№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дар'я Трайдэн

Нямая

Апавяданне

Лана доўга абірала букет для гэтай незнаёмай дзяўчыны. Нязграбная ў словах, яна імкнулася звязаць тканіну адносінаў паднашэннямі — старадаўняя мова павагі была больш зразумелай і менш балючай за прамовы, якія перасякаліся ў паветры, нібы нажы.          

Лана пакідала людзям столькі, колькі вымагала сітуацыя. Яна лічыла хабар самай натуральнай формай афіцыйных зносінаў, спакойным і мудрым шляхам да пажаданага. Падарунак быў яе вітальным словам, яе падзякай, яе цвёрдай любоўю, яе нерашучай надзеяй на блізкасць.

Старыя багі патрабавалі падарункаў і хабараў, каб пераканацца ў адданасці мэце, у чыстаце малітвы. Рэч патрэбная на тое, каб зазірнуць у сэрца і ўпэўніцца: чалавек ведае, што жыццё — гэта бясконцы абмен, і нельга толькі атрымліваць без аніводнай страты. Рэч патрэбная на тое, каб праверыць, ці адрознівае чалавек сутнасць падарунка і хабару.

Сям'я Кахоцкіх многа пераязджала: Лана нарадзілася ў Германіі, праз чатыры гады Кахоцкія пераехалі ў Ізраіль, праз тры вярнуліся ў Беларусь — і мовы ў ёй змяшаліся і заблыталіся. Болей Лана не спрабавала размаўляць — яна ведала, як лёгка несці пачуццё ў падарунках, жэстах, позірках, рытме рухаў і набліжэнняў, а таму не мела патрэбы ў новых гульнях. Дзеці лічылі Лану нецікавай дачкой багатых бацькоў, якой нечага паказаць, акрамя сваіх грошай. Толькі некаторыя сустрэчныя разумелі, чаму яна маўкліва цягне рукі са скрынкай у хрумсткай прыгожай паперы. Звычайна ў іх не было чаго даць ёй, акрамя прысутнасці, дотыку, гарманічнага рытму хады, белай дарогі пасярод рудых дрэваў. Але гэта быў правільны адказ — яны давалі тое, што маглі, тое, чаго ў Ланы не было, і пах ліпы быў ладанам, і сосны складалі імклівыя прывідныя фрэскі, і простая лясная кветка глядзела ласкава, як святая Марыя.

З тымі, хто ружавеў і прымаў падарункі ў хваляванні, хто абяцаў вачыма помніць яе і лашчыць гэтую рэч, такую прыгожую, патрэбную, — з тымі Лана была шчаслівая.        

“Ігнат, што з ёй рабіць? Яна набывае сяброў за грошы, дзічыцца, слова не выцягнуць. Што з яе будзе, калі працягне так тыркаць усім банцікі і каробачкі?” — маці клапацілася пра Лану, як клапоцяцца прыгожыя жанчыны, расчараваныя тварамі і здольнасцямі любімых дзяцей.           

“Нічога, усё зразумее”, — Кахоцкі паціснуў плячыма. Бізнэс без лёгкіх стымуляцый і сімуляцый не працуе, таму Лана, можа, і не дурніца. Ён развіваў у дачцэ іншыя навыкі забяспечанага жыцця: замежныя мовы, усмешка без жадання ўсміхнуцца, матэматычны падлік карыснасці знаёмства, атрыбуты абранасці — Ігнат Кахоцкі даў столькі ўрокаў, а яна маўчала, яна шукала стужкі для падарункаў, цешылася не абранасцю, а абрадавасцю, радасцю, яна дыхала плебейскім паветрам кухняў бабуліных сябровак і хавала паштоўкі, якія пакуль няма каму падпісаць.

Кахоцкія неякубілі ў яе кепскаватую польскую і выправілі вучыцца ў Варшаву.

Калі Лана кінула варшаўскі гістфак, бацькі параілі ёй знайсці працу (і пажадана ў сталіцы, каб Лана глядзела на шчаслівых мінскіх студэнтаў — і адчувала сорам, і рыхтавалася да экзаменаў, і сніла сябе першакурсніцай, пажадана факультэта міжнародных адносінаў). 

Але Лана ўладкавалася на працу фларысткай, працавала ноччу, палову дзён тыдня спала, другую палову бавіла без шчаслівых студэнтаў і іншых герояў чужых фантазій. Спачатку яна жыла ў кватэры бацькоўскіх сяброў — сямейнай пары навукоўцаў, якія ў той час паехалі нешта паралельна вывучаць у Швецыі. Калі сінхронныя даследчыкі вярнуліся, Ланіна адзіноцтва якраз пералівалася праз край усіх кубкаў, і рукі стаміліся ад дотыкаў да нежывых непатрэбных падарункаў, і пах кветак, якія пойдуць да чужых каханак, пазбаўляў прытомнасці.

Лана пачала шукаць новы дом.

Знаёмы даў Лане нумар дзяўчыны, ад якой з'ехала суседка. Яны дамовіліся на сустрэчу праз Фэйсбук і, здаецца, паразумеліся, але ўсё роўна было страшна, і сэрца кожную ноч атрымлівала назад нераскрытыя пакункі, і сны поўніліся шапаценнем паперы для падарункаў, і гэты пошум зліваўся ў словы без сэнсу — яна прачыналася ў жаху ад таго, што страціла разуменне чалавечай мовы і назаўсёды застанецца адна.

Лана абрала сціплыя светла-фіялетавыя кветкі.

Была ранняя вясна. Снег пачаў сыходзіць, але пакуль ляніва. Ён гулліва пакідаў сваю белізну пад вокнамі і дрэвамі, ціха падаў раніцай, каб адразу растаць — на тварах (белых-белых), на каўнярах (мяккіх, мёртвых), на вейках (цвёрдых, сонных, жывых). 

У думках Лана адразу пачала зваць яе Суседкай. Лана паспела столькі сказаць гэтым фіялетавым кветкам, так выкшталцона вылічыла будучыню па падабенстве яе вачэй і пялёсткаў, што падавалася: яны ўжо даўно знаёмыя.

Суседка ўзяла букет. Перад тым як адвесці руку назад да цела, дзяўчына патрымала яе ў паветры, быццам спрабавала прызвычаіцца да вагі фіялетавых кветак, вывучыць перахрыст сцяблінаў. А пасля рука з букетам прыціснулася да грудзей, і гэты парывісты жэст даказаў ціхае “дзякуй”, выказаў разуменне недастатковасці маўлення.

Лана насіла кветкі штотыдзень.

Ставіла букеты ў высокую крыштальную вазу на ўскрайку стала, і пах прахалоднага лісця і пялёсткаў абводзіў заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны, раскіданыя ў снах валасы. Празрыстасць вады і крышталю прыцягвала першыя прамяні раніцы, якія зырка адбіваліся на суседчынай шчацэ. Суседка прачыналася ад дотыку святла, бачыла букет з белай атласнай стужкай — і ён быў кнігай, размовай, пажаданнем, бутонам новага дня, што распускаўся дзеля яе адной.

Чытайце таксама

Кен Кізі

Кен Кізі

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, паўплываў на фармаванне руху хіпі

Паўліна Скурко

Паўліна Скурко

Гісторык

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Эн Сэкстан

Эн Сэкстан

Амерыканская паэтка, уладальніца Пулітцэраўскай прэміі.

572