№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Клайв Стэйплз Льюіс (Clive Staples Lewis)

1898—1963

Клайв Стэйплз Льюіс

Клайв Стэйплз Льюіс нарадзіўся 29 лістапада 1989 году ў Белфасце (Паўночная Ірландыя). Яго першай настаўніцай была маці, а ў 1908 годзе, пасля яе смерці, яго аддалі ў прыватную школу. Школу ён ненавідзеў і менавіта ў школьны перыяд страціў усялякі сэнс жыцця і дзіцячую хрысціянскую веру. Змяніўшы некалькі школ, Льюіс атрымаў пачатковую адукацыю і паступіў у Молверн-каледж, але праз год кінуў яго, вярнуўся дадому і пачаў вучыцца пад кіраўніцтвам добрага знаёмца сям’і, прафесара Ўільяма Кіркпэтрыка, які стаў правобразам прафесара Кірка з аповесці “Леў, вядзьмарка і адзежная шафа” (The Lion, the Witch and the Wardrobe). На ўсё жыццё Льюіс захаваў глыбокую павагу да гэтага чалавека, які пасля жорсткай і цынічнай школьнай атмасферы падараваў яму першыя пробліскі надзеі, абудзіў імкненне да ведаў, навучыў майстэрству дыялектыкі і лагічнага мыслення, дапамог зразумець значэнне культурнай традыцыі, перадаванай з пакалення ў пакаленне. Будучы пісьменнік захапіўся філасофіяй, ангельскай літаратурай, антычнай, скандынаўскай і кельцкай міфалогіяй.

У 1916 годзе Льюіс паступіў у Оксфардскі ўніверсітэт, але праз некалькі месяцаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. У красавіку 1918 году ён быў цяжка паранены. Лежачы ў шпіталі, ён адкрыў для сябе і палюбіў творчасць Чэстэртана, што пазней адыграе пэўную ролю ў яго навяртанні ў хрысціянства. У снежні 1918 Льюіс звольніўся з арміі і вярнуўся ва ўніверсітэт. У 1919 годзе ён выпусціў сваю першую кнігу — зборнік вершаў “Дух у няволі” (Spirits in Bondage).

Пасля заканчэння ўніверсітэта ён застаўся ў Оксфардзе выкладчыкам ангельскай філалогіі ў Каледжы Магдалены і працаваў там да 1954 году. Як навуковец ён займаўся вывучэннем літаратуры позняга Сярэднявечча. Сярод яго навуковых прац найбольш вядомыя “Алегорыя кахання: Даследаванне сярэднявечнай традыцыі” (The Allegory of Love: A Study in Medieval Tradition, 1936), “Уводзіны ў “Страчаны рай” (A Preface to Paradise Lost, 1942), “Ангельская літаратура шаснаццатага стагоддзя, за выключэннем драматургіі” (English Literature in the Sixteenth Century Excluding Drama, 1954), “Адкінуты вобраз: Уводзіны ў літаратуру Сярэднявечча і Рэнесансу” (The Discarded Image: An Introduction to Medieval and Renaissance Literature, 1964).

У пачатку 1930-х гадоў Льюіс робіцца адным з кіраўнікоў літаратурнага гуртка “Інклінгі” (Inklings). Яшчэ адным кіраўніком гэтага гуртка быў яго сябар Джон Толкін, пад уплывам якога Льюіс у 1931 годзе зноў навяртаецца ў хрысціянства. Афіцыйна ён (у адрозненне ад каталіка Толкіна) належаў да Англіканскай царквы, але фактычна спавядаў нешта накшталт ранняга хрысціянства, вылучаючы тыя акцэнты ў хрысціянскім вучэнні, што з’яўляюцца агульнымі для ўсіх хрысціян незалежна ад канфесійнай прыналежнасці (пазней гэта аформіцца ў канцэпцыю “проста хрысціянства”).

Першы раман Льюіса “Вяртанне паломніка” (The Pilgrim’s Regress) выйшаў у 1933 годзе. З 1938 па 1946 год ён выпускае фантастычную трылогію, у якую ўваходзяць раманы “За межы маўклівай планеты” (Out of the Silent Planet), “Перэландра” (Perelandra) і “Тая агідная сіла” (That Hideous Strenght). У 1942 годзе спачатку ў газеце, а потым і асобным выданнем выходзяць “Лісты Круцяля” (The Screwtape Letters; працягам гэтага твора пазней стала эсэ “Круцель прапануе тост” (Screwtape Proposes a Toast), якое выйшла ў 1959 годзе), у 1945 годзе — алегарычная аповесць “Вялікі развод” (The Great Divorce). А ў 1950—1956 гадах выходзіць самы знакаміты празаічны твор Льюіса — цыкл з сямі казачных аповесцяў “Хронікі Нарніі” (The Chronicles of Narnia). Менавіта “Хронікі” зрабілі Льюіса адным з класікаў жанру фэнтэзі.

З канца 1930-х гадоў Льюіс выпускае таксама шэраг папулярных эсэістычных трактатаў на багаслоўскія тэмы: “Праблема болю” (The Problem of Pain, 1940), “Цуды” (Miracles, 1947), “Роздумы над псалмамі” (Reflections on the Psalms, 1958), “Чатыры любові” (The Four Loves, 1960).

Падчас Другой сусветнай вайны Льюіс ездзіў з публічнымі лекцыямі і выступаў па радыё BBC. З лекцыяў вырасла публіцыстычная кніга “Адмена чалавека” (The Abolition of Man, 1943), а з выступленняў па радыё — трактат “Проста хрысціянства” (Mere Christianity, 1952).

У 1954 годзе Льюіс пераехаў у Кембрыдж, дзе адмыслова для яго была створаная кафедра літаратуры Сярэднявечча і Рэнесансу, у 1955 годзе стаў чальцом Брытанскай акадэміі.

У 1950-я гады Льюіс пазнаёміўся — спачатку па перапісцы, а потым і асабіста — з амерыканскай пісьменніцай Джой Дэвідмэн, былой камуністкай, якая навярнулася ў хрысціянства пад уплывам яго кніг. Выпадкова выйшла так, што за некалькі месяцаў да прыезду Джой у Вялікабрытанію Льюіс выпусціў аўтабіяграфічную кнігу “Surprised by Joy” (Захоплены радасцю), і, хоць гэтая кніга ніяк не была звязаная з яго каханнем, сугучнасць назвы аўтабіяграфіі з імем каханай жанчыны выглядала сімвалічна. У 1956 годзе Льюіс і Джой пабраліся шлюбам, але праз чатыры гады Джой памерла. Досвед перажывання гэтай страты Льюіс апісаў у сваёй самай трагічнай кнізе “Вывучаючы смутак” (A Grief Observed). Гісторыі кахання Льюіса і Джой Дэвідмэн прысвечаны мастацкі фільм Рычарда Этэнбара “Краіна ценяў” (Shadowlands, 1993).

У жніўні 1963 году Льюіс сышоў у адстаўку праз рэзкае пагаршэнне здароўя і вярнуўся ў Оксфард. 22 лістапада 1963 года ён памёр. У той жа дзень памёр пісьменнік Олдас Хакслі і загінуў прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі. Гэтае супадзенне натхніла філосафа Пітэра Крэйфта на стварэнне аповесці “Паміж Небам і пеклам: Дыялог Джона Ф. Кенэдзі, К. С. Льюіса і Олдаса Хакслі недзе па той бок смерці” (Between Heaven and Hell: A Dialog Somewhere Beyond Death with John F. Kennedy, C. S. Lewis, & Aldous Huxley).

Клайв Стэйплз Льюіс пахаваны ў Оксфардзе ў двары царквы Святой Тройцы. Мемарыяльная пліта ў гонар пісьменніка ўсталяваная ў Кутку паэтаў у Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане.

Чытайце таксама

Элізабэт Бішап

Элізабэт Бішап

Амерыканская паэтка.

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

Эліза Ажэшка

Эліза Ажэшка

Польская пісьменніца, грамадская дзяячка, педагог. Жыла і працавала ў Горадні і ваколіцах

Валер Гапееў

Валер Гапееў

Беларускі пісьменнік, журналіст.

900