№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Фланэры О'Конар

Герань (The Geranium)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Аляксей Арцёмаў

Стары Дадлі прыладзіўся ў крэсле, патроху праціснуў яго так, што сядзенне прыняло форму цела, і пачаў глядзець у акно. За пятнаццаць футаў ад акна было відаць суседскае, апраўленае пацямнелай чырвонай цэглай. Ён чакаў герані. Яны выстаўлялі кветку штораніцы каля дзесяці гадзін і забіралі а палове на шостую. Яшчэ там, дома, місіс Карсан мела герань на акне. Шмат гераняў было дома, і выглядалі расліны лепш. "Во нашы герані — як трэба! — думаў Стары Дадлі. — Не як гэтыя бляклыя ружовыя штуковіны з зялёнымі папяровымі бантамі". Герань, якую суседзі выстаўлялі на акно, нагадвала яму малога Грызбі — хлопчыка, хворага на поліяміэліт: яго выкочвалі на вазку штораніцы і пакідалі ў двары на сонцы; дзіця жмурылася. Луціша ўзяла б гэтую герань і пасадзіла ў зямлю, і праз некалькі тыдняў расліна ўжо выглядала б прыстойна. Людзі, якія жылі на процілеглым боку завулка, не займаліся сваёй кветкай. Яны выстаўлялі герань вонкі, і сонца смажыла яе ўвесь дзень, а стаяла кветка так блізка да краю, што вецер траха не скідваў яе з акна. Яны ёй не займаліся, не займаліся ёй. Яна не павінная заставацца там. Стары Дадлі адчуў спазм у горле. У Луцішы ўсе расліны ўкараняліся. І ў Рэйбі. Горла старога сціснулася ад напружання. Ён адкінуў галаву назад і паспрабаваў ні пра што не думаць. Няшмат было такіх думак, якія не выклікалі спазмаў у горле.

Увайшла яго дачка і спытала:

— Хочаш прагуляцца? — яна выглядала раздражнёнай.

Ён нічога не адказаў.

— Ну?

— Не хачу.

Ён хацеў ведаць, ці доўга яна будзе стаяць тут. Яе прысутнасць выклікала спазмы ўваччу, амаль такія, як у горле. Паліюцца слёзы, і яна ўбачыць іх. Яна ўжо бачыла іх раней і глядзела на яго са шкадаваннем. Яна шкадавала і сябе, але, думаў Стары Дадлі, яна б магла ўратавацца, калі б толькі пакінула б яго на самоце — дазволіла б застацца дома і выконвала свае праклятыя абавязкі не так заўзята. Яна выйшла з пакоя, і да яго данёсся гучны ўздых, які напомніў Старому Дадлі пра тое імгненне — увогуле, дачка была не вінаватая ў гэтым, — калі ён нечакана захацеў паехаць у Нью-Ёрк і жыць з ёй.

Ён мог адмовіцца, не ехаць. Мог заўпарціцца і сказаць ёй, што будзе дажываць свае дні там, дзе жыў заўсёды. Няважна, ці будзе яна дасылаць яму грошы штомесяц — яму хопіць пенсіі і выпадковых заробкаў. Хай пакіне сабе чортавы грошы, ёй яны больш патрэбныя. Яна б з радасцю пазбавілася ад сваіх абавязкаў такім парадкам. І магла б тады сказаць, што раз бацька памёр удалечыні ад дзяцей, ён сам у гэтым вінаваты. Калі ён захварэў і ніхто не можа дагледзець яго — ну што ж, ён сам гэтага хацеў, магла б сказаць яна. Але ўнутры яго жыло нешта такое, што падахвоціла ехаць у Нью-Ёрк. Аднойчы хлапчуком ён быў у Атланце і бачыў Нью-Ёрк на фотавыставе. Выстава называлася "Рытм вялікага горада". Вялікія гарады — гэта месцы важныя. І нешта ўнутры на імгненне авалодала ім. Ён бачыў гэтае месца на фотаздымках, і вось там ёсць пакой для яго! Гэта важнае месца, і там пакой для яго! І ён сказаў: так, я паеду.

Ён, напэўна, захварэў, раз сказаў такое. На здаровы розум ён бы такога не гаварыў. Так, яму нядужылася, а яна так заўзята выконвала свае праклятыя абавязкі, што выпрасіла ў яго згоду. Але чаму яна так накінулася на яго з надакучлівай апекай? Жыў ён цалкам няблага. Ён мог пракарміцца на сваю пенсію, а падзаработкі дапамагалі яму аплаціць пакой у пансіёне.

У тым пакоі акно выходзіла на раку, мутную і чырвоную. Лукавіны ракі выгіналіся, яна прабівалася скрозь скалы. Ён паспрабаваў успомніць, якой яна была — чырвонай, павольнай, а яшчэ? І прыгадаў зялёныя пляміны дрэваў абапал вады і карычневую кляксу смецця ўверх па цячэнні. Штосерады ён і Рэйбі рыбачылі на пласкадонцы. Рэйбі добра ведаў раку на дваццаць міль уверх і ўніз. Ува ўсёй акрузе Коа не было ніводнага іншага негра, які так добра ведаў раку. Ён любіў раку, а для Старога Дадлі яна нічога не значыла. Вось рыбы здабыць стары хацеў. Ён любіў прыйсці ўвечары з доўгай нізкай рыб і кінуць улоў у ракавіну. "Налавіў крыху", — гаварыў ён. "Толькі мужчына можа столькі рыбы ўзяць", — заўсёды гаварылі яго пажылыя сяброўкі з пансіёна. Яны з Рэйбі выходзілі зранку ў сераду і рыбачылі ўвесь дзень. Рэйбі знаходзіў рыбныя месцы і веславаў. Стары Дадлі заўсёды лавіў рыбу. Рэйбі пра ўлоў не думаў, ён проста любіў раку. "Гэй, бос, нашто тут лёску кідаць? — гаварыў ён. — Дарэмна гэта, рыбы тут няма. Старая рака тут нічога не хавае, анічагуткі". Ён смяяўся і пускаў лодку ўніз за вадою. Вось такі быў Рэйбі. Спрытны, як гарнастай, ён мог і сцягнуць нешта, але ведаў, дзе рыба водзіцца. Стары Дадлі заўсёды аддаваў яму драбнату з улову.

У пансіёне Стары Дадлі займаў вуглавы пакой наверсе. Жыў ён тут з дваццаць другога году (тады памерла яго жонка) і абараняў старых дам. Ён быў мужчынам у доме і рабіў усё, што належыць мужчыну ў доме. Увечары было сумна — пажылыя лэдзі бурчэлі і вязалі шыдэлкам у гасцінай, а адзіны мужчына ў доме мусіў слухаць і судзіць іх бітвы, якія сяды-тады адбываліся: жанчыны то спрачаліся да зубоўнага скрыгату, то ціўкалі, як вераб’і. Але ўдзень там быў Рэйбі. Рэйбі з Луцішай жылі ўнізе, на цокальным паверсе. Луціша варыла ежу, Рэйбі прыбіраўся і займаўся гародам; але ён, спрытнюга гэткі, мог ухіліцца ад паловы сваіх справаў і пайсці дапамагаць Старому Дадлі з бягучай работай — будаваннем куратніка ці фарбаваннем дзвярэй. Ён любіў слухаць, як Стары Дадлі расказвае пра сваю паездку ў Атланту ці пра тое, як збіраюць механізмы стрэльбаў, — дый пра ўсё, што стары ведаў.

Іншым разам увечары яны выпраўляліся паляваць на апосума. Яны ніколі не вярталіся са здабычай, але Стары Дадлі любіў зрэдку збегчы ад жанчын, і паляванне было добрай нагодай для ўцёкаў. Рэйбі не любіў паляваць. Яны ніколі не ўпалёўвалі апосума, нават на дрэва ніколі не заганялі. Да таго ж, Рэйбі быў пераважна "вадзяным" неграм. "Бос, мы сёння не пойдзем паляваць на апосума, праўда ж? Я тут адну маленькую работку хачу скончыць", — гаварыў ён, калі Стары Дадлі пачынаў расказваць пра стрэльбы і выжлаў. "І ў каго сёння ты хочаш сцягнуць куранят?" — усміхаўся Дадлі. "Напэўна, сёння я буду паляваць на апосума", — уздыхаў Рэйбі.

Дадлі вымаў сваю стрэльбу, разбіраў яе і, пакуль Рэйбі чысціў дэталі, стары тлумачыў негру, як працуе механізм. Потым зноў збіраў стрэльбу, і Рэйбі заўсёды захапляўся тым, як стары робіць гэта. Стары Дадлі хацеў бы расказаць Рэйбі пра Нью-Ёрк. Каб ён мог паказаць горад негру, патлумачыць, што Нью-Ёрк не такі і вялікі, дык ён бы не пачуваўся прыгнечаным штораз, як выходзіў надвор. "Не дужа ён і вялікі", — сказаў бы ён. "Не дазваляй сябе прыгнятаць, Рэйбі. Гэта толькі горад, такі ж, як іншыя. Гарады зусім не складаныя".

Але яны складаныя. Нью-Ёрк шумеў і стаяў у заторах, а ўжо праз хвіліну здаваўся брудным і вымерлым. Дачка жыла нават не ў доме — у будынку, усярэдзіне шэрагу такіх самых будынкаў, цёмна-чырвоных і шэрых. Рыплівагалосыя жыхары высоўваліся са сваіх вокнаў і абменьваліся позіркамі з іншымі людзьмі ў іншых вокнах. А ўнутры можна было хадзіць уверх і ўніз — калідоры там былі падобныя да мерных стужак з цалёвымі рыскамі дзвярэй. Стары Дадлі ўспомніў, як будынак агаломшыў яго ў першы тыдзень. Ён прачынаўся са спадзевам, што калідоры змяніліся ўначы, выглядваў з-за дзвярэй. Калідоры цягнуліся, як дарожкі для выгульвання сабак. І вуліцы былі такімі ж. Ён думаў: цікава, дзе я апынуся, калі дайду да канца адной з іх? Адне ночы ён прысніў, што дайшоў: за краем будынка нічога не было.

На наступны тыдзень ён пачаў адчуваць прысутнасць дачкі, зяця і іх сына — ад іх не было куды падзецца. Зяць быў дзіваком. Ён кіраваў грузавіком і прыязджаў дамоў толькі на выходныя. Ён гаварыў "неа" замест "не" і нічога не чуў пра апосумаў. Стары Дадлі спаў у адным пакоі з унукам: хлопцу шаснаццаць, з ім не пагутарыш. Але часам, калі дачка і Стары Дадлі заставаліся ў кватэры сам-насам, яна сядала і гаварыла з ім. Спачатку яна абдумвала, пра што можна пагаварыць. Тэма вычэрпвалася раней, чым дачка вырашала, што цяпер можна ўстаць і заняцца іншымі справамі, і тады яму даводзілася нешта гаварыць. Стары заўсёды намагаўся прыдумаць, пра што ён яшчэ з ёй не гутарыў, бо дачка ніколі не выслухвала яго двойчы. Яна клапацілася, каб бацька пражыў свае апошнія гады разам з сям’ёй, а не ў заняпалым пансіёне сярод старых жанчын, якія трэслі галовамі. Яна выконвала свой абавязак, чаго не скажаш пра яе братоў і сёстраў.

Аднойчы яна пайшла з ім па пакупкі, але ён надта марудзіў. Яны пайшлі ў "метро" — пад зямлёй, як у вялікай пячоры, была чыгунка. Гараджане валілі з цягнікоў, як клубы дыму, і падымаліся па сходах на вуліцу. Людская плынь цякла з вуліцы ўніз, да цягнікоў: мінакі змяшаліся, як гародніна ў супе, — чорныя, белыя і жоўтыя. Усё бурліла. Цягнікі са свістам выляталі з тунэляў, падымаліся да станцый і раптам спыняліся. Людзі выходзілі з вагонаў і прабіваліся праз натоўп тых, хто ўваходзіў. Спрэс звінела і шумела, і цягнік зноў зрываўся з месца. Стары Дадлі і дачка ехалі трыма рознымі цягнікамі, пакуль не дасягнулі патрэбнай станцыі. Ён увогуле здзіўляўся: і навошта людзі выходзяць з дому? Ён пачуваўся так, нібы яго язык саслізнуў у страўнік. Дачка трымала яго за рукаў паліто і цягнула скрозь натоўп.

Яшчэ яны праехалі на цягніку па эстакадзе. Дачка называла гэта "надземкай". Каб сесці на цягнік, яны мусілі падняцца на высокую платформу. Стары Дадлі перагнуўся цераз парэнчы і ўбачыў, як пад ім праносяцца людзі і аўтамабілі. Яму зрабілася млосна. Ён паклаў на парэнчы адну руку і апусціўся на драўляную падлогу платформы. Дачка завішчэла і адцягнула яго ад краю платформы.

— Ты што, зваліцца захацеў? Забіць сябе?! — крычала яна.

Скрозь шчыліну ў памосце ён бачыў, як па вуліцы праплываюць аўтамабілі.

— Мне ўсё адно, — мармытаў ён. — Усё адно, звалюся ці не.

— Хадзем, — сказала яна. — Дома табе будзе лепш.

— Дома? — паўтарыў ён. Пад ім рытмічна рухаліся аўтамабілі.

— Хадзем, — сказала яна. — Наш цягнік прыбывае, ледзь паспяваем сесці.

Яны ледзь паспявалі на ўсе цягнікі. І на гэты цягнік паспелі. Яны вярнуліся ў будынак і ў кватэру. Кватэра была надта цеснай. Куды ні пойдзеш — на кагосьці наткнешся. Кухня вяла ў ванны пакой, той спалучаўся з астатняй прасторай — і дзе б ты ні быў, заўсёды апынешся там, адкуль пачаў рухацца. У пансіёне быў другі паверх і цокаль, і была рака, і цэнтр мястэчка напроці дома Фрэйзераў… чорт бы ўзяў гэтае горла.

Герань сёння выставілі пазней, а палове на адзінаццатую. Звычайна выстаўлялі ў дзесяць пятнаццаць.

Дзесьці ў калідоры жанчына пракрычала нешта неразборлівае ў бок вуліцы, з радыёпрымача мэкала заезджаная музыка — перадавалі мыльную оперу. З пажарнай лесвіцы шумна звалілася вядро для смецця. Бразнулі дзверы суседняй кватэры, і ў калідоры разнёсся выразны гук крокаў. "Пэўна, гэта негр, — прамармытаў Стары Дадлі. — Негр у бліскучых чаравіках". Дадлі жыў тут ужо з тыдзень, калі побач пасяліўся негр. У той чацвер Дадлі стаяў ля дзвярэй і глядзеў на дарожкі ў калідоры, калі ў суседнюю кватэру ўвайшоў негр. Ён быў у шэрым касцюме з тонкімі светлымі палоскамі і ў карычневым гальштуку. Каля шыі — акуратная белая лінія каўняра-стойкі. Бліскучыя карычневыя чаравікі — аднаго колеру з гальштукам і скурай. Стары Дадлі пачухаў галаву. Ён і не ведаў, што жыхары такіх густанаселеных будынкаў могуць дазволіць сабе мець прыслугу. Ён рагатнуў. Ага, шмат выгодаў гаспадарам ад негра ў нядзельным касцюме. Мабыць, гэты негр ведае навакольныя мясціны — ці, прынамсі, як дабрацца да іх. Яны маглі б папаляваць. Магчыма, недзе знойдзецца рака. Ён зачыніў дзверы і пайшоў у даччыны пакой.

—Гэй! — крыкнуў ён. — Тыя людцы ў суседняй кватэры трымаюць негра. Ён, відаць, у іх кватэры прыбірае. Як думаеш, ён штодня будзе ў іх працаваць?

Дачка падпраўляла пасцель і падняла вочы.

— Ты пра што?

— Я кажу, суседзі нашыя слугу маюць, негра. Выфранчанага такога, у нядзельным касцюме.

Яна падышла да іншага боку ложка і сказала:

— Зусім ты з глузду з’ехаў. Суседняя кватэра незанятая, да таго ж тут ніхто не можа дазволіць сабе прыслугі.

— Ды кажу табе, я яго бачыў, — фыркнуў Стары Дадлі. — Пайшоў проста туды, у гальштуку, з белым каўняром. І ў вастраносых чаравіках.

— Раз ён пайшоў у суседнюю кватэру, дык прыгледзеў яе для сябе, — мармытнула яна.

Потым дачка падышла да туалетнага століка, пачала мітусліва перабіраць прадметы. Стары Дадлі засмяяўся. Яна магла добра пажартаваць, калі хацела.

— Ну-ну, — сказаў ён. — Відаць, пайду і дазнаюся, калі яму даюць выхадны. Мабыць, пераканаю яго палюбіць рыбалку, — ён ляпнуў па кішэні, каб дзынкнулі дзве манеткі.

Але ён не паспеў нават выйсці ў калідор: дачка дагнала яго і зацягнула назад.

— Ты аглух?! — завішчэла яна. — Я сур’ёзна. Раз негр пайшоў у кватэру, ён сам яе арандуе. Не пытайся ў яго ні пра што. Нічога яму не гавары. Я не хачу праблем з неграмі!

— Дык ты кажаш, — прамармытаў Стары Дадлі, — ён будзе жыць у суседняй кватэры?

Яна сцепанула плячыма.

— Пэўна, будзе. А ты займайся сваімі справамі, — дадала яна. — Але яго сюды не ўмешвай.

Вось так і сказала. Быццам ён зусім з глузду з’ехаў. І ён вырашыў адчытаць яе. Але не паспеў ён і рота раскрыць, як яна ўжо зразумела, што ён задумаў.

— Цябе выхоўвалі іначай! — прагрымела яна. — Ты не гадаваўся побач з неграмі, якія думаюць, што яны не горшыя за цябе. І ты вырашыў, што я буду знацца з такім суседам. Калі ты думаеш, што я хачу вадзіцца з неграмі, ты ўшчэнт здурнеў.

І яму давялося суцішыцца — зноў спазма ў горле. Дачка рашуча выцягнулася і сказала, што яны жывуць там, дзе могуць сабе дазволіць, і пераадольваюць цяжкасці. Натацыю яму прачытала! А потым выйшла, не апускаючы галавы, і ні слова болей не сказала. Яна такая. Святой хоча быць — плечы выпрастае, шыю выцягне. Быццам ён здурнеў. Ён ведаў, што янкі дазваляюць неграм уваходзіць праз пярэднія дзверы і сядзець на сваіх канапах, але і падумаць не мог, што ягоная дачка (выхаваная, як мае быць) будзе жыць побач з чорнымі. І яшчэ думаць, што ён зусім здурнеў і хоча вадзіцца з імі. Ён!

Ён устаў і ўзяў з іншага крэсла газету. Калі яна зноў прыйдзе, хай пабачыць, што ён чытае. Толькі хай не стаіць там, не глядзіць на яго і не прыдумляе для яго заняткаў. Ён паглядзеў паўзверх газеты на акно насупраць. Герані яшчэ не было. Ніколі яе так позна не выстаўлялі. У той дзень, як ён убачыў расліну ўпершыню, ён сядзеў тут і разглядваў вокны дома на адваротным боку завулка, а потым пераводзіў позірк на гадзіннік: ці даўно скончыўся сняданак? Узняў вочы — і вось герань. Яна спалохала яго. Ён не любіў кветак, але гэтая расліна не выглядала кветкай. Яна была падобная да малога Грызбі, хворага хлопчыка, і мела колер парцьераў з пансіёна: старыя дамы вешалі такія фіранкі ў гасцёўні. На герані былі папяровыя банты, як на нядзельным касцюме Луцішы. Луціша любіла розныя стужкі. Як і большасць неграў, падумаў Стары Дадлі.

Дачка вярнулася. Калі яна ўвайшла, ён прыкінуўся, што чытае газету.

— Зрабі мне ласку, — сказала дачка так, быццам толькі цяпер падумала пра яго дапамогу.

Ён спадзяваўся, што дачка не пашле яго ў бакалею. Мінулым разам ён заблукаў. Усе гэтыя чортавы будынкі былі на адзін капыл. Ён кіўнуў галавой.

— Спусціся на трэці паверх і пазыч у місіс Шміт выкрайку Джэкавай кашулі.

Чаму яна не дае яму пасядзець? Ёй не патрэбная выкрайка кашулі.

— Добра, — сказаў ён. — Скажы мне нумар кватэры.

— Нумар дзесяць, вось так. Проста пад намі, на тры паверхі ўніз.

Стары Дадлі заўсёды баяўся, што выйдзе на дарожку ў калідоры — і тут раптам адчыняцца дзверы, і адзін з гэтых даўганосых, як чэпікі, мужчын, што вісяць на падаконніках у адных сподніх кашулях, зарыкае: "Што ты тут робіш?" Дзверы ў неграву кватэру былі адчыненыя, і ён убачыў жанчыну: яна сядзела на крэсле ля акна. "Чорныя янкі", — прамармытаў ён. Жанчына была ў акулярах без аправы, на яе каленях ляжала кніга. Негры пачуваюцца неадзетымі, пакуль не начэпяць акуляраў, падумаў Стары Дадлі. Ён успомніў Луцішыны акуляры. Яна назбірала трынаццаць долараў, каб купіць іх. Потым пайшла да доктара і папрасіла праверыць зрок і расказаць ёй пра патрэбную таўшчыню шкельцаў у акулярах. Доктар прымусіў яе глядзець скрозь люстэрка на малюнкі з жывёламі, свяціў ёй у вочы, зазіраў проста ў галаву. І ўрэшце сказаў, што акуляры ёй не патрэбныя. Яна так злавала, што тры дні запар спальвала кукурузны хлеб, але потым купіла нейкія акуляры ў краме ўцэненых тавараў. Яны каштавалі ёй усяго долар дзевяноста восем цэнтаў, і Луціша насіла іх штонядзелі. "Вось такія негры", — рагатнуў Стары Дадлі. Ён зразумеў, што ўсчаў шум, таму затуліў рот далонню. Нехта з суседзяў можа пачуць.

Ён спусціўся на адзін лесвічны пралёт. Падышоў да другога пралёта і пачуў, як нехта падымаецца па сходах. Ён паглядзеў цераз парэнчы і ўбачыў тоўстую жанчыну ў фартуху. Зверху падалося, што гэта місіс Бэнсан, суседка з яго родных мясцін. Цікава, ці загаворыць яна з ім? Калі паміж імі засталіся чатыры прыступкі, ён кінуў позірк на яе, але яна не звярнула на яго ўвагі. Яны параўняліся, жанчына хутка ўзняла вочы, холадна паглядзела ў твар і прайшла міма. Яна не вымавіла ні слова. Ён адчуў цяжар пад рэбрамі.

Ён спусціўся на чатыры пралёты замест трох. Потым падняўся на адзін пралёт, знайшоў кватэру нумар дзесяць. Місіс Шміт сказала: "Добра, пачакайце хвілінку, пакуль я вазьму выкрайку". Яна паслала да дзвярэй сваё дзіця з выкрайкай у руках. Дзіця маўчала.

Стары Дадлі пайшоў назад. Цяпер ён ішоў павольна. Пад’ём стамляў яго. Здаецца, усё яго стамляла. Не так было, калі Рэйбі бегаў і дапамагаў яму. Рэйбі быў легканогім неграм. Ён мог пралезці ў куратнік, хоць нясушкі яго і бачылі, і сцягнуць там самае тоўстае кураня, а птушкі нават не сакаталі. Рэйбі хуткі. А Дадлі хадзіў павольна. Так, як і ўсе тоўстыя людзі. Ён успомніў, як аднойчы каля Молтана паляваў разам з Рэйбі на перапёлак. Яны ўзялі і ганчака — сабака мог знайсці чараду перапёлак хутчэй, чым пародзісты пойнтар. Ён не ўмеў прыносіць птушак, але штораз знаходзіў іх і стаяў як укапаны, пакуль ты цэліў у перапёлак. Вось і тады сабака замёр у стойцы.

— Чарада там, мусібыць, вялікая, — шапнуў Рэйбі. — Нутром адчуваю.

Яны пайшлі, і Стары Дадлі павольна ўзняў стрэльбу. Яму даводзілася ісці асцярожна, бо пад нагамі быў шыльнік, які пакрываў зямлю — можна і паслізнуцца. Рэйбі пераносіў вагу цела з адной нагі на другую і наступаў на мяккі шыльнік з міжвольнай асцярожлівасцю. Ён глядзеў перад сабой і хутка ішоў наперад. Стары Дадлі адным вокам глядзеў наперад, другім на зямлю. Калі дарога пойдзе пад адхон, ён саслізне ўніз, а гэта небяспечна. А калі пад гару — таксама саслізне ўніз, але назад.

— Бос, можа, сёння я падстрэлю гэтых птушак? — прапанаваў Рэйбі. — У панядзелак вам заўсёды цяжка хадзіць. Калі вы зваліцеся на нейкім адхоне, можаце і стрэліць знячэўку — птушкі разляцяцца ўроссып.

Стары Дадлі хацеў падстрэліць чародку. Чатырох птушак ён лёгка возьме.

— Я іх падстрэлю, — прамармытаў ён.

Ён прыўзняў стрэльбу да вачэй і нахіліўся наперад, але адчуў пад нагой нешта слізкае і паваліўся на спіну. Зброя стрэліла, чарада перапёлак пырснула ўроссып.

— Якіх харошых птушак упусцілі! — уздыхнуў Рэйбі.

— Іншую чародку знойдзем, —  сказаў Стары Дадлі. — Толькі выцягні мяне з гэтай чортавай ямы.

Ён бы і пяток перапёлак здабыў, калі б не ўпаў. Ён бы пацэліў у птушак, як у бляшанкі на плоце. Ён адвёў адну руку назад, да вуха, а другую выцягнуў наперад. Ён бы падстрэліў іх, як гліняных галубоў. Бах! Ён пачуў рып на лесвіцы і павярнуўся кругом, яго рукі яшчэ трымалі нябачную стрэльбу. Насустрач яму па сходах падымаўся негр і здзіўлена ўсміхаўся, расцягваючы падстрыжаныя вусы. Стары Дадлі разявіў рот. Негр скрывіў вусны так, быццам стараўся не засмяяцца. Стары Дадлі знерухомеў. Ён утаропіўся ў выразную лінію каўняра на чорнай шыі.

— На каго палюеш, дзеду? — спытаў ён. У яго голасе быў і смех негра, і здзеклівасць белага чалавека.

Стары Дадлі пачуваўся, як хлопчык з цацачным пісталетам. Ён разявіў рот, але не мог паварушыць здранцвелым языком. Ён адчуў пустэчу пад нагамі — ступня саслізнула, і Стары Дадлі праляцеў тры прыступкі, пакуль не прызямліўся, сеўшы на лесвіцы.

— Асцярожна, — сказаў негр, — на гэтых сходах можна і скалечыцца.

І падаў руку, каб Стары Дадлі падняўся. Рука была доўгая і вузкая, з чыстымі пазногцямі — роўна падстрыжанымі (ці, можа, ён іх падпілоўваў?). Рукі Старога Дадлі звісалі між каленямі. Негр узяў яго пад локаць, каб падняць.

— Фю! — затхнуўся ён. — А ты цяжкі. Дапамажы мне крыху.

Стары Дадлі разагнуў калені і пахіснуўся. Негр трымаў яго руку.

— Я ўсё адно падымаюся, — сказаў ён. — Я табе памагу.

Стары Дадлі ашалела паглядзеў наўкруг. Прыступкі перад ім зліваліся ўваччу. Ён з неграм ішоў па лесвіцы. Негр чакаў яго на кожнай прыступцы.

— Дык ты паляўнічы? — гаварыў негр. — А я аднойчы паляваў на аленя. Здаецца, мы стралялі з Додсана трыццаць восьмага калібру. А ты чым карыстаешся?

Стары Дадлі вылупіў вочы на бліскучыя карычневыя чаравікі.

— Я стрэльбай, — мармытнуў ён.

— Я больш люблю забаўляцца са зброяй, чым паляваць, — працягваў негр. — Ніколі не захапляўся забойствамі. Сорамна знішчаць запасы дзічыны. А вось калекцыю зброі я б займеў, знайсці б толькі час і грошы.

Ён чакаў, пакуль Стары Дадлі забярэцца на чарговую прыступку, і разважаў пра зброю і канструкцыі стрэльбаў. Ён насіў шэрыя шкарпэткі з чорнай плямкай. Яны дабраліся да свайго паверха. Негр прайшоў з ім па калідоры. Ён трымаў старога пад локаць. Напэўна, гэта выглядала так, быццам негр абхапіў яго руку.

Яны падышлі да дзвярэй Старога Дадлі, і негр спытаў:

— Ты нарадзіўся тут?

Стары Дадлі паматаў галавой. Ён усё глядзеў на дзверы, але не на негра. Пакуль яны падымаліся, ён ні разу не паглядзеў на негра.

— Ну, — сказаў негр, —  гэта цудоўнае месца, варта толькі прывыкнуць.

Ён паляпаў Старога Дадлі па спіне і пайшоў у сваю кватэру. Стары Дадлі — у сваю. Боль, які раней сядзеў у горле, цяпер заліў увесь твар і выцякаў з вачэй.

Дадлі дашоргаў да свайго крэсла ля акна і апусціўся на яго. Горла траха не лопалася. І ўсё праз гэтага негра — вось чортаў негр: паляпаў яго па спіне, "дзедам" назваў. Яго! Так не мае быць, ён ведаў гэта. Ён прыехаў з добрых мясцін. З добрых мясцін. Там такога быць не можа. Нешта дзіўнае адбывалася з вачыма — ён адчуваў, як яны распухаюць. Яшчэ хвіліна — і ў вачніцах не застанецца свабоднага месца. Яшчэ трохі — і вочы павылазяць з арбіт. Ён трапіў у пастку гэтага горада, дзе негры могуць назваць цябе "дзедам". Але ён вырвецца з пасткі. Вырвецца. Ён адкінуў галаву на спінку крэсла, каб выцягнуць вельмі поўную шыю.

На яго глядзеў мужчына. У акне дома на адваротным баку завулка з’явіўся мужчына, які глядзеў проста на яго. Мужчына бачыў, як ён плакаў. Там, дзе мела стаяць герань, быў мужчына у сподняй кашулі, і глядзеў, як ён плача, і чакаў, калі яго горла лопне ад спазмаў. Стары Дадлі паглядзеў на мужчыну. Там мела стаяць герань. Гэта было месца для герані, не для мужчыны.

— Дзе герань? — словы вырваліся з напружанага горла.

— А чаму ты плакаў? — спытаў мужчына. — Ніколі не бачыў, каб мужык так плакаў.

— Дзе герань? — голас Старога Дадлі дрыжаў. — Тут мае стаяць яна, а не вы.

— Гэта маё акно, — сказаў мужчына. — Магу стаяць тут, калі захачу.

— Дзе кветка? — віскнуў Стары Дадлі. У яго горле амаль не засталося месца.

— Звалілася, калі гэта цябе так цікавіць, — сказаў мужчына.

Стары Дадлі ўстаў і паглядзеў уніз цераз падаконнік. З шостага паверха ён убачыў, што на дарожцы паміж дамамі ляжыць разбіты кветкавы гаршчок, наўкол рассыпалася зямля, а побач ружовіцца нешта, апавітае зялёнай папяровай стужкай. Ніжэй на шэсць паверхаў. Герань звалілася з шостага паверха.

Стары Дадлі паглядзеў на мужчыну: той жаваў гумку і чакаў, калі горла Дадлі лопне.

— Нельга было ставіць гаршчок так блізка да ўскрайку, — прамармытаў ён. — Чаму вы не падымаеце герань?

— Ну а ты чаму не падымаеш, бацьку?

Стары Дадлі глядзеў на мужчыну, які быў там, дзе мела стаяць герань.

Ён падыме. Спусціцца і возьме герань. Паставіць на сваё акно і будзе глядзець на яе колькі захоча — хоць цэлы дзень. Ён адвярнуўся ад акна і выйшаў з пакоя. Павольна прайшоў па дарожках у калідоры і наблізіўся да сходаў. Лесвіца зеўрала, як глыбокая рана ў падлозе. Быццам раскрылася бездань, і прыступкі вялі ніжэй, ніжэй, у пячору. А ён падымаўся па гэтых сходах трохі ззаду негра. Негр дапамог яму ўстаць на ногі, трымаў яго руку, падымаўся з ім па лесвіцы і расказваў, як паляваў на аленя. І ён бачыў, як "дзед" трымаў у руках нябачную стрэльбу і сядзеў на прыступках, нібы дзіця. Негр насіў бліскучыя карычневыя чаравікі, ён намагаўся не смяяцца са старога, а занятак быў смеху варты. Цяпер на кожнай прыступцы, напэўна, будуць стаяць негры ў шкарпэтках з чорнымі плямкамі і крывіць вусны, каб не засмяяцца. Прыступкі вялі ніжэй і ніжэй. Ён не спусціцца, і негры не будуць ляпаць яго па спіне. Ён вярнуўся ў пакой, да акна, і паглядзеў долу — на герань.

Там, дзе калісьці стаяла расліна, цяпер сядзеў мужчына.

— Не бачыў я, як ты падымаў герань, — сказаў ён.

Стары Дадлі ўтаропіўся ў мужчыну.

— А я цябе ўжо ўгледзеў, — працягваў мужчына. — Бачыў, як ты штодня сядзіш на сваім старым крэсле, глядзіш у акно і зазіраеш у маю кватэру. Тое, што я раблю ў сваёй кватэры, — гэта мая справа, чуеш? Не люблю, калі людзі глядзяць, чым я займаюся.

Герань ляжала на дарожцы паміж дамамі, каранямі ўгару.

— Я паўтараць не буду, — сказаў мужчына і адышоў ад акна.
Пераклад з ангельскай – Аляксей Арцёмаў © 2017

Чытайце таксама

Крысціян К'ельструп

Крысціян К'ельструп

Рэдактар выдавецтва Aschehoug і літаратурна-палітычнага часопіса Samtiden.

Мікалай Гумілёў

Мікалай Гумілёў

Рускі паэт, празаік, драматург і перакладчык, салдат і падарожнік, улюбёнец жанчын і рыцар

Алвару ды Кампуш

Алвару ды Кампуш

Знакаміты гетэронім партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Жузэ Эдуарду Агуалуза

Ангольскі партугальскамоўны пісьменнік, журналіст, выдавец

136