№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Манула Каліцка

Шчотка, ануча і Божае Нараджэнне (Miotła, ścierka i Boże Narodzenie)

Калядная гісторыя

Пераклад з польскай Галіна Міхнюк

Я выйшла з псіхушкі.

Ці лепей мне? Было так кепска, што горш і не ўявіш.

Я сядзела адна ў пустой, разгромленай кватэры. За акном — слота, снег з дажджом, а я тупа ўтаропілася ў брудную стальніцу і хацела памерці. Яшчэ ідучы ад прыпынку, прымервалася збочыць да Віслы.

Цяпер у панурай кватэры я шкадавала, што не зрабіла гэтага.

Ужо год з гакам, як усё на мяне пасыпалася.

Трое дзяцей, я цяжарная, а Анджэй альбо дзесьці шляецца, альбо п’яны. Застаецца сядзець і плакаць. Толькі калі я плакала, ён быў яшчэ горшы. Біў што мяне, што дзяцей. Мяне, бо ў доме гармідар. Дзяцей, бо раўлі. А ў мяне ўсё з рук валілася, нічога не магла зрабіць.

Як нарадзіла Дагусю, стала яшчэ горай. Вярнулася з бальніцы проста на поле бою: Анджэй учыніў скандал і знік. На тыдзень. Спачатку спрабавала неяк трымацца, але пад канец ужо ўвесь час плакала і злегла ў ложак. Хацела памерці. Дзеці раўлі галодныя, а са мной нешта такое сталася, ні на што не зважала, толькі ляжала. Тады з'явілася медсястра да Дагусі і як убачыла, як я ў тым ложку ўсхліпваю, што ані слова не разабраць, то дзетак адразу ж забралі ў дзіцячы дом. Усіх. Увесь квартэт: Яцка, Бобка, Элю і малютку Дагусю. А мяне ўпакавалі ў хуткую і заперлі ў псіхушку.

Дактары пастанавілі: дэпрэсія.

Пабыла там год дый выйшла.

Навошта?

Нібыта здаровая, але дзеці ў прытулку, і Анджэй у якойсьці бабы пад Радамам. Нібыта багатай. Але з дому забраў усё хоць да чаго-небудзь прыдатнае.

Навошта мне жыць? Навошта?

Сядзела я так і настройвалася пайсці на гарышча скочыць з акна, калі ў кватэру ўварвалася Ксёнжкава з першага паверха.

— А што вы так седзіце, пані Аня? — пачала яна і агледзелася. — Добры кавардак тут у вас. Але я па справе. Адміністратарка казала, што шукаюць ахмістрыню, і мне цяпер прыйшло ў галаву: гэта акурат для вас...

— Для мяне? — прамармытала я якімсь здушаным голасам, адкашлялася і пашукала чым выцерці нос, бо вочы ўжо працерла рукавом раней, калі ў дзверы пачулася груканне, па якім Ксёнжкава ўляцела як бомба, не чакаючы запрашэння.

— Так, зможаце пры дзецях дома працаваць, — патлумачыла яна, увесь час прыглядаючыся да навакольнай галечы. — Ну, то як? — запытальна і настойліва зазірнула Ксёнжкава ў мае заплаканыя вочы.

Дасюль жа яна пазбягала глядзець на мяне, толькі кавардак інспектавала сваім свідруючым позіркам.

— Я не здолею, — прашаптала я і асела на хісткім крэселцы, што нейкім цудам засталося ў кватэры. А можа, не цудам. Кульгавае было, вось чаму. Я пачувала сябе няздатнай падняць руку, не тое што прыбіраць усю нашую камяніцу. Тры паверхі, склеп, вялікі падворак. Мне хацелася паваліцца на тапчан і заснуць. Можа, не прачнуся? Як бы я гэтага хацела. А Ксёнжкава далей пра прыбіранне балбатала. Я чула і бачыла яе як праз туман.

— Што вы такое гаворыце — як трэба, то ўсё здолееце. Ну, хадзем? Каб нам тую працу не перахапілі. Пайду з вамі, прапільную, каб вам дасталася.

І яна пайшла і прапільнавала. А я, не маючы сіл адмовіцца, павалаклася за ёй, шморгаючы носам.

Твар абмыла вадой у прыбіральні адміністрацыі — так Ксёнжкава загадала, а пасля ўпіхнула мяне ў той пакой.

Праз дзве гадзіны я выйшла з венікам, шчоткай і мыйнымі сродкамі.

Я — новая ахмістрыня.

Іншымі вачамі паглядзела я на нашую камяніцу.

— Што, страшны бруд? — спытала Ксёнжкава.

Сапраўды, брудна было, аж страх. Пачала адразу.

Ад акна на гарышчы, праз якое скакаць збіралася. Наступнага дня мыла вокны, сцены і дзверы далей. Потым узялася за прыступкі. І было мне добра, бо калі я працавала, то не думала. Толькі, як машына, шаравала, шаравала, шаравала.

А ўвечары змораная валілася ў ложак. Спала моцна. Добра спала. Раніцай падсілкоўвалася чым было, — і далей за працу.

І калі я так працавала, кожны са мной словам перакідваўся, усміхаўся мне.

Пісарская з другога паверха, што мае краму на Брэскай, пацікавілася:

— Як там у дзяцей?

І здзівілася страшна, калі я адказала, што не была ў іх. Але як я магла пайсці, гроша не маючы, каб ім цукерак занесці. Яны б дадому прасіліся, а ў доме нічога, нават пасцелі. Узяла пару злотых у апецы і сухія булкі ем — так я ёй сказала.

Хай ведае, што я не дрэнная маці, проста дзіцянятам у вочы зірнуць не магу. Што я ім? Нічога. Нічога не маю.

Сумелася тая Пісарская, але я ж сказала як ёсць. Праўду сказала. Увечары яна зайшла да мяне.

— Пані Аня, вось тут пасцель нашая старая, яшчэ прыдатная, і сто злотых, вазьміце, прашу. Купіце што тэрмінова трэба, вазьміце, не адмаўляйце мне...

Падзякавала я ёй, а яна агледзелася і кажа:

— У сябе яшчэ не прыбралі?

Няёмка мне зрабілася.

Часу не было.

Наступнага дня хутка лесвічныя клеткі абляцела і за свае вокны ўзялася. Потым усё павычышчала. Нават расхістанае крэсла і шафу. Нібыта сурокі здымала. Новае жыццё ўва мне паўстала, хоць сіл я не мела. Увечары сядзела зусім змардаваная, але шчаслівая, з падкурчанымі нагамі на тапчане, пазірала на наўкольную прыгажосць, калі зноў прыйшла Пісарская.

— О, які вы тут бляск навялі! — са здзіўленнем усклікнула яна. — А я штось яшчэ вам прынесла.

І яе муж упырхнуў са старым тэлевізарам.

— Цалкам спраўны! — сказала Пісарская.

Сапраўды, выдатна паказваў. Ксёнжкава, якая заўсёды ўсё мусіць ведаць, тут жа ўвалілася да мяне і, убачыўшы, што Пісарскія мне тэлевізар далі, радыё прынесла, бо мела два, а навошта ёй два. Так яна сказала.

Раніцай я прыбрала лесвічныя клеткі і ўзялася за мыццё. Цяжкая гэта была праца — насіць памытае на гарышча, у сушыльню, але нейкая такая радасць ахапіла мяне, што я ўсё магла. Мыла ўжо з тры гадзіны, калі ўвайшла Ёла Кухарская з восьмай кватэры наконт перагарэлай лямпачкі на першым. Паглядзела на тое маё мыццё, і праз гадзіну яе муж пральную машынку прыпёр.

— Падшыпнікі ў ёй скрыгочуць, — сказаў ён, — але пакуль не разваліцца, лягчэй вам будзе.

Мала што далі пралку, яшчэ і адразу ён яе мне змантаваў, так што скончыла ўжо мыццё ў камфорце.

Праз усё гэта мяне такія сілы напоўнілі, што я сабралася і паехала ў дзіцячы дом. Такая зрабілася смелая.

Слодычаў накупіла паўнюткую торбу.

Радасць была велічэзная, плакалі мы зноў і смяяліся. Дзеці наўзахваткі расказвалі, што з імі за год адбылося.

Толькі Дагуся мяне не пазнавала. А вялікая вырасла і такая смутная была, шэрая тварам. Як узяла я яе на рукі, сэрца маё ледзь не спынілася. Худзенькая. А яна прытулілася да мяне, як зверанятка якое, учапілася аж да болю. І зноў плач, усю шыю мне абслініла, а я ёй толькі ў вушка нашэптвала:

— Матуля вярнулася, Дагуня мая ты, ужо ў мяне цябе не адбяруць. Забяру цябе адсюль, хоць бы не ведаю што, — так ёй абяцала.

Яна не разумела, але тое было не важна. Я ёй абяцала. І ўсё.

Пайшла я да кіраўніцы дзіцячага дома, аб працы ёй сказала, і што ёсць у мяне пралка і тэлевізар, якія суседзі далі.

Вочы мае ззялі, калі я з ёй размаўляла, была я ў вялікім узрушэнні і абяцала клапаціцца пра дзяцей. Звярталася да яе палка, горача, а яна да мяне ўважліва прыглядалася, нічога не казала, толькі слухала, а потым раптам дзяцей мне на свята паабяцала даць.

А можа, і назаўсёды, калі камісія вырашыць. Так яна сказала.

На Куццю купіла я селядцоў, капусты і буракоў. Што дазволіць сабе змагла.

Першай з самай раніцы прыйшла Ксёнжкава, прынесла дражджавое цеста, потым Пісарская паштэт, а Кухарскі ёлку, бо са шваграм гандляваў імі. Амаль кожны з камяніцы штосьці мне даў. Нават Піскорак, сам у нястачы, а рыбкі прынёс, у Вісле налоўленай.

Дзяцей я папаўдні прывезла. Такія шчаслівыя мы былі, што ўвесь час толькі і плакалі. Гэткі лёс наш, відаць.

Але іншы цяпер быў плач, іншы, чым раней.

Добрыя людзі жывуць у нашай камяніцы. Без пытанняў. Нічога не скажаш.

Пераклад з польскай – Галіна Міхнюк © 2015

Чытайце таксама

Дзмітрый Строцаў

Дзмітрый Строцаў

Нарадзіўся ў Мінску, дзе і жыве на дадзены момант

Анджэй Тшэбіньскі

Анджэй Тшэбіньскі

Польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст з "пакалення калумбаў"

Алвару ды Кампуш

Алвару ды Кампуш

Знакаміты гетэронім партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа

Эмілі Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан

Амерыканская паэтка, пры жыцці надрукавала каля дзясятка вершаў, пасля смерці зрабілася класікам

370