<?xml version="1.0" encoding="UTF-8"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:xlink="http://www.w3.org/1999/xlink">
    <description>
        <title-info>
            <genre>antique</genre>
                <author><first-name></first-name><last-name>Unknown</last-name></author>
            <book-title>Увяльбенне багіні</book-title>
            
            <lang>en</lang>
            
            <sequence name="№18 “Некаторыя любяць паэзію”" number="1" />
        </title-info>
        <document-info>
            <author><first-name></first-name><last-name>Unknown</last-name></author>
            <program-used>calibre 2.56.0</program-used>
            <date>18.7.2017</date>
            <id>63c83bfc-3edc-43ce-b4b9-ca3c4e785913</id>
            <version>1.0</version>
        </document-info>
        <publish-info>
            <publisher>Prajdzisvet.org</publisher>
            <year>0101</year>
            
        </publish-info>
    </description>
<body>
<section>
<p>Прыведзены
тут пераклад ёсць урыўкам з паэмы <emphasis>Devīmāhātmya</emphasis>- ‘Увяльбенне
Багіні’, вельмі важнага тэксту для шакцістаў (ушаноўцаў багіні Калі), які ў
сваю чаргу з'яўляецца пазнейшай устаўкай у Маркандэйа-пурану. Пураны (<emphasis>purāṇa</emphasis>-
‘старажытны’) — вялізныя творы, пераважна ў вершах, пра стварэнне й будову
сьвету, пра радаслоўную багоў і валадароў, пра вычыны жарбітоў і асілкаў, пра
астралогію й медыцыну, рэлігію й філасофію. У сваёй першапачатковай форме
бальшыня пуран была складзеная яшчэ да 10 ст. н.э. Налічваецца 18 асноўных і 18
пабочных пуран. Найбольшая з асноўных — Сканда-пурана, якая складаецца з
81 000 радкоў, найменшая — Вамана-пурана — мае толькі 10 000.</p>

<p>Першая
адмена Маркандэйа-пураны, адной з галоўных пуран, была складзена, як мяркуюць
даследнікі, не пазней за 3 ст. н.э. На адрозненне ад іншых пуран, якія
выкладаюць ідэі той ці іншай індуісцкай секты, у зыходным тэксце
Маркандэйа-пураны амаль няма зваротаў ці малітваў да нейкіх канкрэтных багоў.
Замест таго мы знаходзім жывое выкладанне легендаў і паданняў, зробленае з
большым майстэрствам, чым у іншых пуранах (за выняткам хіба Бгаґавата-пураны).</p>

<p>“Увяльбенне
Багіні”, будучы пазнейшаю ўстаўкаю, выразна адрозніваецца ад зыходнага тэксту
пураны. Дадатак быў зроблены не пазней за 6 ст. н.э. і становіць найранейшы
вядомы нам тэкст, у якім Род (<emphasis>brahman</emphasis>-), першакрыніца ўсяго,
праслаўляецца ў выглядзе Багіні (ад пачатку— Шывавай жонкі), маці й апоры сусвету,
навышняй сілы, у якой перабываюць усе стварэнні. У часы змагання з чартамі (<emphasis>asura</emphasis>-),
ворагамі багоў, яна выяўляецца як ваяўнічая жахлівая Дурґа (таксама завецца
Магакалі, Чандыка, Бгадракалі, Магамайа й Маці); у часы міру — як Лакшмі,
Багіня дабрабыту. Цікава, што ў гэтым тэксце разрозніваюцца Дурґа й Калі —
апошняя нараджаецца з лоба першай. У Магабгараце такога разрознення няма.</p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong>Увяльбенне
Багіні</strong></p>

<p><emphasis> </emphasis></p>

<p>Маркандэйа-пурана,
81-93</p>

<p>УЗЫХОД
82</p>

<p><sup>1      
</sup>Калісь стогадовая бітва між багамі была
й чартамі [1].</p>

<p>     Панам чортаў тады быў Магі́ша [2], а ў
багоў валадарыў І́ндра [3].</p>

<p><sup>2      
</sup>Узялі адважныя чорты перамогу над божым
войскам,</p>

<p>     і, багоў усіх падкарыўшы, стаў за Індру
тады Магіша.</p>

<p><sup>3      
</sup>На чале із Лотасалонным [4] сабраліся
ўсе разам богі,</p>

<p>     да Ґару́дасцяжнага Ві́шну ды
Ўладыкі [5] яны памкнулі.</p>

<p><sup>4      
</sup>Як усё было, да драбніцы пра злачынствы
Магішы-чорта</p>

<p>     расказалі дарэшты багі, пра знявагу сваю й
бядоту,</p>

<p><sup>5      
</sup>як Магіша волат у Сонца, у Вару́ны,
у А́ґні й Ветру [6],</p>

<p>     у Індры, ды Йа́мы [7], ды іншых
адабраў для сябе уладу.</p>

<p><sup>6      
</sup>“Выгна́ныя з неба багове ліхамысным
Магішам-чортам</p>

<p>     па зямлі, нясмертныя, блудзяць, нібы
смертныя, ходзяць долам.</p>

<p><sup>7      
</sup>Пра дзеі ліхія зладзея расказалі мы вам,
панове.</p>

<p>     Па ахову да вас мы прыйшлі: чорта гэтага
трэба ўсмерціць”.</p>

<p><sup>8      
</sup>Пачуўшы ад іх тыя словы, раззлаваўся
забойца Ма́дгу [8],</p>

<p>     ахапіла Трохвокага [9] люць, бровы сталі
абодва хмурыць.</p>

<p><sup>9      
</sup>Выйшаў з рота у Вішну тады, велягнеўнага
Коланошы [10],</p>

<p>     з рота Ша́нкары [11] вусцішны жар,
вышаў з рота самога Бра́гмы.</p>

<p><sup>10    
</sup>З цела Індры Горадабурцы, з цела іншых
багоў таксама</p>

<p>     выйшаў жар вялізманай сілы і згусціўся ў
адзіны згустак.</p>

<p><sup>11    
</sup>Нібыта гара агнявая, палымнеў гэты жар
страшэнны,</p>

<p>     і здавалася, неба усё было полымем тым
абнята.</p>

<p><sup>12    
</sup>І тады той вялізманы жар, што зіхценнем
абняў тры светы,</p>

<p>     шугануўшы з цялёсаў багоў, абярнуўся ў
жанчыну раптам.</p>

<p><sup>13    
</sup>Жар, што выйшаў з рота Ўладыкі, стаў
абліччам тае жанчыны,</p>

<p>     жар Йамаў — яе валасамі, з жару Вішну
паўсталі рукі.</p>

<p><sup>14    
</sup>З жару Індры узнік яе стан, з жару Сомы
[12] узніклі грудзі,</p>

<p>     ногі й сцёгны — з жару Варуны, а крумянкі —
з Зямнога жару.</p>

<p><sup>15    
</sup>Стаўся ступамі Брагмавы жар, стаўся
пальцамі жар ад Сонца,</p>

<p>     нос узнікнуў з жару Кубэ́ры [13], рукі
з пальцамі — з жару Ва́су [14].</p>

<p><sup>16    
</sup>З жару Пана спародаў тады той жанчыны
паўсталі зубы,</p>

<p>     а тры вокі — з жару самога Ачышчальніка,
бога Аґні.</p>

<p><sup>17    
</sup>Стаўся жар сутонаў брывамі, з жару Ветру
паўсталі вушы,</p>

<p>     і тады жар астатніх багоў спарадзіў быў
Шыву́-багіню.</p>

<p><sup>18    
</sup>Аглядзеўшы тую жанчыну, усябожнага жару
чада,</p>

<p>     акрыялі душою багі, абяздоленыя Магішам.</p>

<p><sup>19    
</sup>Далі яны ўласную зброю пераможнай тады
Багіні,</p>

<p>     перамогі прагнучы ў бітве, надзялілі яе
аружжам.</p>

<p><sup>20    
</sup>Са свайго дастаўшы трызубца, даў
трызубец Піна́каноша [15],</p>

<p>     кола Крышна [16] Багіні надаў, са свайго
выдабыўшы кола.</p>

<p><sup>21    
</sup>Даў Варуна Шыве чарупу, даў ёй дзіду
Ядок жаротваў [17],</p>

<p>     а Марута [18] — вялізманы лук і два поўныя
стрэлаў тулы.</p>

<p><sup>22    
</sup>Выдабыўшы з свайго перуна, даў ёй
ва́джру Ўладар нясмертных [19],</p>

<p>     для Багіні Тысячавокі зняў з Айра́ваты
[20] звон звінючы.</p>

<p><sup>23    
</sup>Падарыў ёй Пан водаў [21] сіло,
кон-жазло падарыў ёй Йама,</p>

<p>     даў Брагма гліняны гладыш ёй, а
кара́лі — сам Пан спародаў.</p>

<p><sup>24    
</sup>Дало Сонца ў кожную пору той Багіні па
ўласным промні,</p>

<p>     Кон вастрэнным мячом адарыў і шчытом
бездакорна зыркім,</p>

<p><sup>25    
</sup>а Мора Малочнае — парай шат нятленных і
нізкай перлаў.</p>

<p>     Камень дзіўны макаўкавіты, завушніцы ды
бранзалеты,</p>

<p><sup>26    
</sup>а таксама ясны паўмесяц ды абручкі на
перадплеччы,</p>

<p>     два нажныя найбранзалеты, незраўнаныя
найманісты,</p>

<p><sup>27    
</sup>камяні каштоўныя разам з пярсцёнкамі на
кожны палец</p>

<p>     Багіні надаў Вішвака́рман [22], а яшчэ
найсякач выдатны,</p>

<p>     разнакія віды аружжа і даспех непрабіўны
даў ёй.</p>

<p><sup>28    
</sup>Два вянкі на грудзі ды голаў з
лотасакветак неўвяданых</p>

<p>     падарыла Мора Багіні разам з лотасам
шматпрыгожым.</p>

<p><sup>29    
</sup>Гімава́т [23] жа лява падарыў ды
яшчэ камянёў каштоўных,</p>

<p>     падарыў ёй кубак Кубэра, непарожні віном
п’янючым.</p>

<p><sup>30    
</sup>Шэ́ша [24], пан над змеем усякім,
падарыў ёй змеяманісты,</p>

<p>     змей вялікі, землядзяржалец, з
найшляхетнымі камянямі.</p>

<p><sup>31    
</sup>Аздобамі ўсякімі й зброяй шматадораная
Багіня</p>

<p>     зараўла тады грамавіта, засмяялася гучным смехам.</p>

<p><sup>32    
</sup>Ад таго магутнага крыку, ад жахлівага
рову тога</p>

<p>     задрыжэла паветра наўкол, разляглося шырока
рэха.</p>

<p><sup>33    
</sup>Затрымцелі ўсе веляморы, задрыжэлі усе
тры светы,</p>

<p>     загайдаўся тады сухадол, загайдаліся нават
горы.</p>

<p><sup>34    
</sup>Сталі славіць Багіню багі, перамогі ёй
сталі зычыць,</p>

<p>     пакланіліся ёй мудрацы, у бажанні сагнуўшы
целы.</p>

<p><sup>35    
</sup>Убачыўшы светаўзрушэнне, супернікі багоў
нясмертных</p>

<p>     сабралі ўсе войскі да купы, замахалі
чартове зброяй.</p>

<p><sup>36    
</sup>Прамовіў у гневе Магіша, закрычаўшы:
“Што там такое?”</p>

<p>     І на шум той пабег стрымгалоў, паімчаўся са
сціжмай чортаў.</p>

<p><sup>37    
</sup>І тады пабачыў Багіню, што тры светы
абняла бліскам.</p>

<p>     Гнуўся дол пад нагамі яе, драпаў неба
кароны грэбень,</p>

<p><sup>38    
</sup>дрыгацела уся Пата́ла [25] ад
дрыжання яе цяцівы,</p>

<p>     ўсе староны тысячарука абняла яна
велябліскам.</p>

<p><sup>39    
</sup>І тады пачалася бітва між чартамі і той
Багіняй,</p>

<p>     ад бязлічных стрэлаў і зброі засвяцілася
ўся прастора.</p>

<p><sup>40    
</sup>Быў Магішаў там ваявода імем
Чы́кшура, чорт вялікі,</p>

<p>     біўся поплеч з ім Ча́мара-чорт,
атачоны вялікавойскам.</p>

<p><sup>41    
</sup>Калясніцаў шэсцьдзесят тысяч за сабою
вёў чорт Уда́ґра [26],</p>

<p>     з дзесяццю мільёнамі разам барукаўся там
Магага́ну [27].</p>

<p><sup>42    
</sup>Пяцьдзясят мільёнаў ваярства
Асіло́ма [28] прывёў з сабою,</p>

<p>     з шасцюстамі сотнямі соцень рынуў
Ва́шкала ў тую валку.</p>

<p><sup>43    
</sup>Атачоны цьмой калясніцаў,
Уґрада́ршана [29] біўся ў бітве,</p>

<p>     з не адною тысячай коней і сланоў баявых
мільёнам.</p>

<p><sup>44    
</sup>Там змагаўся супраць Багіні
Бідала́кша [30], вялікі воін,</p>

<p>     калясніцаў процьмаю процьмаў атачоны з усіх
старонаў.</p>

<p><sup>45    
</sup>Біўся ў бітве Біда́ла мужны, у
жахлівай змагаўся сечы,</p>

<p>     дзесяць тысяч дзесяць мільёнаў калясніц
акружала воя.</p>

<p><sup>46    
</sup>Змагалася з тою Багіняй многа іншых
чартоў вялікіх,</p>

<p>     цьму коней, калясніц і сланоў прывялі яны ў
тую бітву.</p>

<p><sup>47    
</sup>Сотняй соцень сотняй мільёнаў калясніц і
магутных коней,</p>

<p>     а таксама вялізных сланоў быў аточаны чорт
Магіша.</p>

<p><sup>48    
</sup>Дубіны, дзіды, мячы, стрэлы, перначы, алебарды
й прашчы —</p>

<p>     ўсім, чым можна, біліся ў бітве, нападалі з
усіх старонаў.</p>

<p><sup>49    
</sup>Нехта кідаў вострыя коп’і, нехта пнуўся
пятлю накінуць,</p>

<p>     нехта бег на Багіню з мячом і стараўся яе
параніць.</p>

<p><sup>50    
</sup>Але зброю тую Багіня адбівала з
усмешкай, Ша́кці [31],</p>

<p>     на чартоў праліваючы дождж стрэл уласных і
вострадзідаў.</p>

<p><sup>51    
</sup>Без ценю напругі на твары пад хвалебны
багоў і рушаў</p>

<p>     выпускала у целы чартоў валадарка сваё
аружжа.</p>

<p><sup>52    
</sup>Багавіцын велевазніца, леў у люці,
калматагрывы,</p>

<p>     праз рады варожыя мчаўся, як агонь — праз
рады дзярэўя.</p>

<p><sup>53    
</sup>Кожны выдых, які Багавіца выдыхала ў запале
бітвы,</p>

<p>     абяртаўся сейміг у раці, нараджаў сотні
тысяч вояў.</p>

<p><sup>54    
</sup>З алебардай, мячом, перначом нападалі
яны на чортаў,</p>

<p>     узмоцнены моцай Багіні, вынішчалі рады
варожжа.</p>

<p><sup>55    
</sup>Нехта гучна біў у літаўры, нехта дзьмуў
у чарупы моцна,</p>

<p>     разлятаўся гром барабанаў на тым ігрышчы
шматваярным.</p>

<p><sup>56    
</sup>Стала нішчыць чортаў Багіня, працінаць
іх сваім трызубцам,</p>

<p>     біць дубінай і мячом вострым, паліваць
ліўнем стрэл і дзідаў.</p>

<p><sup>57    
</sup>Адных чартоў валіла яна, аглушаючы
звонкім звонам,</p>

<p>     а другіх, злавіўшы арканам, па зямлі
валачыла хутка.</p>

<p><sup>58    
</sup>Рассякала надвое адных, разрубаючы
вострым мечам,</p>

<p>     а другія падалі долу ад удараў цяжкой
дубіны.</p>

<p><sup>59    
</sup>Перначом удараны ў голаў, хтось крывёю
бляваў няспынна,</p>

<p>     а хтосьці валяўся, працяты проста ў грудзі
яе трызубцам.</p>

<p><sup>60    
</sup>Процьма чортаў, збіўшыся разам пад
залеваю стрэл вастрэнных,</p>

<p>     дух жыццёвы трацілі з целаў, мардавальнікі
божай раці.</p>

<p><sup>61    
</sup>Адрубіла камусьці руку, а камусьці
адсекла шыю,</p>

<p>     разарваныя, без галавы там ляжалі паўсюды
целы.</p>

<p><sup>62    
</sup>Адны велячорты, упаўшы, нерухома ляжалі
ўпокат,</p>

<p>     надвое расцятыя Маці, з адным вокам, рукой,
нагою.</p>

<p><sup>63    
</sup>А другія, хаця й без галоў, падымаліся
знову з долу,</p>

<p>     пахапаўшы ў рукі аружжа, беглі мёртвыя целы
ў бітву.</p>

<p><sup>64    
</sup>Танцавалі трупы жывыя пад літаўры й пад
барабаны,</p>

<p>     безгаловыя, трэслі мячом, суліцай,
перначом, ці лукам.</p>

<p><sup>65    
</sup>“Стой жа! Стой жа!” — крычалі яны, велячорты
— Багіні веляй,</p>

<p>     у жахлівым смертазмаганні абліваючыся
крывёю.</p>

<p><sup>66    
</sup>Ад паваленых долу сланоў, калясніцаў,
чартоў і коней</p>

<p>     непраходнаю стала зямля — там, дзе бітва
кіпела тая.</p>

<p><sup>67    
</sup>З мёртвых целаў патокі крыві сабраліся ў
вялікарэкі,</p>

<p>     заструменілі праз ваяроў, пераз коней,
сланоў і чортаў.</p>

<p><sup>68    
</sup>Гэтак скора ў тым баруканні велячортава
велявойска</p>

<p>     затапіла Багіня крывёй, як агонь — кучы
дроў і хмызу.</p>

<p><sup>69    
</sup>І зароў тады леў баявы, і зарыкаў,
калматагрывы,</p>

<p>     нібы з целаў чортаў зупалых субіраючы дых
жыццёвы.</p>

<p><sup>70    
</sup>І, пакуль змагалася Маці проці чортаў у
сечы страшнай,</p>

<p>     праслаўлялі Багіню багі, асыпаючы з неба
квеццем.</p>

<p><emphasis>Такі ў
святой Маркандэйа-пуране 82-і ўзыход на ймя “Гібель войска чорта Магішы”.</emphasis></p>

<p><emphasis> </emphasis></p>

<p>УЗЫХОД
83</p>

<p><sup>1       
</sup>Убачыўшы войска, што гібла, ваявода
Магішы люты</p>

<p>     сам у бой уступіў з Чандыкой [32], гнеўны
Чыкшура, чорт вялікі.</p>

<p><sup>2       
</sup>Стаў Багіню залеваю стрэл паліваць,
раззлаваны, ў сечы,</p>

<p>     як вялікай Мэ́ру [33] вяршыню
паліваюць дажджом аблокі.</p>

<p><sup>3       
</sup>Рассекшы гуляючы тую павалоку ягоных
стрэлаў,</p>

<p>     моцна цяла чорта Багіня, вазака ды імклівых
коней.</p>

<p><sup>4       
</sup>Лук ягоны рассекла яна, збіла ўзнятую
ўвысь харугву,</p>

<p>     цела чорта працяла стралой, як стаяў ён з
зламаным лукам.</p>

<p><sup>5       
</sup>Разламаналучны, бязвозны, без вазніцы, без
быстрых коней,</p>

<p>     на Багіню напаў ён ізноў са шчытом і мячом
бліскучым.</p>

<p><sup>6       
</sup>Замахнуўшыся лязом вострым, ён ударыў
ільва у голаў,</p>

<p>     у лявіцу тую Багіню ён ударыў мячом хупава.</p>

<p><sup>7       
</sup>Рукі дакрануўшыся ледзьве, лопнуў меч
той, о радасць князя [34].</p>

<p>     Трызубец схапіўшы адразу, велячорт той чырвонавокі</p>

<p><sup>8       
</sup>у Багіню паціснуў яго, ў
Бгадрака́лі [35] шпурнуў аружжа,</p>

<p>     што зіхцела як сонца само, прамяністае ў
ясным небе.</p>

<p><sup>9       
</sup>Той трызубец закмеўшы, ураз свой
трызубец пусціла Маці,</p>

<p>     на сто расшчапіла аскепкаў і трызубец, і
велячорта.</p>

<p><sup>10     </sup>Толькі
згінуў воевадатар той Магішаў вялікасмелы,</p>

<p>     на слане баявым у бітву рынуў Ча́мара
[36], чорт магутны.</p>

<p><sup>11     </sup>І
шпурнуў ён дзіду ў Багіню, але тое кап’ё імгненна</p>

<p>     із пагардай адбіла яна, вобзем пала кап’ё,
паблякшы.</p>

<p><sup>12     </sup>Узлаваўся
Чамара вельмі, убачыўшы кап’ё зламаным,</p>

<p>     кінуў піку ён у Багіню, але й піку яна
адбіла.</p>

<p><sup>13     </sup>Скочыў
леў тады нечакана, учапіўся у лоб слана ён,</p>

<p>     барукацца з Чамарам-чортам стаў ён, з
ворагам неўміручых.</p>

<p><sup>14     </sup>У
зацятым тым баруканні са слана на зямлю упаўшы,</p>

<p>     на зямлі прадоўжылі бойку, страшнай сілы
чынілі ўдары.</p>

<p><sup>15     </sup>Леў знячэўку
падскочыў ізноў, у паветра ўзляцеў высока</p>

<p>     ды ударам лапы кіпцістай голаў Чамару ён
раскроіў.</p>

<p><sup>16     </sup>Паў у
бітве скора й Удаґра пад навалаю скал і дрэваў,</p>

<p>     паў Кара́ла [37] ад рук Чандыкі, пад
нагамі яе загінуў.</p>

<p><sup>17     </sup>Размаздзіла
тады булавой Маці У́ддгату [38] лютагнеўна,</p>

<p>     згінуў Вашкала-чорт ад кап’я, згінуў з
А́ндгакам Та́мра [39] дужы.</p>

<p><sup>18     </sup>Уґраві́рйа
згінуў з Уґра́сйам [40], з Магагану загінуў разам</p>

<p>     ад аружжа найваладаркі, ад трызубца
трохвокай Маці.</p>

<p><sup>19     </sup>Сцяла
голаў Велебагіня Бідала́сйу клінком бліскучым,</p>

<p>     ды стралой Дурдга́ру й Дурму́кху
[41] у сялібу паслала Йамы.</p>

<p>     Ноч накону жазлом накону на зямлю паваліла
Ка́лу [42],</p>

<p><sup>20     </sup>грозным
мечам забіла яна Аґрада́ршану [43], вастралёзым.</p>

<p>     Секачом у сечы жахлівай Асіломана
разрубіла,</p>

<p>     пераможным з воямі клічам агалосіўшы поле
бітвы.</p>

<p><sup>21     </sup>Свайго
войска бачачы гібель, раззлаваўся тады Магіша,</p>

<p>     у бычыным выглядзе страшным раскідаў ён
ваякаў Маці.</p>

<p><sup>22     </sup>Некаторых
сваймі капытамі, некаторых ударам пысы,</p>

<p>     некаторых змахнуў ён хвастом, некаторых
працяў рагамі,</p>

<p><sup>23     </sup>некаторых
спрытным нападам, некаторых аглушным рыкам,</p>

<p>     а каторых дыхам магутным паваліў на зямлю
Магіша.</p>

<p><sup>24     </sup>Пярэдні
раскідаўшы шэраг, на лява ён напаў, нападнік,</p>

<p>     усмерціць запрагнуў вазніцу, з Чандыкою
пачаў змагацца.</p>

<p><sup>25     </sup>Капытамі
рыючы глебу, той Магіша вялікамужны,</p>

<p>     стаў рогамі кідаць сваімі горы ўгору,
зароўшы роўма.</p>

<p><sup>26     </sup>Ад яго
імклівага бегу дол дрыжэў і крышыўся крышма,</p>

<p>     ад узмахаў хваста навакол разлілося
паводкай мора.</p>

<p><sup>27     </sup>Разарваў
ён рогамі хмары, разадраў на шматкі аблокі,</p>

<p>     навальнічым здзьмутыя дыхам, горы падалі з
небасхілу.</p>

<p><sup>28     </sup>На таго
пыхлівага чорта, што імчаў на яе імкліва,</p>

<p>     паглядзела тады Чандыка, угнявілася
смертагневам.</p>

<p><sup>29     </sup>Накінуўшы
спрытна пятлю, велячорта звязала моцна,</p>

<p>     і, звязаны ў валцы суровай, скінуў чорт той
бычыны выгляд.</p>

<p><sup>30     </sup>У льва
перакінуўся раптам, і пакуль галаву Багіня</p>

<p>     яму секла, той стаў ваяром, ашчаперыў рукою
саблю.</p>

<p><sup>31     </sup>Толькі
процьмаю стрэл Чандыка ушпіляць захацела чорта,</p>

<p>     як знячэўку з таго ваяра у слана абярнуўся
злоснік.</p>

<p><sup>32     </sup>Ухапіў
ён хобатам ільва, пацягнуў, затрубіў грымліва,</p>

<p>     ды адсекла Багіня яму хобат спрытна сваёю
сабляй.</p>

<p><sup>33     </sup>Прыняў
тады знову Магіша свой жахлівы бычыны выгляд,</p>

<p>     задрыжалі тры светы і ўсё, што ў іх рушыць
і што не рушыць.</p>

<p><sup>34     </sup>Угнявіўшыся,
стала тады Маці свету, чырвонавока,</p>

<p>     піць навышні напітак нагбом, засмяялася
гучным смехам.</p>

<p><sup>35     </sup>Зароў
раззлаваны Магіша, сілай пышны сваёй ды муствам,</p>

<p>     стаў у Маці рогамі кідаць, у Багіню
вялікагоры.</p>

<p><sup>36     </sup>Размалоўшы
стрэлапатокам тыя горы, сказала Маці</p>

<p>     узбуджаным голасам чорту, твар чырвоны ад
велямёду:</p>

<p><sup>37     </sup>“Датуль
табе рэўці, Магіша, пакуль мёд не дап’ю п’янючы.</p>

<p>     Як загінеш, мною забіты, будуць рэўці тады
багове”.</p>

<p><sup>38     </sup>Прамовіўшы,
скочыла раптам, верхам села яна на чорта,</p>

<p>     прыдушыла горла нагою, пікай цела яго
працяла.</p>

<p><sup>39     </sup>Нагою
прыдушаны моцна, ён з уласнага выйшаў рота,</p>

<p>     напалову вылез навонкі, сілай сціснуты Маці
свету.</p>

<p><sup>40     </sup>Напалову
вылезшы вонкі, ён працягваў змагацца й біцца,</p>

<p>     ды, сабляю голаў адсекшы, паваліла яго
Багіня.</p>

<p><sup>41     </sup>Так
Магіша, магутны ваяр, разам з войскам сваіх паплечцаў,</p>

<p>     быў забіты Велебагіняй, прыгнятальнік усіх
трох светаў.</p>

<p><sup>42     </sup>Калі ён
загінуў у бітве, закрычалі ўсе быты свету,</p>

<p>     з багамі, людзямі й чартамі: “Пераможніцы
слава, слава!”.</p>

<p><sup>43     </sup>Так
згінула чортава войска, так уныў баяўнічы крык іх,</p>

<p>     і ўрэшце вялікая радасць агарнула ўсё
богавойска.</p>

<p><sup>44     </sup>Сталі
славіць Багіню яны, з велярушамі праслаўляці,</p>

<p>     затанчылі ўкол апсара́сы [44], заспявалі
паны ґандга́рваў [45].</p>

<p><emphasis>Такі ў святой
Маркандэйа-пуране 83-і ўзыход на ймя “Гібель чорта Магішы”.</emphasis></p>

<p>УЗЫХОД
85</p>

<p>&lt;...&gt;</p>

<p>     сталі славіць Багіню яны, чарадзейную сілу
Вішну.</p>

<p><emphasis>     Багі прамовілі:</emphasis></p>

<p><sup>7       
</sup>Шана, шана Велебагіні, Найласкавай
адвечна шана,</p>

<p>     шана Пратворы найбалагой, пакланемася ж ёй
рахмана!</p>

<p><sup>8       
</sup>Карміліцы шана, Вячыстай, Страшнай,
Зыркай шанова-шана,</p>

<p>     шана Маці, Светаапоры, Ведзьмарыцы
шанова-шана!</p>

<p><sup>9       
</sup>Сьветла-віда-месячнай пані, Шчасцяноснай
адвечна шана!</p>

<p>     Дабрадатнай мы Дабрадаці, Споўні чынім
шанову-шану.</p>

<p><sup>10     </sup>Счэзе
[46] й землядзержцаў Удачы, жонцы Шарвы [47] шанова-шана,</p>

<p>     Дурзе́, дальнядругабярэжнай [48],
Усячыннай Істоце шана!</p>

<p><sup>11     </sup>Славе,
Чорнай, Велебагіні і Дымчастай шанова-шана!</p>

<p>     Найвусцішнай, Самарахманай чынім пані
шанову-шану.</p>

<p>     Шана Маці, Светаапоры, Ведзьмарыцы
шанова-шана!</p>

<p><sup>12     </sup>Той, што
ў бытах усіх прабывае, чарадзейнаю сілай Вішну,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>13     </sup>Багіні,
што перабывае як чуванне у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>14     </sup>Багіні,
што перабывае яка розум у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>15     </sup>Багіні,
што перабывае яка сненне у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>16     </sup>Багіні,
што перабывае яка голад у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><strong><sup>17     </sup></strong>Багіні,
што перабывае як цень яго у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>18     </sup>Багіні,
што перабывае яка сіла у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>19     </sup>Багіні,
што перабывае яка смага у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>20     </sup>Багіні,
што перабывае як цярпенне у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>21     </sup>Багіні,
што перабывае як парода [49] у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>22     </sup>Багіні,
што перабывае яка сорам у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>23     </sup>Багіні,
што перабывае як суцішша [50] у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>24     </sup>Багіні,
што перабывае яка вера у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>25     </sup>Багіні,
што перабывае як прыгажосць у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>26     </sup>Багіні,
што перабывае як удача у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>27     </sup>Багіні,
што перабывае яка воля у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>28     </sup>Багіні,
што перабывае яка чыннасць у кожным быце</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>29     </sup>Багіні,
што перабывае яка памяць у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>30     </sup>Багіні,
што перабывае як спачуванне ў кожным быце</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>31     </sup>Багіні,
што перабывае як захова у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>32     </sup>Багіні,
што перабывае як здаволя у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>33     </sup>Багіні,
што перабывае яка поспех у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!</p>

<p><sup>34     </sup>Багіні,
што перабывае яка маці у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>35     </sup>Багіні,
што перабывае як памылка у кожным быце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p><sup>36     </sup>Уладніцы
кожнага быту, кожнай здолі у кожным быце [51],</p>

<p>     Багавіцы ўсёпранікнення вечна пані
шанова-шана!</p>

<p><sup>37     </sup>Валадарцы,
што, ўсёпранікшы, як чуванне быве у свеце,</p>

<p>     пані шана, пані шанова, пані шана,
шанова-шана!</p>

<p>&lt;...&gt;</p>

<p><emphasis>Такі ў святой
Маркандэйа-пуране 85-ы ўзыход.</emphasis></p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong>Слоўнік</strong></p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong>бажанне</strong>, -я —
вернае, адданае служэнне (санскр. <emphasis>bhakti</emphasis>-)</p>

<p><strong>балагі́</strong> —
шчасны, добры, спрыяльны (рас. <emphasis>благой</emphasis>)</p>

<p><strong>быць</strong>, быву,
бывеш — нешматкротная форма ды <emphasis>бываць</emphasis>, <emphasis>бываю</emphasis></p>

<p><strong>быт</strong>, -а —
жывое стварэнне (санскр.<emphasis>bhūta</emphasis>- ад √<emphasis>bhū</emphasis> ‘быць’)</p>

<p><strong>веле</strong>- —
вялікі</p>

<p><strong>від</strong>, -у —
аблічча</p>

<p><strong>жарбі́т</strong>,
-а́ — аскет (санскр. <emphasis>tāpasa</emphasis>- ад<emphasis>tapas</emphasis>- ‘жар’)</p>

<p><strong>закме́ць</strong>,
-млю́, -мі́ш — заўважыць</p>

<p><strong>захова</strong>, -ы —
належныя паводзіны</p>

<p><strong>здоля</strong>, -і —
орган пачуцця (санскр. <emphasis>indriya</emphasis>- ‘магута’)</p>

<p><strong>му́ства</strong>, -а —
мужнасць</p>

<p><strong>након</strong>, -у —
тое, што наканавана (санскр. <emphasis>kāla</emphasis>-‘час, час як разбуральнік, смерць’)</p>

<p><strong>пераз</strong> — праз</p>

<p><strong>пратвора</strong>, -ы —
прырода, з якой пачынаецца тварэнне; зыходны стан чагосьці (санскр. <emphasis>prakṛti</emphasis>-
ад √<emphasis>kṛ</emphasis> ‘рабіць, чыніць, тварыць’)</p>

<p><strong>руш</strong>, -а —
ведавы паэт, мудрэц (санрск. <emphasis>ṛṣi</emphasis>-)</p>

<p><strong>спарод</strong>, -у —
народжаная істота (санскр. <emphasis>prajā</emphasis>- ад √<emphasis>jan</emphasis>
‘нараджацца’)</p>

<p><strong>споўня</strong>, -і —
спаўненне</p>

<p><strong>счэза</strong>, -ы — смерць,
скон</p>

<p><strong>хвалебен</strong>, -бну —
гімн</p>

<p><strong>чару́па</strong>, -ы —
ракавіна</p>

<p><strong>чуванне</strong>, -я —
свядомасць (санскр. <emphasis>cetana</emphasis>- ад √<emphasis>cit</emphasis> ‘распазнаваць,
разумець’)</p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong>Каментар</strong></p>

<p>1. <emphasis>asura</emphasis>- — адвечныя ворагі багоў (<emphasis>deva</emphasis>-).
Уважаюцца дзецьмі Багіні <emphasis>Diti</emphasis>- і мудраца <emphasis>Kaśyapa</emphasis>-.</p>

<p>2. <emphasis>mahiṣa</emphasis>- ‘магутны, бык’.</p>

<p>3. <emphasis>indra</emphasis>- — вярхоўны бог у пантэоне Рыґведы,
аднак у пасляведавы час ён адышоў на другое тло. Галоўны ягоны вычын — забіццё
змея Врытры ды вызваленне сонца, зары й водаў з нетраў сусветнай гары.</p>

<p>4. <emphasis>padmayoni</emphasis>- — бог Брагма.</p>

<p>5. Тры галоўныя багі індыйскага пантэону — Брагма (<emphasis>brahma</emphasis>-,
бог-стваральнік свету), Вішну (<emphasis>viṣṇu</emphasis>-, бог-падтрымальнік
свету) і Шыва (<emphasis>śiva</emphasis>-, бог-разбуральнік свету). Апошняга таксама
завуць Уладыка. Ґаруда — міфічны птах, правадыр птушынага роду, сын мудраца
Ка́шйапы й Вінаты́, дачкі мудраца Дакшы. Ґаруда лічыцца вазілам (<emphasis>vāhana</emphasis>-)
Вішну й ворагам змеяў (<emphasis>nāga</emphasis>-).</p>

<p>6. Варуна (<emphasis>varuṇa</emphasis>-)
— адзін з найстарэйшых індыйскіх багоў, які ўжо ў Рыґведзе пачаў адыходзіць на
другое тло. Уважаецца ўладаром водаў. Аґні (<emphasis>agni</emphasis>-) — бог аброчнага агню,
адзін з ключавых багоў Рыґведы.</p>

<p>7. Йама (<emphasis>yama</emphasis>-) — у Рыґведзе — першы чалавек,
які памёр і адкрыў дарогу ў той свет. Пазней становіцца богам памерлых, ягонае
жытло месціцца на поўдні.</p>

<p>8. <emphasis>madhusūdana</emphasis>- — адно з імён Вішну.
Мадгу — чорт, ім забіты.</p>

<p>9. <emphasis>tryambaka</emphasis>- — адно з імён Шывы.</p>

<p>10. <emphasis>cakrin</emphasis>- — зброяй Вішну было кружало.</p>

<p>11. <emphasis>śaṅkara</emphasis>-
‘спрыяльны, ласкавы’ — адно з імён Шывы.</p>

<p>12. <emphasis>soma</emphasis>-
— расліна і выцісканы з яе напой, якім паілі багоў; пазней атаясамляецца з
богам месяца.</p>

<p>13. <emphasis>kubera</emphasis>- — бог багацця, чыя сталіца
Алака́ месціцца на святой гары Кайла́са.</p>

<p>14. <emphasis>vasu</emphasis>- ‘добры, спрыяльны’ — група з васьмі
багоў; паводле Вішну-пураны, гэта: Воды (<emphasis>ap</emphasis>-), Нябёсны кол (<emphasis>dhruva</emphasis>-),
Сома (<emphasis>soma</emphasis>-), Падтрымца (<emphasis>dhara</emphasis>-), Вецер (<emphasis>anila</emphasis>-), Агонь (<emphasis>anala</emphasis>-),
Зара (<emphasis>pratyūṣa</emphasis>-) ды Святло (<emphasis>prabhāsa</emphasis>-).</p>

<p>15. <emphasis>pinākadhṛk</emphasis>-
— Пінака — лук бога Шывы.</p>

<p>16. <emphasis>kṛṣṇa</emphasis>- ‘чорны’ — адно
з імён Вішну.</p>

<p>17. Бог Аґні.</p>

<p>18. <emphasis>māruta</emphasis>-
— бог ветру.</p>

<p>19. Уладыка нясмертных
— Індра, ваджра (<emphasis>vajra</emphasis>- ‘пярун’) — ягоная зброя.</p>

<p>20. Тысячавокі —
Індра, Айравата (<emphasis>airāvata</emphasis>-) — ягоны ездавы слон.</p>

<p>21. Варуна.</p>

<p>22. <emphasis>viśvakarman</emphasis>- ‘усятворца’ — боскі
дойлід і рамеснік.</p>

<p>23. <emphasis>himavat</emphasis>- ‘зімавіты, снегавіты’ —
Гімалайі.</p>

<p>24. <emphasis>śeṣa</emphasis>- — тысячагаловы змей, сімвал
вечнасці. На ягоным капюшоне спіць Вішну ў прамежках паміж тварэннямі.</p>

<p>25. <emphasis>pātāla</emphasis>- — адзін з сямі
падземных светаў, сяліба змеяў-наґаў.</p>

<p>26. <emphasis>udagra</emphasis>-
— высокі, магутны, люты.</p>

<p>27. <emphasis>mahāhanu</emphasis>- — у якога вялікая сківіца.</p>

<p>28. <emphasis>asiloman</emphasis>-
— чые валасы — мячы.</p>

<p>29. <emphasis>ugradarśana</emphasis>-
— у якога грозны выгляд.</p>

<p>30. <emphasis>biḍālākṣa</emphasis>-
— кашэчавокі.</p>

<p>31. <emphasis>śakti</emphasis>- ‘сіла’ — адно з імён Дурґі.</p>

<p>32. <emphasis>caṇḍikā</emphasis>- — адно з імён
Дурґі.</p>

<p>33. <emphasis>meru</emphasis>- — сусветная гара, вось свету (стажар).</p>

<p>34. <emphasis>nṛpanandana</emphasis>-
— т.б. “князеў сын”.</p>

<p>35. <emphasis>bhadrakālī</emphasis>-
‘добрая Калі’ — адно з імён Дурґі.</p>

<p>36. <emphasis>camara</emphasis>-
— як.</p>

<p>37. <emphasis>karāla</emphasis>-
— жахлівы.</p>

<p>38. <emphasis>uddhata</emphasis>- — пыхлівы.</p>

<p>39. <emphasis>andhaka</emphasis>-
— сляпы; <emphasis>tāmra</emphasis>- — мядзянага колеру.</p>

<p>40. <emphasis>ugravīrya</emphasis>-
— грознамужны; <emphasis>ugrāsya</emphasis>- — у якога грозны рот/сківіца.</p>

<p>41. <emphasis>durdhara</emphasis>-
— цяжказносны, няўрымслівы; <emphasis>durmukha</emphasis>- — брыдкатвары.</p>

<p>42. <emphasis>kālaṃ
ca kāladaṇḍena kālarātrirapātayat</emphasis> — гульня
слоў: імя чорта <emphasis>kāla</emphasis>- азначае ‘чорны’, другое слова <emphasis>kāla</emphasis>-
азначае ‘час, час як разбуральнік, смерць’.</p>

<p>43. <emphasis>agradarśana</emphasis>-
— які глядзіць наперад.</p>

<p>44. <emphasis>apsaras</emphasis>-
‘які рухаецца [паветранымі] водамі’ — жаночыя паўбоствы надзвычайнай прыгажосці,
жонкі ґандгарваў.</p>

<p>45. <emphasis>gandharva</emphasis>-
— паўбоскія істоты, нябёсныя гудзьбіты, што разам з апсарасамі жывуць у
Індравым раі.</p>

<p>46. <emphasis>nairṛtī</emphasis>-;
альбо “жонка Ніррыты (“скон”), т.б. Рудры”.</p>

<p>47. <emphasis>śarva</emphasis>-
— адно з імён Шывы.</p>

<p>48. <emphasis>durgāyai
durgapārāyai</emphasis>: <emphasis>durgā</emphasis>- ‘цяжкаперасечная,
цяжкадаступная, жахлівая’, “дальнядругабярэжная” (<emphasis>durgapārā</emphasis>-) —
тая, чый другі (той) бераг далёкі, то бок цяжкадаступны.</p>

<p>49. <emphasis>jāti</emphasis>-
‘род, парода’ (√<emphasis>jan</emphasis> ‘нараджацца’).</p>

<p>50. <emphasis>śānti</emphasis>- ‘супакой’.</p>

<p>51. <emphasis>здоль</emphasis>
(<emphasis>indriya</emphasis>- ‘індравасць, здольнасць’) — орган пачуцця; <emphasis>быт</emphasis> (<emphasis>bhūta</emphasis>-)
— стварэнне (ад √<emphasis>bhū</emphasis> ‘быць’).</p>

<p><emphasis>пераклад з санскрыту</emphasis> — Ігар
Кулікоў</p>
</section>

</body>
</FictionBook>