№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Чарлз Букоўскі

Ты, тваё піва і твая крутасць (You and Your Beer and How Great You Are)

апавяданне

Пераклад з ангельскай Адам Явар


Зайшоўшы, Джэк заўважыў пачак цыгарэт на каміннай паліцы. Эн ляжала на канапе і чытала “Касмаполітан”. Джэк закурыў і сеў на крэсла. Было без дзесяці поўнач.

— Чарлі загадаў табе не курыць, — сказала Эн, адарваўшыся ад часопіса.

— Я гэта заслужыў. Сёння быў цяжкі бой.

— Ты перамог?

— Падзеленым рашэннем, але на маю карысць. Бэнсан — круты мужык з жалезнай воляй. Чарлі кажа, Парвінэлі наступны. Пройдзем Парвінэлі, а тады — бой з чэмпам.

Джэк устаў, пайшоў на кухню, вярнуўся з бутэлькай піва.

— Чарлі загадаў не даваць табе піва, — Эн адклала часопіс.

— “Чарлі загадаў, Чарлі загадаў…” Абрыдла. Я перамог у баі. Я перамог у шаснаццаці баях запар, я заслужыў права на піва і цыгарэту.

— Табе трэба заставацца ў форме.

— Няважна. Я магу любога размазаць.

— Ты такі круты, калі нап’ешся... я толькі і чую, які ты круты. Ужо ванітуе ад гэтага.

— Я круты. Шаснаццаць баёў запар, пятнаццаць накаўтаў. Хто лепшы?

Эн не адказала. Джэк забраў піва і цыгарэты ў прыбіральню.

— Ты нават не пацалаваў мяне, калі прыйшоў. Адразу папёр па сваё піва. Ты такі круты, ага. Круты піўны алкаш.

Джэк не адказаў. Праз пяць хвілін ён стаяў у дзвярах прыбіральні, нагавіцы і майткі спушчаныя да чаравікаў.

— Чорт, Эн, ты што, нават не можаш пакласці тут скрутак туалетнай паперы?

— Прабач.

Яна дастала з шафы скрутак і прынесла яму. Джэк скончыў справу і выйшаў. Потым прыкончыў піва і ўзяў яшчэ бутэльку.

— Вось ты жывеш з найлепшым паўцяжам у свеце, але толькі і робіш, што стогнеш. Колькі дзяўчат марылі б займець мяне, а ты толькі сядзіш і парыш мазгі.

— Я ведаю, што ты добры, Джэк. Мабыць, найлепшы, але ты не ўяўляеш, як мне абрыдла сядзець і слухаць зноў і зноў, які ты круты.

— Ах, абрыдла?

— Так, халера на цябе, — ты, тваё піва і твая крутасць!

— Назаві лепшага паўцяжа. Ты нават не ходзіш на мае баі.

— Ёсць і штосьці акрамя баёў, Джэк.

— Напрыклад? Разваліцца на срацы і чытаць “Касмаполітан”?

— Мне падабаецца развіваць розум.

— Табе не зашкодзіць. Тут ёсць над чым папрацаваць.

— Я ж кажу, ёсць штосьці акрамя баёў.

— Напрыклад? Назаві.

— Ну, мастацтва, музыка, маляванне, усё такое.

— Ты хоць крыху ў іх разбіраешся?

— Не, але яны мне падабаюцца.

— Халера ясная, я лепш буду найлепшым у тым, што раблю сам.

— Добры, лепшы, найлепшы… Божухна, ты што, не можаш цаніць людзей такімі, якімі яны ёсць?

— Такімі, як ёсць? Ды хто такія большасць з іх? Цельпукі, крывапіўцы, франты, стукачы, сутэнёры, падлізы…

— Ты заўжды на ўсіх глядзіш з пагардай. Кожнаму з тваіх сяброў чагосьці бракуе. А ты афігець які круты!

— Менавіта так, дзетка.

Джэк пайшоў на кухню і прынёс чарговую бутэльку.

— Ты і тваё праклятае піва!

— Маё права. Яно прадаецца. Я купляю.

— Чарлі сказаў…

— Ды пайшоў той Чарлі!

— Ты афігець які круты!

— Менавіта так. Прынамсі, Пэці гэта ведала. Яна гэта прызнавала. Яна гэтым ганарылася. Яна ведала, што гэта чагосьці вартае. А ты толькі парыш мне мазгі.

— Тады чаму б табе не вярнуцца да Пэці? Што ты робіш са мной?

— Гэта акурат тое, пра што я думаю.

— Што ж, мы не жанатыя. Я магу сысці ў любы момант.

— Толькі гэта і цешыць. Вось халера, я прыходжу дахаты стомлены ў сраку пасля дзесяці жорсткіх раўндаў, а ты нават не радая маёй перамозе. Толькі і ведаеш, што скардзіцца.

— Паслухай, Джэк, ёсць штосьці апроч баёў. Калі я сустрэла цябе, я захаплялася табой за тое, кім ты быў.

— Я быў байцом. Няма нічога, апроч баёў. Вось хто я — баец. Яны — маё жыццё і добра ў мяне атрымліваюцца. Найлепш. Я заўважыў, ты западаеш на гэтых другарадных… Як Тобі Ёргенсан.

— Тобі дасціпны. У яго ёсць пачуццё гумару, сапраўднае пачуццё гумару. Тобі мне падабаецца.

— Яго рэкорд — дзевяць, пяць і адзін. Я яго вынесу нават у дупель п’яным.

— І Бог сведка, у дупель п’яны ты часцяком. Як, ты думаеш, я сябе адчуваю на вечарынках, калі ты непрытомны валяешся на падлозе альбо кідаешся на кожнага і равеш: “Я КРУТЫ, Я КРУТЫ, Я КРУТЫ!” Ты не думаеш, што гэта прымушае мяне адчуваць сябе дурніцай?

— Можа, ты і ёсць дурніца. Калі табе падабаецца Тобі, чаму ты не з ім?

— О, я проста сказала, што ён мне падабаецца, я падумала, ён дасціпны, гэта не значыць, што я хачу з ім спаць.

— Добра, ты спіш са мной і кажаш, што я зануда. Я не ведаю, якога чорта табе трэба.

Эн не адказала. Джэк устаў, падышоў да канапы, прыўзняў галаву Эн і пацалаваў яе, вярнуўся і зноў сеў.

— Слухай, давай я раскажу табе пра гэты бой з Бэнсанам. Нават ты мной ганарылася б. Ён кідае мяне ў першым раўндзе, прыхаваны правай. Я ўстаю і трымаю яго на адлегласці рэшту раўнду. Ён зноў садзіць мяне ў другім. Я ледзьве ўстаю на 8. Зноў трымаю яго на адлегласці. Наступныя некалькі раўндаў праводжу, вяртаючы свае ногі. Я бяру шосты, сёмы, восьмы, кідаю яго аднойчы ў дзявятым і двойчы ў дзясятым. Я гэта не называю падзеленым. Яны гэта назвалі падзеленым. Гэта 45 штук, сячэш, дзетка? 45 штук. Я круты, ты не можаш з гэтым спрачацца. Ну?

Эн не адказала.

— Давай, скажы мне, што я круты.

— Ладна, ты круты.

— Ну вось, іншая справа, — Джэк падышоў і зноў яе пацалаваў. — Мне так добра. Бокс — гэта мастацтва, сапраўднае. Трэба воля, каб быць вялікім мастаком, і трэба воля, каб быць вялікім байцом.

— Добра, Джэк.

— “Добра, Джэк” — гэта ўсё, што ты можаш сказаць? Пэці была шчаслівая, калі я перамагаў. Мы абодва былі шчаслівыя ўсю ноч. Няўжо табе складана падзяліць са мною радасць? Халера, ты закаханая ў мяне ці ў гэтых няўдакаў, шчаўлікаў? Думаю, ты б узрадавалася больш, калі б я вярнуўся няўдакам.

— Я хачу, каб ты перамагаў. Джэк, толькі ты надаеш зашмат значэння таму, чым займаешся.

— Чорт, гэта тое, чым я жыву, гэта маё жыццё. Я ганаруся, што я найлепшы. Гэта як палёт, як узняцца ў неба і размазаць сонца.

— Што ты збіраешся рабіць, калі не зможаш біцца?

— Халера, у нас будзе столькі грошай, што мы зможам рабіць што захочам.

— Магчыма, толькі ці будзем мы ладзіць?

— Ну, можа, я навучуся чытаць “Касмаполітан”, развіваць розум.

— Табе не зашкодзіла б.

— Ідзі нахер.

— Што?

— Ідзі нахер.

— Акурат туды я даўно не хадзіла.

— Некаторыя мужыкі любяць трахаць баб, што параць мазгі, а я — не.

— Пэці не парыла?

— Усе жанчыны параць, але ты чэмп.

— Дык чаму б табе не вярнуцца да Пэці?

— Тут цяпер ты. У мяне хапае месца толькі для адной курвы.

— Курвы?

— Курвы.

Эн устала, дастала з шафы валізку і пачала складаць рэчы. Джэк пайшоў на кухню і ўзяў яшчэ бутэльку піва. Эн плакала ад злосці. Джэк сеў з півам і прыклаўся як мае быць. Яму патрэбнае было віскі, яму патрэбная была бутэлька віскі. І добрая цыгара.

— Я магу прыйсці забраць астатнія рэчы, калі цябе не будзе.

— Не хвалюйся. Я табе іх адашлю.

Яна спынілася ў дзвярах.

— Ну, мабыць, усё, — сказала яна.

— Мабыць, так, — адказаў Джэк.

Яна зачыніла дзверы і сышла. Стандартная працэдура. Джэк дапіў піва і падышоў да тэлефона. Набраў нумар Пэці. Яна адказала.

— Пэці?

— О, Джэк, як маешся?

— Сёння я выйграў вялікі бой. Падзеленым. Усё, што мне застаецца, — прайсці Парвінэлі і чэмпа.

— Ты іх абодвух размажаш, Джэк. Я ведаю, ты зможаш.

— Што ты робіш сёння, Пэці?

— Цяпер гадзіна ночы, Джэк. Ты піў?

— Крыху. Я святкую.

— А Эн?

— Мы разышліся. У мяне можа быць толькі адна жанчына, ты гэта ведаеш, Пэці.

— Джэк…

— Што?

— Я з мужчынам.

— З кім?

— Тобі Ёргенсанам. Ён у спальні…

— Вельмі шкада.

— І мне шкада. Джэк... я кахала цябе… можа, і дагэтуль кахаю.

— Халера, вы, жанчыны, сапраўды раскідваецеся гэтым словам…

— Мне шкада, Джэк.

— Усё нармальна.

Ён паклаў слухаўку. Пасля пайшоў да шафы па паліто. Надзеў, дапіў піва і спусціўся на ліфце да машыны. Паехаў наўпрост па Нармандыі з хуткасцю 65 міляў у гадзіну, спыніўся каля віннай крамы на бульвары Галівуд. Выйшаў з машыны і зайшоў у краму. Узяў пакунак па шэсць бутэлек “Мішалоба” і пачак алказельцара. Пасля, на касе, папрасіў у прадаўца пляшку “Джэка Дэніэлса”. Пакуль прадавец усё падлічваў, падышоў нейкі п’янчуга з двума пакункамі па шэсць бутэлек “Корза”.

— Гэй, дружа, — сказаў ён Джэку, — ты не Джэк Бакенуэлд, баксёр?

— Ну, я, — адказаў Джэк.

— Мужык, бачыў твой бой сёння. Джэк, ты — сіла. Ты насамрэч круты!

— Дзякуй, мужык, — сказаў ён п’янчугу, узяў пакет з пакупкамі і пайшоў да машыны. Сеў, адкруціў накрыўку з “Дэніэлса” і зрабіў добры глыток. Затым даў назад, паехаў на захад па Галівудзе, павярнуў на Нармандыю і заўважыў фігурыстую дзяўчыну-падлетка, што, хістаючыся, ішла вуліцай. Ён спыніў машыну, падняў бутэльку з пакета і паказаў ёй.

— Хочаш пакатацца?

Джэк здзівіўся, калі яна села ў машыну.

— Я дапамагу вам гэта выпіць, містэр, але больш ніякіх выгодаў.

— Канечне, халера ясная, — сказаў Джэк.

Ён паехаў па Нармандыі з хуткасцю 35 міляў у гадзіну, трэці ў свеце паўцяж і грамадзянін, які сам сябе паважае. На імгненне яму захацелася патлумачыць ёй, з кім яна едзе, але ён перадумаў, выцягнуў руку і сціснуў ёй калена.

— У вас цыгарэткі не будзе, містэр? — спытала яна.

Ён шчаўчком выбіў адну з пачка, уціснуў прыпальвальнік. Той выскачыў, і Джэк даў ёй прыкурыць. 

Пераклад з ангельскай – Адам Явар © 2013

Чытайце таксама

Мілан Ракіч

Мілан Ракіч

Сербскі паэт, дыпламат і акадэмік

Эліза Ажэшка

Эліза Ажэшка

Польская пісьменніца, грамадская дзяячка, педагог. Жыла і працавала ў Горадні і ваколіцах

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Беларускі паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца

85