№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Да Дня дзіцячай кнігі — казка пра хлопчыка, які любіў спяваць

2 красавіка 2014

Да Дня дзіцячай кнігі — казка пра хлопчыка, які любіў спяваць
2 красавіка ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Сёння асабліва прыемна прадставіць новую кнігу для дзетак з серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта казка “Найлепшы спявак у свеце” шведскага пісьменніка Ульфа Нільсана, ілюстраваная мастачкай Эвай Эрыксан. Аўтары стварылі цэлы шэраг дзіцячых кніг з малюнкамі, якія ўжо сталі класікай. Па-беларуску казка загучала дзякуючы перакладчыцы Алесі Башарымавай, якой мы задалі некалькі пытанняў.

— Чым прывабіла цябе як перакладчыка кніга “Найлепшы спявак у свеце”? А як чытача? З якімі складанасцямі ты сутыкнулася ў працэсе перакладу?

—Пераклад кніжак у малюнках, або так званых “кніжак-карцінак” —новы для мяне досвед, і калі Саюз беларускіх пісьменнікаў прапанаваў мне перакласці спярша “Снежнага чалавека” Эвы Суса http://lit-bel.org/by/library/4030.html, а потым “Найлепшага спевака...”, то я ўзялася за гэта з цікаўнасці. Абедзве кнігі напісаныя простаю мовай, з разлікам на зусім маленькіх дзяцей. Пад простай мовай я тут маю на ўвазе і лёгкасць сінтаксічных канструкцый, і тое, што для перадачы сэнсу выкарыстоўваецца досыць мала словаў, калі працуюць асацыяцыі. Перада мной стаяла задача захаваць гэтую простасць.

“Найлепшы спявак у свеце” —гэта гісторыя хлопчыка, які любіў спяваць, але саромеўся рабіць гэта перад публікай, гісторыя таго, як ён перамог гэты комплекс. Яна апісаная з лагодным гумарам, і я думаю, тыя, хто пазнае сябе ў герою, гэта ацэняць і змогуць па-іншаму паглядзець на свае праблемы, якія цалкам могуць аказацца ўяўнымі. А гумар у такім выпадку можа быць найлепшай дапамогай.

Вось, напрыклад, эпізод пра начныя страхі малога: чаго толькі яму не прыйдзе ў голаў!

Увечары я не мог заснуць. <…> А што, калі я забуду словы? Будзе сапраўдная катастрофа!

Можа, я буду толькі запінацца ўвесь час? Можа, усе гэтыя бацькі пачнуць кідацца ў мяне тортам? Можа, школу зачыняць, і настаўніца застанецца без працы? І не зможа зарабляць грошы, і ёй давядзецца збіраць пустыя бутэлькі па сметніцах, каб потым іх здаць?

А я — што будзе са мной?

Я кінуўся да ложка мамы і таты і лёг за мамінай спінай.

Ці дазволіць мне потым мама спаць побач з ёй? Можа, яна зусім перастане мяне любіць? Я плакаў, пакуль не заснуў.

Мне снілася, што я стаю на сцэне, і тут прыходзіць монстр, загорнуты ў сваю брыдкую, пачварную коўдру. І праглынае мяне.

Увогуле, калі чытаеш гэтую кнігу, вельмі добра бачна, што абодва аўтары —аўтар тэксту і аўтарка ілюстрацый — з вялікай пяшчотай ставяцца да героя і апісваюць яго гісторыю.

Калі казаць пра нейкія адметныя складанасці, з якімі я сутыкнулася ў часе перакладу, то можна згадаць пераклад назваў песенек, якія спявае галоўны герой свайму малодшаму брату. У арыгінале абедзве песні вядомыя, бадай, усім шведскім дзецям: адна спяваецца ў фільме па кнізе Астрыд Ліндгрэн пра Эміля, а другая —вясёлая калядная дзіцячая песенька пра юльтомтэ (такіх сабе калядных гномікаў), напісаная яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. Хацелася падабраць нейкія больш-менш пазнавальныя беларускія дзіцячыя песні, але зрабіць гэта было нялёгка. У беларускай версіі кнігі галоўны герой спявае “Дзеда Барадзеда” і “Саўку ды Грышку”. Падазраю, што сённяшнія дзеці нават і не чулі таго “Дзеда Барадзеда”, але ў такім разе, спадзяюся, зацікавяцца і, скажам, паслухаюць песню ў інтэрнэце.

Ці праўда, што, каб займацца дзіцячай літаратурай (пісаць або перакладаць яе), даросламу самому трэба быць у душы дзіцем?

—Думка пра тое, што даросламу трэба быць у душы дзіцем, каб працаваць з дзіцячай літаратурай, паўтараецца так шмат, што даўно зрабілася банальнасцю. Такая фармулёўка ставіць паняцці “дарослы” і “дзіця” ў пазіцыю канфрантацыі і гэтым выдатна падмацоўвае, напрыклад, стэрэатып аб тым, што дзіцячая літаратура —нешта несур’ёзнае і другараднае.

Пытання наконт таго, кім, якім трэба быць у душы, каб займацца якой бы там ні было літаратурай, стаяць увогуле не мусіць. Проста літаратура будзе ў кожным выпадку рознай. І падабацца будзе розным чытачам.

Камусьці здаецца забаўным, вясёлым чытвом тое, у чым іншы бачыць ненатуральнасць. Камусьці падабаецца чытаць тое, што іншаму здаецца нудным і нецікавым. Дзеці ж таксама розныя. Хтосьці, напрыклад, марыць як хутчэй “праскочыць” дзяцінства, бо адчувае сябе не на сваім месцы. І нішто не замінае яму напісаць потым дзіцячую кнігу, нудную да захапляльнасці.

У дзіцячай літаратуры мы можам бачыць самае рознае стаўленне аўтара да чытача: аўтар можа размаўляць з чытачом на роўных, як дарослы з дарослым — або як дзіця з дзіцем, можа павучаць малое ці паблажліва даваць карысныя парады, можа трымацца адасоблена і проста расказваць гісторыю, не чапляючыся да чытача ніякім чынам, — карацей, стасункі могуць быць самыя розныя. У “Спеваку...” мы бачым, як апавядальнік мімікруе пад дзіця — галоўнага героя. Не ведаю, як успрымуць гэта юныя чытачы, але для мяне гэтыя спробы выглядаюць досыць кранальна. Усё ж такі адчуваецца, што апавядальнік тут зусім іншы — не герой-дзіць, а той, хто акуратна вядзе гэтага дзіця праз цяжкасці і ўрэшце прыводзіць да шчаслівай развязкі.

Якія шведскія аўтары прывабныя для цябе, каго б яшчэ ты хацела перакласці?

— Акурат найбліжэйшым часам я збіраюся вярнуцца да перакладу кнігі Гунэль Ліндэ “Белы каменьчык” (пачатак друкаваўся ў часопісе “Дзеяслоў”). Гэтую кніжку я купіла амаль выпадкова ў шведскім букінісце, а ў выніку яна настолькі мяне ўразіла, што я адразу вырашыла яе перакласці.

“Найлепшага спевака ў свеце” ад сёння можна знайсці ў мінскіх крамах “Акадэмкніга”, “Кнігарня пісьменніка”, “Книги&книжечки”, кнігарнях “логвінаЎ” і “Веды”.

На фота: Алеся Башарымава, аўтар фота Алена Казлова

 

Чытайце таксама

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

Абвешчаны доўгі спіс прэміі Шэрмана

Сябры журы перакладчыцкай прэміі імя Карласа Шэрмана вызначылі 12 кніг, якія ўвайшлі ў доўгі спіс у 2018 годзе.

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай 2018 увайшлі дзевяць паэтычных кніг

Вынікі году па версіі Андрэя Хадановіча: перакладная паэзія

Апошнім часам пры канцы года зрабілася модным падводзіць вынікі. І літаратары не выключэнне. Складаецца ўражанне, што сёлета ў Беларусі заўважна актывізавалася паэтычнае жыццё.

іншыя навіны
445