№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Говард Філіпс Лаўкрафт

Каты Ултара (The Cats of Ulthar)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Уладзіслава Гурыновіч
Кажуць, нібыта ў горадзе Ултар, які ляжыць над ракою Скай, законам сурова забаронена забіваць катоў. Я схільны гэтаму верыць, гледзячы на свайго ката, які, варкочучы, дрэмле каля каміна. Кот — стварэнне таямнічае і набліжанае да дзіўных існасцяў, якіх чалавечыя вочы не здольныя ўбачыць. Ён — душа сівога Егіпта, захавальнік паўзабытых паданняў з мёртвых гарадоў Мероэ і Афіра. Ён родзіч высакародных валадароў джунгляў, спадкаемца сакрэтаў спрадвечнай лютай Афрыкі. Вялікі Сфінкс — яго стрыечны брат, яны гавораць на адной мове, але кот старажытнейшы за Сфінкса, ён памятае тое, пра што Сфінкс даўно забыўся.
 
У горадзе Ултар, яшчэ да таго як гараджане прынялі закон, што забараняе крыўдзіць катоў, жыў стары арандатар са сваёй жонкай. Яны лавілі катоў, якія вольна гулялі па вуліцах, і з задавальненнем забівалі іх. Ніхто не ведаў, навошта яны гэта робяць, — магчыма, ім назаляла гучнае мяўканне ўначы, а магчыма, раздражняла каціная звычка шнырыць употайкі па чужых дварах і кветніках пасля заходу сонца. Але якая б ні была прычына, стары з жонкаю атрымлівалі нечуваную асалоду, ловячы і забіваючы кожнага ката, што з’яўляўся паблізу іхнай хаціны, і, мяркуючы з пранізлівага енку, што даносіўся з іх жытла з надыходам ночы, спосабы забойства былі жахлівыя. Але жыхары горада не асмельваліся нават слова сказаць старому і яго жонцы, бо іх зморшчаныя абліччы былі злоснымі і лютымі, а іхная хацінка, схаваная ў цёмным занядбаным дворыку пад разгалістымі дубамі, выглядала вельмі змрочна і злавесна. Усе гараджане, што мелі катоў, ненавідзелі гэтых дзіўнаватых старых, але яшчэ больш іх баяліся, і таму, замест таго каб пакараць забойцаў, пільна сачылі, каб іхныя ўлюбёнцы не набліжаліся да змрочнай хаціны, схаванай пад шатамі дрэваў. Калі ж праз недагляд кот знікаў, а потым чуліся жахлівыя крыкі ўначы, гаспадару заставалася адно плакаць над сваёй стратай альбо суцяшаць сябе, дзякуючы багам за тое, што такі жудасны лёс напаткаў усяго толькі ката, а не аднаго з ягоных дзяцей. Бо жыхары горада Ултар былі людзьмі простымі і не ведалі, з якіх абшараў прыйшлі каты ў наш свет.
 
Аднойчы на вузкіх брукаваных вулачках Ултара з’явіўся дзіўны караван з поўдня. Цемнатварыя вандроўцы не былі падобныя да іншых качэўнікаў, якія двойчы ў год праязджалі праз горад. Размясціўшыся на кірмашовай плошчы, вандроўнікі заняліся варажбой. Яны прадказвалі лёс гараджанам у абмен на срэбныя манеты і куплялі пярэстыя каралі ў мясцовых гандляроў. З якой краіны прыйшлі вандроўнікі, ніхто не ведаў, але гараджане бачылі, як яны ладзяць дзіўныя богаслужэнні і малююць на сценах сваіх павозак незвычайных істот з целамі людзей і галовамі катоў, сокалаў, бараноў і львоў. А кіраўнік каравана насіў на галаве вычварны ўбор, упрыгожаны двума рагамі, паміж якімі размяшчаўся дыск.
 
Сярод таямнічых вандроўнікаў быў хлопчык, у якога не было ні маці, ні бацькі, адно толькі маленечкае чорнае кацяня. Усе яго родзічы памерлі ад чумы, і ніхто не мог суцешыць ягонае гора, апроч гэтага маленькага пухнатага стварэння: самотнае дзіця цешылася і забывала пра сваю скруху, гледзячы на свавольства гарэзлівага чорнага кацяняці. Хлопчык, якога цемнатварыя вандроўнікі звалі Менес, часам плакаў, але часцей усміхаўся, гуляючы са сваім кацянём на прыступках размаляванай павозкі.
 
Тры дні прабылі вандроўнікі ў горадзе Ултар, і на трэці дзень чорнае кацяня знікла — Менес шукаў яго ўсю раніцу, але так і не здолеў знайсці. Калі хлопчык, плачучы, стаяў пасярод кірмашовай плошчы, да яго падышлі чуллівыя гараджане і расказалі яму пра старога і ягоную жонку, а таксама пра жахлівыя крыкі, якія былі чуваць гэтай ноччу. Даведаўшыся пра тое, хлопчык перастаў плакаць і занурыўся ў думкі, а потым пачаў маліцца. Ён узняў рукі да сонца, прамаўляючы словы малітвы на невядомай мове, якую ніводзін гараджанін не мог зразумець. Зрэшты, яны не надта імкнуліся яе зразумець, бо ўся іх увага была прыцягнутая да неба і да аблокаў, з якімі пачалі адбывацца дзівосныя пераўтварэнні. Нібыта ў адказ на малітвы хлопчыка, аблокі ў небе змянялі форму, і ў вышынях паўставалі прывідныя, туманныя абрысы загадкавых істот — напалову людзей, напалову звяроў, увянчаных каронамі ў выглядзе дыскаў з двума рагамі па баках. Прырода багатая на невытлумачальныя з’явы, здольныя ўразіць чуллівую душу.
 
Уначы вандроўнікі з’ехалі з Ултара, і больш іх тут ніколі не бачылі. А гараджане занепакоіліся, бо ў тую ж ноч усе каты і коткі зніклі з горада. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, жоўтыя і белыя — усе пакінулі сваіх гаспадароў і сышлі невядома куды. Стары Кранон, бурмістр, сцвярджаў, што гэта цемнатварыя чужынцы забралі ўсіх катоў, каб адпомсціць за забойства кацяняці Менеса, і кляў апошнімі словамі і вандроўнікаў, і хлопчыка. Але Ніт, хударлявы натарыус, меркаваў, што гэта хутчэй за ўсё справа рук старога арандатара і ягонай жонкі, чыя нянавісць да катоў была ўсім вядомая і не мела межаў. Але ніхто так і не асмеліўся пайсці да жахлівых старых і запатрабаваць ад іх тлумачэнняў, хаця маленькі Атал, сын карчмара, казаў, што напярэдадні вечарам ён бачыў усіх катоў Ултара ў тым праклятым двары пад дрэвамі. Каты акружылі хаціну і павольна набліжаліся да яе, ідучы ўрачыста, па двое ў шэрагу, нібыта падчас нейкай нечуванай цырымоніі. Дарослыя не ведалі, ці многа праўды ў словах маленькага хлопчыка, і хаця здавалася цалкам магчымым, што зласлівыя старыя зачаравалі катоў, завабіўшы іх у смяротную пастку, было вырашана ні ў чым іх не абвінавачваць — прынамсі пакуль яны не выйдуць са свайго цёмнага і агіднага жытла.
 
У тую ноч жыхары Ултара адышлі да сну ў гневе і непакоі, а калі прачнуліся на досвітку, то ўбачылі, што — о цуд! — усе каты і коткі вярнуліся да сваіх гаспадароў. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, жоўтыя і белыя — усе былі на месцы. Каты зрабіліся надзвычай гладкімі і тлустымі і гучна варкаталі на знак задавальнення. Гараджане ажыўлена абмяркоўвалі незвычайнае здарэнне. Бурмістр Кранон упарта паўтараў, што катоў забіралі цемнатварыя прыхадні, бо ніводзін кот не вярнуўся б жывым з хаціны старога арандатара і ягонай жонкі. Але гараджане прыкмецілі адну асаблівасць: каты больш не хацелі есці свежае мяса, якім іх частавалі гаспадары, і нават не глядзелі на сподачкі з малаком. Гэта здавалася вельмі дзіўным. І цэлыя два дні тлустыя лянівыя каты Ултара не дакраналіся да ежы, а толькі драмалі каля агню і грэліся на сонцы.
 
Мінуў цэлы тыдзень, перш чым гараджане заўважылі, што за ўвесь гэты час у вокнах змрочнай хаціны пад дрэвамі не прамільгнула ні агеньчыка. А хударлявы Ніт нагадаў, што з той ночы, калі з Ултара зніклі каты, ніхто больш не бачыў на вуліцах горада ні старога арандатара, ні ягонай жонкі. Калі мінуў яшчэ тыдзень, стары Кранон вырашыў, што трэба пераадолець страх і выявіць прычыну такой падазронай цішыні, бо гэта, урэшце, яго абавязак бургамістра. З мэтай перасцярогі бурмістр узяў сведкамі каваля Шанга і каменячоса Тхула, і ўтраіх яны скіраваліся да хаціны. Узламаўшы хісткія дзверы, яны ўбачылі два абгрызеныя дачыста чалавечыя шкілеты, якія ляжалі на земляной падлозе, і мноства брыдкіх чорных жукоў, якія кешкаліся ў цёмных вуглах.
 
Гэтае здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Горача спрачаліся гарадскі коранер Затх і хударлявы натарыус Ніт, а Кранона, Шанга і Тхула проста закідвалі пытаннямі. А маленькаму Аталу, сыну карчмара, учынілі ледзь не допыт, потым узнагародзіўшы яго салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з яго чорным кацянём, і малітву Менеса, і тое, што дзеялася ў небе падчас гэтай малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, а таксама тое, што было знойдзена неўзабаве ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
 
І ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, — закон, паводле якога ў горадзе Ултар сурова забаронена забіваць катоў.
 
1920
Пераклад з ангельскай – Уладзіслава Гурыновіч © 2014

Чытайце таксама

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

Говард Філіпс Лаўкрафт

Говард Філіпс Лаўкрафт

Амерыканскі пісьменнік, які працаваў у жанрах хорару, фэнтэзі і навуковай фантастыкі, на той час вядомых як проста “дзіўная літаратура”

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Культавы беларускі паэт і перакладчык

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

963