№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдрыен Рыч

"Яе раны паходзяць з той самай крыніцы што і яе сіла…"

Вершы

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева

Сіла

(Power)

 

Жывем       у земляных адкладах      гісторыі

 

Сёння экскаватар знайшоў            у сыпкім схоне зямлі

бурштынавую    бутэльку    найлепшага         стогадовага

леку ад ліхаманкі                  ці меланхоліі      тонік

для жыцця на гэтай зямлі     ў зімах гэтага клімату

 

 

Сёння я чытала пра Марыю Кюры

яна мусіла ведаць што пакутуе      на промневую хваробу

яе цела гадамі атакаваў                  элемент

які яна ачышчала

Да самага канца яна адмаўляла

прычыну катарактаў на вачах

трэшчын і гнайнікоў на скуры      кончыкаў пальцаў

пакуль больш не змагла ўтрымаць                  прабірку або аловак

 

Яна памерла  знакамітай жанчынай                адмаўляючы

свае раны

адмаўляючы

што яе раны     паходзяць      з той самай крыніцы што і яе сіла

 

1974

 

“Я ў небяспецы — Сэр —”

(“I Am in Danger — Sir —”)

 

“Надтрэснутая” для Хігінсана, жывая,

вядомая пасля ў скрыўленых версіях,

твой схоў бліскучых урыўкаў поле бою,

а твой чапец стары

 

занафталінілі ў Гарвардзе

і ты ў сваім манументальным зборы твораў

не зразумелая да канца —

хто ты?

 

Палола лілейнік,

выцірала ножкі келіхаў,

а твае думкі трапяталі там,

за тонкім, як папера, ілбом,

 

ты, жанчына, па-мужчынску

шчырая ў сваёй зацятасці,

слова для цябе было больш

чым сімптомам —

 

умовай быцця.

Пакуль вецер разбэшчанай мовай

спяваў табе

пра Вераломства

 

ты, няхай і надтрэснутая, абірала

маўчанне сваёй уцехай,

каб нарэшце ім завалодаць

на ўласных умовах.

 

1964

 

 

Усё наша жыццё

(Our Whole Life)

 

Усё наша жыццё пераклад

дробныя хітрыкі

 

і вось вязьмо хлусні

сябе раз’ядае, развязвае

 

Словы скусалі словы

сэнсы згарэлі, як фарба

ад паяльнай лямпы

 

Усе тыя мёртвыя літары

пераклалі на мову прыгнятальніка

 

Спрабую патлумачыць доктару, дзе баліць

як той алжырац

што йшоў з сваёй вёскі і згараў

 

усё яго цела — воблака болю

і ніводным слова не выказаць

 

толькі ён сам

 

1969

 

пераклад з ангельскай — Юля Цімафеева

 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2016

Чытайце таксама

Чарлз Букоўскі

Чарлз Букоўскі

Амерыканскі паэт і празаік, прадстаўнік "бруднага рэалізму"

Серж Гензбур

Серж Гензбур

Французскі паэт, кампазітар, аўтар і выканаўца песняў, актор і рэжысёр

Марыс Леблан

Марыс Леблан

Французскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў пра Арсэна Люпэна

Міхаіл Лермантаў

Міхаіл Лермантаў

Расійскі паэт, празаік, драматург, мастак, афіцэр

655