№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Ганна Янкута

Амерыканскі рамантызм па-беларуску

20 ліпеня 2017

Амерыканскі рамантызм па-беларуску

Гісторыя беларускага перакладу амерыканскай літаратуры не вельмі багатая. Нават літаратура эпохі рамантызму, якая дала свету такія творы, як “Мобі Дзік” Германа Мэлвіла, “Пунсовая літара” Натаніэля Готарна і “Лісце травы” Ўолта Ўітмэна, прадстаўленая ў беларускай культурнай прасторы досыць сціпла. З ключавых асобаў амерыканскага рамантызму на беларускую мову перакладаліся толькі Джэймс Фенімар Купер, Ралф Ўолда Эмерсан, Генры Лангфэла, Ўолт Ўітмэн і Эдгар По.

Першымі амерыканскімі аўтарамі, што з’явіліся ў беларускіх перакладах, былі паэты Г. Лангфэла і Ў. Ўітмэн, а іх першым перакладчыкам — Аркадзь Мардвілка. У “Маладняку” № 4 за 1926 год з’явіўся яго пераклад фрагмента з паэмы Г. Лангфэла “Спеў аб Гаяваце” (The Song of Hiawatha) пад назвай “Гайаватавы сябры” (пераклад пазначаны псеўданімам А. Лясны) [15], у № 7–8 за той жа год — “Сватанне Гайаваты” [16], у № 2 за 1927 год — “Голад” (пад псеўданімам А. М.) [18], а ў № 2 за 1928 год — “Гайавата і Мэджэківіс” [17]. Першыя пераклады з Ў. Ўітмэна з’явіліся ў часопісе “Маладняк” на год пазней за пераклады з Г. Лангфэла. У № 6 ад 1927 году там быў надрукаваны верш “Песня пра вольны шлях” (Song of the Open Road) у перакладзе А. Мардвілкі (пазначана як А. М.) [35]. Наступны пераклад, зроблены ім жа, верш “Песня пра радасць” (A Song of Joys), з’явіўся ў часопісе “Росквіт” (№ 1, снежань 1927 — студзень 1928 г.) [36].

Наступным да перакладаў амерыканскай паэзіі далучыўся Юрка Гаўрук. У першым беларускім зборніку перакладаў “Кветкі з чужых палёў”, што выйшаў у 1928 годзе, з’явіліся пералажэнні вершаў Г. Лангфэла “Страла і песня” (The Arrow and the Song), “Мост” (The Bridge), “Досвіткі” (Twilight), “Готарн” (“Хосорн” у аўтарскім правапісе; Hawthorne) [5, с. 21–28] і верша Ў. Ўітмэна “Капітан! Капітан!” (O Captain! My Captain!) [5, с. 29–30]. У пазнейшых зборніках Ю. Гаўрука да гэтых дадаюцца новыя пераклады: вершы  “Сон раба” (The Slave's Dream) [6, с. 45–46] і “Псалом жыццю” (Psalm of Life) [6, с. 52] Г. Лангфэла і вершы “Прыходзьце, паэты” (Poets to Come) [6, с. 53], “Я чую, спявае Амерыка” (I Hear America Singing) [6, с. 53–54], “На беразе мора ўночы” (On the Beach at Night) [6, с. 54–56] і “Калі я слухаў вучонага астранома” (When I Heard the Learn'd Astronomer) [6, с. 56] Ў. Ўітмэна.

Поўны пераклад паэмы “Спеў аб Гаяваце” выканаў Аркадзь Куляшоў, першае яе выданне пабачыла свет у 1969 г. [13], а ў 1994 г. (пад адной вокладкай з “Лісцем травы” Ў. Ўітмэна) [14] і 1996 г. (пад адной вокладкай з “Віцязем у тыгравай шкуры” Ш. Руставелі) [28] пераклад быў перавыдадзены.

У 1977 годзе ў зборніку перакладаў Язэпа Семяжона “Сем цудаў свету” з’явіліся пералажэнні вершаў Ў. Ўітмэна “Злучаным Штатам” (To the States), “Не зачыняйце дзвярэй” (Shut Not Your Doors), “Роздум” (This Moment Yearning and Thoughtful), “Табе, дэмакратыя” (For You, O Democracy), “Грымні громам” (Warble for Lilac-Time) [30, с. 72–76]. У 1978 годзе выйшаў зборнік вершаў Ў. Ўітмэна “Лісце травы” ў перакладзе Янкі Сіпакова [37]. У 1994 годзе зборнік перавыдаецца пад адной вокладкай са “Спевам аб Гаяваце” Г. Лангфэла ў перакладзе А. Куляшова [14].

Пасля 1990 году выйшла ўсяго некалькі новых перакладаў двух цэнтральных паэтаў амерыканскага рамантызму. Вершы Г. Лангфэла “Арэлі” [31, с. 72], “Поўдзень у лютым” (Afternoon in February) і “Страла і песня” [32, с. 47] пераклала Алена Таболіч, верш “Ручаінка і вал” (The Brook and the Wave) — Юрась Жалезка [12], верш “Згасае дзень...” (The day is done) [24, с. 427–428] — Ганна Янкута. Вершы Ў. Ўітмэна “Пахкі травастой маіх грудзей” (Scented herbage of my breast) і “Не толькі ва ўздыме рабрыстых маіх грудзей” (Not Heaving from My Ribb'd Breast Only), перакладзеныя Юляй Цімафеевай, выйшлі ў 2012 г. у часопісе “Паміж” [34] і ў 2014 г. — у зборніку вершаў і перакладаў аўтаркі [38, с. 57–60]. У № 17 інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” выйшла падборка вершаў http://prajdzisvet.org/texts/kits/o-manxetan!.html Ў. Ўітмэна ў перакладзе Ю. Цімафеевай, што ўлучае такія тэксты, як “Дай мне дзівоснае ціхае сонца” (Give me the splendid silent sun), “Горад караблёў” (City Of Ships), “Горад оргій” (City Of Orgies) і “Манахата” (Mannahatta) [33].

Першы вялікі празаічны пераклад з літаратуры амерыканскага рамантызму з’явіўся ў 1940 г., калі асобнай кнігай выйшаў пераклад рамана Дж. Ф. Купера “Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год” (The Last of the Mohicans; A narrative of 1757) [9]. У кнізе пазначана, што пераклад зроблены з рускай мовы паводле выдання 1936 г. (пер. Я. М. Чысцякова-Вэр і А. П. Рэпіна; “Детиздат” ЦК ВЛКСМ). Перакладчык не падпісаны. Наступны беларускі пераклад рамана “Апошні з магікан”, зроблены Генрыхам Далідовічам, з’явіўся ў 1996 годзе ў выдавецтве “Юнацтва” (серыя “Школьная бібліятэка”) [10]. Яшчэ адзін раман Дж. Ф. Купера, перакладзены на беларускую мову Янкам Саламевічам паводле рускага перакладу Т. С. Грыца, — “Зверабой” (The Deerslayer, or The First Warpath) — быў надрукаваны ў той жа серыі ў 1997 годзе [11].

У 1990-х гг. пачалі з’яўляцца пераклады твораў Э. По, зробленыя С. Шупам, У. Шчасным, Ю. Бушляковым, А. Мінкіным. Гэтыя творы друкаваліся найперш у перыядычных выданнях, апавяданне “Забойствы на вуліцы Морг” (The Murders in the Rue Morgue) у перакладзе У. Шчаснага выйшла ў зборніку “Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне” (1993) [1, с. 10–41] і пасля ў зборніку “Кінжал з крыламі” (1994) [8, с. 5–35], апавяданне “Авальны партрэт” (The Oval Portrait) у перакладзе С. Шупы — у зборніку перакладаў з газеты “Наша Ніва” “Бабілёнская бібліятэка” (2007) [2, с. 7–11]. Верш “Крумкач” (The Raven) на беларускую мову пераклалі А. Мінкін [24, с. 374–377], В. Сахарчук [29, с. 54–60], М. Южык [23], А. Хадановіч [24, с. 378–381]. Найбольш поўны зборнік навелаў, вершаў, эсэ Э. По “Маска Чырвонае Смерці” выйшаў у 2011 годзе [24]. Зборнік улучае ўсе ранейшыя празаічныя пераклады з Э. По, а таксама зробленыя спецыяльна для яго пераклады апавяданняў, вершаў і двух ключавых эсэ пісьменніка — “Філасофія кампазіцыі” (The Philosophy of Composition) і “Паэтычны прынцып” (The Poetic Principle). Новыя пераклады для кнігі зрабілі М. Дзергачова, К. Маціеўская, В. Рыжкоў, Г. Янкута, В. Сідарэнка, Н. Лабанава, Ю. Цімафеева, А. Пятровіч, Ю. Шадзько, М. Мартысевіч, Л. Баршчэўскі, М. Шчур, А. Арцёмаў, А. Хадановіч. У 2013 годзе ў зборніку дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!” з’явіліся апавяданні Э. По “Скрадзены ліст” (The Purloined Letter, пераклала Г. Янкута) [7, с. 127–148] і “Ты — той чалавек!” (Thou Art the Man, пераклала К. Маціеўская) [7, с. 149–165], а ў зборніку містычнага апавядання “Вусцішны пакой” — апавяданні “Метцэнгерштэйн” (Metzengerstein) [4, с. 23–33] і “Авальны партрэт” [4, с. 34–37] (пераклала Г. Янкута). У № 14 інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” з’явіўся пераклад апавядання Э. По “Востраў феі” http://prajdzisvet.org/texts/prose/vostrau-fei.html (The Island of the Fay) [19], зроблены Г. Янкутай. У часопісе “Маладосць”, № 4, 2014 г., выйшлі вершы Э. По “Спячая” (The Sleeper), “Эльдарада” (Eldorado) і “Сон у сне” (A Dream Within A Dream) у перакладзе Юліі Есмановіч [21], а ў № 11, 2015 г. — апавяданні Э. По “Чорны кот” (The Black Cat; гэта другі пераклад гэтага апавядання на беларускую, першы зрабіў Ю. Бушлякоў) [26], “Чорт на званіцы” (The Devil in the Belfry) [27] і “Камерсант” (The Business Man) [22]. У 2016 г. была падрыхтаваная электронная версія http://kniharnia.by/catalog/zamezhnaya_litaratura/maska_chyrvonae_smertsi/ кнігі Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці”, у якую ўвайшлі ўсе тэксты з папяровай версіі кнігі, а таксама пераклады апавяданняў “Скрадзены ліст”, “Ты — той чалавек”, “Метцэнгерштэйн” і “Востраў феі” [25]. У 2017 г. у серыі “Паэты планеты” выйшлі “Выбраныя вершы” Эдгара По [20]: зборнік улучае ўсе вершы, што друкаваліся ў “Масцы Чырвонае Смерці”, і адзін новы тэкст — “Вясельную баладу” (Bridal Ballad) у перакладзе Г. Янкуты.

Адзіны на сённяшні дзень беларускі пераклад Р. Ў. Эмерсана — эсэ “Давер да сябе” (Self-Reliance, са скарачэннямі) — выйшаў у 1994 годзе ў часопісе “Спадчына” [39]. Перакладчык тэксту не пазначаны.

Такім чынам, найбольш на беларускую мову перакладаюцца аўтары невялікіх тэксаў: Э. По (апавяданні, вершы, эсэ), Ў. Ўітмэн (вершы), Г. Лангфэла (вершы, фрагменты з паэмы), Р. Ў. Эмерсан (эсэ), выключэнне — паэма Г. Лангфэла “Спеў аб Гаяваце”. Калі казаць пра буйнейшыя формы, то адзіны пісьменнік эпохі амерыканскага рамантызму, чые раманы перакладаліся на беларускую, — гэта Дж. Ф. Купер, прычым пераклады рабіліся не наўпрост, а праз пасярэдніцтва рускіх пералажэнняў. Такія выданні прызначаліся для дзяцей і падлеткаў (серыя “Школьная бібліятэка”). Раманы Германа Мэлвіла, Натаніэля Готарна, Гарыет Бічэр-Стоў, навелы Вашынгтона Ірвінга ў беларускім перакладзе не прадстаўленыя.

Першыя пераклады з літаратуры амерыканскага рамантызму з’явіліся ў 1920-я гады, у час актыўнага станаўлення нацыянальнай мовы і літаратуры, аднак найбольшая колькасць такіх прац выйшла пасля 1990 году, калі з’явілася неабходнасць развіваць беларускую літаратуру і ўзмацняць яе перакладамі замежных класікаў. У гэты час выходзяць новыя пераклады (Дж. Ф. Купер, Э. По, Р. Ў. Эмерсан) і перавыдаюцца ранейшыя (“Лісце травы” Ў. Ўітмэна і “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфэла). Аднак перакладчыцкіх рэсурсаў не хапае на тое, каб перакласці на беларускую ўсе самыя значныя творы эпохі, і гэтае пытанне дагэтуль застаецца адкрытым.

 

Літаратура:

1. Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне / Укл., прадм. і пер. У. Шчаснага. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1993. — 253, [2] с.

2. Бабілёнская бібліятэка: Замежная літаратура ў перакладах “Нашай Нівы” / Эдгар Алан По, О. Генры, Яраслаў Гашак і іншыя. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. — 270 с.

3. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: выбраныя тэксты для чытання і аналізу / уклад. Л. Баршчэўскі. — Мінск: “Радыёла-плюс”, 2006. — 496 с.

4. Вусцішны пакой: зборнік містычнага апавядання / уклад. Г. Янкута. — Мінск: “Кнігазбор”, 2013. — 444 с.

5. Гаўрук, Ю. Кветкі з чужых палёў / Ю. Гаўрук. — Менск: ЦБ “Маладняка”, 1928. — 107 с.

6. Гаўрук, Ю. Агні ў прасторах: выбраныя пераклады / Ю. Гаўрук. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1975. — 271 с.

7. Злачынства, сэр: зборнік дэтэктыўнага апавядання / уклад. Г. Янкута. — Мінск: “Кнігазбор”, 2013. — 468 с.

8. Кінжал з крыламі: дэтэктыўныя навелы / Укл. У. Сіўчыкава. — Мінск: “Юнацтва”, 1994. — 252, [1] с.

9. Купер, Ф. Апошні з магікан. — Мінск: Дзярж. выд-ва пры СНК БССР, рэд. дзіц. літ-ры, 1940. — 496 с.

10. Купер, Дж. Ф. Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год / пер. Г. Далідовіч. — Мінск: “Юнацтва”, 1996. — 318 с. — (“Школьная бібліятэка”).

11. Купер, Дж. Ф. Зверабой, або Першая сцяжына вайны / пер. Я. Саламевіч. — Мінск: “Бел. навука”, 1997. — 480 с. — (“Школьная бібліятэка”).

12. Лангфэла, Г. Ручаінка і вал [верш] / Г. Лангфэла; пер. Ю. Жалезка. — Annus Albaruthenicus / Год беларускі. — № 1. — 2000. — С. 131.

13. Лангфэла, Г. Спеў аб Гаяваце: паэма / Г. Лангфэла; пер. А. Куляшоў. — Мінск: “Беларусь”, 1969. — 222, [1] c.: іл.

14. Лангфэла, Г. Спеў аб Гаяваце: паэма. Лісце травы: вершы / У. Уітмен; з англ. / Прадм. М. Тычыны. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1994. — 303 с.

15. Лёнгфэлаў, Г. З “Песьні аб Гайваце”. Гайаватавы сябры / Г. Лёнгфэлаў; пер. А. Ляснога // Маладняк. — 1926. — №4. — С. 74–75.

16. Лёнгфэлаў, Г. Сватанне Гайаваты / Г. Лёнгфэлаў; пер. А. Ляснога // Маладняк. — 1926. — №7–8. — С. 82–90.

17. Лёнгфэлло, Г. Гайавата і Мэджэківіс / Г. Лёнгфэлло // Маладняк. — 1928. — № 2. — С. 79–81.

18. Лёнгфэлло, Г. Голад / Г. Лёнгфэлло; пер. А. М. // Маладняк. — 1927. — № 2. — С. 61–66.

19. По, Э. Востраў феі: апавяданне / Э. По // “ПрайдзіСвет” — 2014. — № 14. — Рэжым доступу: http://prajdzisvet.org/texts/prose/vostrau-fei.html.

20. По, Э. Выбраныя вершы / Э. По; пер. з англ. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2017. — 76 с. (Паэты планеты).

21. По, Э. Дрыжалі дзверы з гербам роду / Э. По; пер. Ю. Есмановіч // Маладосць. — 2014. — № 4. — С. 126–127.

22. По, Э. Камерсант / / Э. По; пер. Дар’і Станцэль, Іаанны Владыка, Елізаветы Васілевіч; падр. да др. Вольга Марозава // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 78—88.

23. По, Э. Крумкач: [верш] / Э. По; з англ. пер. М. Южык // Літаратура і мастацтва: газета творчай інтэлігенцыі Беларусі. — 30 красавіка (№ 17). — 2010. — С. 15.

24. По, Э. Маска Чырвонае Смерці: выбраныя навелы, вершы, эсэ / Э. По; уклад. А. Хадановіч; прадм. Н. Шахназаран. — Мінск: “Кнігазбор”, 2011. — 472 с. (PostScriptum).

25. По, Э. Маска Чырвонае Смерці: абноўленае выданне [Электронная кніга] / Э. По. — “Янушкевіч”, 2016. — http://kniharnia.by/catalog/zamezhnaya_litaratura/maska_chyrvonae_smertsi/ (Калекцыя “ПрайдзіСвета”).

26. По, Э. Чорны кот / Э. По; пер. Мацвея Бенько, Ганны Скалабан, Мікіты Буйніцкага, Таццяны Гуравай; падр. да др. Вольга Марозава // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 73—78.

27. По, Э. Чорт на званіцы / Э. По; пер. Марыны Янгіравай, Ганны Кастуновай, Ганны Гаворскай, Любові Кісель; падр. да др. Вольга Марозава // Маладосць. — 2015. — № 11. — С. 78—82.

28. Руставелі, Ш. Віцязь у тыгравай скуры: паэма. Спеў аб Гаяваце / Г. Лангфела. — Мінск: “Юнацтва”, 1996. — 335 с.

29. Сахарчук, В. Я. Мой вечны бор: вершы, пераклады / Васіль Сахарчук. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 2004. — 140, [1] с.

30. Семяжон, Я. Сем цудаў свету / Я. Семяжон. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1977. — 254, [1] с., [1] л. партр.

31. Таболіч, А. Ліхтарык глогу: пераклады з англамоўн. паэзіі / А. Таболіч. — Мінск: “Бел. кнігазбор”, 2006. — 107 с.

32. Таболіч, А. Англійская паэзія ў беларускіх перакладах: Вучэбны дапаможнік / А. Таболіч. — Мінск: МДЛУ, 2000. — 106 с.

33. Ўітмэн, Ў. О, Манхэтан! Вершы // Ў. Ўітмэн; пер. Ю. Цімафеевай / ПрайдзіСвет. — №17. — 2017. — Рэжым доступу: http://prajdzisvet.org/texts/kits/o-manxetan!.html.

34. Ўітмэн, Ў. Пахкі травастой маіх грудзей. Не толькі ва ўздыме рабрыстых маіх грудзей / Ў. Ўітмэн; пер. Ю. Цімафеевай // Паміж. — №10. — 2012. — С. 106–108.

35. Ўітмэн, Ў. Песня пра вольны шлях / Ў. Ўітмэн; пер. А. М. // Маладняк. — 1927. — №6. — С. 31–39.

36. Ўітмэн, Ў. Песьня пра радасьць / Ў. Ўітмэн; пер. А. М. // Росквіт. — Снежань 1927 — студзень 1928. — №1. — С. 90–93.

37. Уітмен, У. Лісце травы / У. Уітмен; пер. з англ. Я. Сіпакова. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1978. — 160  с., 8 с. укл.

38. Цімафеева, Ю. Кніга памылак / Ю. Цімафеева. — Мінск: “Галіяфы”, 2014. — 116 с.

39. Эмерсан, Р. Давер да сябе / Р. Эмерсан. — Спадчына. — №6. — 1994. — 129–139.

Чытайце таксама

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

15 студзеня 2009 года расійскі часопіс «Замежная літаратура» абвясціў імёны лаўрэатаў сваёй штогадовай прэміі. Сярод уганараваных часопісам – Алена Калашнікава (Елена Калашникова), аўтар зборніка інтэрв’ю…

Я перакладаю бесперастанку...

Сяргей Сматрычэнка

Я перакладаю бесперастанку...

- Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самая любімая? - Гледзячы які ўзрост разумець пад дзяцінствам. Мне вельмі падабалася многа розных кніг, але самым вялікім захапленнем былі, бадай, раманы Жуля Верна...

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Ціхан Чарнякевіч

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Бібліяграфічны даведнік пакліканы адлюстраваць усе перакладзеныя на беларускую мову замежныя творы мастацкіх і публіцыстычных жанраў, надрукаваныя ў часопісе “Крыніца” з дня заснавання (1988) да спынення…

Яшчэ трохі аб мове

Ян Скрыган

Яшчэ трохі аб мове

На старонках цэнтральнага друку, асабліва ў «Известиях», прайшла шырокая гаворка пра культуру мовы. Што гэтая гаворка была патрэбная і карысная, мы пераканаліся на свае вочы...

250