- Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. І ўсё. Прычым шэсцьдзесят цэнтаў з іх – аднацэнтавымі манеткамі. Манеткамі, за кожную з якіх яна так гандлявалася з бакалейшчыкам, зеленяром або мясніком, што тыя пачыналі чырванець, ціха ненавідзячы яе за такую празмерную скнарлівасць. Дэла пералічыла тройчы. Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. А заўтра Раство.
- Як тут не плюхнуцца на старэнькую заседжаную канапу і не заплакаць? І Дэла плюхнулася і заплакала. Калі задумацца, то жыццё складаецца з расчараванняў, рыданняў і ўсмешак, але пераважна – з расчараванняў.
- Дамо гаспадыні трохі часу прыйсці ў сябе, а пакуль агледзім дом. Мэбляваная кватэрка за восем даляраў у тыдзень. Не тое каб зусім ужо халупа, але менавіта гэтае слова ўжылі б прадстаўнікі санітарнай інспекцыі.
- Унізе ў вестыбюлі вісела паштовая скрыня, у якую ніколі не прасунуўся б ніводзін ліст, і электрычны дзвярны званок, з якога ніводны смяротны не здолеў бы выціснуць ані гуку. У дадатак да ўсяго, побач была прыладжаная шыльда з надпісам “Містэр Джэймс Дылінгем Янг”.
- Імя “Дылінгем” яшчэ веяла напамінам пра часы росквіту, калі яго ўладальнік зарабляў трыццаць даляраў у тыдзень. Цяпер жа, калі прыбытак скараціўся да дваццаці даляраў, пара пачала ўсур’ёз падумваць аб тым, каб скараціць яго да сціплага й някідкага “Д.”. Але штораз, калі містэр Джэймс Дылінгем Янг вяртаўся дадому і падымаўся да сябе ў кватэру, ён чуў пяшчотнае “Джым” і апынаўся ў сардэчных абдымках жонкі, якую, як вы ўжо ведаеце, звалі Дэлай. І гэта было цудоўна.
- Дэла выплакалася і трохі падпудрыла шчокі. Яна стаяла ля акна і невясёла назірала за шэрай коткай, што ступала па шэрай агароджы ў шэрым двары. Заўтра Раство, а ў яе толькі адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Колькі месяцаў яна збірала іх па манетцы і вось што мае ў выніку. На дваццаць даляраў у тыдзень далёка не заедзеш. Выдаткі выйшлі большымі, чым яна меркавала. Так заўжды. Усяго адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Ейнаму Джыму. Колькі шчаслівых гадзінаў прабавіла яна, мроячы аб чымсьці прыгожым для яго. Чымсьці добрым, рэдкім і сапраўды якасным – чымсьці, што было б хоць трохі вартым гонару звацца уласнасцю Джыма.
- Паміж вокнамі ў пакоі стала трумо. Можаце сабе ўявіць, якое бывае трумо ў кватэры за восем даляраў. Толькі вельмі худой і рухавай асобе ў змогу сабраць у адно свае адлюстраванні ў працягых вузкіх люстэрках. Дэла была даволі стройная, таму ёй гэта ўдавалася.
- Раптам яна адскочыла ад акна і стала перад люстэркам. Ейныя вочы зіхцелі, як дыяманты, але твар праз дваццаць секунд зблякнуў. Рэзкім рухам яна распусціла валасы, і яны спалі з яе плячэй на ўсю сваю даўжыню.
- У маладых Янгаў засталіся толькі дзве рэчы, якімі яны напраўду маглі ганарыцца. Першая – гэта залаты гадзіннік Джыма, які дастаўся яму ад бацькі, а таму – ад дзеда. А другая – валасы Дэлы. Калі б царыца Саўская жыла ў доме насупраць, Дэла б адмыслова прасушвала валасы пасля ванны, высунуўшыся ў акно, каб яны зацянялі сабой бляск усіх упрыгожванняў і пышных строяў Яе Вялікасці. А калі б цар Саламон быў швейцарам у іхным доме і хаваў у сутарэнні ўсе свае скарбы, Джым бы штораз глядзеў на свой гадзіннік, праходзячы міма, каб убачыць, як той дзярэ на сабе ад зайздрасці бараду.
- І вось цяпер распушчаныя прыгожыя валасы Дэлы пераліваліся вадаспадам каштанавых хваляў. Яны даставалі ёй да кален і маглі б выдатна замяніць адзежу. Раптам, спяшаючыся, яна зноў нервова прынялася іх збіраць. Затым застыла на хвіліну, быццам вагаючыся, і з ейных вачэй выкаціліся і спалі на пацерты чырвоны дыван дзве слязінкі.
- Старэнькая карычневая жакетка. Старэнькі карычневы капялюш. І з шолахам спадніцаў і дыямантавымі яскаркамі ў вачах яна выпырхнула за дзверы і, спусціўшыся па лесвіцы, выбегла на вуліцу.
- Спынілася яна пад шыльдай: “М-м Сафроні. Вырабы з валасоў”. Дэла ўзляцела па лесвіцы на другі паверх і ўвайшла, запыханая, але сабраная. Вялікай беласкурай, з каменным тварам мадам наўрад ці пасавала імя Сафроні.
- – Вы набудзеце мае валасы? – спытала Дэла.
- – Я купляю валасы, – сказала мадам. – Здымі, дзетка, капялюшык і дай мне на іх зірнуць.
- І вадаспад каштанавых хваляў разліўся долу.
- – Дваццаць даляраў, – сказала мадам, узважыўшы валасы спрактыкаванай рукой.
- – Давайце хутчэй, – пагадзілася Дэла.
- Вох, наступныя дзве гадзіны яны лётала, быццам мятлік. Але метафары тут лішнія. Яна шмыгала па крамах у пошуку падарунку для Джыма.
- Урэшце яна яго знайшла. Без сумневу, ён быў створаны для Джыма і ні для каго болей. Яна перавярнула ўсе крамы, і ні ў адной такога не было. Гэта быў плацінавы ланцужок для кішэннага гадзінніка, просты і сціплы з выгляду, аб вартасці якога сведчылі не мудрагелістыя ўзоры і аздабленні, а адно матэрыял, з якога ён быў выраблены, – як і належыць сапраўды добрым рэчам. Гэты ланцужок быў варты Яго Гадзінніка. Толькі зірнуўшы на яго, яна зразумела, што ён мусіць належыць Джыму. Яны былі падобныя. Спакой і вартасць – вось што іх аб’ядноўвала. За ланцужок з яе ўзялі дваццаць адзін даляр, і з васьмюдзесяццю сямю цэнтамі яна паспяшала дадому. З такім ланцужком Джым можа не хвалявацца, у якой бы кампаніі яго ні папрасілі падказаць час. Яму больш не прыйдзецца пазіраць цішком на такі выдатны гадзіннік, саромячыся за стары скураны пасок, прыладжаны замест ланцужка.
- Калі Дэла вярнулася дадому, розум ейны трохі працверазеў, і ўзрушэнне саступіла разважлівасці. Яна дастала абцужкі для завівання валасоў, запаліла газніцу і прынялася выпраўляць разбурэнні, нанесеныя велікадушнасцю, спалучанай з любоўю. А гэта, сябры мае, заўсёды велізарная праца – тытанічная праца.
- Праз сорак хвілін уся яе галава была пакрытая мноствам маленькіх завіткоў, што рабіла яе надзіва падобнай да школьніка-прагульшчыка. Яна доўга і старанна разглядала сябе ў люстэрку, ацэньваючы свой новы вобраз.
- – Калі Джым не заб’е мяне, – сказала яна сабе, – ўбачыўшы мяне такую, ён скажа, што я падобная да харысткі з Коні-Айлэнд. Але што я магла зрабіць – Божа! – што я магла зрабіць на даляр і восемдзесят сем цэнтаў?
- Роўна а сёмай гадзіне кава была прыгатаваная, а на плітцы грэлася патэльня, чакаючы адбіўных.
- Джым ніколі не спазняўся. Дэла ўзяла ў руку складзены ўдвая ланцужок і села на край стала побач з дзвярыма, чакаючы Джыма. Хутка яна пачула на лесвіцы ўнізе ягоныя крокі і раптам збляднела на момант. Яна часта прамаўляла сама сабе караценькія малітвы з нагоды штодзённых клопатаў, і цяпер яна прашаптала: “Прашу Цябе, Госпадзе, хай ён па-ранейшаму лічыць мяне прыгожай”.
- Дзверы адчыніліся, Джым увайшоў у кватэру і зачыніў іх. Ён выглядаў схуднелым і вельмі сур’ёзным. Небарака, хлапцу было ўсяго дваццаць два, а ён ужо нёс на плячах нялёгкі цяжар сем’яніна. Паліто ягонае даўно патрабавала абноўкі, а пальчатак – тых зусім не было.
- Ён застыў у дзвярах, як сэтэр, што ўчуў перапёлку. Яго вочы ўтаропіліся ў Дэлу, але яна не магла разабраць, што ў іх напісана, і гэта напужала яе. То не была злосць, ані здзіўленне, ані асуджэнне, ані страх, ані якое хоць з тых пачуццяў, якіх яна чакала. Ён проста неадрыўна глядзеў на яе ўсё тым жа асаблівым незразумелым поглядам.
- Дэла саслізнула са стала і падышла да яго.
- – Джым, любы, – усхапілася яна, – не глядзі на мяне так. Я абстрыгла валасы і прадала іх, бо ні за што не прабачыла б сабе, калі б не зрабіла табе на Раство падарунку. Яны адрастуць ізноў – не злуйся, прашу цябе. Я не магла іначай. Яны ў мяне страх як хутка растуць. Павіншуй мяне з Раством! Джым, давай радавацца! Ты нават не ўяўляеш, які цудоўны, які прыгожы падарунак я табе набыла.
- – Ты абстрыгла валасы? – вымавіў ён з цяжкасцю, быццам не мог усвядоміць гэты відавочны факт, што ніяк не хацеў змяшчацца ў яго галаве.
- – Абстрыгла і прадала, – адказала Дэла. – Ты ж усё адно мяне любіш, праўда? Гэта ж па-ранейшаму я, хай і без валасоў.
- Джым цікаўна агледзеў пакой.
- – Дык ты цяпер без валасоў? – спытаў ён, і пытанне яго прагучала неяк па-ідыёцку.
- – Не трэба іх шукаць, – сказала Дэла. – Я прадала іх. Кажу табе: абстрыгла і прадала, усё. Сёння Раство, мілы. Не злуйся на мяне, я ж гэта дзеля цябе зрабіла. Можа, валасы мае і можна было падлічыць да апошняй валасінкі, – дадала яна раптам з нейкай сур’ёзнай ласкавасцю, – але маю любоў да цябе злічыць немагчыма. Сёння ў нас на вячэру адбіўныя, добра, Джым?
- Джым нарэшце ачомаўся. І ён сціснуў сваю Дэлу ў абдымках. Давайце, на дзесяць секунд пакінем нашых герояў і з дбайнай пільнасцю спынім свой погляд на чым-небудзь іншым. Што болей – восем даляраў у тыдзень або мільён у год? Матэматыкі і разумнікі не адкажуць слушна на гэтае пытанне. Мудрацы прынеслі найбагацейшыя дары, але ў іх не было аднаго. А чаго менавіта, мы даведаемся ў самым хуткім часе.
- Джым выцягнуў з кішэні паліта скрутак і кінуў яго на стол.
- – Не падумай пра мяне дрэннага, Дэл, – сказаў ён. – Ні праз якія стрыжкі, прычоскі ці шампуні я не пачну любіць маю любачку меней. Проста разгарні гэты скрутак, і ты зразумееш, чаму я так разгубіўся.
- Белыя пальцы спрытна разарвалі заматаную паперу. Затым раздаўся радасны крык захаплення, а затым – авой! – уласцівая жанчынам перамена: слёзы роспачы і скрушлівы плач, што патрабавала неадкладнага ўмяшання ўсіх суцяшальных сілаў гаспадара кватэры.
- На стале ляжалі Грабеньчыкі – набор грабеньчыкаў, рознага памеру і формы, які Дэла доўга разглядала ў адной з брадвейскіх вітрын. Прыгожыя грабеньчыкі, з сапраўднай чарапахі, аздобленыя каштоўнымі каменьчыкамі, акурат пад колер ейных раскошных страчаных валасоў. Яна ведала, гэта былі дарагія грабеньчыкі, і ейнае сэрца прагнула іх і тужыла, не маючы нават надзеі калі-небудзь імі валодаць. І цяпер яны належалі ёй, але кудзераў, якія мусілі аздабляць жаданыя ўпрыгажэнні, больш не было.
- Яна прыціснула іх да грудзей і нарэшце здолела падняць заплаканыя вочы і ўсміхнуцца.
- – У мяне вельмі хутка растуць валасы, Джым! – сказала яна.
- Раптам Дэла падскочыла, як ашпаранае кацяня, і ўскрыкнула:
- – Ах, што ж гэта я!
- Яна ж яшчэ не паказала Джыму свайго цудоўнага падарунку. Дэла расціснула далонь і працягнула яму ланцужок. Бледны і дарагі метал, здавалася, зіхацеў, адлюстроўваючы святло і цеплыню ейнай душы.
- – Бачыш, які цуд, Джым. Я аббегала ўвесь горад у пошуках. Цяпер ты будзеш спраўджваць час па сто разоў на дзень. Давай сюды гадзіннік. Я хачу зірнуць, як яны будуць глядзецца разам.
- Замест таго каб выканаць яе просьбу, Джым плюхнуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і пасміхнуўся.
- – Дэл, – прамовіў ён, – давай пакуль схаваем нашыя калядныя падарункі. Надта цудоўныя яны, каб адразу ж імі карыстацца. Я прадаў гадзіннік, каб набыць табе грабеньчыкі. А цяпер давай вячэраць.
- Вядома ж, вы памятаеце тых мудрацоў – а яны былі надзвычай разумныя людзі, – што прынеслі дары Немаўляці ў яслях. Менавіта ад іх ідзе звычай дараваць на Раство падарункі. Паколькі яны былі мудрацамі, то і дары іхныя былі мудрыя – яны пакідалі за сабой права замяніць іх у выпадку супадзення. Тут жа я няскладна апавёў вам нічым не прыкметную гісторыю двух бязглуздых дзяцей, якія так безразважна ахвяравалі адно адному найвялікшыя свае скарбы. І скажу яшчэ слова мудрацам сённяшніх дзён: з усіх людзей, якія даруюць падарункі, гэтыя двое былі самыя мудрыя. З усіх, хто дорыць і атрымлівае падарункі, самыя мудрыя тыя, хто робіць гэтаксама. Дзе б і кім яны ні былі. Яны і ёсць мудрацы.
- © Сяржук Мядзведзеў, пераклад, 2009
|
![[старое]](/img/logos/old.gif)








