№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Павел Шыдэл

Песня пра цудоўную выспу Туле

Вершы

Пераклад з польскай Альгерд Бахарэвіч
Песня пра цудоўную выспу Туле
(Pieśń o wspaniałej wyspie Thule)
 
шмат хто казаў і ў песнях спяваў што ў краі
Акіяну Заходняга недзе за выспамі да якіх не даплыў
шчэ ніводзін гандлёвы рыбацкі ні нават вайсковы
карабель там ляжыць жаданая Туле край дзе кожны шчаслівы
а ў рэках цякуць мёд і віно
 
але нават там сяляне з азызлымі тварамі і шырокімі як
вароты стадолы плячыма йдуць пасля сонца ўзыходу
у поле каб да сёмага поту араць непакорлівую зямлю
кідаючы ў яе зерне а потым доўга і цярпліва ўзносіць
малітвы сваім капрызлівым боствам і чакаць багатага
ураджаю якога ім не хапае ніколі да наступнага
жніва
 
рыбакі падобныя да тых што з Пернамбука Бангладэш або
з Эгейскага мора ў сваіх маленькіх чаўнах
штодня выплываюць на ловы каб надвячоркам
з пахілымі галовамі зашываць і сушыць старыя
зношаныя сеткі якія магчыма заўтра напоўняцца да краёў
паважнымі палтусам камбалай і траскою
 
пастухі адганяючы зграі ваўкоў згаладнелых вядуць
статкі худыя што ўсё бляюць далей і далей ад загонаў
туды дзе трава шчэ не высахла аж на іншы суворы
бок стромых гор
 
нават купцы якім кожны зайздросціць раз-пораз
рабаўнікоў сустракаюць і ледзьве жыццё захаваўшы
страчваюць цэлы прыбытак
 
і толькі ўвечары часам бывае ўсе запрашаюць на танцы
баб сваіх тоўстых і потных вялікіх як боханы хлеба
цвёрдымі лапамі іх за шырокія сцёгны хапаюць і п’яныя ў рытме
віруюць потым з галовамі бы ў тумане да хатаў вяртаюцца страшных
партыю новых пысаў пладзіць як мага хутчэй як мага непрыкметней
каб выжыць
 
і адзін толькі дурань вясковы без пэўных заняткаў
такіх каб жыццё мела сэнс хаця б нейкі сядзіць і складае новую песню
пра Туле пра выспу цудоўную дзе кожны шчаслівы і ў рэках цякуць
мёд і віно
 
 
 
Веру
(Wierzę)
 
Айцу
 
Ты зусім не глядзіш
на нас
з Гары
веру што як і раней ты прыходзіш
да мяне
а я заняты —
грувашчу прадметы
і словы
я рэдка маю час
на шчырыя размовы
тады ты сядаеш
на край стала
і сваёй маленькаю голкай
цыруеш мой залатаны
лёс
здымаеш з нас
меркі
маркоцішся
што новы дзень не будзе добра сядзець
часам уначы
мяне будзіць Твой стары
Зінгер
і тады я размаўляю
з духамі
з Табой
 
 
 
***
(w osiemdiesiątym pierwszym)
 
у восемдзесят першым
 
незадоўга да выпускнога
вуліцамі нашага мястэчка зноў ехалі танкі
 
з тае пары
апроч
вечна дэфіцытнай каўбасы
цукру ботаў
і яшчэ некалькіх падставовых рэчаў
да чаго мы былі ўжо прызвычаеныя
не было таксама лекцый
спатканняў з прыяцелямі
суботніх вестэрнаў
 
зноў
зрабіўся прыдатным бацькаў стары прымач
гэта дзякуючы яму
белай алейнай фарбай
я напісаў на сцяне
свой першы лозунг
пратэсту
 
 
 
***
(Marek grał na kościelnych dzwonach)
 
Марэк граў на касцельных званах
найпрыгажэйшыя мелодыі
Бог
які пашкадаваў яму іншых талентаў
неўзабаве зарыентаваўся
і даў Марэку апантанасць
ды вялікія біцэпсы
каб пацягаўшы за вяроўку
ён мог быць шчаслівым
 
па волі Нячыстага
Марэка замяніла
электрычнасць
і званы
цяпер без душы
Пераклад з польскай – Альгерд Бахарэвіч © 2017

Чытайце таксама

Джэк Керуак

Джэк Керуак

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, аўтар раману "На дарозе"

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Хрыста Боцеў

Хрыста Боцеў

Балгарскі паэт, рэвалюцыянер і нацыянальны герой змагання супраць турэцкага іга

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

127