№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Аркадзі Фідлер

Шаблі (Szable)

Пераклад з польскай Надзея Кахновіч


На трасе сто два была ноч, тэмпература небяспечна знізілася амаль да дваццаці градусаў цяпла. Перад світаннем нас трэсла ад мілага холаду. Раніцай, пасля частавання цудоўным сняданкам і не менш апетытным выглядам прывабнай лаоскі ды французскага пашаняці, мы рушылі на поўнач.

Блаславёнае Фута-Джалон [1]: а дзявятай усё яшчэ было свежа, і толькі каля дзясятай сонца пачало з нас здзекавацца, хоць — калі на тое пайшло — толькі напаўсілы. На самым сонцы было, бадай, страшнавата, але дастаткова было зайсці ў цень — і пяшчотны павеў нагадваў, што мы знаходзімся на вышыні больш чым тысячы метраў над морам. Нічога дзіўнага, што фульбе [2] накінуліся на гэты край, як на запаветную зямлю, але, асеўшы тут аднойчы, пачалі ўцякаць ва ўсе бакі, як разбэшчаныя малакасосы.

Горы там былі з круглявымі вяршынямі, таму стваралі ўражанне старажытных, а “біблейскія” людзі і іх статкі ўзмацнялі адчуванне даўніны. Аднак новае жыццё пранікала сюды бурна, вёсак было адносна шмат, скаціны — многія статкі. Больш за ўсё кідаліся ў вочы атары авечак дзіўных колераў: авечкі пераважна былі белыя, а іх галовы — чорныя, або наадварот.

Да поўдня мы аб’ездзілі самае сэрца краіны фульбе. Тут, паміж Цімба, Маму і Лабэ дзеялася да нядаўняга часу вялікая гісторыя, людзей ліхаманіла ад дзіўных, заблытаных жарсцяў, неўтаймоўных і поўных славы памкненняў. Тут калісьці вочы палалі жарам крывавых святых войнаў, а шаблі так безразважна выцягваліся з чырвоных похваў і абрыналіся на галовы негрыцянскіх нехрысцяў, хоць яшчэ часцей лупцавалі ўласную брацію. На нашчадкаў гэтых герояў і рубакаў мы глядзелі цяпер з вокнаў аўтамабіля, але ўсе гэтыя важныя здарэнні зацьмявала іншая, зусім іншая праблема — пыл.

Д’ябал бяры такое пякельнае бедства! Ад Маму на дарозе не было асфальту — толькі ўтрамбаваная зямля, а больш чым за два месяцы тут не пралілося нават кроплі дажджу. Воблака пылу, якое мы падымалі, цягнулася за машынай яшчэ добрых паўкіламетра, як цагляны хвост лісы, перад тым як апасці на навакольную расліннасць. Трава, кусты і дрэвы каля дарогі пад тоўстым слоем іржавай пудры выглядалі жахліва.

Нягледзячы на зачыненыя вокны, пыл зухавата ўрываўся ўсярэдзіну аўтамабіля і асядаў на ўсім: на абіўцы, на адзенні, на целе. Чорныя валасы Сумаха, і нашыя таксама, зрабіліся рудымі, як у Артура Марыі Свінарскага [3]. Рыжы пыл, што змяшаўся на нашых тварах з потам, утвараў нешта накшталт тонкага слою цэменту. Гэта было нязручна, але пацешна. Затое менш пацешна выглядаў пыл на фотаапаратах. Я абараняў іх, як бацька зачумленых (баюся, з такім самым поспехам), і хаваў як мог, але мусіў увесь час трымаць іх пад рукой.

А тут было, было што фатаграфаваць! Патрыярхальныя постаці, неабавязкова пажылога ўзросту, але такія, што кідаліся ў вочы, у доўгіх блакітных бурнусах, якія тут называюць бубу, рыхтык біблейскія мужы — гэта шляхта фульбе. Ганарлівая і ўладная, поўная ветлівай годнасці, з далікатнымі, хоць і напышлівымі манерамі, пры гэтым з надзвычай жывым розумам і адносна шматлікая, як у даўнейшай Польшчы. Фульбе прыйшлі сюды некалькі стагоддзяў таму як пастухі і, па сутнасці, засталіся пастухамі. Яны адолелі негрыцянскія земляробчыя плямёны, а каго не забілі, той і надалей мусіў араць зямлю, але ўжо як нявольнік. На мове фульбе працаўнік і раб называюцца адным і тым жа словам. Хоць французы афіцыйна і скасавалі рабства, патрыярхальныя звычаі трываюць да сёння.

Так, едучы праз гэты край, мы пільна прыглядаліся да людзей, гадаючы, хто тут былы нявольнік, хто пан, а хто з народа. Гэта была няпростая шарада, у якой усё шалёна пераблыталася і скаламуцілася: некаторыя бяднейшыя фульбе пераходзілі на поле і плямілі сябе ворывам, багацейшыя ж, акрамя чатырох жонак, дазволеных Каранам, мелі яшчэ і кучу законных палюбоўніц, якіх выбіралі сабе са зняволеных негрыцянскіх плямёнаў. Палюбоўніцы ахвотна раджалі ім патомства, бо тады і маткі, і дзеці атрымлівалі волю. З гэтых творчых практык разрасталася этнічная блытаніна, і здагадайся цяпер, бедны здагаднік, дзе рада, а дзе грамада ў такой неразбярысе.

Неразбярыха неразбярыхай, але вядома, што фульбе не без роду і племені і ёлупамі не былі. У мяне былі прычыны прыгледзецца да іх з выключнай цікавасцю. Вылучаючыся нязвыклай у гэтых краях энергічнасцю, яны мелі кемлівы розум і адначасова столькі непаслухмянасці ў характары, што калі б Ўінстан Чэрчыль знаў іх, ён сказаў бы — як сказаў пра адзін народ, — што яны сумяшчаюць у сабе ўсе чалавечыя цноты і ўсе заганы. Палітычная структура іх даўняй дзяржавы і іх фенаменальная калісьці прага да звадаў здаваліся страшэнна блізкімі і пераносілі чалавека ў XVIII стагоддзе да берагоў мілай ракі пасярод мазавецкіх разлогаў.

А пачалося ўсё з таго, што іх імам, кароль Карамога з роду Альфа, ваяўнічы, спрытны і святы правадыр, пад канец вельмі слаўнага царавання звар’яцеў. Заўзяты прыхільнік Прарока, ён аб’яднаў сваіх землякоў і дзесяцігоддзямі натхняў іх на вялікія дзеі пад захапляльным лозунгам святых войнаў супраць нехрысцяў-ідалапаклонцаў. Біць і скараць няверных было заслугай і, акрамя таго, даходнай справай, але калі аднойчы, пад канец жыцця правадыра, няверныя часова і выпадкова далі фульбе дыхту, розум пыхлівага Карамогі Альфы не вытрымаў, і ён крануўся.

Аднак жа ваяр Абрагім з роду Сорыя ўзяўся за зброю і вызваліў фульбе ад клопатаў, але гэта выявілася вялікім няшчасцем у шчасці: неўзабаве род Сорыя аперыўся, пасталеў і так задраў нос, што з тых часоў, гэта значыць, з другой паловы XVIII стагоддзя, разгарэлася крывавае і жудаснае суперніцтва паміж родамі Альфа ды Сорыя. Яны распальвалі незлічоныя грамадзянскія войны, якія цягнуліся больш за сто гадоў. Дагэтуль яшчэ людзі Сорыя ды Альфа глядзяць адно на аднаго спадылба. Аднак дзякуючы вялізнай жывучасці фульбе, нягледзячы на ўзаемную грызню, яны скаралі новыя і новыя плямёны: святая вайна не спынялася. Калі француз Сандэрваль у 1880 годзе наведаў Фута-Джалон, фульбе ўжо грамілі паганцаў аж да самага ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна, адначасова ведучы некалькі лютых мясцовых войнаў і вайну паміж імамамі ў Цімба і Дынгіраі.

Яшчэ на пачатку звады паміж сем’ямі, імкнучыся перадухіліць — як здавалася фульбе — братазабойства раз і назаўсёды, рада вяльможаў ды старэйшын прыняла канстытуцыю, паводле якой кожныя два гады выбіраўся новы кароль, прычым па чарзе: раз з роду Альфа, раз з роду Сорыя. Рашэнне, з выгляду саламонава, замест таго каб парадніць народ, наадварот, зрабілася крыніцай вечнай анархіі, змоваў, інтрыг, бунтаў і здрады.

Ледзь-ледзь выбіралі якога-небудзь караля, князі ўжо згаворваліся, як бы падарваць яго ўладу ды вызваліцца ад яе. Калі надыходзіў час новых выбараў, заможныя ды магутныя білі ў барабаны, каб сабраць сваіх ваяроў і, узначаліўшы іх, цягнулі войскі пад сталіцу — Цімба — з вялікім бляскам і ў багатым убранні, пыхлівыя, фанабэрыстыя, задзірыстыя, прагныя да раскошы. У гэтым задзірлівым зборышчы перамагаў той, хто меў большую зграяй забіякаў, хітрэй плёў інтрыгі або спрытней здабываў шаблі.

Дзяржава фульбе не мела па суседстве ні Кацярыны, ні Фрыдэрыка, таму, нягледзячы на звады, трымалася няблага; больш за тое, дзякуючы размаху і пэўнай дысцыпліне, якую ёй навязваў іслам, заваёўвала новыя землі і пашыралася. Толькі нашэсце французаў у канцы XIX стагоддзя паклала ёй канец. Захопнікам лёгка ўдалося скарыць перасвараны народ, які заморскіх прыхадняў вітаў амаль як сяброў і саюзнікаў.

Яшчэ задоўга да поўдня мы заскочылі ў Піту, другі па памерах гарадок пасля Далабы. Мы хацелі праехаць яе адным махам, але там акурат праходзіў вялікі кірмаш і круцілася мноства людзей. Садавіна на зямлі ды строі навокал радавалі буйствам фарбаў. Многія віталі нас прыязнай усмешкай — і мы затрымаліся.

— Мы прыйшліся ім даспадобы, — заўважыў я.

— Яны прымаюць нас за французаў! — засмяяўся Эйбель.

За часамі каланіялізму фульбе, ясная справа, жылося не найлепш, але французы наогул не краналі іх феадальна-патрыярхальнай улады ў вёсках. Цяпер, пасля вызвалення Гвінеі, рэвалюцыйныя павевы з узбярэжжа пагражалі асвяжыць састарэлыя традыцыі, і не адзін фульбе са смуткам думаў пра старыя блаславёныя часы французскага панавання.

Мы нырнулі ў натоўп, усміхаючыся жанчынам і паціскаючы рукі некаторым мужчынам. Жанчыны фульбе славяцца сваім нязвыклым хараством, але вельмі ўжо прыгожых мы на кірмашы ў Піце не знайшлі. Гэтаксама дарэмна я шукаў дамаў з валасамі, скручанымі ў куклу, вельмі тыповую для жанчынаў высакароднага паходжання і падобную да велічэзнага пеўневага грэбня; куклаў не было. Ці то жанчыны фульбе змянілі прычоскі пад уплывам сталічнай моды, ці то не было іх на кірмашы, а мы бачылі толькі сялянак з паняволеных калісьці плямёнаў.


Як жа афрыканізавалася Гвінея: ва ўсёй Піце ані ў яе ваколіцах мы не ўбачылі аніводнага белага чалавека, а наш прыезд выклікаў немалую сенсацыю — зразумела, не такую вялікую і не такую зняважліва нахабную, якую выклікае з’яўленне афрыканца на вуліцах Кракава ці Познані. Вокамгненна разнеслася чутка пра нас, і ўсхваляваныя мужчыны пачалі збягацца адусюль з шаблямі ў руках. Прыгожыя і недарагія шаблі, выцягнутыя напалову з раскошных чырвоных скураных похваў, нахабна блішчэлі. Гэта былі тыя самыя шаблі, якімі фульбе некалі спрытна секлі галовы паганцаў, ды і сваіх таксама.

Лес шабляў усё гусцеў вакол нас, нібыта фульбе пачыналі ўзброены напад. Але гэта і быў напад — зрэшты, ветлівы і далікатны, — не ваенны, а меркантыльны. Яны хацелі прадаць нам усе гэтыя шаблі. Шабляў болела, ярка ззяла аголеная сталь і гарэлі заахвочвальна вочы. Для кавалёў фульбе час відавочна спыніўся: яны ўсё яшчэ жылі, як і ўвесь народ, пад чарамі шабляў.

Прыгожыя шаблі набывалі значэнне нейкай жудаснай відзежы. Яны былі прывідныя, нібы фантомы з “Вяселля” Выспяньскага.

Яны былі патэтычныя і гратэскныя, як пікі, што ломяцца аб сталь танкаў.



 

[1] Фута-Джалон (другая назва — Сярэдняя Гвінея) — горны рэгіён у Гвінеі. На плато Фута-Джалон бяруць пачатак тры вялікія ракі Заходняй Афрыкі — Нігер, Сенегал і Гамбія.

[2] Фульбе (альбо фула, фулані) — народ, распаўсюджаны ў Заходняй Афрыцы. Гавораць на мове фула атлантычнай сям’і нігера-кардафанскай макрасям’і моваў.

[3] Артур Марыя Свінарскі (1900 — 1965) — польскі паэт, драматург, мастак.


Пераклад з польскай – Надзея Кахновіч © 2011

Чытайце таксама

Франц Кафка

Франц Кафка

Адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Дзмітрый Строцаў

Дзмітрый Строцаў

Нарадзіўся ў Мінску, дзе і жыве на дадзены момант

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

190