№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Курт Вoнэгут

Der Arme Dolmetscher (Der Arme Dolmetscher)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юрась Ускоў


 

Аднойчы ў 1944 годзе, калі я знаходзіўся на самай лініі фронту, пад пякельны грукат гармат мне паведамілі, што я прызначаны перакладчыкам (ці, калі вам так больш падабаецца, Dolmetscher’ам) для цэлага батальёна, пасля чаго мяне адразу засялілі ў дом бельгійскага бургамістра — туды не дацягваліся залпы артылерыі з лініі Зігфрыда.

Да гэтага мне ніколі не прыходзіла ў галаву, што я магу быць перакладчыкам. Але я быў прызначаны на гэтую пасаду акурат тады, калі чакаў пераезду з Францыі ў самае пекла фронту. Калі я быў студэнтам, мой сусед па пакоі ўвесь час паўтараў першае чатырохрадкоўе “Ларэляй” Генрыха Гайнэ, і так атрымалася, што я іх запомніў і меў дурасць паўтарыць яго на недазвольна блізкай адлегласці ад нашага батальённага кіраўніцтва. Палкоўнік (былы гатэльны дэтэктыў з Мобіла) спытаў свайго старшага памочніка (былы гандляр тканінамі з Ноксвіля), на якой мове гэты верш. Памочнік дачакаўся, пакуль я дамармычу “Der Gipfel des Berges foo-unk-kelt im Abendsonnenschein”, і вынес прысуд:

— Здаецца, гэта нямецкая, палкоўнік.

Калі перакласці тое, што я ведаў па-нямецку, атрымаецца прыблізна так: “Не ведаю, што здарылася са мной, чаму мне так сумна. Я не магу забыць старую легенду. Халодна, робіцца цёмна, і павольна цячэ Рэйн. Горны пік ззяе, калі знікае сонца”.

Палкоўнік адчуваў, што ў яго абавязкі ўваходзіць прымаць хуткія разумныя рашэнні. За вайну палкоўнік прыняў цэлы шэраг геніяльных рашэнняў, але тут, здаецца, пераўзышоў самога сябе. Прынамсі, я так лічу.

— Калі гэта нямецкая мова, што ён робіць тут? — захацеў даведацца палкоўнік. Праз дзве гадзіны наш ваенны клерк загадаў мне кінуць працаваць, бо я цяпер — батальённы перакладчык.

Неўзабаве прыйшоў загад пра перамяшчэнне. Кіраўніцтву было не да маіх заяваў пра ўласную некампетэнтнасць.

— Ты размаўляеш па-нямецку на дастатковым для нас узроўні. Мы з фрыцамі доўгіх размоваў весці не будзем, — сказаў мне старшы памочнік. — А гэта будзе твой слоўнік, — сказаў ён і паказаў на вінтоўку.

Памочнік, асноўнай крыніцай пазнання жыцця для якога быў наш палкоўнік, верыў, што амерыканская армія толькі што перамагла бельгійцаў, і цяпер я павінен пасяліцца ў бургамістра, каб мы былі ўпэўненыя, што ён не які-небудзь шпіён.

— І ўвогуле, — падвёў вынікі памочнік, — ніхто з нас, апроч цябе, па-іхнаму не шпрэхае.

У грузавіку, які вёз мяне да бургамістра, я пазнаёміўся з трыма змрочнымі пенсільванцамі — нашчадкамі нямецкіх эмігрантаў, — якія добраахвотна пайшлі ў перакладчыкі прыкладна месяц таму. Калі яны ўрэшце зразумелі, што я ім, мякка кажучы, не канкурэнт і што спадзяюся быць выгнаным з перакладчыцкай пасады цягам дваццаці чатырох гадзін, яны прасякнуліся сімпатыяй і нават паведамілі, што цяпер я называюся Dolmetscher. Яны нават пераклалі мне “Ларэляй”. Цяпер у маім слоўнікавым запасе было каля сарака словаў (што пахвальна для двухгадовага дзіцяці), але ніводная іх камбінацыя не магла б забяспечыць мне нават шклянку вады.

З кожным паваротам грузавіка я задаваў новае пытанне.

— Як па-нямецку “войска”? Як мне спытаць “Дзе ванная?” Як будзе “мне дрэнна”… “добра”... “талерка”... “брат”…”чаравік”?..

Мае флегматычныя інструктары стаміліся, і адзін даў мне кніжачку, кшталту “Нямецкая мова для тых, хто ў акопах”.

— Там у пачатку не хапае старонак, — сказаў мне на развітанне адзін з маіх “настаўнікаў” (я якраз злез з грузавіка ля цаглянага дома бургамістра). — Мы з іх самакруткі рабілі.

Раніца толькі пачыналася, калі я пагрукаў у дзверы бургамістра. Я адчуваў сябе акторам другога плана, які чакае выхаду на сцэну, у пустой галаве круцілася адна-адзіная фраза. Дзверы адчыніліся.

— Dolmetscher, — сказаў я

Дзверы адчыніў сам бургамістр, высокі стары спадар у начнушцы, які адвёў мяне ў мой пакой на другім паверсе. Ён даволі гасцінна жэстыкуляваў і нешта казаў, так што час ад часу гаварыць “danke schön” падалося мне цалкам адэкватным. Я вырашыў забіць нашую размову загатоўкай: “Ich weiss nicht, was soll es bedeuten, dass ich so traurig bin” [2]. Ён бы пайшоў спаць, зразумеўшы, што яму трапіўся дасведчаны і поўны сусветнага смутку перакладчык. Як высветлілася, гэта было неабавязкова: ён сам хутка сышоў, каб я мог сабрацца з думкамі.

Галоўным маім скарбам у той момант была кніжачка. Я вывучаў кожную каштоўную старонку і дзівіўся, як проста ангельскія словы перакладаюцца на нямецкую. Усё, што ад мяне патрабавалася, — гэта знайсці ў левым слупку патрэбную ангельскую фразу, а пасля прачытаць бэссэнсоўны набор сімвалаў у правым. Напрыклад, “Колькі ў вас гранатамётаў?” гучала як “Віі філ грэнада ўэафэа хабэн зіі?” Выкшталцоная нямецкая мова ў фразе “Дзе вашыя танкавыя калоны?” гучала не складаней чым “Во зінт эрн панзэр шпіцэн?” Я шаптаў фразы: “Дзе вашыя гаўбіцы?”, “Колькі ў вас кулямётаў?”, “Здавайцеся!”, “Не страляць!”, “Дзе вы схавалі свой матацыкл?”, “Рукі ўверх!”, “З якой вы дывізіі?”

Кніжачка скончылася нечакана, а мой стан перайшоў з маніякальнага ў дэпрэсіўны. Пенсільванцы скурылі ўсю “ветлівасць”, якая была ў першай палове кніжачкі, пакінуўшы мне з той ветлівасці толькі “асаблівасці рукапашнага бою”.

Пакуль я ляжаў без сну, у маёй галаве разыгралася драма, у якой я мог бы паўдзельнічаць.

ПЕРАКЛАДЧЫК (дачцэ бургамістра): Не ведаю, што здарылася са мной, чаму мне так сумна (абдымае яе).

ДАЧКА БУРГАМІСТРА (сарамліва): Халодна, робіцца цёмна, і павольна цячэ Рэйн.

Перакладчык бярэ яе на рукі і нясе ў свой пакой.

ПЕРАКЛАДЧЫК (пяшчотна): Здавайся!

БУРГАМІСТР (забягае з пісталетам): Ах! Рукі ўверх!

ПЕРАКЛАДЧЫК І ДАЧКА БУРГАМІСТРА: Не страляйце!

З кішэні бургамістра выпадае карта з дыспазіцыяй Першай амерыканскай арміі.

ПЕРАКЛАДЧЫК (убок, па-ангельску): Навошта гэтаму прасаюзніцкаму бургамістру карта з дыспазіцыяй Першай амерыканскай арміі? І чаму я павінен перакладаць з нямецкай, калі ён бельгіец? (выцягвае з-пад падушкі пісталет 45-га калібру і настаўляе на бургамістра).

БУРГАМІСТР і ДАЧКА БУРГАМІСТРА: Не страляйце! (бургамістр кідае пісталет, нервова ўсміхаецца).

ПЕРАКЛАДЧЫК: З якой вы дывізіі? (бургамістр маўчыць, да яго падыходзіць дачка, ціха плачучы. Перакладчык не пускае яе). Дзе вы схавалі свой матацыкл? Дзе вашыя гаўбіцы? Дзе вашыя танкавыя калоны? Колькі ў вас гранатамётаў?

БУРГАМІСТР (разумеючы сваё становішча): Я… Я здаюся?

ДАЧКА БУРГАМІСТРА: Мне так сумна.

Уваходзіць варта з трох пенсільванцаў, якія праходзілі ля дома і пачулі як бургамістр і дачка бургамістра прызнаюцца ў тым, што яны фашысцкія агенты-парашутысты).

Ёган Крыстаф Фрыдрых фон Шылер — і той не прыдумаў бы лепей, калі б мусіў карыстацца толькі словамі, якія былі ў мяне. У астатнім я не меў ніякіх шанцаў. Да таго ж, не самая прыемная штука быць перакладчыкам у снежні і нават не ведаць, як сказаць “Вясёлых Калядаў”.

Я прыбраў ложак і вылез праз акно на двор.

Варта адправіла мяне ў штаб, дзе я сустрэў большую частку нашых афіцэраў. Некаторыя схіліліся над картамі, некаторыя чысцілі зброю. Атмасфера была досыць святочная. Памочнік нашага палкоўніка гуляўся з 18-дзюймавым нажом і спяваў “Are You from Dixie?”

— Халера! — закрычаў ён, убачыўшы мяне. — Гэта ж наш Шпрэхен-зі-дойч! Ну, расказвай, як там табе ў варожым доме!

— Нічога добрага, — сказаў я. — Яны размаўляюць на ніжненямецкай, а я — на верхненямецкай.

Гэта вельмі ўразіла памочніка.

— Ты занадта адукаваны для іх, так?

Ён прабегся пальцамі па лязе свайго страшэннага нажа.

— Думаю, хутка возьмем таго, хто можа размаўляць на любой нямецкай. — І дадаў: — Мы капітулявалі.

— Мы ім яшчэ пакажам, як зрабілі ў Тэнэсі, — сказаў палкоўнік, які на радзіме, у прыватнасці ў Тэнэсі, заўжды перамагаў на вучэннях. — Ты заставайся тут, хлопча. Хутка нам спатрэбіцца перакладчык.

Праз дваццаць хвілін мне ізноў давялося ператварыцца ў перакладчыка. Чатыры нямецкія танкі пад’ехалі да нашага штаба, і два тузіны немцаў з кулямётамі сагналі нас у кучу.

— А ну давай, скажы ім пару ласкавых, — звярнуўся да мяне палкоўнік, дзёрзкі да апошняга.

Я хуценька прабегся па сваёй кніжачцы, пакуль не знайшоў фразу, якая найлепш адлюстроўвала нашыя пачуцці:

— Не страляйце!

Нямецкі афіцэр падышоў да нас, каб паглядзець, каго злавіў. У яго руцэ была кніжачка, трохі меншая за маю. Ён спытаў:

— Дзе вашыя гаўбіцы?

_____________________________________________________

[1] Der Arme Dolmetscher— бядак-перакладчык (ням.).

[2] Першыя два радкі з “Ларэляй” Г. Гайнэ: “Не ведаю, што здарылася са мной, чаму мне так сумна...”

Пераклад з ангельскай – Юрась Ускоў © 2013

Чытайце таксама

Сулейман Дыяманка

Сулейман Дыяманка

Сенегальска-французскі паэт, слэмер, спалучае паэзію і музыку

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Франц Кафка

Франц Кафка

Адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Умбэрта Саба

Умбэрта Саба

Італьянскі паэт габрэйскага паходжання.

307