№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 2 лютага

  • 1529

    Памёр Бальдасарэ Касцільёнэ (іт. Baldassare Castiglione, нар. 6 снежня 1478), італьянскі пісьменнік эпохі Адраджэння. Аўтар трактата “Пра прыдворнага”, аднаго з самых знакамітых твораў Рэнесансу. Кніга, напісаная ў надзвычай папулярным тады жанры дыялогу, расказвае пра гутаркі, што вяліся пры ўрбінскім двары ў сакавіку 1507 г. Яна аб’ядноўвае ў сабе рысы мемуараў і маральнага трактату.

  • 1700

    Нарадзіўся Ёган Крыштаф Готшэд (ням. Johann Christoph Gottsched, памёр 12 снежня 1766), нямецкі пісьменнік, культурны дзеяч, крытык, тэарэтык ранняга Асветніцтва. Адзін з пачынальнікаў нямецкага асветніцкага класіцызму. Мастацкае светабачанне Готшэда мела вузкарацыяналістычны характар: у літаратуры найбольшае значэнне ён надаваў павучальнасці, змагаўся з традыцыямі барока.

  • 1849

    Нарадзіўся Павал Орсаг Гвездаслаў (славацк. Pavol Országh Hviezdoslav, памёр 8 лістапада 1921), славацкі паэт, драматург і перакладчык. Ён увёў сілабатанічны верш у славацкую паэзію, быў адным з асноўным прадстаўнікоў славацкага рэалізму, яго творчасць характарызуецца вялікай колькасцю неалагізмаў, чым робіцца складанай для перакладу на іншыя мовы. Сам Гвездаслаў перакладаў на славацкую Шэкспіра, Гётэ, Шылера, Пецёфі, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча. На беларускую мову вершы Гвездаслава перакладаў Васіль Сёмуха.

  • 1882

    Нарадзіўся Джэймс Джойс (анг. James Augustine Aloysius Joyce, ірл. Séamas Seoige, памёр 13 студзеня 1941), ірландскі паэт і празаік-мадэрніст. Раман “Уліс” – найбольш знакаміты твор Джойса, дзе на 600 старонках апавядаецца пра адзін дзень (16 чэрвеня 1904 году) з жыцця дублінскага габрэя Леапольда Блума. Нягледзячы на тое, што раман быў створаны за мяжой, аўтар сцвярджаў, што па ім можна было б узнавіць Дублін, калі б той быў разбураны. Дзень 16 чэрвеня адзначаецца аматарамі творчасці ірландскага пісьменніка ва ўсім свеце як Блумсдэй (Bloomsday). На сайце “ПрайдзіСвета” змешчанае апавяданне Джойса “Прыкрае здарэнне” ў перакладзе Ігара Бабкова.

  • 1922

    Выйшаў знакаміты раман Джэймса Джойса “Уліс”. Часткова на беларускую яго пераклаў Ян Максімюк.

  • 1942

    Памёр Данііл Хармс (руск. Даниил Хармс, сапраўднае прозвішча Ювачоў, нар. 30 снежня 1905), рускі празаік і паэт. 23 жніўня 1941 году арыштаваны за ўпадніцкія настроі (па даносе Антаніны Аранжэрэевай – знаёмай Ганны Ахматавай і шматгадовага агента НКУС). У прыватнасці, Хармсу ставіліся ў віну яго словы “Калі ж мне дадуць мабілізацыйны лісток, я дам у пысу камандзіру, хай мяне расстраляюць; але форму я не надзену” і “Савецкі Саюз прайграў вайну ў першы ж дзень, Ленінград зараз альбо возьмуць у аблогу, і мы памрэм галоднай смерцю, альбо разбамбяць, не пакінуўшы камня на камні”. Таксама Хармс сцвярджаў, што горад замініраваны, а на фронт пасылаюць бяззбройных салдатаў. Каб пазбегнуць расстрэлу, сімуляваў вар'яцтва; ваенны трыбунал пастанавіў “зважаючы на цяжар здзейсненага злачынства” ўтрымліваць Хармса ў псіхіятрычнай лякарні. Мяркуецца, што Хармс памёр у 1942 годзе падчас блакады Ленінграду, у найбольш цяжкі па колькасці галодных смерцяў месяц, у аддзяленні псіхіятрыі лякарні турмы “Кресты” (Арсенальная набярэжная, 9). На сайце “ПрайдзіСвета” яго творы можна знайсці тут.

  • 1955

    Нарадзіўся Лешак Энгелькінг (польск. Leszek Engelking), польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык. Перакладае з ангельскай (за пераклады паэзіі і эсэістыкі Э. Паўнда атрымаў узнагароды часопіса “Літаратура ў свеце” (1989) і Саюзу польскіх перакладчыкаў (2000)), гішпанскай, чэшскай, рускай, славацкай, украінскай моваў. Аўтар кніг “Хайку ўласныя і чужыя” (Haiku własne i cudze, 1991), “Пяты дом” (Dom piąty, 1997), “І іншыя вершы” (I inne wiersze, 2000) і інш. На беларускую вершы Энгелькінга перакладаў Андрэй Хадановіч.