№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кніжная серыя "Амерыканка" шукае чытачоў праз краўдфандынг: Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд па-беларуску

26 чэрвеня 2017

Кніжная серыя

У чэрвені стартаваў збор сродкаў на новую кніжную серыю “Амерыканка”, якая, па словах стваральнікаў, “аб'яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць”. Падчас краўдфандынг-кампаніі “Лета з “Амерыканкай” на платформе ulej.by, перакладчыкі і выдаўцы спадзяюцца сабраць 30 тысячаў беларускіх рублёў на выпуск чатырох пілотных кніг серыі. У малым, кішэнным фармаце ў выдавецтве “Логвінаў” выйдуць раманы “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, “Чытво” Чарлза Букоўскага, “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд. У вялікім фармаце выдавецтва “Янушкевіч” выпусціць раман “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі.

Падчас кампаніі цягам двух летніх месяцаў можна будзе перадзамовіць друкаваныя або электронныя выданні а таксама ахвяраваць на развіццё серыі, якая ў будучыні працягнецца новымі перакладамі.

Першыя 150 замоўцаў атрымаюць 4 кнігі са зніжкай ажно ў 30%. – за 40 беларускіх рублёў. Іх таксама запросяць на вялікую імпрэзу для сяброў “Амерыканкі” ў кастрычніку 2017 года. Ураздроб 4 кнігі будуць у суме каштаваць 60 рублёў. Камплект электронных кніг абыдзецца замоўнікам у 19 рублёў.

На старонцы праекту на платформе “Улей” http://ulej.by/project?id=199735 можна паглядзець, як будуць выглядаць вокладкі выданняў ад дызайн-студыі “Адліга”, пазнаёміцца з біяграфіямі аўтараў і перакладчыкаў, а таксама пачытаць і нават паслухаць урыўкі з перакладзеных твораў на літаратурных рэсурсах “ПрайдзіСвет” і “Літрадыё”. Таксама заснавальнікі серыі просяць аўдыторыю запоўніць просценькую апытанку “Амерыканкі”, якая дапаможа выдаўцам і перакладчыкам зарыентавацца ва ўпадабаннях беларускага чытача і зразумець, якія яшчэ кнігі можна ўключыць у серыю: https://goo.gl/forms/0mpsEAoEnd8VhCFx2

У пілотным выпуску серыі – вострыя, скандальныя не толькі для свайго часу раманы, напісаныя ў вострай сакавітай стылістыцы, даўно вядомыя і любімыя чытачамі ва ўсім свеце. Серыя “Амерыканка” дае магчымасць беларусам нарэшце чытаць гэтыя тэксты на роднай мове.



Паўночнаамерыканскую прозу бліскуча перастварылі Аляксей Знаткевіч, Вольга Калацкая, Ігар Кулікоў і Сярж Мядзведзеў. Два з чатырох перакладаў паўсталі ў выніку працы Перакладніцкай майстэрні Беларускага Калегіюму.

Краўдфандынг-кампанію “Лета з “Амерыканкай” падтрымалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтр, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” “Арт-Сядзіба”, а таксама шэраг беларускіх СМІ. Стваральнікі серыі запрашаюць да супрацы новых партнёраў: прадпрымальнікаў, грамадскіх актывістаў і проста аматараў добрай літаратуры.

Далучайцеся да “Амерыканкі”, ахвяраваўшы сродкі на платформе “Улей”:

http://ulej.by/project?id=199735

Сачыце за кампаніяй у сацыяльных сетках:

https://vk.com/amerykanka

https://www.facebook.com/amierykanka/?fref=ts

Цягам двух летніх месяцаў збору сродкаў, а таксама – у выпадку поспеху кампаніі –  двух месяцаў восені, будзе адбывацца шмат “дзвіжу”. Або “рушняку”, як сказаў бы Кен Кізі, калі б гаварыў па-беларуску. 

паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

1802