкі агонь апячэ, нават калі не кране.

Грозны гэтулькі ж быў над Гангам узвышаны Бахус:

 Птушкі ў запрэжцы тваёй, тыгры ў ягонай былі.

Значыцца, дзеля таго, што ў тваім пайду я трыюмфе,

 Ты, зваяваўшы мяне, мне абаронаю будзь.

Гэтак жа робіць, глядзі, і крэўны твой, Цэзар, заўсёды:

 Змогшы, зможаных ён тою ж бароніць рукой.

________________________________________________­­­­­­­­­

 

Маці Купідона — Венера, а яго айчымам названы тут каханак Венеры Марс.

 

Крэўны твой, Цэзар— Актавіян Аўгуст узводзіў свой род па адной з ліній да Энея, сына Венеры, і такім чынам сапраўды мог быць названы крэўным Купідона.

 

 

 

1.5

 

Спёка стаяла і дзень ужо перайшоў цераз поўдзень.

 Стомлены, цела прасцёр я на пасцелі сваёй.

З дзвюх аканіцаў адна была расчынена толькі:

 Быў у пакоі паўцень, быццам у лесе густым,

Ці вечаровай парой, калі Фэб уцякае з нябёсаў,

 Ці калі ноч адышла, дзень жа яшчэ не паўстаў.

Столькі святла акурат сарамлівым дарэчы дзяўчатам,

 Нораў бо іх трапяткі схову шукае сабе.

Вось Карына ідзе ў сарочцы расперазáнай,

 Кудзеры вольна вакол белае шыі ляжаць.

Семіраміда ішла калісьці да шлюбнага ложка

 Так, і Лаіса мужоў многіх сустрэла такой.

Прэч я сарочку смыкнуў, хоць хавала, тонкая, мала;

 Не аддала яе ўсё ж мілая без барацьбы.

Толькі сабе ў барацьбе не шукала яна перамогі,

 Ды пераможцу свайму хутка здалася сама.

І без убрання тады апынулася перада мною:

 Хібы ў целе яе нельга было адшукаць.

Што за рукі ды што за плечы я бачыў ды лашчыў,

 Як пасавалі яе грудзі далоням маім!

Роўны які быў жывот ніжэй пад ладнасцю гэтай!

 Пругкасці колькі ў клубах, зграбнасці ў стане было!

Ўсё захапляла мяне. Нашто пералічваць бясконца?

 Голае цела яе я да свайго прытуляў.

Рэшту ці трэба казаць? Спачывалі, стамлёныя, разам.

 Як найчасцей бы мінаць гэтак паўдзённай пары!

________________________________________________­­­­­­­­­

 

Лаіса, ці Лаіда — імя дзвюх вядомых гетэр V i IV ст. да н.э., якіх старажытныя аўтары нярэдка змешвалі.

 

 

 

1.9

 

Кожны каханак — салдат, і лагер ёсць у Амура.

 Атыку, ты мне павер: кожны каханак — салдат.

Век, што пасуе вайне, акурат і Венеры прыдатны:

 Цяжка старому ў баях, смешна старому кахаць.

Роўных жадаюць гадоў вайскаводы ў моцных жаўнерах

 І прыгажуні ў сваіх добрых абраных сябрах.

Ноччу абодва без сну сцерагуць, на доле палёгшы,

 Дзверы каханай — адзін, правадыровы — другі.

Часта ў дарозе салдат; за дзяўчынай, куды б ні спяшала,

 Будзе бясконца спяшаць верны каханак услед.

Горы не спыняць яго, і рэкаў, падвоеных ліўнем,

 Хуткія плыні, і снег, што на сцяжынах ляжыць.

Выпадзе плыць — не пачне балбатаць аб надвор'і ці зорах,

 Скора, што б ні было, воды замуціць вясло.

Хто стрывае яшчэ, апроч ваяра ды каханка,

 Сцюжу начы ды з дажджом ярасным снег напалам?

Гэтага шлюць, каб сачыў небяспечнага ворага рухі,

 Той супарата свайго не выпускае з вачэй.

Гэты крэпасць абсеў, а той — парог непахіснай

 Мілай; у дзверы адзін ломіцца, ў браму — другі.

Добра напасці ўначы на ворага, што нерухома

 Спіць, і бяззбройную раць збройнай пасекчы рукой:

Згінулі так ваяры суровыя Рэса-фракійца —

 Пана пакінулі вы, коні, ў палон ідучы.

Гэтак жа ў мужавым сне заўсёды выгода каханку —

 Час яму ў бітву ісці: вораг не страшны, як спіць.

Вартаўнікоў паўнікаць і дазорцам не трапіць у рукі —

 Хоча ў выправе салдат, хоча й каханак-бядак.

Роўна няпэўныя Марс і Венера: падолены ўстане,

 Той жа, аб кім не маглі нават падумаць, — падзе.

Значыцца, той, хто назваў каханне забавай гультайскай,

 Кажа пустое. Кахаць — справа для здольных адно.

Дужы палае Ахіл, Брысеіды пазбаўлены гвалтам;

 Слабнуць аргіўцы! На бой рушце, траянцы, смялей!

Гектар на сечу спяшаў з абдоймаў сваёй Андрамахі,

 І надзявала сама жонка шалом на яго.

Кажуць, знямеў і Атрыд, счараваны дачкою Прыяма,

 Лётам яе валасоў — нíбы ў менады лясоў.

Трапіўся неяк і Марс у пастку Вулканавай працы —

 Вось дзе знайшлося аб чым доўга пляткарыць багам!

І пра сябе раскажу: я марудлівы быў ды лянівы,

 Дух распесцілі мой засень, пасцель ды спакой.

Толькі трывогі прыйшлі аб дзяўчыне адной; адвучылі

 Ўраз ад лайдацтва ды мар — стаў я сапраўдны ваяр,

Бачыш — бадзёры хаджу і начамі да войнаў гатовы.

 Хочаш не быць лайдаком, духам не слабнуць? Кахай!

________________________________________________

 

Трапіўся неяк і Марс... — Венера і яе каханак Марс былі аднойчы захопленыя ў адмыслова зладжаную пастку богам-кавалём Вулканам, мужам Венеры, і выстаўленыя на ўсеагульны глум.

Пераклад з лацінскай – Антон Францішак Брыль © 2013

Чытайце таксама

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Славацкая паэтка і перакладчыца, аўтарка васьмі паэтычных зборнікаў

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Уладзімір Жылка

Уладзімір Жылка

Беларускі паэт, культурны дзеяч, перакладаў паэзію

Інэса Ганкіна

Інэса Ганкіна

Паэтка, публіцыстка, псіхолаг і культуролаг.

1185