№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Інгеборг Бахман

Таямніцы прынцэсы Кагранскай (Geheimnisse der Prinzessin von Kagran)

Пераклад з нямецкай Вольга Гронская


Жыла-была прынцэса Шагрская або Шагеранская, належала яна да роду, які ў больш познія часы зваўся Кагран. Заснавальнікам роду быў Святы Георг, што забіў цмока на балотах, каб пасля пагібелі пачвары мог быць пабудаваны горад Клагенфурт, але дзейнічаў і тут, у старажытным паселішчы Мархфельд, на другім беразе Дуная, і пра гэта нагадвае прысвечаная яму царква, непадалёк ад заліўнога логу.

Прынцэса была вельмі маладой і вельмі прыгожай, і быў у яе вараны конь, на якім яна заўжды імчала наперадзе. Людзі з яе почату ўгаворвалі і ўпрошвалі яе застацца дома, бо краіна на Дунаі, дзе яны жылі, знаходзілася ў пастаяннай небяспецы, і не было яшчэ межаў там, дзе пазней утварыліся Рэцыя, Маркаманія, Норыкум, Мезія, Дакія, Ілірыя і Панонія. Не існавала тады ані Цыз-, ані Трансляйтаніі, таму што ўсё яшчэ працягвалася перасяленне народаў. Аднойчы ў тыя краі прымчалі гусары з пушты, з далёкай Вугоршчыны, распасцёртай у нязведанае. Яны ўварваліся туды на сваіх дзікіх азіяцкіх конях, гэткіх жа хуткіх, як прынцэсін вараны, і вельмі ўсіх напалохалі.

Прынцэса страціла ўладу і трапіла ў палон, – яна не змагалася, але і не хацела быць аддадзенай у жонкі старому каралю гунаў або старому каралю авараў. Яе трымалі ў палоне і сцераглі мноствам чырвоных і сініх вершнікаў. Але яна была сапраўднай прынцэсай і таму хутчэй пазбавіла б сябе жыцця, чым стала жонкай старога караля, і ёй трэба было набрацца мужнасці да зыходу ночы, бо зранку яе збіраліся адвезці да гунаў або нават да авараў. Яна запланавала ўцёкі і спадзявалася, што яе вартаўнікі на досвітку заснуць, але гэтая надзея паступова згасала. Варанога яе таксама адабралі, і яна не ведала, як ёй выбрацца з чужога вайсковага стану і вярнуцца ў родную краіну з сінімі пагоркамі. Без сну ляжала яна ў сваім шатры.

Глыбокай ноччу ёй падалося, што яна чуе нейкі голас, які не спяваў і не прамаўляў, але шаптаў і закалыхваў, і потым стаў спяваць; не для іншых, а толькі для яе загучаў спеў на мове, якая яе заварожвала і ў якой яна не разумела ні слова. І ўсё ж яна ведала, што гэты голас існуе толькі для яе і што ён яе кліча. Прынцэсе не трэба было разумець словы. Зачараваная, яна паднялася са сваёй пасцелі і адкрыла шацёр. Яна ўбачыла бясконцае цёмнае неба Азіі, а першая ж заўважаная ёй зорка сарвалася і паляцела ўніз. Голас працінаў ёй слых і казаў, што яна можа загадаць жаданне, і яна ад усяго сэрца чагосьці сабе пажадала. Раптам яна ўбачыла перад сабой незнаёмца, захутанага ў доўгі чорны плашч; ён не належаў да ліку чырвоных або сініх вершнікаў, твар яго хавала цемра, і хаця прынцэса не магла яго бачыць, яна ведала, што ён плакаў па ёй і спяваў для яе, напаўняючы надзеяй, голасам, не чутым раней, і з’явіўся ён, каб яе вызваліць. Ён трымаў на повадзе яе варанога, і яна ціха варухнула вуснамі і спытала: “Хто ты? Як тваё імя, мой збавіцель? Як мне дзякаваць табе?” Ён дакрануўся пальцам да вуснаў – яна зразумела, ён прасіў яе маўчаць, ён падаў знак ісці ўслед за ім і захінуў яе сваім чорным плашчом, каб ніхто яе не ўбачыў. Яны былі чарнейшыя за чорнае ўначы, і ён павёў праз лагер і далей у стэп яе і каня, які ціха ступаў капытамі і не іржаў. У прынцэсы ўвушшу ўсё яшчэ гучалі чароўныя спевы, яна была пад уладай гэтага голасу і хацела пачуць яго зноў. Яна хацела папрасіць незнаёмца паехаць з ёй уверх па рацэ, але ён моўчкі аддаў ёй повад. Яна па-ранейшаму была ў найвялікшай небяспецы, і ён зрабіў ёй знак ехаць прэч. Так ён выкраў яе сэрца, а яна ж усё яшчэ не бачыла яго схаванага твару, але падпарадкоўвалася, бо не магла інакш. Яна ўскочыла на каня, паглядзела ўніз на незнаёмца і хацела сказаць яму што-небудзь на развітанне на сваёй і на яго мове. Яна сказала гэта вачыма. Аднак ён адвярнуўся і знік у цемры.

Вараны пайшоў рыссю ў бок ракі, – пра тое, што яна блізка, давала зразумець вільготнае паветра. Прынцэса плакала першы раз у жыцці – пазнейшыя перасяленцы знайшлі ў гэтай мясцовасці рачны жэмчуг, які аднеслі свайму першаму каралю і які да гэтага часу красуецца ў кароне Святога Стэфана разам з больш старажытнымі каштоўнымі камянямі.

Калі прынцэса апынулася ў бязлюднай мясцовасці, то шмат дзён і начэй імчала берагам ракі, пакуль не дасягнула раўніны, дзе рака падзялялася на бясконцыя рукавіны, што разбягаліся ва ўсе бакі. Яна трапіла ў велізарную багну, парослую нязграбным вербалозам. Вада была яшчэ на сваім звычайным узроўні, хмызняк з шапаценнем варушыўся і гнуўся пад ветрам, які бесперапынна гуляў па раўніне, не даючы паніклым вербам выпрастацца. Яны ціхутка гойдаліся, як трава, і прынцэса зусім разгубілася. Здавалася, нібыта ўсё пачало рухацца: хвалі вербалозу, хвалі травы; раўніна жыла, але ў ёй не жыў ніводзін чалавек, акрамя яе. Воды Дуная, што вырваліся з палону неадступных берагоў, праклалі сабе ўласны шлях, губляючыся ў лабірынтах каналаў, чые разгалінаванні прарэзалі ў наносных выспачках шырокія рэчышчы, куды з грукатам і імчала вада. Стоячы сярод бурлівых пенных струменяў і віроў і чуйна прыслухоўваючыся, прынцэса зразумела, што вада падмывала пясчаны бераг і паглынала цэлыя яго кавалкі разам з вербамі. Вада залівала выспы і наносіла новыя, і яны штодня змянялі памер і форму, і такое зменлівае жыццё даводзілася весці гэтай раўніне да вялікай паводкі, калі набрынялыя патокі накрыюць вербы і выспы, не пакінуўшы ад іх і следу. На небе віднелася нейкая дымная пляма, але нідзе прынцэсе не адкрываліся грады сінеючых пагоркаў яе краіны. Яна не ведала, дзе яна, ёй незнаёмыя былі адгор’і Карпат, што яшчэ не мелі назваў, яна не бачыла Маравы, што крадзецца ў Дунай, а яшчэ менш здагадвалася яна пра тое, што з часам рака вызначыць тут мяжу паміж дзвюма краінамі, у якіх будуць назвы. Бо тады яшчэ не было ні краін, ні межаў паміж імі.

На паласе буглёўніку прынцэса спешылася – вараны зусім выбіўся з сіл; яна ўбачыла, што струмені вады нясуць усё больш глею, і спалохалася гэтай прыкметы хуткай паводкі. Яна ўжо не спадзявалася выбрацца з дзікага краю, дзе былі толькі вербы, вецер і вада, і павольна вяла каня на повадзе, адурманеная гэтым царствам адзіноты, замкнёным, зачараваным царствам, у якім яна апынулася. Яна пачала азірацца ў пошуках месца для начлегу, бо сонца ўжо садзілася, а велізарная жывая істота, якой была гэтая рака, узвышала голас, узмацняючы гукі і грукі: рогат у прыбярэжных камянях, пяшчотны шэпт у ціхай лукавіне, шыпучае кіпенне і пастаянны рокат на дне, пад усімі паверхневымі шумамі. Увечары зляцеліся чароды шэрых варон, кармараны абселі берагі, буслы лавілі рыбу ў вадзе, а балотныя птушкі ўсіх відаў кружлялі з раздражнёнымі крыкамі, што разносіліся далёка навокал.

У дзяцінстве прынцэсе расказвалі пра гэты суровы край на Дунаі, пра яго чароўныя выспы, дзе чалавек паміраў ад голаду, але пры гэтым бачыў відзежы і ў пагібельным забыцці адчуваў найвялікшае захапленне. Прынцэсе здавалася, што выспа рухаецца разам з ёй, але прычынай жаху, што апанаваў яе, быў не грукатлівы водны струмень, а страх і здзіўленне ў ёй самой і дагэтуль невядомая ёй трывога, якую абуджалі вербы. Ад іх ішла нейкая патаемная пагроза, якая цяжарам клалася прынцэсе на сэрца. Яна апынулася на краі свету, населенага чалавекам. Прынцэса нахілілася да варанога, які, знясілены, паваліўся набок і азваўся жалосным стогнам, бо таксама разумеў, што выйсця няма, і ўжо гаснучым позіркам папрасіў у прынцэсы прабачэння за тое, што не змог несці яе далей па вадзе і праз ваду. Прынцэса легла ў лагчыне побач з канём, поўная такога жаху, якога яшчэ не ведала, а вербы вакол яе шапацелі ўсё гучней, яны шапталіся, перасмейваліся, рэзка ўскрыквалі і стагналі. Салдаты больш не гналіся за ёй, але яе атачылі невядомыя істоты, мірыяды лістоў лёталі над раскудлачанымі каронамі вербаў. Прынцэса была ў той частцы ракі, што вядзе ў царства мёртвых. Шырока расплюшчанымі вачыма глядзела яна, як на яе насоўваецца магутная калона прывідных істотаў, і, каб не чуць жудаснага выцця ветру, на імгненне абхапіла галаву рукамі, але адразу ж усхапілася, патрывожаная нейкім плясканнем і скрыгатаннем. Яна не магла крануцца ні ўперад, ні назад, яна магла выбіраць толькі паміж вадой і ўсяўладствам вербаў, але ў непрагляднай цемры перад ёй раптам бліснула святло, і, ведаючы, што святло гэта не чалавечае, а прывіднае, зачараваная, яна пайшла яму насустрач у смяротным страху.

Гэта было не святло, гэта была кветка, што вырасла ў бурлівую ноч, яна была чырванейшая за чырвонае і падымалася з зямлі. Прынцэса выцягнула руку і дакранулася не толькі да кветкі, але і да нейкай іншай рукі. Вецер і рогат вербаў змоўклі, сціхлі воды Дуная, і ў белым дзіўным святле месяца яна ўбачыла перад сабой незнаёмца ў чорным плашчы, ён трымаў яе за руку, а палец іншай рукі прыклаў да вуснаў, каб яна не пыталася зноў, хто ён, але яго цёмныя і цёплыя вочы ўсміхаліся ёй. Ён быў чарнейшы за тую чарнату, што толькі што атачала яе, і яна прыпала да яго і ў яго абдымках апусцілася на пясок, ён паклаў ёй на грудзі кветку, нібыта мёртвай, і распасцёр над імі абодвума свой плашч.

Сонца стаяла ўжо высока, калі незнаёмец абудзіў прынцэсу ад сну, падобнага да смерці. Бессмяротнай стыхіі ён загадаў змоўкнуць. Прынцэса і незнаёмец пачалі размаўляць, нібыта ніколі і не пакідалі гэтага рабіць, і адзін з іх гаварыў, другі ўсміхаўся. Яны казалі адно аднаму словы светлыя і цёмныя. Вада спала, і яшчэ да суклону сонца прынцэса пачула, як яе конь падымаецца, пырхае і кідаецца рыссю праз хмызняк. Спалох працяў яе да глыбіні сэрца, і яна сказала:

– Я мушу ехаць далей, уверх па рацэ, паедзем са мной, не пакідай мяне больш!

Але незнаёмец пакруціў галавой, і прынцэса спыталася:

– Ты павінен вярнуцца да свайго народа?

Незнаёмец усміхнуўся:

– Мой народ больш старажытны, чым усе народы свету, і рассеяны ва ўсіх канцах свету.

– Дык паехалі са мной! – ускрыкнула прынцэса, але незнаёмец сказаў:

– Чакай, набярыся цярплівасці, ты ж ведаеш, ты ведаеш.

За ноч прынцэса набыла другі зрок і таму сказала скрозь слёзы:

– Я ведаю, мы яшчэ ўбачымся.

– Дзе? – з усмешкай спытаў незнаёмец. – І калі? Бо сапраўдны толькі бясконцы рух.

Прынцэса зірнула на паніклую, звялую кветку, што засталася ляжаць на зямлі, і, заплюшчваючы вочы, на парозе сну, сказала:

– Дай мне ўгледзецца!

Яна павольна пачала гаварыць:

– Гэта адбудзецца вышэй па рацэ, зноў пачнецца перасяленне народаў, гэта будзе ў іншым стагоддзі, паспрабую адгадаць, у якім… Больш чым праз дваццаць стагоддзяў, і ты будзеш гаварыць на чалавечай мове: Каханая…

– Што такое стагоддзе? – спытаў незнаёмец.

Прынцэса ўзяла жменю пяску і прапусціла яго скрозь пальцы.

– Гэта і ёсць прыблізна дваццаць стагоддзяў, – сказала яна, – потым надыдзе час, калі ты прыйдзеш і пацалуеш мяне.

– Значыць, гэта будзе хутка, – адказаў незнаёмец. – Кажы далей!

– Гэта будзе ў нейкім горадзе, а ў тым горадзе, на нейкай вуліцы – працягвала прынцэса, – мы з табой будзем гуляць у карты, я буду зачаравана глядзець на цябе, у люстэрку будзе нядзеля.

– Што такое горад і вуліца? – спытаў уражаны незнаёмец.

Прынцэса здзівілася.

– Але мы хутка гэта ўбачым, я ведаю толькі словы, мы ж гэта ўбачым, калі ты параніш мяне ў сэрца, мы будзем стаяць ля акна, дай мне дагаварыць! Гэта будзе акно, поўнае кветак, і на кожнае стагоддзе там прыйдзецца па кветцы, усяго дваццаць; па гэтай прыкмеце мы даведаемся, што мы ў правільным месцы, а ўсе кветкі будуць такія, як гэтая!

Прынцэса ўскочыла на свайго каня, хмары сталі для яе невыноснымі, бо незнаёмец моўчкі задумваў іх першую смерць, сваю і яе. Ён больш нічога не праспяваў ёй на развітанне, і яна паехала насустрач сваёй краіне з сінімі пагоркамі, што паказаліся ўдалечыні, у жахлівай цішыні, таму што ён ужо забіў яе ўдарам у сэрца, і яна звалілася з каня, сыходзячы крывёй, у двары свайго замка, сярод адданых слуг. Але яна ўсміхалася і шаптала ў ліхаманцы: “Я ж ведаю, я ведаю!”


Ingeborg Bachmann: Die Geheimnisse der Prinzessin von Kagran, aus: Malina

© Suhrkamp Verlag Frankfurt am Main 1971
Abdruck mit freundlicher Genehmigung des Suhrkamp Verlages

Пераклад з нямецкай – Вольга Гронская © 2010

Чытайце таксама

Жузэ Сарамагу

Жузэ Сарамагу

Партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998)

Фёдар Свароўскі

Фёдар Свароўскі

Расійскі паэт і журналіст

Остын Добсан

Остын Добсан

Остын Добсан (поўнае імя — Генры Остын Добсан) — ангельскі паэт і эсэіст.

Рыхард Дэмэль

Рыхард Дэмэль

Нямецкі паэт-імпрэсіяніст, ягоны валадар і бог – толькі ва ўласным “Я”

347