№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Маўрыцыё Бліні

Джулія (Giulia)

Апавяданне

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык


Гаманкія супрацоўнікі агенцтва па арганізацыі пераезду не прымусілі доўга сябе чакаць. Званок у дзверы прагучаў праз некалькі хвілін пасля таго, як у акне сталовай узнікла велізарная лесвіца з верхняй пляцоўкай. З далікатнасцю слана ўвайшоў сіньёр Пінэ і закрычаў: “Сіньёра, мы гатовыя! Можам пачынаць?”

 

Пагрузка пачалася, мэбля, скрыні і карціны з дапамогай рухомай пляцоўкі рушылі праз тры паверхі ўніз найкарацейшай дарогай. Я тужліва паглядзеў у акно і ўбачыў знаёмую гарадскую вуліцу, поўную машынаў, шуму і пахаў вялікага горада.

 

Мы вырашылі пераехаць у сельскую мясцовасць. Мае бацькі, усё жыццё пражыўшы ў Турыне, зрабілі нарэшце свой выбар. “Ты што будзеш рабіць? Паедзеш з намі ці хочаш жыць адзін?” — паставіў пытанне рубам бацька.

 

Мне споўнілася трыццаць, я атрымаў дыплом юрыста і працаваў у паліцыі. Ужо некалькі гадоў я быў інспектарам аддзела забойстваў і захапляўся сваёй працай. На душы ў мяне было ясна, хоць пакуль я не сустрэў кахання (ці, прынамсі, такога кахання, якое прыводзіць да сумеснага жыцця ці непазбежнага шлюбу). Я ладзіў з бацькамі і малодшай сястрой і таму ніколі не шукаў свабоды і незалежнасці, дзеля якіх шмат маіх сяброў і калегаў пакінулі бацькоўскі дом. Урэшце, мне было добра, хоць я ўжо і не быў хлапчуком. Рашэнне пераехаць насамрэч не турбавала мяне. Мы перасяляліся ў гарадок у правінцыі Асці менш чым у гадзіне язды ад Турына. Увогуле, нічога страшнага, былі нават станоўчыя моманты. Свае трыццаць гадоў я пражыў у квартале Лучэнта, які першапачаткова знаходзіўся на ўскраіне Турына, але неўзабаве быў захоплены метраполіяй і з часам страціў класічныя рысы прадмесця. Але час мінае, і мы ўсе былі перакананыя, што зможам значна палепшыць якасць жыцця.

 

Я падышоў да свайго пакоя і паспрабаваў прывесці думкі ў парадак. Амаль усё было гатова. Засталося толькі некалькі рэчаў у шуфлядах стала, праз імгненне закрыецца апошняя скрыня. І менавіта выграбаючы іх змесціва, я знайшоў шкляны слоічак са скамечаным лістком паперы.

 

Адразу ж прыгадаліся мінулыя часы.

 

Як і кожны дзень, мы са смехам выйшлі з тралейбуса, вяртаючыся са школы. Я, Лука і Франка вучыліся на першым курсе геадэзічнага тэхнікума і жартам штурхаліся па дарозе дадому. Мы праходзілі па вуліцы П’янецца, калі ўсяго за некалькі метраў ад нас з акна падвальнага памяшкання вылецеў на ходнік шарык скамечанай паперы. Мы адразу ж пачалі падбіваць яго нагамі і, імітуючы рухі нашых футбольных ідалаў, дафутболілі да майго дома. Толькі тады я ўзяў яго ў рукі і паспрабаваў разгарнуць. Маю цікаўнасць спыніў Лука. “Не, не раскрывай яго... Пойдзем у заклад!” Прапанова ўсім спадабалася. Гэта быў перыяд закладаў — ставілі на ўсё запар. І вось кожны з нас выказаў сваю здагадку: “Я лічу, што гэта любоўны верш ад чалавека, які не наважыўся яго адправіць…” “Я лічу, што гэта рахунак выдаткаў, якія перавысілі запланаваныя...” “А я лічу, што раз ён прыляцеў з падвала, то гэты ліст — быццам запіска ў бутэльцы, кінутай у мора...” Апошняя гіпотэза так усім спадабалася, што выклікала найбольш здагадак.

 

— Гэта будзе нашай таямніцай. Давайце схаваем ліст, а праз некаторы час разгарнем і паглядзім, хто перамог, — падскочыў узбуджаны Франка.

 

— Правільна, чаму б не, разгарнем яго роўна праз год!

 

— Не, давайце пазней, — не пагадзіўся я. — Калі гэта наш сакрэт, то будзем захоўваць яго як мага даўжэй... ну, скажам, да выпускных... Як лічыце?

 

На гэтым і пагадзіліся. Шарык паклалі ў шкляны слоічак, які схавалі на дне шуфляды ў маім стале, і больш пра яго не згадвалі.

 

У той вечар я патэлефанаваў Лука і Франка і прапанаваў ім выпіць разам піва.

 

Франка, які зрабіўся паспяховым архітэктарам, год таму ажаніўся з журналісткай і пераехаў у пентхаўс у гістарычным цэнтры горада, а Лука, пасля таго як усе яго спробы стаць зоркай валейбола аказаліся марнымі, набыў газетны кіёск у тым жа Лучэнта.

 

Праз некалькі хвілін, якія мы прабавілі за нязмушанай балбатнёй і першымі глыткамі цёмнага піва, я тэатральным жэстам паставіў у цэнтр стала знаёмы слоічак.

 

Запанавала зацікаўленае маўчанне, якое перарваў гучны рогат Лукі: “Не магу ў гэта паверыць!.. Наш сакрэт!..” З часам некаторыя ўспаміны юнацтва крыху пабляклі, але не гэты. Усё адразу ж вярнулася, ахінаючы нас лёгкім сумам. Мы забыліся пра спрэчку, і толькі выпадковы пераезд змусіў уваскрэснуць і слоічак, і нашае мінулае.

 

— Добра, — сказаў я, — сёння вечарам даведаемся, хто перамог!

Мы не хавалі цікаўнасці: у той дзень лёс паклікаў нас, і мы былі гатовыя.

 

Я павольна адкруціў накрыўку слоічка і акуратна выцягнуў усё яшчэ скамечаны ліст, асцярожна разгарнуў яго, і мову мне заняло.

 

Чымсьці вельмі падобным да памады там было напісана: “Дапамажыце мне, прашу вас! Джулія Барата”.

 

Ліст пераходзіў з рук у рукі, якія нервова трымцелі. Кожны з нас быў уражаны гэтай фразай.

 

Джулія Барата, дзяўчына, трохі маладзейшая за нас, акурат у той час была выкрадзеная, і ніхто пра яе больш нічога не ведаў.

 

Гэта, відавочна, быў ліст з адчайнай просьбай аб дапамозе, сапраўдны ліст, а не жарт...

 

У пошуках адказу мы перадавалі паперчыну адзін аднаму, агаломшаныя, а ледзяная цішыня ўжо запаўняла наш вечар. Можа, Джулія была ў адным з тых сутарэнняў, можа, ёй такім чынам удалося паведаміць пра сваю адчайную патрэбу ў дапамозе... Калі б мы прачыталі яго адразу, замест таго каб весяліцца, як неразумныя падлеткі... Магчыма... Хто ведае...

 

Я перарваў пакутлівыя сумненні:

 

— Хлопцы, супакойцеся: нам трэба спачатку ўдакладніць факты. Урэшце, прайшло шаснаццаць гадоў. Магчыма, яе знайшлі, а мы пра гэта і не ведаем... Сустрэнемся тут заўтра ўвечары. Я папрацую ў архівах... Вы таксама пашукайце якія звесткі.

 

Пасля неспакойнай ночы я не марудзячы патэлефанаваў старэйшаму калегу, галоўнаму інспектару Меучы, які апошнія трыццаць гадоў працаваў у аддзеле забойстваў турынскага аддзялення паліцыі і добра ведаў жыццё, смерць і ўсе дзівосы своеасаблівага і прыцягальнага цёмнага свету. Спатрэбілася няшмат часу, каб даведацца, што справа Джуліі Барата ўсё яшчэ нераскрытая і застаецца адной з многіх таямніцаў Італіі. Дзяўчыну выкралі ў лістападзе шаснаццаць гадоў таму і ўжо не выпусцілі, нягледзячы на даволі важкі выкуп, заплачаны сям’ёй. Газетная хроніка тых часоў пісала пра маньяка, які не пакінуў ніякіх слядоў. Ніякіх прыкметаў... Яна знікла раніцай па дарозе ў школу. Растварылася ў паветры. Ніякіх сведкаў.

 

Я расказаў Алесандра Meучы ўсё як ёсць, і, нягледзячы на відавочныя сумненні, мая гісторыя яго вельмі зацікавіла.

 

У той вечар мы абмеркавалі сітуацыю, якая рабілася ўсё больш драматычнай праз цяжар велізарнай адказнасці, які мы адчулі. Неасцярожная гульня магла ператварыцца ў абсурдную трагедыю.

 

Лука прынёс гарадскія газеты тых часоў, сведчанні пра дзяўчыну, тапаграфічныя карты мясцовасці. Мы ажыўлена спрачаліся, спрабуючы пазбавіцца страшнага пачуцця віны, якая павольна ўпаўзала ў нас. Мы падбівалі папяровы шарык на ходніку перад будынкам, прылеглым да старой дывановай фабрыкі, даўно ўжо закінутай. Дакладна згадаць акенца, з якога вылецеў ліст, мы не змаглі, таму вырашылі дапамагчы памяці і ў той жа вечар, а дакладней апоўначы, наведаць месца.

 

Ноч была ціхая, з недалёкіх прыгарадаў выпаўзаў туман. Стаяла звычайнае для гэтай пары году золкае надвор'е, і я крыху дрыжаў у пухавіку ультрамарынавага колеру. Мы ступілі на пустынны ходнік на вуліцы П’янецца. Вулічныя ліхтары ляніва асвятлялі дарогу. Мы пайшлі — асцярожна, як і трэба на сапраўдным месцы злачынства. Раён вельмі змяніўся: тут былі зруйнаваныя цэлыя будынкі, каб вызваліць месца для новых забудоваў. Нам пашанцавала. Тыя сто метраў ад старога прыпынку тралейбуса да закінутай цяпер фабрыкі засталіся некранутымі. Мы павольна ішлі, нібыта ўзнаўляючы той дзіўны дзень шаснаццацігадовай даўніны. Калі мы адначасова спыніліся, крокі разляцеліся змрочным рэхам.

 

Гэта адбылося тут.

 

Акенца, што выходзіла на вуліцу, было ўмацаванае тонкімі іржавымі кратамі. За імі былі відаць сценкі з фанеры, таксама ў даволі дрэнным стане.

 

Франка відавочна напружыўся і шукаў спакою ў поглядзе Meучы, які безуважна жаваў лакрыцу.

 

Я папрасіў яго супакоіцца. Па-першае, мы зусім не ўпэўненыя ў тым, што гэта не жарт, хай сабе дурны і недарэчны, па-другое, нават калі там і была Джулія, з таго часу мінула шаснаццаць гадоў... Ці можа быць так, каб ніхто не чуў і не бачыў нічога дзіўнага?

 

— Мы павінныя спачатку праверыць... Спакойна…

 

Я ўзяў ліхтарык і падышоў да ўваходнай брамы, якая аддзяляла будынак ад старой фабрыкі. Яна не была замкнёная і адкрылася ад лёгкага штуршка. Як рабаўнікі, мы праніклі ў змрочнае памяшканне. Нібы старыя мёртвыя жывёлы, сярод рознага ламачча і бітага шкла стаялі дабітыя станкі, кожны са сваёй гісторыяй.

 

Прамень святла спыніўся між трубаў і кабеляў, што небяспечна звісалі з высокай столі. Месца было маркотнае, і кожны гук узмацняла і скажала рэха. Франка як добры архітэктар паспрабаваў вывесці нас да найбольш верагоднага месцазнаходжання акенца. Мы ішлі па перыметры мура, які акаляў будынак, але не знаходзілі праходу нават ва ўнутраны двор. Менавіта тады Франка вырашыў спусціцца ўніз і даследаваць падвал і сумежныя памяшканні. Мы не былі ўпэўненыя ў неабходнасці працягваць пошукі, але нас ахапіла цікаўнасць. У крыві падскочыў адрэналін, а ўзбуджэнне, якое выклікала такая парадаксальная сітуацыя, суцішвала і перамагала нашыя страхі.

 

Падвальныя памяшканні былі запоўненыя густым, як смоль, змрокам, і часткова падтопленыя. Рулоны бракаваных дываноў ляжалі гнілыя і бездапаможныя, патыхаючы жудасным смуродам, а добра адкормленыя і нікім не турбаваныя пацукі спакойна шныпарылі навокал, не звяртаючы на нас увагі. Мы дайшлі да папярочнага мура. Там, дзе мусіў быць пераход да камораў, мы ўбачылі велізарны праём. Навясныя краты закрывалі агляд, але праз іх можна было досыць добра разгледзець кароткі калідор з дзясяткам драўляных дзвярэй. Трапіць туды было нескладана, але мы вырашылі зрабіць гэта наступнае ночы, як заўсёды, апоўначы.

 

Увесь дзень мой розум не знаходзіў спакою. Што спадзяваўся я адшукаць у адной з гэтых камораў? Падказкі, доказы, сляды... праз шаснаццаць гадоў? Нават калі нехта паверыць у нашую гісторыю, што мы высветлім? А калі б мы выявілі сляды ўладальніка каморы?.. Але хто ж будзе трымаць выкрадзенага ва ўласнай каморы? Пытанні накладаліся адно на адно і блыталіся. Можа, трэба знайсці імёны арандатараў будынка... Але што далей?

 

Час праляцеў хутка, і ў тую ноч, узброіўшыся рабаўніцкім інструментарыем, мы рушылі насустрач лёсу. Лука здабыў вялізны ліхтар, накшталт тых, якія выкарыстоўваюцца на чыгунках, а Франка падрыхтаваў будаўнічыя прылады, прыдатныя для ўзлому. Зняць краты было лёгка. Мы ўвайшлі ў калідор і пачалі выбіваць дзверы першых камораў. Вонкава ўсе яны здаваліся звычайнымі. Віно, алей, розныя кансервы, пара ровараў, пара скрыняў.

 

Мы зайшлі ва ўсе склепы і не заўважылі нічога незвычайнага. Паспрабавалі знайсці той, патрэбны, адмераўшы адлегласць крокамі. Праверылі яго — безвынікова.

 

— Але ён меншы за іншыя! — раптам закрычаў Лука. — Скрыні, зваленыя ў глыбіні, увялі нас у зман!

 

Ні хвіліны не марудзячы, мы пачалі расчышчаць памяшканне. Вынеслі ўсё ў калідор і моцным промнем асвятлілі заднюю сцяну. Яна адрознівалася ад іншых, бо кладка была пазнейшая, а сцяна — новая. Мы зразумелі, чаму акенца, якое выходзіла на вуліцу, не было відаць. Мы глядзелі адзін на аднаго, і на нашых ілбах праступаў пот. Надзвычай сур’ёзны Meучы здаваўся недаверлівым і збянтэжаным. Я ўзяў кірку і, не зважаючы на шум, пачаў разбіваць сцяну з чырвонай цэглы. Яна хутка паддалася.

 

Калі ў нос ударылі ванітныя пахі, мы ўсё зразумелі.

 

Магутны прамень святла пранік у гэтую нішу, прыкладна метр на два, і адкрыў нашым вачам карціну, што ледзяніла душу. На нас расчаравана глядзела змуміфікаванае цела Джуліі, прыкаванае ланцугом. Акенца, што выходзіла на вуліцу, было заштукаванае сіліконам. Адчуваючы, што страчваю прытомнасць, я глядзеў на іншых і не казаў ні слова. Цішыня панавала некалькі хвілін. “Выклікай крыміналістаў”, — амаль прашаптаў Meучы.

 

Усе першыя палосы газетаў былі прысвечаныя гэтай навіне. Закладніца загінула ў руках ката. Цяпер чакалі вынікаў ускрыцця трупа, а тым часам следства было адноўленае.

 

Нашая дзіўная спрэчка, нечаканы выпадак, інтуіцыя, жаданне згуляць з лёсам дапамаглі праз шаснаццаць гадоў раскрыць адну з многіх таямніцаў Італіі, аднак горыч, якая ахапіла нас пасля гэтага, не давала спакою. Нас пераследавалі згрызоты сумлення.

 

У той фатальны дзень шаснаццаць гадоў таму магло здарыцца ўсё што заўгодна: мы маглі нават не зірнуць на гэты ліст, маглі далёка закінуць яго, падбіваючы нагамі па вуліцы, выкінуць у першую ж сметніцу або адразу ж прачытаць, і, верагодна, Джулія была б жывая і сёння…


Хто ведае?

 

Вечарам за півам мы апошні раз спрачаліся пра тое, што было б, “калі б мы”… і не знаходзілі змякчальных акалічнасцяў, якія маглі б суцішыць наш боль. Кожны несвядома абвінавачваў іншых...

 

У той вечар мы развіталіся апоўначы, каб больш не сустракацца.


Кожны самотна знік у цемры, ахоплены тысячамі думак, у атачэнні зданяў, якія ніколі нас не пакінуць.

 

© Maurizio Blini, 2012

Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2012

Чытайце таксама

Сірошка Пістончык

Сірошка Пістончык

Альтэр-эга берасцейскага паэта Сяргея Прылуцкага

Данііл Хармс

Данііл Хармс

Рускі сатырычны паэт і празаік

Яльмар Сёдэрберг

Яльмар Сёдэрберг

Адзін з найбуйнейшых шведскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

381