№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Інгрыд Ноль

Хлуслівыя языкі (Falsche Zungen)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Вольга Гронская


На свой дзясяты дзень нараджэння Хольгер атрымаў у падарунак дзённік, і некалькі тыдняў мой сын, нібы далікатнае дзяўчо, занатоўваў свае дзіцячыя перажыванні.

Можна было прадбачыць, што гэтае жаданне хутка знікне. Толькі праз тры гады дзённік вынырнуў зноў: я выпадкова знайшла яго пад піжамамі Хольгера. Яго першы сэксуальны вопыт з самім сабой хутчэй павесяліў мяне, чым занепакоіў, бо Хольгер пашчыраваў над тым, каб сфармуляваць яго па-ангельску. Занадта лянівы, каб карыстацца слоўнікам, ён даслоўна пераклаў гутарковыя выразы на чужую мову. Кожная маці забаўлялася б з гэтага нявольнага камізму гэтак жа, як я!

Але і англамоўныя дакументальныя справаздачы хутка скончыліся. Дзённік пэўны час адпачываў, пакуль Хольгер зноў не ўзяў яго ў рукі прыблізна ў пятнаццаць гадоў. Між тым я вельмі даўно здагадалася, што ён захоўваў свой дзённік у замкнёнай шуфлядзе. Аднак ключ вісеў — што за неўсвядомленая сімволіка! — пад фотаздымкам у рамачцы якраз над ягоным пісьмовым сталом. На фота была я са сваім малюсенькім, яшчэ зусім не тоўстым сыночкам на руках. Мяне заўсёды расчульвала, што Хольгер выбраў менавіта гэты здымак, бо, уласна кажучы, хутчэй можна было б чакаць напаўаголеную мадэльку або рэпрадукцыю гоначнага аўто. Толькі нашмат пазней мне стала ясна, што ён інсталяваў гэтую няўклюдную кампазіцыю спецыяльна дзеля мяне.

Яго нататкі часцей за ўсё былі нуднымі, але здаралася, што траплялі наўпрост у сэрца. Калі б я даведаўся, што я гомік? — пытаўся мой сын у дзённіка.

Само сабой, трэба зыходзіць з таго, што вельмі многіх маладых людзей хвалюе гэтае пытанне. Уласная тоеснасць яшчэ не высветленая, перажыванні аб тым, што падумаюць бацькі пра іх магчымую гомасэксуальнасць, робяцца прычынай бяссонных начэй. Ці размаўлялі мы калі-небудзь пра такія праблемы? Я не магла прыгадаць, каб хаця б аднойчы выказвала сваю антыпатыю што да ненатуральных узаемаадносінаў.

Але цяпер у мяне атрымалася віртуозная п’еса крывадушнасці, бо я ў хуткім часе завяла гаворку пра дарагога сябра юнацтва з Амерыкі, якога насамрэч не існавала, а пра тое, што ён гомік, сказала мімаходзь і неперадузята. Хольгер мог лёгка заключыць з майго аповеду, што ў мяне няма праблем з гомасэксуальнасцю, што я лічу яе нармальнай магчымасцю чалавечых стасункаў і нават паважаю.

***

Праз два дні я прачытала: Па матэматыцы ў мяне хутчэй за ўсё будзе пяцёрка [1], мама пачне жудасна нервавацца.

Рэжучы цыбулю і растопліваючы шпік, я між іншым загаварыла пра свае ўласныя адзнакі і расказала яму, як сама дрыжала перад прыпадкамі шаленства строгага бацькі.

— На шчасце, сёння ўсё інакш, — сказала я, — напэўна ж, тваім аднакласнікам — як і табе самому — не трэба баяцца лупцоўкі.

— Гэтага якраз не, — лічыў ён — у вас больш хітрыя метады, каб нас даканаць.

Нічога не палохае мяне больш за страту любові, і я пачула ў словах Хольгера пагрозу. Калі фатальнае “нездавальняюча” насамрэч з’явілася ў пасведчанні, я нават вухам не павяла.

— Не так ужо і дрэнна, — суцешыла я і запрасіла Хольгера ў Макдоналдс.

Амаль ва ўсіх ёсць свой кампутар, — чытала я, — або, як мінімум, яны могуць карыстацца бацькоўскім. Мама ў гэтым дачыненні, на жаль, поўны нуль.

І гэта было сапраўды так, бо пакуль у мяне ніколі не было нагоды заняцца кампутарам. Можа быць, таму, што я значна старэйшая за бацькоў аднакласнікаў Хольгера. Але я зразумела, што была эгаісткай: нельга закрываць сваім дзецям доступ да сучасных медыяў. Таму я пайшла з сынам у спецыялізаваную краму і без пярэчанняў заплаціла за досыць дарагі прыбор, да якога не ведала нават як падысці. Але каб не паводзіць сябе непедагагічна, я настаяла на тым, што буду фігураваць у якасці афіцыйнага ўладальніка. Вось толькі ўжо на наступную ноч я пачала сумнявацца. Што, калі Хольгер цяпер захавае ўсе свае запісы на цвёрды дыск, і я ўжо ніколі не змагу таемна даведвацца пра яго страхі, жаданні і памкненні?

Магчыма, мне трэба было з недаверам паставіцца якраз да таго, што ён, нягледзячы ні на што, працягваў пісаць ад рукі. Толькі аднойчы, калі ён забыў свой мабільнік у кухні і пабег уніз па лесвіцы, я змагла хуценька мільгануць у ягоны пакой і кінуць позірк на манітор. Кампутар быў яшчэ ўключаны, і я змагла прабегчы вачыма па нататках сына. На жаль, гэта быў проста спіс, з якога я нічога не магла выцягнуць. Там былі старанна занатаваныя рэгулярныя прыходы і расходы, прастаўленыя лічбы, а таксама ініцыялы нейкіх асобаў. Калі я пачула, як Хольгер тупае па лесвіцы, то знікла гэтак жа бязгучна, як і прыйшла.

***

Тым не менш, ува мне расло падазрэнне, што мой сын можа ўтойваць небяспечныя таямніцы. Аднойчы, калі яго, паводле раскладу заняткаў, не было дома да другой паловы дня, я распачала ўсёабдымную аблаву.

На бацькоўскім сходзе класны Хольгера расказаў нам пра небяспеку аналагавых наркотыкаў і наркатычных кактэйляў, да якіх вельмі схільная моладзь у гэтым узросце. Адна з маці, якую я мала паважаю праз яе перабольшана ліберальныя погляды, падвозіла мяне пасля сустрэчы дадому. “Дзіўна, што не было гаворкі пра гашыш”, — сказала яна і паведаміла, што яе сын пакурвае траўку, чысты натуральны прадукт і здавён не такі небяспечны, як тое глупства, ад якога перасцерагаў настаўнік. Яна сама ў юнацтве таксама ўсё паспрабавала.

Паколькі Хольгер ніколі не бадзяўся па дыскатэках, я таксама не здзівілася б гашышу, калі натрапіла на пластыкавы пакуначак. Але чым маглі быць гэтыя безыменныя пілюлі? Тракнквілізатары, анаболікі, галюцынагены, аміны? Хутчэй за ўсё, сродкі для паніжэння апетыту, супакоіла я сама сябе.

Пасля гэтай знаходкі я адразу ж захацела заняцца пяшчотным дэкараваннем шварцвальдскага вішнёвага торта, калі амаль выпадкова ўлезла рукой у непрыгодную галандскую печку. Яе ўжо даўно не запальвалі, і Хольгер карыстаўся ёй як шафай для абутку. Мушу прызнацца ў сваёй лёгкай агідзе да падлеткавых кедаў, нават калі вядзецца пра ўласнага парастка. Але са стракатай мешаніны размаітага абутку я вывудзіла іншародную рэч. Гэта быў партманэт са скуры казулі, не стары і не новы, не дарагі і не танны. Я села на ляжанку каля печкі і адкрыла гэты кашэль, што нам дакладна не належаў. У ім былі правы кіроўцы, пасведчанне асобы, крэдытка і недзе чатыры сотні еўра. Імя ўладальніка — Маціяс Рынкель — падалося мне знаёмым. Крыху падумаўшы, я прыгадала, што гэта фізрук Хольгера. Пры гэтым я ўжо даўно ўзяла сыну медыцынскую даведку, каб пазбавіць яго ад зневажальных урокаў фізкультуры.

Мой хлопчык гандляваў наркотыкамі і краў. Мне трэба звярнуцца да псіхолага? Толькі маці можа чытаць думкі свайго дзіцяці нашмат лепш за дыпламаванага бляхара душ. Хольгер быў нядрэнным чалавекам, але напэўна ж трапіў пад уплыў крымінальнай хеўры. Я вырашыла дзейнічаць паводле выпрабаванага метаду і праз два дні расказала пра ўласнае юнацкае перажыванне, якое, мушу прызнацца, проста выдумала.

Гісторыю пра панчохі з грашыма сваёй прабабкі Хольгер слухаў з нерухомым тварам.

— І колькі там было капусты? — спытаў ён.

— Дастаткова, каб купіць сабе нарэшце ўласны прайгравальнік, — адказала я, — але потым мяне замучыла сумленне. У бабулі былі свае планы на гэтыя грошы. Ёй проста неабходная была новая лядоўня.

— І? — спытаў Хольгер і закінуў сабе ў рот пяць скрылёчкаў вяндліны.

— Праз некалькі дзён я ціхенька засунула бабуліны зберажэнні пад яе матрац, — сказала я, — і павер мне, гэтае рашэнне прынесла мне шчасце і палёгку.

Хольгер пазяхнуў.

— А CD-плэер? — спытаў ён.

— Чагосьці падобнага тады яшчэ не існавала, — патлумачыла я, — але дзякуючы нейкаму цуду мая бабуля падарыла мне на каляды жаданы прайгравальнік.

Калі я праз некалькі дзён раскрыла дзённік, то расчулілася амаль да слёз. Як маці-адзіночцы мне не заўсёды было лёгка, але тут я абрала правільную дарогу. Падкінуў партманэт у паштовую скрыню Р. і нарэшце зноў магу спаць спакойна. Не падазраючы пра тое, мама дапамагла мне.

Рэчавага доказу насамрэч у сховішчы больш не было. І мне нават падалося, што Хольгер трошачкі прыбраўся ў сваім складзе абутку. Цень падазрэння, якое ў мяне з’явілася, я адразу ж прагнала, хаця мне было ясна: ён крыху перабольшыў са сваім пакаяльным запісам.

Але гэта, напэўна, і яму самому кінулася ў вочы, бо неўзабаве пасля таго ён напісаў пра правіннасць, якую я, далібог, не магу ўспрымаць сур’ёзна. Збіраць кветкі на могілках — гэта, само сабой, не манеры ангельскіх лордаў, але, вядома ж, гэта можна падшыць да справы як юнацкі грэх. Я ўстрымалася ад таго, каб гаварыць пра ўласныя нязначныя правапарушэнні. Па сутнасці, я была перакананая, што ён хацеў падарыць вясновы букет сваёй любай, і гэта быў чароўны, нават радасны момант.

***

Неўзабаве пасля таго ён папрасіў грошай на футболку, бо старая стала яму зацеснай. За вячэрай, пад смажаную качку, ён якраз надзеў новую. На ружовым фоне блішчэў срэбны надпіс: I HATE MY MA. Ад ягонага блазенскага гумару я магла б памерці са смеху, але я вырашыла не падаваць выгляду.

Напэўна, яго расчаравала, што я не адрэагавала ні на скрадзенае аздабленне магілы, ні на футболку. Калі наступным разам я раскрыла яго дзённік, то зноў пазнала свайго хітрага сыночка і крыва ўсміхнулася. Ён гэтаксама разгадаў маю гульню, як і я — ягоную. І паколькі ён хацеў, каб я далей чытала яго геніяльны дзённік, ён выдумляў жудасныя хлуслівыя гісторыі і выкрываў сябе нават у тым, што браў удзел у катаваннях.

У навінах кожны дзень паказваюць, як паўсюль ва ўсім свеце чыняцца зверствы: гаворка ідзе то пра антыпрыродных людажэраў, то пра фанатычных самазабойцаў. Нягледзячы на тое, што Хольгер дзень за днём праціраў штаны ў школе, ён дэталёва апісваў, як недзе ў іншай частцы свету браў удзел у нялюдскіх здзеках. Ён заўсёды быў чуллівым хлопчыкам, але цяпер відавочна збіраўся абвінаваціць сябе ва ўсіх злачынствах свету.

Магчыма, ён хацеў давесці да абсурду свае рэальныя грахі з дапамогай выдуманых гісторыяў? Я не паставілася надта сур’ёзна да таго, што ён цяпер прымерваў ролю нейкай пачвары. Тое, што ён зусім яшчэ дзіця, ні ў якім разе мяне не справакавала; стрыманасць здавён была маім асаблівым гонарам. Аднак з гэтага часу я зусім перастала прымаць усур’ёз ягоныя безгустоўныя пасланні — дурное плявузганне трэба проста ігнараваць.

***

Аднаго разу я прачытала: Неўзабаве я заб’ю Кікі.

Гэты сказ мне вельмі не спадабаўся. Кікі была не фантомам, а разумова адсталай дзяўчынай з нашай вуліцы, на два гады старэйшай за Хольгера. Штодня аўтобус адвозіў яе ў майстэрню, дзе працавалі інваліды, а пасля абеду прывозіў дамоў. У вольныя дні яна гультайнічала каля свайго дома і загаворвала з мінакамі. Яна была незласлівай і дабрадушнай, таму многія пускаліся з ёй у невялікую балбатню, у той час як у мяне асабіста такога жадання не з’яўлялася. Суседзі пагаворвалі, што Кікі з нядаўняга часу цікавіцца супрацьлеглым полам. Магчыма, Хольгера вывелі з сябе недарэчныя плёткі, гэтага можна было чакаць ад гімназіста. Я магла зразумець ягоную антыпатыю і руку дала б на адсячэнне, што ён проста хацеў вербальна супакоіць сваю агрэсію. Таму я палічыла залішнім заводзіць размову пра ідыётаў.

Праз два тыдні я прачытала ў газеце, што Кікі прапала без вестак, і спачатку не магла ў гэта паверыць. Але мае нацягнутыя нервы не пажартавалі з мяне — пад надрукаваным фотаздымкам насамрэч стаяла: Эрыка Дзітрых. Насельніцтва прасілі звярнуць увагу на дзяўчыну ў блакітнай штармоўцы, якая выглядае маладзейшай за свой узрост. Пасля знікнення Кікі я цэлымі днямі пачувалася выціснутай і бездапаможнай і не наважвалася глядзець сыну ў вочы.

Сёння раніцай я прачытала, што ў гарадскім лесе знайшлі цела Кікі, але ўсё яшчэ ніяк не магу ўявіць, што мой сын можа мець да гэтага нейкае дачыненне. Я ж ведаю: Хольгеравы самаабвінавачанні заўсёды былі толькі неўтаймоўнымі фантазіямі.

Але ці магу я насамрэч на гэта спадзявацца? Ужо гадзіну я сяджу за кухонным сталом і ламаю сабе галаву ў пошуках нейкага відавочнага тлумачэння пагрозы Хольгера. Магчыма, ён быў сведкам злачынства або знайшоў труп раней за паліцыю?

Але на жаль, мае псіхалагічныя аргументы выявіліся негрунтоўнымі, бо Кікі яшчэ ж зусім не прапала, калі Хольгер абвясціў яе смерць. Стрымгалоў я нясуся ў ягоны пакой. Я мушу яшчэ раз пераканацца, што насамрэч прачытала той фатальны сказ або што гэта ўсё мне прыснілася.

Дзённік ляжыць не ў шуфлядзе. Першы раз яна незамкнутая і пустая, але я ўсё ж яго знайшла — у галандскай печцы. Яшчэ я выцягнула адтуль пальчаткі Хольгера ў засохлай зямлі і маленькі бурштынавы ланцужок. Пасля ліхаманкавага перагортвання я трапіла на патрэбную старонку дзённіка. Хольгер напісаў мне сёння толькі адзін-адзіненькі сказ: А наступнай будзеш ты!

Пераклад з нямецкай – Вольга Гронская © 2012

Чытайце таксама

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Хінемаана Бэйкер

Хінемаана Бэйкер

Паэтка і музыка з Новай Зеландыі.

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

490