№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Эган Бонды

Запрашэнне на вячэру (Pozvání k večeři)

п'еса

Пераклад з чэшскай Макс Шчур


Дзейныя асобы:

Апавядальнік

Берта, ягоная жонка

Малады чалавек


Сцэна: такая, як апісана ў тэксце

Выява першая

Апавядальнік сядзіць перад сцэнай на звычайным крэсле й апавядае. Ён сядзіць, можна сказаць, спінай да сцэны, нават жэстыкулюе амаль безадносна да яе; стрымана паказвае на сцэну, калі там адбываецца нешта, што адпавядае ягонаму аповеду, – апрача пазначаных у тэксце выпадкаў, калі ён глядзіць на сцэну ці ангажуецца ў дзеі. Ягоны аповед у тэксце пададзены вольным вершам, што азначае, што апавядальнік мусіць дэкламаваць свае словы адпаведным чынам, то бок не проста як празаічны каментар, а як пэўную “паэтычную надбудову”, як гэткі паэтычны, маецца на ўвазе, каментар. Зразумела, што дзеянне на сцэне кіруецца расказам апавядальніка, то бок адбываецца скаардынавана з ім. Асобы на сцэне таксама ўступаюць у дзеянне ў тых месцах, у якіх пазначана, што яны прамаўляюць. Падчас прамоваў апавядальніка дзейныя асобы могуць абысціся без словаў. Але пры гэтым яны, вядома, не паказваюць ніякай пантамімы. Інсцэніроўка цалкам рэалістычная, як у выпадку апавядальніка, так і на сцэне. Натуральна, гэта датычыць першай выявы, другая выява крыху іншая.

АПАВЯДАЛЬНІК
Пакой, у які праз адчыненае акно напоўніцу ззяе сонца, а другой палове дня. Дзесьці на поўдні, можа, у Паўднёвай Амерыцы. Праз акно даносіцца прыглушаны шум транспарту. Напэўна, гэта вялікае, шматмільённае места. Пакой абсталяваны сціпла, у ім стаіць ложак, стол, некалькі лавак, сплеценых з нейкай саломы, у куце – бляшаны рукамыйнік на павучыных нагах, вядро й вялікі збан з вадою. Пасляабедзеннае сонца й не надта вялікая спякота ствараюць у асяродку каляровую, радасную атмасферу. У ложку завяршаецца полавы акт. Жанчына стартуе, як сірэна.

ЖАНЧЫНА
А-а-а-а...

АПАВЯДАЛЬНІК
Рухі спыняюцца, але яна моўчкі спрабуе яшчэ крыху затрымаць мужчыну, напружанне целаў, зноўку ўзнікае рух, і мужчына вызваляецца, аддыхваецца. Насоўвае нагавіцы й абыходзіць пакой у пошуках цыгарэтаў. Закурвае й сядае на самую аддаленую лаўку, з якой жанчыны на ложку нават не відаць. Тая ляжыць моўчкі.

МУЖЧЫНА
Ну ты й блядзіна (з павагай). Калі я цябе счапіў, то думаў, што ты гэткая звычайная бабёнка, але ж ты – курва яшчэ тая.

ЖАНЧЫНА
Ах, мілы!

АПАВЯДАЛЬНІК
Яна адказвае яму без зацікаўлення.

МУЖЧЫНА
Чуеш (пасля паўзы), мне патрэбны стольнік.

ЖАНЧЫНА
Ах, мілы, у мяне пры сабе няма.

МУЖЧЫНА
Спадзяюся, з мяне ты хоць не возьмеш?

АПАВЯДАЛЬНІК
З падазрэннем пытаецца мужчына.

ЖАНЧЫНА
Ну што ты, мілы, у мяне проста няма цяпер, самае большае – дваццаць.

МУЖЧЫНА
То дай хоць дваццаць.

ЖАНЧЫНА
Вядома, дарагі, але пачакай, яшчэ ж не вечар.

АПАВЯДАЛЬНІК
Ён кажа ёй, што яна тут не надта заможна ўладкаваная, таму, маўляў, ён ёй верыць, што ў яе няма стольніка. А сонца, нейкае яўна паўднёвае, асвятляе пакой, фарбуючы ўсё ў колеры й ствараючы радасную атмасферу ў гэтым адным з пакояў шматмільённага места. Таму пад уплывам гэтай радаснай атмасферы мужчына, хоць і не майстар прамаўляць, разгаворваецца. Усё гэта ўвесну альбо ўвосень... Ён крыху выхваляецца, з спакойным самазамілаваннем, што ўжо два гады тут кантуецца, што ён круты хлопец, лягавым яго не дастаць, хаця ён сям-там нешта і ўмыкне, але збольшага тусуецца з клёвымі чувакамі, час ад часу ездзіць працаваць на вёску, а ў горадзе заўжды знойдзецца досыць тых, хто чалавека пакорміць, калі-нікалі й напоіць ды завядзе пераспаць да дзевак, бо дзеўкі ляцяць на яго як матылі на агонь, ну і гэтак далей. Жанчына яго не перабівае, а дзе трэба, падтаквае, выяўляючы павагу й зацікаўленасць.

Мужчына – ах, які ён малады, насамрэч гэта яшчэ юнак, яму, можа, якіх дваццаць два гады – пачынае загаворвацца, і ягоная эйфарыя набывае альтруістычныя рысы. Маўляў, яна магла б пайсці з ім, яны знайшлі б добрую кампанію, ён узяў бы яе пад крыло, таму што трапляюцца хлапцы, якія лічаць, што ўсе жанчыны належаць усім, хаця насамрэч яно зусім не так проста. Усё нагадвае неарамантычную навелу, прыпраўленую містыкай неканвенцыйнага сэксу, у схованцы якой шукае паратунку літаратура канца ХХ стагоддзя пасля ўсіх здабыткаў свайго яшчэ нядаўняга мінулага, гэтая схованка выклікае шкадаванне, як вымушаная пераночка пад мастом, але гэтая схованка – цёплая, быццам бярлог якой жывёліны, у які мы залазім, каб глядзець на ўвесь свет толькі скрозь сваю задніцу, зарыўшыся носам у адвал, які імкнемся лічыць роднай зямліцай, нібыта спрыяльнай для нашых продкаў. Іншымі словамі, гэта такая схованка, якую мы асабліва хвалім, калі нам болей няма куды ўцячы. На наш век ужо хапіла й яшчэ хопіць, нават з маладых, якія так любяць ставіць пад сумнеў, што іх напаткае тое ж, што старых, і што будзе яшчэ горш. І з часам ужо нічога не здольнае нас забавіць, а пагатоў не дае нам забыцця – нават марыхуана, не кажучы пра стрыптыз. А мужчына, напэўна, нават відавочна не маючы чаго пра сябе сказаць, пачынае распытваць, чым яна займаецца; жанчына, як выглядае, не хоча яму адказваць. Пасля чаго намякае, што яна дзесьці штосьці вывучае.

ЖАНЧЫНА
Але гэта – так...

МУЖЧЫНА
Цябе нехта пытаўся?

ЖАНЧЫНА
Ды не, якое.

МУЖЧЫНА
Слухай, ну мне ж ты можаш сказаць.

ЖАНЧЫНА
А што казаць, вучуся ды ўсё.

МУЖЧЫНА
Ты?

АПАВЯДАЛЬНІК
Гэтым яна не выклікае да сябе даверу, бо па ёй відаць, што ёй каля трыццаці, а гэта мужчына, які з яе кагадзе злез і які ўжо загадзя, на вакзале й на шляху да яе дома, як след яе агледзеў, ведае вельмі добра. Хай сабе ён нічога на гэта не кажа, але ж уважае яе за падманшчыцу. У тым ці ў іншым сэнсе, не выключана, што ўся гэтая гісторыя з ягоным спакушэннем (бо менавіта яна яго зняла, а не наадварот) ёсць нейкім наўмысным дурылавам. Варта было б неяк выпарыцца раней ці пазней, але пытанне, як пры гэтым не зганьбіцца, хай сабе й перад курвай. Таму ён то прысядзе, то пройдзецца па пакоі, зацікаўлена высоўваецца з акна, п'е ваду са збана, мочыцца, папярэдне спытаўшыся, у вядро ў кутку, запальвае перадапошнюю цыгарэту.

МУЖЧЫНА
Ну дык а што ты ўласна робіш? Цэлымі днямі.

АПАВЯДАЛЬНІК
Жанчына адказвае яму ўжо крыху раззлавана, аднак пасля супакойваецца й цярпліва апавядае яму, напалову па-мацярынску – карацей, так, як размаўляюць з малымі.

ЖАНЧЫНА
Я думаю, думаю пра ўсё на свеце, а потым гэта запісваю альбо расказваю людзям. Напрыклад, такім хлопчыкам, як ты.

АПАВЯДАЛЬНІК
Гэта мужчыну непрыемна чапляе.

МУЖЧЫНА
Ні ражна сабе, а пра што? Як здабыць грошай не ўкраўшы?

ЖАНЧЫНА
Згода, паслухай, жыццё ўжо зграла сваю ролю, страціла сваю функцыю.

МУЖЧЫНА
Ну.

ЖАНЧЫНА
З чалавекам жыццё дасягнула сваёй мяжы, вычарпала свае магчымасці, чым далей, тым болей яно не спрацоўвае, папросту не выконвае сваёй функцыі. Жыццё больш не апраўдвае чаканняў, і праз гэта яму настае канец.

МУЖЧЫНА
Як так?

ЖАНЧЫНА
Я маю на ўвазе біялагічнае жыццё, спосаб існавання, закладзены на прынцыпах біялагічнага. Чалавек папросту ўжо расчараваны ў біялагічным з усімі яго прынцыпамі.

МУЖЧЫНА
Ага.

ЖАНЧЫНА
Біяс, біялагічны спосаб існавання, таксама мае свае межы. Дзівацтвам было лічыць, быццам ён бязмежны, не мае свайго парогу – гэты парог у яго ёсць, і ён не можа яго пераступіць, таму што біяс прыдатны толькі на пэўным адмерку ці ў пэўнай галіне, там ён пасуе і ўсё ў парадку, але далей ці вышэй ён зайсці не можа. А гэта выяўлялася й выяўляецца ў чалавеку.

МУЖЧЫНА
У цябе рак?

ЖАНЧЫНА
Не, пры чым тут гэта. Калі б і быў, мне было б да сракі.

МУЖЧЫНА
(пакрыўджана) Бач ты.

ЖАНЧЫНА
Расліны, жывёлы ды, можа, яшчэ неандэртальцы існуюць у прасторы самавідавочнасці. Біялагічнае жыццё ёсць не чым іншым, як замкнёным заганным колам жрачкі, срачкі, чуйнавання, сну, патрэбных толькі для таго, каб мы маглі жэрці, сраць, чуйнаваць па новай. Плюс да гэтага захаванне роду.

МУЖЧЫНА
Шо?

ЖАНЧЫНА
Ебля, птамаць.

МУЖЧЫНА
А.

ЖАНЧЫНА
Гэты вянок сваёй тупасці біяс файна замаскаваў тым, што спалучыў яго з экстатычнымі фізіялагічнымі рэфлексамі.

МУЖЧЫНА
Шо?

ЖАНЧЫНА
Ну што пры гэтым крычыш.

МУЖЧЫНА
Ага.

ЖАНЧЫНА
Гэтае прыстасаванне па вырабе дурасці, якое завецца жыццём, менавіта праз сваю бязмежную бессэнсоўнасць дзейнічала ідэальна, пакуль не з’явіўся чалавек.

МУЖЧЫНА
Жыццё – цяжкая штука.

ЖАНЧЫНА
Цяжкая не цяжкая, бляха, але да чалавека, прынамсі, самавідавочная. Для чалавека гэты ідыятызм ужо не ёсць самавідавочным. Чалавеку ў ім ужо няўтульна. Гэты скоцкі ананізм, які называецца жыццём, чалавеку ўжо нічога не кажа.

МУЖЧЫНА
Як так?

ЖАНЧЫНА
Прынамсі, прыстойнаму чалавеку, ёлупень. Урэшце, у гісторыі яўна прасочваецца, што працэнт людзей, якіх усё гэта даводзіць да роспачы, няўхільна расце.

МУЖЧЫНА
Ды ну.

ЖАНЧЫНА
Няма рады. Нічога тут не зробіш. Нічога не зробіш. Сёння ўсё зноў вяртаецца да гэтай калісьці натуральнай, сёння ненатуральнай самавідавочнасці біялагічнага жыцця. Гэта ўсё яшчэ самавідавочнасць, але для нас ужо ненатуральная.

МУЖЧЫНА
А якога ты пра гэта думаеш?

ЖАНЧЫНА
Таму што як чалавек мушу думаць.

МУЖЧЫНА
Ат, ніхто нічога не мусіць, адно памерці.

ЖАНЧЫНА
Менавіта, у тым і самы сцёб, што ў гэтай наіўнай кавамолцы застаецца адзінае бяспечнае месца – смерць, бо гэтая кавамолка настолькі безнадзейная й тупая, што смерць ёсць у ёй адзінай уцехай. Але для чалавека – страшэннае прыніжэнне, што ён мусіць памерці толькі таму, што гэтая кавамолка так збацаная. Мусовая смерць з прычыны таго, што біялагічнае ёсць настолькі прымітыўнай сральняй, – абраза годнасці чалавека. З другога боку, вядома, калі ўсё гэта так, то смерць – адзіная палёгка.

МУЖЧЫНА
Табе жыць абрыдла?

ЖАНЧЫНА
Аднойчы я ішла ўначы па вуліцы, свяцілася адзіная вітрына, а за ёю былі якія тры тузіны марскіх свінак, гэткіх маленечкіх і прыгожанькіх. У іх там стаяла місачка з ежай, з вадой і вялікае барабаннае кола, па якім яны лазілі й якое несупынна круцілася. Некаторыя спалі, некаторыя елі, некаторыя спарваліся, іншыя цераз іх пералазілі, увесь час круцілі тое кола, па якім ніводнага разу не патрапілі залезці ўгару, падалі адны на адных, торгалі ножкамі й нават нямоцна грызліся між сабою. Яны былі цалкам задаволеныя. І пачуваліся абсалютна самавідавочна. За шклом была доўгая, зусім бязлюдная, ільдзяная начная вуліца, нібы той сусвет. Толькі я спынілася там, вылупіўшыся. Гэта была мадэль жыцця.

МУЖЧЫНА
Ну і ў чым праблема?

ЖАНЧЫНА
Чалавеку гэта больш не пасуе. Чалавек на працягу ўсяе гісторыі шукаў сэнс свайго існавання і прымяраў яго ці то на Пана Бога, ці то на ўласную творчую дзейнасць, груба кажучы. Наконт Пана Бога мы ўведалі, што ён быў намі ўсяго толькі прыдуманы, тым часам як творчая дзейнасць магла б мець сэнс, але толькі ў выпадку, калі б сэнс мела само жыццё. А калі само жыццё не мае сэнсу, то не мае сэнсу й любая дзейнасць, якую мы ладзім на ягоным падмурку. Мы круцімся ў барабанным коле, як тыя марскія свінкі.

МУЖЧЫНА
Добра, але чаго ты пра гэта думаеш? Што табе, уласна, трэба?

ЖАНЧЫНА
Само жыццё павінна быць знішчана альбо пераадолена, таму што для чалавека ягоная бессэнсоўнасць невыносная. Калі б біялагічнае жыццё было непераадольным, людзям засталося б прагнуць толькі смерці. І ў гэтым выпадку як мага больш канчатковай смерці, паводле магчымасці – усеагульнага знішчэння, каб нічога больш не было здатнае да рэпрадукцыі, ані людзі, ані тыя свінкі, ані глупскія расліны, ані яшчэ дурнейшыя за іх амёбы, таму што іхная бессэнсоўнасць, хай яны яе самі й не адчуваюць, ёсць сапраўдным пеклам, то бок гэта ў тым разе, калі б біялагічнае жыццё было неперасягальным, але толькі разумова адсталы можа думаць, што вынікам руху ўсяго космасу можа быць такое безвыходнае глупства. У рамках руху космасу, у рамках ягонай структуры, без сумневу, існуе магчымасць дасягнуць нечага больш інтэлігентнага, чым біялагічнае, таму ўжо цяпер чалавек павінен імкнуцца да аднаго: пераадолець біялагічнае, перасягнуць яго разам з усім яго цудоўным жыццём, жрачкай, срачкай і гэтак далей, улучна з размножаннем.

МУЖЧЫНА
Як?

ЖАНЧЫНА
Бадай, мы не здольныя назваць гэта іначай як стварэннем артыфіцыйнай формы існавання, пасля якога, можа быць, удасца дапяць да нейкага сэнсу. Пасля гэтага існаванне, можа, будзе мець нейкі сэнс, магчыма нават і значэнне. Магчыма. А магчыма й не. Але не адзін чалавек, а ўвесь біяс існуе сёння толькі для таго, каб быць пераадоленым. Для біялагічнага жыцця няма больш ніякага працягу або паратунку. Чалавек церпіць праз гэта таму, што ён, у адрозненне ад машкары, пра гэта ведае, але ж ён і мацнейшы за машкару. Таму ў яго можа атрымацца пераадолець жыццё ці прынамсі яго знішчыць, іначай ён застанецца на адным узроўні з машкарою.

АПАВЯДАЛЬНІК
Мужчына маўчыць, бо яму відавочна няма чаго сказаць. Таму ён проста ўзгадвае, як спрытна круцілася ў ложку гэтая кабета. Жанчына таксама маўчыць. Што яшчэ ёй сказаць маладзёну, яна і так сказала зашмат для яго. Яна разглядае каляровае дзённае паветра, не маючы сумневу, што яно было б прыгожым, калі б мела сэнс.

ЖАНЧЫНА
Рэч жа не толькі ў тым, што людзі паводзяць сябе, як непаўнавартасныя жывёлы, то бок робяць з натуральнага й збольшага прыемнага хляўка, якім ёсць свет і прыроджанае жыццё, суперпекла.

МУЖЧЫНА
Гм.

ЖАНЧЫНА
Гэта яшчэ было б нішто, я б гэта лязом на голай срацы напісала, калі б усё гэта мела нейкае прызначэнне, калі б усё гэта да нечага вяло, калі б штосьці з гэтага вынікала, калі б, напрыклад, пакутай можна было нечага дасягнуць, ці штось у такім бздуху. Але рэч у тым, што жыццё, у прынцыпе, не ёсць і не можа быць нічым іншым, апроч бязглуздзіцы.

МУЖЧЫНА
Угу (падыходзіць да ложка й разглядае, якая яна сэксі).

ЖАНЧЫНА
Тупасць быцця вады, камянёў, бадай, не меншая, але яна нашмат, нашмат менш дакалупвае, яна не настолькі гнюсна правакацыйная. Камень ляжыць, вада цячэ, тым часам як жыццё пускае сліны сваёй імбецыльнасці, несупынна распырсквае само сябе ў форме нейкага слізістага студня, і гэта называецца захаваннем роду ці вечна слаўным колазваротам жыцця. О... (пакуль тое, мужчына незаўважна ёй засадзіў).

АПАВЯДАЛЬНІК
Выглядае, што маладому чалавеку немагчыма згідзіць справу захавання роду нічым. Толькі паглядзіце, колькі энергіі яшчэ й сёння мае кшталт гома сапіенс, хай сабе й выкарыстоўвае яе не ў тым месцы (устае, пазірае на сцэну). А вось і не: у тым. А я ўжо баяўся.

ЖАНЧЫНА
Мілы, я не магу, о-о...

МУЖЧЫНА
Уф (канчае; чуваць, як адчыняюцца дзверы, хтосьці ўваходзіць; мужчына выскоквае, пераляканы). Хто гэта? (у дзвярах з’яўляецца апавядальнік).

ЖАНЧЫНА
(абсалютна спакойная, самлелая, нават не зірнуўшы ў той бок, канстатуе) Гэта мой муж.


Тэкст цалкам можна спампаваць па спасылках ніжэй.
Пераклад з чэшскай – Макс Шчур © 2010

Чытайце таксама

Генры Мілер

Генры Мілер

Амерыканскі пісьменнік і мастак

Філіп Топал

Філіп Топал

Нарадзіўся 12 чэрвеня 1965 году ў Празе

Хмарка

Хмарка

Беларуская паэтка

Чарлз Дыкенс

Чарлз Дыкенс

Знакаміты ангельскі празаік і безумоўны класік сусветнай літаратуры

174