№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Вольга Такарчук

Ігра на некалькiх барабанах (Gra na wielu bębenkach)

Апавяданне

Пераклад з польскай Юльян Гайдук

Выглядаю я так: не надта высокая, не надта нізкая, не надта пульхная, не надта шчуплая, мае валасы ні светлыя, ні цёмныя. У мяне невыразны колер вачэй. Я яшчэ не старая, але ўжо не маладая. Апранаюся проста. Лёгка губляюся ў натоўпе. Калі я заседжваюся даўжэй у кавярні на рагу, людзі падсаджваюцца да мяне, але не звяртаюць на мяне ўвагі. Я іх не чапаю, не гляджу на іх. Я п’ю сваё піва ці каву і сыходжу.

Аднак мне заўжды падавалася, што я нейкая асаблівая і непаўторная.

Мае валізы, калі я прыехала ў горад, былі пазначаныя цэтлікам з імем і прозвішчам. У маім нататніку тады было шмат крэдытных карт, нумароў, пін-кодаў. Ягоныя старонкі былі спісаныя імёнамі і прозвішчамі людзей, іх адрасамі і тэлефонамі. У мяне была таксама парфума, гадамі адна і тая ж. Я насіла вопратку ўлюбёных брэндаў і карысталася праверанай касметыкай. Калі я ехала з аэрапорта, то размаўляла ў метро з якім-небудзь мужчынам, і мы абое паўтаралі падчас выпадковай размовы: люблю тое, не люблю гэтага, гэтае мне падабаецца, а тое — не. Калі ж мы разнявольваліся, то ўвогуле не зважалі на раздражняльную суб'ектыўнасць думак і казалі: гэтае вельмі добрае, а тое — не, яно глупства і з ім нельга пагадзіцца. Такая размова была прыемнай, таму што нам бракавала простага факту існавання — мы прагнулі быць яшчэ кімсьці, кімсьці вызначаным, абсалютна непаўторным.

Мая кватэра на першы погляд магла падацца змрочнай. Высокая столь, ледзь кранутая слабым святлом начных лямпаў, і несіметрычная планіроўка прывялі да таго, што спачатку я блукала па ёй начамі, каб трапіць у ванны пакой. Заплямленыя падлогі быццам нагадвалі пра папярэдніх уладальнікаў, напэўна, мастакоў, у якіх з пэндзляў лілося багата фарбы. Kрэйдавая беласць сцен непакоіла мяне, яна патрабавала нейкіх каляровых акцэнтаў. Краявід з вокнаў мог бы прыгнясці кагосьці менш чуллівага. З аднаго боку, вокны выходзілі на пусты пляц, аточаны дрэвамі, тады яшчэ без лісця, пляц сабакаў, якія беглі за палкамі, што з усяе моцы кідалі іхныя гаспадары, пляц сабачых адкідаў і цікаўных сарок. Удзень на ім бавіліся падлеткі — дзяўчаты гулялі ў футбол аднолькава спраўна са светлавалосымі хлапцамі. У дзень веснавога раўнадзення смуглявыя мужчыны з пышнымі вусамі запальвалі вогнішча і вытоптвалі траву ў супольным танцы — некалькі шэрагаў танцораў, адзін за адным, як у практыкаваннях на ўроку wuefu [1].

Іншыя вокны выходзілі на касцёл з дзвюма вежамі, кожная з якіх была каранаваная мажным анёлам. Пакуль дрэва, поўнае гнёздаў галак, не схавала іх ад мяне ў траўні, шторанку я бачыла мажныя, раскошныя формы анёлаў. Яны маўкліва трубілі пабудку ўсяму гораду. Я зайздросціла тым анёлам за іх вымову, ахвяравануюабыякавым людзям. Я хадзіла голай па пакоі, каб скіраваць на сябе іх белыя вочы. Раз на тыдзень, у нядзелю, у маім касцёле адгукаліся званы, і хаця грымелі яны гучна і істэрычна, іх рэлігійная экзальтацыя не несла чаканага плёну — сцежкай праз пляц да касцёла ішло ўсяго толькі некалькі чалавек. Касцёл спрабаваў уціснуцца ў зеляніну, быццам саромеўся сваёй наканаванай вялізнасці, збянтэжаны, ён адступаў назад, да ракі, на ўсход горада і, пэўна, ахвотна прысеў бы на кукішкі паміж высачэзнымі гмахамі.

Вокны кухні расчыняліся на даволі вялікі панадворак, які быў адлучаны ад рэшты свету цагляным мурам будынкаў; двор зацішны, цяністы, аазіс у цэнтры горада. Сярод старых клёнаў і ліпаў тут стаялі вагоны на колах і размаіта маляваныя фургоны, падпёртыя шкілетамі ровараў, скрынкамі ад экзатычнай садавіны, кіямі для гольфа, аўтамабільнымі покрыўкамі. Ад пачатку іх жыхары зачаравалі мяне, таму большасць часу я праводзіла на кухні. Я прысвячала ім сваё страваванне — прысунула да акна стол і цяпер, павольна спажываючы сняданкі і абеды, увесь час трымала іх на вачах, назірала за іх рэдкімі сноўданнямі паміж фургонамі. Не было сярод іх ні звычайнай мітусні, ні ўвогуле паспешнасці. Яны выходзілі на вуліцу, толькі калі свяціла сонца, сядзелі на прыступках і грэлі твары. Іх дзеці забаўляліся спакойна і без крыку. Нават іх сабака здаваўся нейкім запаволеным, сабакам-філосафам, што медытаваў на абы-як пашыхтаваны хаатычны строй птушак.

Раз-пораз па апоўдні гэтыя каляровыя людзі ладзілі канцэрты. Яны выстаўлялі на вуліцу магутныя гукаўзмацняльнікі і ставілі састарэлыя блюзы альбо Павароці (з ім, на жаль, яны спрабавалі спяваць за кампанію), а калі цямнела, мянялі оперу на манатоннае, змрочнае і жаласлівае, тужлівае “тэхна”. Гукі падымаліся з падворка ўгару, быццам дым, і непакоілі анёлаў на касцельных вежах. Я знаёмілася з тымі людзьмі паволі, асвойтвалася імі праз акно. Штогадзіны я адрывалася ад папер, каб размяць косці. Я падыходзіла да акна і глядзела. Знаёмілася з імі, спажываючы свежую радыску, пасля суніцы і першыя мірабэлкі [2]. Я знаёмілася з імі сліўкамі, яблычкамі і нарэшце кукурузай, прыгатаванай у падсоленай вадзе і пашмараванай алеем. Калі рабілася цёпла, іх жыццё віравала ўжо па-за фургонамі. Як вандроўнікі, яны гатавалі ежу на спіртавых прымусах альбо проста на агні, распаленым пад бляшанымі катламі. Яны пілі піва і, калі курылі марыхуану, выдзьмухалі дым уверх, каб ён ішоў да неба. А калі ўжо зусім вечарэла, яны выцягвалі барабаны — вялікія, малыя і зусім вялізныя, бы тыя ў філармоніі, што гучаць на канцэрце два, тры разы, а іх гук на кароткі час бярэ сэрца ў жалезную аблогу, а пасля лагодна выпускае на волю.

Яны барабанілі падчас маёй вячэры. Я ставіла крэсла насупраць акна. Клала на стол сурвэтку і прыборы, налівала кілішак віна і ела, выпрастаўшыся, з сурвэткай на каленях, быццам была ў экзатычнай рэстарацыі. Паступова, дзесьці праз дзень, я ўсвядоміла, што біццё ў барабаны зусім не спынялася ўдзень, яно толькі пераносілася ў фургоны, змяншалася да аднаго інструмента, прысыхала на сонечным святле. Уначы, зусім як той слынны экзатычны кактус, гук барабанаў расквітаў у цэлы аркестр.

Я гэта бачыла. Барабаны стаялі заўсёды ў коле — кшталту інструментаў па самаабслугоўванні, бо калі музыку надакучвала барабаніць, ён адыходзіў у цемру паміж фургонамі, а хтосьці іншы яго замяняў, хтосьці свежы і яшчэ не змучаны, хтосьці, хто мог далучыцца да вібрацыі рытму, альбо, наадварот, паспрабаваць яго змяніць. Я тады была яшчэ цэлай асобай. Перад сном я ўцірала ў твар крэм. Адчыняла вокны нанач. Я сніла сны. Ранкам я запісвала гэтыя сны і піла каву. Я садзілася працаваць: чытала, рабіла занатоўкі, пісала лісты, заўсёды аднолькава іх падпісвала. У мяне былі планы і спісы пакупак. Я педантычна выконвала іх. Аднак я пачынала бачыць усё інакш, калі слухала штовечар біццё ў барабаны. Біццё ў барабаны па трывозе, біццё ў барабаны на перасцярогу, біццё ў барабаны на пабудку.

Я знайшла школу на ўскрайку горада, яе параіў мне адзін знаёмы. Нават добра, што так далёка, думала я, бо праезд цягніком праз горад заўсёды мяне супакойвае, суцішвае. З цягніка не бачны горад, толькі паасобныя, аддзеленыя адзін ад аднаго будынкі, зрэшты, заўсёды спрэс у рамонце, у мітусні будоўлі — цяглавыя краны, каляровыя парканы, якія адгароджваюць іх ад вуліцы. Часам відаць некалькі вуліц, толькі што дабудаваных — з іх нядаўна прыбраныя белыя плямы раствору і бетону, але яны застаюцца незаселеныя, быццам ніхто не наважваўся заехаць у зусім новую сучасную прастору. Магчыма, у будучыні праз гэта горад зусім вылюднее: чым больш будзе новых дамоў, тым менш людзей захоча ў іх жыць, чым больш дамоў, тым менш людзей, — простае і адначасова містычнае правіла, якое павінныя ведаць будаўнікі. Альбо зацугляныя людзі будуць з упартасцю, у роспачыперад новым хавацца ў ламаччы, у сквотах, у патаемна разбэрсаных па парках фургонах, а безгустоўным серабрыстым хмарачосам застанецца меланхалічна адлюстроўваць неба, хуткія танцы хмар, іх мімалётны нечалавечы рух.

Калі я ўпершыню ехала чыгункай праз горад, у мяне было дзіўнае пачуццё — гэтая язда, краявід з вокнаў, мяккае кручэнне колаў па рэйках размазвалі мяне. Таму што горад з вокнаў вагонаў падаваўся найбольш пазбытым формы, нявызначаным, гэтак жа і я сама траціла свае абрысы. Ён быў вялікім надзьмутым цэпелінам, што рухаецца па небе і ўплывае на змены кароткачасныхканфігурацый хмараў, павеваў ветру. Быццам горад заставаўся ўвесь час тым самым, але пасля я штодзённа заўважала нейкія новыя падрабязнасці. На пустых пляцах за ноч вырасталі зашклёныя будынкі. Здаралася таксама, што станцыі метро не захоўвалі чарговасці, выскоквалі адна за адной, альбо, наадварот, марудзілі з выхадам на сцэну. Крамы. Яны вандравалі зусім адкрыта, а час іх адкрыцця заставаўся для мяне цалкам непрадказальным. На маёй вуліцы ніколі нельга быць упэўненым, што знойдзецца тая самая крама, якая была тут учора. А калі ўжо яна была, дык гэта зусім не значыла, што я знайду ў ёй тое самае віно, той самы гатунак хлеба, што тыдзень таму. Выглядала таксама, што людзі надта нудзіліся. Увесь час былі бачныя вялікія грузавікі, поўныя мэблі — гэта жыхары пераязджалі з аднаго раёна ў іншы. Вандравалі музейныя калекцыі — у турыстаў быў з гэтым найбольшы клопат, бо яны прызвычаіліся, што музей — найбольш сталае і саліднае месца на зямлі. Можа, дзе-нідзе гэта і так, але не тут.

Трэба быць вельмі пільнай. Я павінна былая глядзець. Глядзець. Назіраць за горадам, каб нішто не ўцякала з-пад майго кантролю. Калі я ехала чыгункай праз бясконцыя прадмесці, праз кварталы гаражоў, іх сумна падфарбаваныя блокі, я раз-пораз нагадвала сабе, што адчуваю сябе шчаслівай. Гэта быў хіба самы натуральны спосаб майго існавання: безуважна назіраць на адлегласці, не браць удзелу ў жыцці, толькі прыглядацца да ягоных праяваў, мінаць мімаходзь, толькі слізгаць вокам. Калі я рухалася па горадзе чыгункай, я рабілася нібы тыя турысты сталага веку, якія наймаюць турыстычны аўтобус з кандыцыянерамі і рухаюцца, як матарызаваныя духі, расплывістыя, за таніраванымі вокнамі, з імкненнем да прыгодаў. Менавіта так было са мной: я назірала з-за шыбы, як пралятаюць краявіды, спрошчаныя да некалькіх жэстаў побытавыя сцэны — адзіны бачны адтуль кшталт зносінаў паміж людзьмі. Абагуленыя дрэвы, паркі, якія зліваліся ў адзіную лагодную зялёную бандэрольную стужку. Факт, што я не магу ні на чым прыпыніць позірк, мякка нішчыў усё маё саспелае, вечна гатовае “я”. Я даверылася мігценню, якое звонку ўсё нівелюе. З акна чыгункі дэталі скасоўваліся.

Напэўна, таму, калі я выходзіла на аддаленай станцыі, адкуль мелася ісці пешкі яшчэ добры квартал, на мяне нападаў часам асаблівы голад да падрабязнасцяў. Тады я інстынктыўна плыла да газетнага шапіка (друк — сапраўдны трыюмф дэталёвасці) альбо ішла паглядзець на звычайную краму гатовых букетаў. Там расчулены падарожжам зрок арганізоўваўся наноў, падладжваўся да фіялетавага аджылкавання фрэзіі, суцішваўсяна крэмавых плямках пялёсткаў ружаў.

Горад, бачны з вокнаў чыгункі, не выглядаў як горад, хутчэй як хаатычна запоўненая будынкамі прастора, як мноства пунктаў, упарадкаваных вакол уваходаў у падземнае метро. Відавочна, мяне непакоіла, што я бачу нешта не тое, што ўсе. Бо ўсе паўтаралі з захапленнем: горад, горад, яны, напэўна, мелі ў галаве нейкую агульную ідэю, якая мне — зусім тут чужой — была незразумелая. Ці ж я была сляпая да чагосьці, што бачыцца ім таямнічымі сувязямі паміж хаатычна раскіданымі ўтварэннямі, нацягнутымі, быццам няроўныя пацеркі, на пераблытаныя матузкі падземнай чыгункі? Горад, горад, паўтаралі яны фанабэрліва, узбуджана, супольна ўдзельнічаючы ў незразумелай мне містэрыі. Аднак жа далучаліся да іх і тыя, што прыехалі, — яны бывалі яшчэ больш бясстраснымі. Яны вывучалі горад на раскладзеных у парках мапах, вадзілі пальцам па ягоных артэрыях, вандравалі па дне высахлых каналаў, куплялі нават крохкія кавалкі пацярушаных, добрых яшчэ колькі гадоў таму будынкаў. Ці яны былі такія ж, як я? Разгубленыя, але з добрай прагай хоць якога разумення — накшталт тае мроі, званай аднекуль горадам.

Мне былі патрэбныя тры перасадкі, каб дабрацца да школы. Па дарозе я ела канапкі. Па дарозе я прыглядалася да спадарожнікаў. Са здзіўленнем я заўважала, што ніхто з іх не цэласны, не ўтварае еднасці, — у іх было нешта адметнае, што іх характарызавала (напэўна, каб іхныя маці ніколі не маглі зблытаць іх з кімсьці чужым), і на гэтым кропка — рэшта была змазаная і невыразная. Мужчына Чорная Скура, Хлапец Пекныя Вейкі, Жанчына Шырокі Твар, Стары Вадзяністыя Вочы. Хіба людзі не ўяўляюць сабой толькі набор рысаў? Месца, праз якое праплывае распалены колерамі час?

Калі б хтосьці зверху мог сачыць за малюнкам маіх вандровак па горадзе, калі б мог скіравацца за мной і накласці на паперу гэты скампіляваны арнамент ці нават пазначыцьмяне (у сне, калі я нічога не ўсведамляю), бы акальцаваную птушку, а пасля ўбачыць на кампутары той дзіўны след, што я пакідаю пасля сябе, — ён убачыў бы, што след гэты безмужчынскі. Бо я знаёмілася амаль выключна з жанчынамі. Як гэта магчыма? Куды падзеліся ў горадзе мужчыны, чаму было іх менш, так мала, а калі ўжо я іх сустракала, яны здаваліся вокамгненнымі, пашматкаванымі, няскончанымі, умоўнымі, быццам намаляванымі слабенькім мяккім алоўкам? Я падазравала, што, можа, у іх ёсць асобны раён, дзесьці на перыферыі горада альбо — так-так! — яны ўтрымліваліся ў паважных урадавых будынках з чырвонай цэглы. Адтуль яны, напэўна, кіравалі горадам. Іх нізкія галасы вібравалі, і, можа, адтуль утвараўся гэты неперарыўны шум горада. Можа, яны рыхтаваліся да наступнай вайны? Я беспадстаўна падазравала, што горад падзелены на месцы жаночыя і мужчынскія няіснымі лініямі, нябачнымі стужкамі, якія нейкая лятучая паліцыя рассоўвала ў паветры. Відавочна, гэта было няпраўдай. Бо няяркімі бывалі не толькі твары, не толькі асобныя людзі, але і полы. Я бачыла мужчынаў-балерынаў, мужчынаў-вампаў, мужчынаў — оперных дзіваў. Яны віселі на мурах і часткова засланялі будаўнічыя пляцоўкі. У іх былі памаляваныя твары, цюлевыя сукенкі на вузкіх сцёгнах, плоскія грудзі, і яны былі больш жаноцкімі за жанчын. Я прыглядалася да іх шматкроць і нарэшце пачала траціць упэўненасць: можа, гэта былі жанчыны, якія прыкідваліся мужчынамі-балерынамі? Можа, гэта былі балерыны, якія прыкідваліся жаноцкімі мужчынамі, альбо мужчынскія жанчыны? Пазней я мусіла сцвердзіць гэта ўжо раз і назаўсёды: горад быў у сваёй найглыбейшай сутнасці андрагінны, і я з лёгкасцю зацірала той вульгарны падзел на два вінаватыя божаму духу полы — адрозненне, усталяванае прайдзісветамі на ўскрайках сусвету.

Школа размяшчалася ў квартале паасобна раскіданых віл і сваёй архітэктурнай сувымернасцю нагадвала мне мой горад. Я ішла праз скверы ўзрадаваная.

Урокі праходзілі ў зале на цокальным паверсе, адкуль былі бачныя пні дрэваў у парку і людзі, якія праходзілі пад акном, але па пояс, адны ногі. Толькі дзеці мелі магчымасць кінуць на нас позірк, калі мы сядзелі за іншымі, роўнымі сталамі і зубрылі штосьці пад пільным вокам Карнэліі.

Kарнэлія, мая настаўніца, казала папераменна на дзвюх мовах. Ніводнай з іх я не разумела добра, ды і яна сама грацыёзна перамешвала іх, каб у канцы дапамагчы сабе лацінай. Я ўглядалася ў яе шэрыя вочы, у рух яе вуснаў (быццам была глуханямая) і так прачытвала сэнс яе загадаў i тлумачэнняў. Спачатку я баялася, што нашыя сэнсы, яе і мой, маглі размінуцца па дарозе, бы дзве паралельныя лініі, якія, здаецца, вечна працінаюць бясконцасць, але не кранаюць адна адну, не сумуюць адна па адной.

Я ніколі не ведала, чаму гэтым разам Карнэлія будзе нас вучыць. Гэта, уласна, быў галоўны прынцып яе сістэмы — уразіць і такім чынам мацней удацца ў памяць. Спачатку яна вучыла нас песеньцы пра маленькага барабаншчыка:

 

Маленькі барабаншчык нам сказаў,

У цёмную прыйшоўшы ноч:

Ні золата, ні камню моц

Не прынёс я сёння вам,

Прынёс я песню вам сваю,

Тарам, тарам, тамтам.

 

Другі раз яна выпісвала на дошку нерэгулярныя формы дзеясловаў на замежнай мове. Адзін з першых урокаў даў мне шмат над чым паразважаць: мы атрымалі ў рукі па камяку гліны памерам з кулак, яна завязала нам вочы нашымі ўласнымі шалікамі і загадала вылепіць з гэтай гліны штосьці добрае, штосьці вельмі блізкае. Я хацела зрабіць жывёлку — так моцна бракавала мне ў горадзе звяроў: алянятка альбо хоць бы сабаку. Калі мне знялі шалік з вачэй, я ўбачыла, што вылепіла нейкі незнаёмы твар.

Гэта менавіта твары ўпарадкавалі горад. Я паволі адкрывала (і, можа, менавіта гэта было задумай Карнэліі), што горад не складаецца ні з будынкаў, ні з кварталаў, ні нават з уваходаў у метро, але з паслядоўных твараў, якія пераходзяць адны ў адны, як у тых слынных кампутарных сімуляцыях. Горад складаецца з твараў, змешаных, раскіданых па раёнах, якія часам у выніку збегу акалічнасцяў на імгненне адлюстроўваюцца адзін у адным, напрыклад, на эскалатарах — адзін твар едзе ўніз, іншы наверх, у цягніках, якія едуць у супрацьлеглыя бакі — адзін направа, другі налева, у шкляных дзвярах-круцёлках — адзін наперад, другі назад.

Паслядоўнасць твараў — рэч захапляльная, бо ўсе яны былі падобныя адзін да аднаго. Цікава, тая заканамернасць выглядала як крывая Гаўса ці бегла аднастайна роўна? Ці можна было б яе схапіць простым тэматычным выслоўем, якое б пераконвала больш за якую-кольвек літаратуру ?

Карнэлія часта звяртала нашую увагу на паўсюднае існаванне падабенства. Усё падобнае адно да аднаго, гэта толькі пытанне перспектывы. Падабенства насамрэч — у індустрыяльнай сетцы, якая ўтрымлівае зблытаную чупрыну свету ў адносным парадку.

Можна было б лічыць, казала Карнэлія, што наш досвед укладаецца ў агульнапрыняты закон прычынаў і наступстваў, якія надыходзяць адно за адным, абкручваюць рэальнасць любым воку гарманічным ланцужком. Але няма нічога больш памылковага (калі яна гэта казала, то ўздымала палец). Прынцып прычыны і наступства ёсць толькі фікцыяй розуму, скажам метафарычна, ёсць рухомымі сходамі, якія сапраўды падымаюць нас на нейкую гару, але пазбаўляюць хаду намагання. Крокі, хада. Рух левай — гэта прычына кроку правай нагі? Ці крок правай — гэта вынік кроку левай? — пыталася я. Відавочна не, адказвала я сабе. Таму суіснаванне крокаў стварае хаду, якая падобная сама да сябе. Падабенствы ўзаемна прыцягваюцца. Гэтаксама як супрацьлегласці. Але ж супрацьлегласць таксама адваротная падабенству. Хіба не?

Мы не ведалі, што можна ёй на гэта адказаць.

Мы ўсе былі ўпісаныя ў яе сшытак. Імя і прозвішча. Узрост. Колер вачэй. Яна ведала нашыя дасягненні і правалы. У адпаведнасці з гэтым сшыткам яна выклікала нас адказваць. Карына, je suis fatiguée, I am tired, ich bin müde, казала я. Кепска сябе адчуваю, іду дадому. Сёння я — не я. У такую хвіліну яна магла прыкласці мне да ілба электронны тэрмометр і ахвотна пацвердзіць, што ў мяне няма тэмпературы. Пасля яна выпрабавальна глядзела мне ў вочы (яе былі шэрыя, мае — ніякія) і паўтарала: трэба быць кімсьці, няма выйсця. Яна заўсёды пазначаная, хоць гэта стамляе яе. Нават брак нейкай рысы — ужо рыса. Нават пазбаўленая вопраткі, ты папросту голая. Нават непрытомная, ты без прытомнасці, нават смерць не звальняе цябе ад гэтага, бо тады ты будзеш мёртвай.

Лухта, думала я, калі ехала ў метро і выпрабавальна распускала сябе ў велізарных будынках, якія праміналі за акном, выйсце ёсць — можна ігнараваць саму сябе, ігнараваць уласную паўтаральнасць, прадбачлівасць, выносіць вырашальныя моманты з сябе вонкі, за межы сябе, у свет, у парк, даручыць сябе выпадку. Гэта была б цікавая праца — трэба было б перастаць адносіць усё да сябе, ухіляцца ад простых рэакцый, ставіцца да сябе так, быццам ты прадмет сярод іншых прадметаў. Адмовіцца ад сталасці поглядаў, выказваць выпадковыя думкі, тыя, што прыходзяць да галавы, нібы сліна на язык, не мець болей ні навыкаў, ні звычак, увесь час казаць “не ведаю, не ведаю, не маю ўяўлення”.

Адкуль бралася тое дзіўнае памкненне? Я падазравала, што вінаваты быў горад. Навуцы ж вядомая сувязь паміж чалавекам і горадам і факт, што горад уплывае на людзей. Маўляў, Парыж робіць нас фрывольнымі і рафінаванымі. А Нью-Ёрк канкрэтызуе і вядзе па зямлі. Так кажуць. А той горад сам быў нейкі бязмежны, нерашучы, зменлівы. Ён плыў. Праплываў каля мяне, нібы вясёлы параход. Ён не меў асаблівасцяў, таму быў такі прывабны. Ён лавіў нас усіх у свае сеткі. Таму што ён быў пэўным, абяцаў спраўджанне любога найдзівоснейшага прагнення, таму што быў бясформенны, вабіў рэалізацыяй кожнай падуманай магчымасці, таму што не было ў ім ні цэнтру, ні перыферыі, ён мог зрабіць нас вольнымі і роўнымі.

Часта я была зусім змардаваная Карнэліяй, усё радзей прыходзіла на заняткі альбо спазнялася. З дзяцінства ў мяне былі праблемы з часам — ён уцякаў і турбаваў мяне. Час аднойчы зрабіўся балючым, калі ў адно кароткае імгненне я знянацку ўсвядоміла, што значыць “цяпер”. “Цяпер” значыць “ужо ніколі”. “Цяпер” значыць тое, што ёсць, якраз у гэты самы момант перастае быць, абвальваецца, нібы струхнелая прыступка сходаў. Гэта паняцце страшнае, яно паралізуе, яно агаляе ўсю жахлівую праўду.

Мне было некалькі гадоў, і ела я тады ля хаты памідор. Быў поўдзень, які ўжо сплываў у цяністы змрок парка, каб урэшце рассыпацца на мільёны часцінак. Незваротна. “Цяпер” — той колішні снег, кліч крумкача, лютасцькрасавіка. Бэз, які расквітнеў пад маім домам у сабачым парку — зноў не далося мне заспець вяршыню яго красавання, бо калі яго маленькія ліловыя скрыначкі адкрываліся, адначасова ўжо пачыналася адцвітанне. Сонечнае зацьменне два гады таму было таксама падобнае да квітнення бэзу — цёмнае кола месяца магло быць адно “вось-вось” альбо “ўжо пасля”. Момант адбыцця быў хіба што пераходам з аднаго стану ў іншы, абстрактнай, матэматычна вылічанай хлуснёй. Ён быў сацыяльнай умовай, набліжэннем да этыкету, артэфактам, створаным для спакою розуму і агульнага парадку.

Я даверылася той нявызначанасці. Чаму б нам не казаць пра сябе толькі ў мінулым часе альбо толькі ў будучым? Ці не было б тое папраўдзе, ці не было б тое з усіх бакоў больш сумленна, калі ўжо трэба штосьці казаць? Але ў яе былі свае погляды на гэтую тэму, вельмі радыкальныя, як і яна. Яна казала, што гэта найбольшы прывілей чалавека — валодаць “цяпер”: толькі гэта мы і можам мець. Таму і прыдумалі мову — каб кантраляваць перанос здарэнняў з мінулага ў будучыню, каб здзяйснялася ўлада над часам, каб затрымліваць час хаця б на тую кароткую хвіліну, калі з усёй сур'ёзнасцю ты абвяшчаеш сабе: “Я ёсць”. Мець “цяпер” — значыць усведамляць сваё існаванне, значыць быць у нерухомым воку тайфуна, стаць там і прыглядацца да вірлівых падзеяў, адкрыць іх колазваротны лад, які вяртаецца шточасна і заўсёды. Яна казала таксама, што за гэтую асаблівую веду трэба дорага заплаціць, бо быць у эпіцэнтры — гэта ж перастаць бачыць самую сябе, уласна кажучы, знікнуць для сябе.

Гэта была хіба нашая апошняя размова — я знікла для яе таксама. Я прагульвала заняткі. Я выходзіла ранкам, яшчэ маючы ў галаве мэту, але ўжо праз некалькі кварталаў забывалася, куды іду. Збівалі мяне з дарогі жаночыя ногі ў фантастычна каляровых калготках, сабакі, якія беглі праз пераход у найбліжэйшы скверык, здвоеныя вазкі блізнятаў, пажарная машына, якая з цяжкасцю прабіралася праз вулічны рух, бамжы, якія бразгаталі бутэлькамі. А калі пад вечар я вярталася дамоў, ужо каля сабачага пляцу мяне сустракала знаёмае біццё ў барабаны. Мае суседзі не спалі.

Аднаго вечару, калі ўжо было зусім цёмна, я апранулася ў чорнае — каб яшчэ менш трапляцца на вочы — і выйшла на падворак. Яны сядзелі там вакол бочкі, у якой палілі нейкае смецце. Большасць з іх размаўляла напаўголасу, іншыя пілі піва, а пустыя пляшкі складалі дзесьці ў цемры за сабой. Некаторыя з іх грукалі далонямі ў напятую скуру барабанаў. Калі яны стамляліся, іх адразу заступалі іншыя, так што рытм змяняўся ўвесь час, барабаны шукалі сябе ў прыцемках. Чым больш час насычаўся прыцемкамі, тым больш рук далучаліся да біцця ў барабаны, тым больш выразным рабіўся рытм. Былі таксама маленькія барабанчыкі, такія, што лёгка змяшчаліся на каленях ці нават у руцэ, яны асабліва часта перабівалі рытм, дамагаючыся ўвагі, як пераўзбуджанныя дзеці, як ваенныя малыя барабаны. У тую ноч я яшчэ не наважылася зайграць. Я сядзела на ўскрайку доўгай лавы, пэўна, ледзь бачная ў цемры: у сутонні вымалёўваўся толькі мой твар, вельмі яркая пляміна, якая з'яўляецца і знікае ў залежнасці ад таго, як гарыць вогнішча. У нейкую хвіліну адпачынку, калі варту трымаў паасобны рытм, я расказвала ім пра Жыжку — у маім радаводзе даўно быў адзін вар'ят, які абвясціў вайну ўсяму свету. У яго назбіралася нават зусім не малое войска, але ўрэшце ворагі дабраліся да яго і забілі. Але перад смерцю ён сказаў: калі ён памрэ, зрабіць з яго скуры барабан і яго гучаннем уздымаць тых, хто застаўся, на барацьбу. Тум... тум... тум — лёгка загучалі паасобныя ўдары. Яны глядзелі на мяне ўважліва. Мая маленькая гісторыя зрабілася чымсьці матэрыяльным, мне здавалася, што перад імі ляжыць нешта кшталту падарунка. Зранку хтосьці прынёс малы барабан. Нейкая дзяўчына ў міні і сятчастых калготках павесіла мне яго на шыю і паказала, як рытмічна біць у яго. З таго часу я пачала прыходзіць туды амаль штовечар, а яны казалі на мяне — Жыжка.

Дзяўчына тая звалася Карлай. Яна з’яўлялася ўдзень, заўсёды з дзіцем ля грудзей альбо на спіне ў каляровай хустцы. Яна любіла калі толькі магчыма дэманстраваць стройныя доўгія ногі, а таксама любіла міні, высокія скураныя шнураваныя боты, скураныя курткі ў абцяжку. Але пасля я бачыла яе іншай — яна прычапляла да сваіх коратка астрыжаных валасоў цэлае бярэмя стракатых косак, абвівала сябе нейкай аранжавай сукенкай і рухалася вуліцай у бок сабачага пляцу і яшчэ далей, каб урэшце адпачыць за выстаўленым столікам якой-небудзь кавярні, дзе яна бясстрасна размаўляла з падобнымі да сябе людзьмі і не спынялася нават тады, калі карміла грудзямі дзіця.

Я таксама падсаджвалася да яе. Я замаўляла каву з малаком альбо белае віно. Мы лянотна пазіралі, як аўтамабілі асцярожна ўцякалі з перапуду ад разагнаных да непрытомнасці мінакоў.

Караліна, прыроджаная барабаншчыца, сцвярджала, што з ігрой на барабанах трэба быць вельмі абачлівай. Што з пачаткоўцамі часта адбываецца нешта кшталту сну наяве, зачараванне рытмам. Нейкая частка свядомасці дазваляе рытму сябе ўсыпіць, і тады ты не цалкам прытомная, казала яна. Яна паказала мне таксама спосаб апрытомнець, як вызначыць, сон гэта ці ява. Паглядзець на свае далоні. Гэта верне цябе да сябе, будзеш ведаць, што ты ёсць, казала яна.

Такім чынам, як толькі я страчвала на золку самакантроль, калі лупіла ў кацялкі, альбо ўдзень, калі слухала біццё ў барабаны пад вокнамі, калі я ўвальвалася ў біццё альбо біццё ў барабаны працінала іншыя мае заняткі ці насцігала мяне раптоўна падчас ежы, я адкладала сталовыя прылады, выцірала вусны сурвэткай і глядзела на свае далоні.

Карла сцвярджала таксама, што ніколі нельга быць пэўным, сны гэта ці ява. Яна казала, што звычайнай агульнапрынятай цэзурай ёсць сон і абуджэнне. Гэта вельмі простая тэорыя — усё, што адбываецца з намі падчас сну, ёсць сон, а ўсё, што наведвае падчас дзённай актыўнасці, — ява. Явіць — яна першай ужыла гэты дзіўны дзеяслоў. Мне ён не падабаўся. Ява — гэта штосьці, што не адбываецца насамрэч. Калі я кажу “яві мне сябе”, гэта гучыць так, быццам я не да канца ўпэўненая, сапраўды штосьці ёсць, ці мне толькі здаецца, што яно ёсць. Мусіць быць нейкае іншае слова, супрацьлеглае сну.

Той восенню адчуваліся перамены, што надыходзілі адусюль. Гэта было бачна голым вокам. Боты з вострымі насамі выціскалі боты з насамі квадратнымі, фіялетавы межаваў з хакі, а чарноцце паволі залівала крамныя вітрыны, выціскала істэрычную чырвань на ўскрайкавыя вуліцы.

Я сыходзіла да іх ужо амаль штовечар. Калі я заканчвала свае нудотныя абавязкі, гэтае сядзенне ў паперах, перакладанне іх з адной купкі ў іншую, занатоўкі, фармулёўкі сказаў і цэлых выслоўяў пра нейкія неістотныя справы, я брала з лядоўні банку піва альбо скрынку печыва і ішла.

Бадай ніколі гэта не былі адны і тыя ж людзі. Нехта прыбываў, кагосьці не ставала. Полымя вогнішча, якое палілі ў металічнай бочцы, змяняла рысы твару. Змяняліся таксама барабаны. Найбольш я любіла, калі з'яўляўся стары, палінялы ромельпот — так ён называўся. Гэта быў барабан высокі, годны, з дзіркай у мембране, праз якую цягнуўся шнур — барабан прамаўляў, спавядаўся цэлымі гадзінамі, галасіў і спяваў. Гэта ён быў каралём, а не тойвялікі турэцкі барабан, які прыносілі два хлопцы і ў які лупілі пасля з аднаго і другога боку мяккімі палкамі. Да ромельпота была чарга, кожны хацеў забыцца ў рытмічным грукатанні, пачуццёвым і хрыплым; на золку ўжо млелі рукі, пот заліваў вочы, цела слабла, ды нібыта ніколі не магло насыціцца. Ніколі не было гэтага досыць.

Адна поўная чарнаскурая дзяўчына прынесла індускі дамарн з дзвюма шарыкамі, прывязанымі на папружках па абодвух баках: калі круцілі рукой з барабанчыкам, шарыкі біліся аб напружаныя мембраны і стваралі неспакойны, нервовы рытм, рытм, што, падавалася, быў прадвесцем нейкай навальніцы, якая яшчэ прыйдзе, якая ўжо стаіць за даляглядам, ужо мацнее ў сабе, быццам праз хвіліну абрынецца громам на нашыя целы, нібы град. Дзяўчына выпраўляла па коле той дамарн, і кожны хацеў далучыцца да гэтага прадвесця ачышчальнага катаклізму. Малы тыбецкі барабанчык, падобны да ляскотак, таксама перасцерагаў і раздражняў. Манатоннае націсканне было як напоўнены жалем псалом, бы скарга. Заўсёды з'яўляўся нехта не да канца цвярозы, хто хапаўся з наскоку за тамбурын, самы спакойны, самы паважны інструмент. Ніхто не перашкаджаў. Хай яму здаецца, што ён вярнуўся ў дзіцячы садок. Цяпер ён валіў кулаком у мембрану, ажно калаціліся бляшаныя колцы, ажно невыносным рабіўся гэты металічны гук. А калі п'яны тамбурын рэзка вяртаўнас да прытомнасці, да яго напэўна далучаўся малы барабан, ягоны вайсковы сваяк, і рабілася трывожна: малы барабан казаў, што гром, які надыходзіць, па сутнасці ёсць кульмінацыяй бітвы, якую трэба весці кожны дзень наноў і не імкнуцца пазбегнуць яе. Ствараўся нясцерпны шум, і тады далучалася рэшта: афрыканскі дундун, ідыяфон-разак, што пераймаў чалавечую мову, тымпанон, на якім гралі адно жанчыны, мноства падвоеных накараў, паасобныя барабаны, зробленыя дома абы з чаго, дзіцячыя барабанчыкі, набытыя ў цацачнай краме, а таксама выкшталцоны экзатычны му-ю ў форме рыбы. І толькі цяпер стваралася сапраўдная сімфонія здзяйснення — рытмы накладаліся адзін на адзин, рэзаніравалі, адставалі. Яны адкрывалі цыклы, стваралі асіметрыю, каб зараз жа ўпарадкаваць і шчыльна закрыць яе. Кожны з нас быў раздзёрты неспакойнай хваляй, паглынаў рытм знутры, нібыта нешта больш значнае за жаласлівы піск нашага “я”. Рытм натоўпам каціўся па нас, нішчыў нас, быццам мы былі гатовыя да надыходу буры. А калі ўжо яна прыходзіла, мы капітулявалі перад ёй з недаверам, з заплюшчанымі вачыма, як пад струменямі дажджу.

Пасля ўсё сціхала. Заставаўся толькі нейкі малы гук дзіцячага барабанчыка, які парадкаваў час сіметрычна, як гадзіннік — цiк-тaк, цiк-тaк. Рытм пачынаў ствараць час спачатку. І так некалькі разоў за ноч. Музыка навальвалася і сціхала. Зранку заставаўся толькі нехта за варту, той, хто пільнаваў, каб не перапыняць біццё ў барабаны.

Гэта было адзінай нязменнай рэччу ў горадзе, якая для мяне існавала. Можа, акурат дзякуючы гэтаму біццю ў барабаны горад трымаўся яшчэ ў паслухмянстве, хаця відавочна сам не ведаў, каму за гэта дзякаваць.

Я пасябравала з Карэн і ўсё менш сядзела ў сваіх паперах, затое цяпер амаль штодзённа сыходзіла да сквота, да яе фургона. Мы разам глядзелі тэлевізар, я займалася яе дзіцем, калі яна выходзіла. Я завязвала сабе на жываце хустку і ішла да іншых фургонаў, сядала на старыя канапы і моўчкі глядзела з ёйтэлевізар. У іх было шэсць тэлевізараў (адзін з іх стаяў вонкі, пад дрэвам, а ад дажджу яго ахоўваў вялікі чорны парасон, уторкнуты ў зямлю), якія заўсёды паказвалі нешта іншае. Таму калі хадзіць ад аднаго да другога, можна было трымаць на воку ўвесь свет. Войны, пластычныя аперацыі на Бермудах, дзікія звяры ў саване, чалавечы сэкс, вайсковыя парады ў Паўночнай Карэі, бясконцыя паказы мод. Часта мяне прымалі за Карэн, асабліва калі ў мяне было з сабой дзіця. Я не пратэставала. Мы абедзве сядалі апоўдні на лаўцы ў Сабачым парку і ўглядаліся ў жанчын у чадрах, захутаных з галавы да ног, альбо ў барадатых старых у суконных капялюшыках.

Ці можаш ты не думаць? — спытала яна мяне неяк. Зразумела, сказала я. Я сядзела, абапёршыся на спінку лаўкі і ўтаропіўшыся ў мыскі ботаў, і паглыблялася ў гушчыню ўласных думак — адны думкі былі тоўстыя і сціслыя, iншыя — слабыя і празрыстыя, яны злучаліся ланцужком і наліваліся, пераходзілі адна ў адну, урэшце закручваліся, бы брэцлі [3], бы чорныя цукеркі з глазурай, а пасля жэліраваліся разам з бурбалкамі, што плылі ўгару. Мы — зманлівая плынь, паўтарала Карына з нейкай асалодай, асабліва тады, калі ў яе атрымлівалася падкінуць камусьці дзіця і спакойна закурыць самакрутку. Няма ніякіх нязменных вызначаных цэнтраў, няма кірункаў, ёсць толькі няспынны ток, паўставанне і хуткае знікненне. Так што калі здзейсніць падарожжа ў сярэдзіну кожнага моманту, выявіцца, што базавыя, як нам здаецца, цаглінкі існавання — гэта пустое месца паміж “ужо было” і “толькі будзе”. Свет складаецца з пустэчы, і, на жаль, няма словаў, каб гэта выказаць. А тое, што мы прымаем за рэальнае, у тым ліку саміх сябе, ёсць яе хвілінным прыступам, парушэннем дасканаласці неіснавання. І што? — дапытвалася я, бо ў мяне была звычка зацягвацца цыгарэтай і доўга выпускаць дым поўнымі колцамі. Нічога, казала я праз хвіліну. Адзінае, што нам застаецца, — гэта трымацца так, быццам ўсё рэальна існуе, так, як хоча гэта ўспрымаць нашае адначасова нерэальнае і нязвыклае да небыцця цела. Жыць так, як нібыта абавязвае праўда, якую мы праз хвіліну паставім пад сумнеў. Падпарадкоўваць сябе пачуццям і таму, пра што кажам. Разглядаць гэта як абсалютнае права. Філасофскі эталон з Сеўра пад Парыжам. Штодзённа раніцай выцягваць з-пад павекаў адчуванне мізэрнасці і марнасці і нырцаваць у раздзёрты струмень ілюзіі. Даваць сябе несці і рабіцца каляровым міражом. Але памятаць праўду.

Я паглядзела на свае далоні.

Найперш я набыла шапку з прычэпленымі да яе чорнымі касічкамі. Мае радужныя абалонкі пацямнелі. Калі я ўпершыню прымерала яе перад люстрам, то ўбачыла, як на мяне вырачылася нейкая дзяўчынкападобная фігура. Я дадала шырокія штаны, што аблягалі толькі на сцёгнах, цяжкія боты — і вырушыла на ровары ў нязменны горад. І я насамрэч была той дзяўчынкападобнай істотай, бо так мяне бачылі іншыя. Менавіта так я адлюстроўвалася ў тварах іншых людзей, і чым больш я была такой для іх, тым больш такой рабілася для сябе. Я ўжо не курыла цыгарэты, мяне не займалі паперы на стале і важныя рубрыкі. Мяне цягнула ў вытаптанае месца, поўнае гучнай музыкі, поўнае падобных да мяне самой, — у зграйкі ля дыскатэкі на паркавым беразе гарадскога возера, у інтэрнэт-кавяранькі, дзе я з радасцю знаходзіла старонкі пра моду і Брытні Спірз. Мой голас зрабіўся вышэйшым, больш пісклівым, мая скура — больш гладкай, яна лягчэй адчувала пахі ветру і вады. Я сустракала іншых такіх, як я, і бавіла з імі празрысты і павярхоўны час у размовах. Дамаўлялася пра наступны вечар, але ніколі не была ўпэўненая, ці з'яўлюся там.

Вось дык палёгка зрабіцца хаця б на хвіліну кімсьці іншым ! У горадзе гэта было няцяжка, бо горад багаты на крамы і гандлёвыя дамы ўсіх відаў, усіх стыляў, усіх колераў. Існуюць таксама сэканд-хэнды, дзе вопратка перадаецца ва ўжытак іншым. Гэта грым і трэсы, лакі і фарбы, прытоны тату і цёмныя, утульныя тэрапеўтычныя кабінеты. Недастаткова сябе пераапрануць, змяніць колер валасоў ці прабіць ноздры і вусны срэбным колцам. Трэба яшчэ знікнуць самому. Засынаць нікім і прачынацца нікім. Ёсць неабсяжнай даўжыні сцежкі іншых людзей, што скрыжоўваюцца самі з сабой, і што можа ўтрымаць нас ад таго, каб змяняць сябе дашчэнту? Выходзіць з дома як A, а вяртацца як Б у іншы дом.

З матэрыялу, за капейкі здабытага на турэцкім кірмашы, я зрабіла сабе доўгую сукенку, а з рэшты — сапраўдную чадру. Пацямніла бровы хной. Я ездзіла на метро ў “каляровы” квартал і заглыблялася ў натоўп. Мацала спелыя дыні. Апускала вочы, калі натыкалася на позіркі вусатых мужчынаў. Я далучалася да шматдзетных сем’яў і ішла за імі, быццам іх паважная далёкая сваячка. Ішла ажно пад дзверы блокавых памяшканняў. Часам непрыкметна за імі ўваходзіла і сядала на канапу за моцную салодкую гарбату, якую піла з маленькіх шкляначак, а пасля дарабляла пакінутыя на століку ручныя вырабы — дзіцячыя шкарпэткі, суконныя капялюшыкі, майстэрскую абшыўку па баках хустачкі.

Я ўжо дакладна пачынала нешта мармытаць на іх цяжкай мове, ужо дапамагала прыносіць з кухні салодкія арэшкі і бралася ляпіць з кашы салодкія, мочаныя у сіропе шарыкі. Але пад вечар мне рабілася задушліва, нешта гнала мяне ад сябе, і на некалькі гадзінаў я ператваралася ў хлопца ў бейсболцы і клятчастай кашулі, які з'яўляўся там, дзе іншыя, і валіў у турэцкі барабан палкай з лямцавым наканечнікам.

Гэта было няцяжка. Так змяніцца. Я выцягвала з сябе гэтыя іншыя постаці, як трусоў з капелюша. Я не стварала іх, не гулялася ў іх.

У суботы я рабілася старой бруднай жабрачкай, якая перамервае блышыны рынак у пошуках пашкоджаных філіжанак і патрэсканых люстэркаў. Мне падабалася, як тады іншыя трымаліся воддаль ад мяне. У мяне ніколі не было столькі прасторы для сябе, як тады.

Раз на месяц я затрымлівалася ў нейкім гатэлі. Выдавала сябе за замежнага бізнэсоўца. Тады я запаўняла папяльнічкі недакуркамі і глядзела па тэлевізары каціроўкі даляра. У ваннай я пакідала па сабе пах адэкалону і рэшту крэму для галення. Чаявыя для пакаёўкі — заўсёды крыху больш, чым гэта было прынята, каб яна забыла пра кагосьці, каго не было.

Гэта мяне ніколі не турбавала. Ніколі. Урэшце, я не рабіла для гэтых пераменаў ніякага намагання, я нікога з сябе не выдавала, не грала, гэта не было тэатрам. Усю працу рабілі іншыя. Таму што ўвогуле не было і размовы пра мяне, намаганнедатычыла не майго быцця, але ўспрымання мяне іншымі — і таямніца заўсёды захоўвалася. Напэўна, гэта таму (хаця я ледзьве адчувала сваё адкрыццё), што мяне цягнула да вялікіх крамаў, да велізарных універмагаў, пабудаваных вакол рухомых сходаў, каб вазіць сябе туды і назад, угару і ўніз. Іншыя, напэўна, таксама прыходзілі да гэтай ідэі: у такіх месцах можна схавацца не толькі ад іншых, але ад самога сябе, ад кружэння вакол сябе і цяжкага складання сябе з паасобных частачак, як з кубікаў “лега”.

Такім чынам я рухалася, як усе гэтыя браты і сёстры ў хаосе, гэтыя супрацоўнікі ў яве, гэтыя адначасоўцы гульні, паміж асветленымі, бліскучымі секцыямі, поўнымі гадзіннікаў, сумачак, панчохаў, парфумы, французскіх сыроў і модных пантофляў. Рухацца — гэта ўсяго толькі мізэрны дадатак да нашага зроку. Я перамервала секцыі пахаў і праходзіла міма абыякава прыгожай прадавачкі з тонкімі пальцамі, што філігранна найгравалі мелодыі на клавіятурах касавых апаратаў. Я блукала ў лабірынтах развешаных касцюмаў — яны выглядалі як на хвіліну пазбаўленыя жыцця фігуры, што спяць у чакальнях вялікіх крамаў, але робяцца сапраўднымі, жывымі людзьмі дзякуючы нейкаму несвядомаму целу, якое іх калісьці наведае. Я нястомна вандравала сярод сховішчаў парцаляны, шкла, серабрыста-зіхоткіх сталовых прыбораў, мяккіх купаў ручнікоў і коўдраў, ссоўвалася па сходах уніз, увесь час у плыні іншых, каб на ніжэйшых узроўнях, там, дзе бары і “бістро”, хвіліну адпачыць з кавай, а пасля зноў працавіта ўскараскацца наверх, каб зноў дазваляць сябе замазваць, растапляць, зацямняць, выцвітаць, выціраць, размываць.

Я ішла смела, вялікімі крокамі і шматкроць адлюстроўвалася у вялізных шыбах. Нас было шмат, тысячы, можа, мільёны. Каля ўваходаў у метро сядзелі каляровыя людзі і лупілі ў барабаны.

Парыкі, прычэпленыя валасы неонавых колераў, чадра, але таксама натуральная сівізна, якая дадае павагі, выпраменьвае з твару спрактыкаваную мяккасць — я рабілася таксама няпэўнай жанчынай, што карпее ўдзень над сталом, поўным папераў, і часам размаўляе па тэлефоне. Гэта яна, калі стаяла ўвечары перад люстрам у ваннай, калі выцірала ваткай рэшткі макіяжу, заўважала са здзіўленнем, што пад тонкай скурай ёсць нешта цвёрдае і вартае даверу — чэрап. З гэтай думкай я ішла спаць.

Тая жанчына часам прыходзіла да нас з дзіцем Клары. Яна сядала на лаўку. Расказвала нейкую дзівацкую гісторыю пра чалавека, які загадаў зрабіць са сваёй скуры барабан, але ніхто з нас ужо не памятае, як яго звалі.

 

 

Пераклад зроблены паводле выдання: Olga Tokarczuk. Gra na wielu bębenkach. — Walbzych, 2002.

 

Каментар

1. Wuefu (Wayland Union Education Foundation) — міжнародная адукацыйная арганізацыя.

2. Мірабэлкі — ад мірабэль, гатунак слівы.

3. Брэцлі — завітушкі, пякарскі выраб, у Баварыі традыцыйная закуска да піва.

Пераклад з польскай – Юльян Гайдук © 2015

Чытайце таксама

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

Ігар Кулікоў

Ігар Кулікоў

Паэт і перакладчык.

Габрыэле Д'Анунцыё

Габрыэле Д'Анунцыё

Пералічэнне фактаў з біяграфіі не зможа даць нават аддаленага ўяўлення пра гэту неардынарную асобу

199