№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 9 верасня

  • 1668

    Адбылася прэм'ера камедыі Мальера “Скупы” (L'Avare).

  • 1769

    Нарадзіўся Іван Катлярэўскі (укр. Іван Котляревський, памёр 10 лістапада 1838), украінскі пісьменнік, аўтар сатырычнай паэмы “Энеіда” (“Енеїда”) — першага мастацкага твора на сучаснай украінскай мове, адзін з ідэолагаў Асветніцтва ва Украіне, заснавальнік сучаснай украінскай літаратуры.

  • 1778

    Нарадзіўся Клеменс Брэнтана (ням. Clemens Brentano, памёр 28 ліпеня 1842), нямецкі паэт і празаік, які разам з Ахімам фон Арнімам лічыцца галоўным прадстаўніком гейдэльбергскага рамантызму. Свае першыя творы Брэнтана падпісваў псеўданімам “Марыя” і днём свайго нараджэння пазначаў 8 верасня — каталіцкае свята нараджэння Панны Марыі. Вершы Брэнтана на беларускую мову перакладалі М. Сяднёў, У. Папковіч.

  • 1820

    Нарадзіўся Джакома Занэла (іт. Giacomo Zanella, памёр 17 траўня 1888), італьянскі паэт і гісторык літаратуры. Сюжэтамі яго вытанчаных вершаў часта была навука і яе практычнае выкарыстанне. Аўтар некалькіх паэмаў і зборнікаў вершаў.

  • 1828

    Нарадзіўся Леў Талстой (руск. Лев Толстой, памёр 20 лістапада 1910), рускі пісьменнік, рэлігійны мысляр, асветнік і публіцыст. Удзельнічаў у Крымскай вайне і да літаратуры звярнуўся падчас вайсковай службы. Ужо першы раман Талстога “Дзяцінства” (“Детство”, 1852) быў заўважаны крытыкай. Да 1856 году, калі Талстой перастаў служыць, ён паспеў стаць знакамітым пісьменнікам. На беларускую мову творы Л. Талстога перакладаў Я. Брыль (апавяданне “Карней Васільеў”, Наша вера, №1(23), 2003) і інш.

  • 1886

    У Берне (Швейцарыя) падпісаная Канвенцыя аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў — першае міжнароднае пагадненне ў галіне аўтарскага права.

  • 1898

    Памёр Стэфан Малармэ (фр. Stéphane Mallarmé, нар. 18 сакавіка 1842), французскі паэт-сімваліст. Спачатку зазнаў моцны ўплыў паэзіі Ш. Бадлера, Э. По, Т. Гацье і ўваходзіў у групу парнасцаў. Пазней адышоў ад Парнаскай школы і зрабіўся тэарэтыкам сімвалізму. З 1880 г. арганізоўваў у сваёй кватэры “літаратурныя аўторкі”, на якіх збіраліся самыя вядомыя еўрапейскія літаратары і мастакі таго часу. У 1896 г. пасля смерці Поля Вэрлена быў абраны “каралём паэтаў”. У 1897 г. выдаў эксперыментальную паэму “Удача ніколі не скасуе выпадку” (Un coup de dés jamais n'abolira le hasard) у выглядзе аднаго сказа без знакаў прыпынку, надрукаваную лесвічкай на дзвюх старонках розным шрыфтам. Тым не менш, Малармэ паўплываў на паэзію не толькі сваёй творчасцю, не такой ужо і вялікай па аб’ёме, але і сваімі тэарэтычнымі развагамі і ідэямі. На беларускую мову вершы Малармэ перакладаў Андрэй Хадановіч.

  • 1908

    Нарадзіўся Чэзарэ Павезэ (іт. Cesare Pavese, памёр 27 жніўня 1950), італьянскі пісьменнік і перакладчык (перакладаў на італьянскую мову творы Дэфо, Дыкенса, Мэлвіла, Джойса, Ш. Андэрсана, Г. Стайн, Фолкнэра, Дос Пасаса і інш.). У 1932—1935 гадах пад ціскам сям’і ўступіў у фашысцкую партыю і вёў пры гэтым антыфашысцкую работу. У 1935 годзе быў з партыі выключаны і на восем месяцаў сасланы ў Калабрыю. Пасля вайны ўвайшоў у Італьянскую камуністычную партыю. Скончыў жыццё самагубствам у турынскім гатэлі “Рома”, пакінуўшы цыдулку: “Дарую ўсім і прашу ўсіх дараваць мне. Надта пра мяне не пляткарце”. Галоўная тэма твораў Павезэ — самота і адчуванне нерэальнасці жыцця. У Італіі вельмі папулярны дзённік пісьменніка “Рамяство жыць” (Il mestiere di vivere, выд. 1952). Вершы Павезэ на беларускую мову перакладала А. Данільчык.

  • 1912

    Памёр Яраслаў Врхліцкі (чэшск. Jaroslav Vrchlický, сапр. Эміль Фрыда; нар. 17 лютага 1853), адзін з самых значных чэшскіх паэтаў, драматург, перакладчык. Напісаў больш за 100 кніг. Акрамя заняткаў уласнай творчасцю шмат перакладаў на чэшскую Дантэ, Бадлера, Гётэ, Гюго, Леконта дэ Ліля, По, Ўітмэна і інш.

  • 1918

    Нарадзіўся Барыс Захадэр (руск. Борис Заходер, памёр 7 лістапада 2000), рускі дзіцячы паэт, празаік, перакладчык, папулярызатар сусветнай дзіцячай класікі. Пераклаў на рускую мову казкі “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе” А. Мілна, “Мэры Попінс” П. Трэверс, “Пітэра Пэна” Дж. Бары, “Прыгоды Алісы ў Краіне Цудаў” Л. Кэрала, а таксама творы К. Чапэка, вершы Ю. Тувіма і Я. Бжэхвы.

  • 1941

    Нарадзіўся Станіслаў Страціеў (балг. Станислав Стратиев, памёр 20 верасня 2000), балгарскі пісьменнік, надзвычай папулярны і паспяховы драматург і кінасцэнарыст. Фільм “Аркестр без назвы” (“Оркестър без име”, 1982, рэж. Людміл Кіркаў) паводле ягонага сцэнару многія лічаць найлепшым балгарскім фільмам усіх часоў. На беларускую мову “Балгарскую мадэль” (“Българският модел”, 1991) С. Страціева пераклала Ірына Пінхасік (ARCHE, №4, 2011).

  • 1945

    Памерла Зінаіда Гіпіюс (руск. Зинаида Гиппиус, па мужу Меражкоўская; нар. 20 лістапада 1869), руская паэтка, празаік, драматург, літаратурны крытык, адна з яркіх прадстаўніц Срэбнага веку, ідэолаг рускага сімвалізму. Спачатку Гіпіюс і яе муж Дзмітрый Меражкоўскі заключылі няпісаную дамову: яна будзе пісаць выключна прозу, а ён — вершы. Аднак Меражкоўскі парушыў дамову, калі ў яго ўзнікла ідэя рамана пра Юльяна Адступніка. З таго часу яны абодва пачалі пісаць і прозу, і паэзію.

  • 1967

    Нарадзілася Гана Андранікава (чэшск. Hana Andronikova, памерла 20 снежня 2011), чэшская пісьменніца. За дэбютны раман “Гук сонечнага гадзінніка” (Zvuk slunečních hodin, 2001) атрымала Літаратурную прэмію чэшскага “Кніжнага клуба” і прэмію Magnesia Litera. На беларускую мову раман пераклала Вераніка Бяльковіч (2005, “Логвінаў”).