№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хорхе Луіс Борхес

Тямнічы цуд (El milagro secreto)

Апавяданне

Пераклад з гішпанскай Ганна Качалка

З серыі “Фікцыі”

І зрабіў яго Бог мёртвым на сто гадоў,

А пасля ўваскрасіў яго і сказаў:

— Колькі часу ты тут быў?

— Адзін дзень альбо частку дня, — адказаў ён.

Каран, ІІ, 261

 

У ноч на чатырнаццатага сакавіка 1939 году ў пражскай кватэры на Цэльтнергасэ Яраміру Хладзіку, аўтару няскончанай трагедыі "Ворагі", працы "Абвяржэнне вечнасці"і даследавання аб ускосных габрэйскіх крыніцах Якаба Бёмэ, прыснілася доўгая партыя ў шахматы. За першынства змагаліся не два гульцы, а дзве слаўныя сям’і, гульня цягнулася ўжо некалькі стагоддзяў, і ніхто не мог успомніць суму ўзнагароды, хоць і хадзілі чуткі пра тое, што яна была велізарная, нават незлічоная. Дошка з шахматнымі фігурамі месцілася ў таемнай вежы. У сне Ярамір быў першынцам адной з варожых сем'яў. Бой гадзінніка адзначаў час неадкладнага ходу, Хладзік бег пад дажджом па пясках пустыні і не мог успомніць ні назваў фігураў, ні правілаў гульні ў шахматы. У той самы момант ён прачнуўся. Грукатанне дажджу і жудасны бой гадзінніка спыніліся. З Цэльтнергасэ падымаўся роўны рытмічны шум, які часам перарываўся рэзкімі камандамі. Бралася на дзень. У Прагу ўваходзілі браніраваныя перадавыя атрады Трэцяга Рэйху.

Дзевятнаццатага да ўладаў дайшоў данос. У той самы дзень, на заходзе сонца, Ярамір Хладзік быў арыштаваны. Яго выклікалі у стэрыльна белы штаб на супрацьлеглым беразе Влтавы. Ён не мог абвергнуць ніводнага з абвінавачанняў гестапа: па лініі маці прозвішча яго было Яраслаўскі, у ім цякла габрэйская кроў, прагабрэйскімі былі і ягоныя даследаванні Бёмэ, у пратэстным лісце супраць Аншлюса фігураваў і ягоны подпіс. У 1928 годзе Хладзік пераклаў “Сэфер Ецыра” для выдавецтва “Герман Барсдорф”, выдавецкі каталог з камерцыйнымі мэтамі раздзьмуў славу перакладчыка; якраз гэты каталог і праглядаў Юліюс Ротэ — адзін з ваенных начальнікаў, у руках якіх знаходзіўся лёс Хладзіка. Няма чалавека, які па-за межамі сваёй сферы дзейнасці не быў бы легкаверным. Двух ці трох эпітэтаў гатычным шрыфтам было дастаткова, каб Юліюс Ротэ прызнаў значнасць Хладзіка і распарадзіўся, каб таго прыгаварылі да смяротнага пакарання pour encourager les autres [1]. Пакаранне было прызначанае на дваццаць дзявятага сакавіка, дзевяць гадзінаў раніцы. Гэтая адтэрміноўка (яе значэнне чытач пасля яшчэ ацэніць) тлумачыцца жаданнем адміністрацыі дзейнічаць неперадузята і паступова, падобна да раслінаў і планетаў.

Першым пачуццём Хладзіка быў проста жах. Ён падумаў, што шыбеніца, плаха ці гарота, яго б не напалохалі так, як расстрэл, які здаваўся проста невыносным. Дарэмна ён паўтараў сабе, што страшны сам факт смерці, а не канкрэтныя абставіны. Ён няспынна ўяўляў гэтыя абставіны, недарэчна спрабуючы вычарпаць усе варыянты. Ён зноў і зноў праходзіў праз гэта, пачынаючы ад бяссоннага світанку аж да містычнага залпу. І да дня, прызначанага Юліюсам Ротэ, ён перажыў сотню смерцяў на падворках, чые формы і куты стамлялі нават геаметрыю, яго расстрэльвалі розныя жаўнеры ў рознай колькасці: адны часам забівалі яго здалёк, іншыя — ва ўпор. Ён з сапраўдным страхам (а магчыма, з сапраўднай адвагай) сутыкаўся з гэтымі ўяўнымі пакараннямі, кожная карціна працягвалася некалькі секундаў, кола замыкалася, і Ярамір кожны раз з дрыготкай вяртаўся да перадпачатку сваёй смерці. Пасля ён прыйшоў да думкі, што рэальнасць не заўсёды супадае з прадчуваннямі, і, кіруючыся перакручанай логікай, зрабіў выснову, што ўявіць абставіны ў дэталях — значыць перадухіліць іх. Верны гэтай убогай магіі, ён выдумляў розныя жудасці — каб яны не адбыліся. Натуральна, ён скончыў тым, што пачаў баяцца, каб яны не зрабіліся прарочымі. Начамі няшчасны Хладзік імкнуўся хоць неяк замацавацца ў хуткаплыннай субстанцыі часу. Ён ведаў, што гэта будзе цягнуцца да світанку дваццаць дзявятага сакавіка, і разважаў уголас: “Цяпер ноч на дваццаць другога; і покуль доўжыцца гэтая ноч (і шэсць наступных начэй), я непераможны, я бессмяротны”. Ён думаў, што ночы сну былі глыбокімі і цёмнымі водамі, у якія можна было пагрузіцца. Часам ён нецярпліва і горача жадаў вызначанага пакарання, якое б так ці інакш вызваліла яго ад бессэнсоўнай працы — уяўляць. Дваццаць восьмага, калі апошні захад сонца адбіваўся ў высокіх жалезных кратах, ад гэтых прыгнятальных думак яго адцягнуў успамін пра сваю п'есу “Ворагі”.

Хладзіку мінула сорак. Па-за некаторымі сяброўскімі сувязямі і шматлікімі звычкамі яго жыццё зводзілася да даволі праблематычнага занятку літаратурай. Як кожны пісьменнік, ён меркаваў пра годнасць іншых па іх творах, але хацеў, каб іншыя яго судзілі па ягоных задумах і планах. Усе яго надрукаваныя кнігі выклікалі ў ім цяжкае пачуццё расчаравання. У сваіх даследаваннях творчасці Бёмэ, Ібн Эзры і Флада ён бачыў толькі простую стараннасць, у перакладзе “Сэфер Ецыра” — нядбайнасць, млявасць і недакладнасць. Не такім убогім ён лічыў хіба толькі “Абвяржэнне вечнасці”: у першым томе апавядаецца пра розныя тэорыі вечнасці, якія вынаходзілі людзі, пачынаючы ад пастаяннага Быцця Парменіда і да зменнага мінулага Хінтана, другі абвяргае (следам за Фрэнсісам Брэдлі) тое, што ўсе з’явы сусвету маюць часовую паслядоўнасць. У ім даводзіцца, што лічба магчымых досведаў чалавека не бясконцая і што дастаткова аднаго “паўтору”, каб давесці, што час — гэта падман… На жаль, не менш падманлівыя аргументы, якія выкрываюць гэты падман; Хладзік звычайна перабіраў іх з нейкай пагардлівай няёмкасцю. Ён склаў таксама цыкл экспрэсіянісцкіх вершаў, яны — да сораму паэта — з’явіліся ў анталогіі 1924 году, і не было потым анталогіі, якая б іх не перадрукоўвала. Ад усяго гэтага памылковага і бляклага мінулага Хладзік хацеў адкупіцца толькі вершаванай п'есай “Ворагі”(ён аддаваў перавагу вершам, таму што яны не дазваляюць слухачам забыцца пра пазарэальнасць, што ёсць умовай мастацтва).

У гэтай п'есе вытрымлівалася адзінства часу, месца і дзеяння. Дзея адбывалася ў Градчанах, у бібліятэцы барона Ромерштата, у адзін з апошніх вечароў дзевятнаццатага стагоддзя. У першай сцэне першага акта да Ромерштата прыходзіць незнаёмец. (Гадзіннік адбівае сем, апошнія гарачыя промні сонца запальваюць шкло, вецер даносіць знаёмыя гукі імклівай венгерскай музыкі.) За гэтым візітам ідуць іншыя, асобаў, якія яго турбуюць, Ромерштат не ведае, але ёсць трывожнае пачуццё, што недзе ён іх ужо бачыў — магчыма, у сне. Усе празмерна ліслівяць яму, але робіцца відавочным — спачатку гледачам драмы, пасля самому барону, — што гэта таемныя ворагі, якія змовіліся знішчыць яго. Але Ромерштат здолеў выкрыць і высмеяць іх складаныя інтрыгі. Раптам у размове закранаюць яго абранніцу, Юлію дэ Вайдэнаў, і нейкага Яраслава Кубіна, які калісь дакучаў ёй сваім каханнем. Гэты, у сваю чаргу, звар’яцеў і лічыць сябе Ромерштатам… Небяспека ўзмацняецца, у канцы другога акта Ромерштадт вымушаны забіць змоўшчыка. Пачынаецца трэці акт, апошні. Паступова павялічваецца блытаніна: вяртаюцца героі, якія, здавалася, ужо зніклі з сюжэта, на імгненне вяртаецца чалавек, забіты Ромерштатам. Нехта заўважае ўголас, што вечар не надышоў: гадзіннік б’е сем, у шкле адбіваецца захад сонца, паветра прыносіць палкую венгерскую музыку. Тут з’яўляецца першы госць і паўтарае словы, якія прамовіў у першай сцэне першага акта. Ромерштат без здзіўлення звяртаецца да яго, глядач разумее, што Ромерштат — гэта няшчасны Яраслаў Кубін. Трагедыі не адбылося: гэта проста кругазварот трызненняў, што бясконца перажывае Кубін.

Хладзік ніколі не пытаў сябе, была гэта трагікамедыя памылак бессэнсоўнай ці выдатнай, паслядоўнай ці выпадковай. Апісаны сюжэт — ён інтуітыўна адчуваў — быў найбольш зручнай выдумкай для таго, каб прыхаваць свае заганы і падкрэсліць перавагі, магчымасцю выразіць (у сімвалічнай манеры) асноўнае ў яго жыцці. Ён ужо скончыў першы акт і некаторыя сцэны трэцяга; вершаваны характар твора дазваляў перабіраць яго бясконца, шліфуючы гекзаметры, без рукапісу перад вачыма. Яму падумалася, што не хапае яшчэ двух актаў, а ён вельмі хутка памрэ. Ён размаўляў з Богам у цемры. “Калі я якім-небудзь чынам існую, калі я не адзін з тваіх паўтораў і памылак, то я існую як аўтар “Ворагаў”. Каб скончыць гэтую драму, якая можа апраўдаць мяне і Цябе, мне патрэбны яшчэ адзін год. Дай мне яго, Ты, Той, Каму належаць вечнасць і час”. Была апошняя ноч, найбольш цяжкая, але праз дзесяць хвілін сон паглынуў яго, бы цёмная вада.

Да самага світанку Хладзіку снілася, што ён заблукаў ў адным са сховішчаў бібліятэкі Клементынума. Бібліятэкар у чорных акулярах спытаў у яго: “Што вы шукаеце?” Хладзік адказаў: “Шукаю Бога”. Тады бібліятэкар сказаў яму: “Бог знаходзіцца ў адной з літар на адной са старонак аднаго з чатырохсот тысячаў тамоў Клементынума. Мае бацькі і бацькі маіх бацькоў шукалі гэтую літару, я стаў сляпым, шукаючы яе”. Ён зняў акуляры, і Хладзік убачыў вочы, што былі мёртвымі. Зайшоў, каб вярнуць атлас, нейкі чытач. “Гэты атлас бескарысны,” — сказаў ён і аддаў Хладзіку. Той адкрыў наўздагад. І, агаломшаны, убачыў карту Індыі. З нечаканай упэўненасцю ён дакрануўся да адной з найменшых літар. Усюдыісны голас сказаў яму: “Час для тваёй працы дадзены”. І тут Хладзік прачнуўся.

Ён успомніў, што сны людзей належаць Богу. Яшчэ Майманід пісаў: калі словы ў сне дакладныя і выразныя, але немагчыма ўбачыць, хто іх сказаў, то яны спасланыя Богам. Ён апрануўся; у камеру ўвайшлі два жаўнеры і загадалі яму ісці за імі.

Хладзіку ўяўлялася, што з іншага боку дзвярэй — лабірынт з галерэяў, лесвіц і пакояў. Рэальнасць аказалася не такой раскошнай: яны спусціліся на задні падворак па адзінай жалезнай лесвіцы. Некалькі жаўнераў — некаторыя ў расшпіленай форме — размаўлялі, разглядаючы матацыкл. Сяржант паглядзеў на гадзіннік: было восем гадзін сорак чатыры хвіліны. Трэба было чакаць, пакуль гадзіннік не пакажа дзевяць. Хладзік, хутчэй абыякавы, чым няшчасны, сеў на абярэмак дроваў. Ён заўважыў, што жаўнеры пазбягаюць сутыкацца з ім позіркамі. Каб палегчыць чаканне, сяржант даў яму цыгарэту. Хладзік не курыў, але цыгарэту ўзяў, ці то з ветлівасці, ці то з пакорлівасці. Прыкурваючы, ён заўважыў, што рукі ў яго дрыжаць. Спахмурнела, жаўнеры размаўлялі ціха, быццам ён ужо нежывы. Ён марна спрабаваў згадаць жанчыну, што была прататыпам Юліі дэ Вайдэнаў…

Жаўнеры пашыхтаваліся. Хладзік, стоячы каля сцяны казармы, чакаў залпу. Нехта выказаў занепакоенасць, што сцяна можа запэцкацца крывёю, і асуджанаму загадалі зрабіць некалькі крокаў наперад. Недарэчна, але Хладзіку гэта нагадала прыгатаванні перад здымкамі. Цяжкая кропля дажджу ўпала яму на скронь і павольна пакацілася па шчацэ. Сяржант выкрыкнуў апошнюю каманду.

І тут навакольны свет застыў.

Зброя была скіраваная на Хладзіка, але людзі, якія збіраліся яго забіць, знерухомелі. Рука сяржанта замерла ў незавершаным жэсце. На каменнай пліце падворка адбіваўся нерухомы цень ад пчалы. Вецер спыніўся, бы на карціне. Хладзік паспрабаваў крыкнуць, вымавіць слова, варухнуць рукою. І зразумеў, што спаралізаваны. Да яго не даходзіў нават самы слабы гук скамянелага свету. Ён падумаў: я ў пекле, я мёртвы. Ён падумаў: я звар’яцеў. Ён падумаў: час спыніўся. Пасля Хладзік узважыў, што ў такім выпадку думка б таксама спынілася. Яму захацелася гэта праверыць: паўтарыў (не рухаючы вуснамі) загадкавую чацвертую эклогу Вергілія. Ён уявіў, што далёкія жаўнеры падзяляюць яго трывогу: яму вельмі захацелася паразмаўляць з імі. Хладзіка здзівіла тое, што ён не адчувае ніякай стомы, нават млоснасці ад доўгай нерухомасці. Неўзабаве ён заснуў. Калі ён прачнуўся, свет па-ранейшаму быў нерухомы і нямы. На яго шчацэ па-ранейшаму заставалася кропля вады, на пліце — цень пчалы, дым цыгарэты, якую ён кінуў, так і не растаў. Прайшоў яшчэ “дзень”, перш чым Хладзік зразумеў.

Ён прасіў у Бога год, каб скончыць сваю працу: Усёмагутны даў яму год. Бог зрабіў для яго таямнічы цуд: яго заб’е нямецкая куля, заб’е ў вызначаны час, але ў галаве яго паміж загадам і выкананнем загаду пройдзе год. Ягоная разгубленасць перарасла ў надзвычайнае здзіўленне, здзіўленне — у пакорлівасць, пакорлівасць — у нечаканую ўдзячнасць.

У яго не было на чым пісаць, акрамя памяці. Завучванне кожнага новага гекзаметра надавала яму шчаслівае адчуванне дакладнасці, пра якое не здагадваюцца тыя, хто прыдумляе і тут жа забывае невыразныя і выпадковыя радкі. Ён працаваў не для нашчадкаў, нават не для Бога, чые літаратурныя густы ён ведаў дрэнна. Скрупулёзны, нерухомы, таемны, ён уплятаў у час свой высокі нябачны лабірынт. Два разы ён перарабляў трэці акт. Адмовіўся ад некаторых занадта відавочных сімвалаў: паўторнага бою гадзінніка, музыкі. Нішто яго не хвалявала. Ён апускаў, скарачаў, пашыраў; урэшце ён аддаў перавагу першапачатковай версіі. Яму пачалі падабацца падворак, казарма, твар жаўнера насупраць змяніў яго ўяўленне пра характар Ромерштата. Ён адкрыў, што цяжкія какафоніі, якія так хвалявалі Флабэра, — проста візуальныя забабоны, слабасці і перашкоды слова пісьмовага, але не слова, якое гучыць… Ён скончыў сваю п'есу: не хапала толькі аднаго эпітэта. Хладзік знайшоў і яго. Кропля вады пакацілася па яго шчацэ. У яго вырваўся звар’яцелы крык, ён павярнуў твар, чатыры кулі павалілі яго на зямлю.

Ярамір Хладзік памёр дваццаць дзявятага сакавіка, у дзевяць гадзін і дзве хвіліны раніцы.

 

Каментар

Pour encourager les autres — каб падбадзёрыць іншых (фр., іранічн.).

 

Пераклад з гішпанскай – Ганна Качалка © 2015

Чытайце таксама

Стывен Крэйн

Стывен Крэйн

Амерыканскі празаік, паэт і журналіст, наватар

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Данііл Хармс

Данііл Хармс

Рускі сатырычны паэт і празаік

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч

Беларускі пісьменнік, перакладчык з нямецкай, двойчы лаўрэат 2 ступені прэміі Гедройца

561