№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

19 лютага 2016

У канцы ХХ стагоддзя беларуская гуманітарная навука нарэшце звярнула ўвагу на паняцце гендару. У выніку, следам за сацыялогіяй, гісторыяй, культуралогіяй, актывізаваліся даследаванні гендарнай праблематыкі і ў літаратуразнаўстве. Убачылі свет артыкулы і навуковыя працы С. Калядкі, Т. Фіцнер[1] і іншых даследчыц, у якіх разглядаўся гендарны аспект беларускай літаратуры. Аб’ектам даследавання пераважнай большасці гэтых прац стала творчасць беларускіх жанчын да 1917 году (часткова ХІХ ст. і перыяду, які звычайна вызначаецца як “нашаніўскі”) і паэзія, напісаная пасля Другой сусветнай вайны. Але за рэдкім выключэннем (Л. Геніюш, Н. Арсеннева) заставаўся па-за ўвагай надзвычай цікавы і трагічны перыяд 20–30-х гадоў ХХ стагоддзя. Прычына палягала не ў адсутнасці тэкстаў для даследавання, а ў іх няўведзенасці ў шырокі навуковы і чытацкі ўжытак (хоць, папраўдзе, гэта датычыць вялікай колькасці тэкстаў, створаных у тыя гады, безадносна гендарнай прыналежнасці іх аўтараў). У варунках грамадска-палітычнай сітуацыі другой паловы трыццатых гадоў абсалютная большасць беларускіх пісьменнікаў была вымушаная спыніць сваю літаратурную дзейнасць. Іх імёны да пэўнага часу замоўчваліся, але яшчэ і сёння аўтары і літаратурны працэс 20–30-х гадоў не маюць належнай увагі. Жанчыны, якіх і так было меней у працэнтных суадносінах, аказаліся, напэўна, у найгоршым стане. З гэтага пункту гледжання заслугоўвае ўвагі спроба стварэння “Анталогіі жаночай паэзіі”, здзейсненая ў пачатку двухтысячных Ю. Пацюпам на старонках гарадзенскай газеты для жанчын “Саламея” (тыраж якой, аднак, быў абмежаваны 299 асобнікамі), дзе жаночая паэзія 20–30-х гг. займала годнае месца (у 2-х нумарах) і выдзялялася ў асобныя раздзелы па прынцыпе “Першыя паэткі Савецкай Беларусі” і “Паэткі Заходняй Беларусі”. Згадаем і выданне паэтычнай спадчыны Ганны Брэскай — кнігі “Настурцыі” (2000 г.) Алесем Аркушам. Вялікая праца па вяртанні паэтычнай спадчыны 20–30-х гадоў рабілася і робіцца Леанідам Мараковым, Віктарам Жыбулем[2] і іншымі даследчыкамі[3], а таксама БДАМЛіМам і БІНІМам. Нельга не згадаць і працу агульнатэарэтычнага характару, прысвечаную ў тым ліку і гэтаму перыяду, — кнігу Ірыны Багдановіч “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага Адраджэння” (2001).  

У сучасным беларускім літаратуразнаўстве амаль не выкарыстоўваецца тэрмін “міжваенны”, які ўжо атрымаў шырокае распаўсюджанне ў мастацтве, архітэктуры і іншых галінах гуманітарных навук. Пры гэтым існуюць розныя варыянты перыядызацыі беларускай літаратуры, напрыклад, некаторыя даследчыкі выдзяляюць перыяд нацыянальнага адраджэння (1900—1930) і перыяд пачатку 30-х — першай паловы 50-х. Але наколькі мэтазгодна разрываць 20-я і 30-я гады? У нашым выпадку думаецца, што не, прынамсі, разгляд 20-х — 30-х гадоў як перыяду паміж дзвюма сусветнымі войнамі можа быць вельмі прадуктыўным з пункту гледжання асэнсавання гендарнай эвалюцыі і яе адлюстравання ў беларускай літаратуры. Такі падыход (што пацвярджае яго правамоцнасць) выкарыстала Алена Гапава ў артыкуле  “Паміж войнамі: жаночае пытанне ў нацыянальных праектах у Савецкай Беларусі і Заходняй Беларусі”, даследуючы ў першую чаргу сацыяльнае вырашэнне “жаночага пытання”. Яна адзначае, што “міжваенная беларуская (і ўкраінская) гісторыя дае ўнікальную магчымасць назіраць разгортванне гендарных ідэалогій у адным выпадку ва ўмовах узнаўлення, а ў другім — карэнных зменаў гендарнага парадку”[4]. І калі ў дачыненні да Усходняй Беларусі з такой перыядызацыяй яшчэ можна было б пагадзіцца, то для Заходняй Беларусі яна не мае асаблівага сэнсу.

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці паэзіі, па гендарным прынцыпе? Наш адказ — так, прынамсі на дадзенай стадыі вывучэння міжваеннага перыяду. Ён неабходны хаця б дзеля таго, каб жаночая паэзія стала аб’ектам даследавання літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, сацыёлагаў і іншых прадстаўнікоў гуманітарных навук, бо калі паэзія, напісаная мужчынамі, больш-менш вывучаная і вывучаецца (хоць, прагледзеўшы вялікую колькасць матэрыялаў гэтага перыяду, можна смела сцвярджаць, што і тут у даследчыкаў застаецца вялікае поле дзейнасці), то жанчыны працягваюць заставацца ў цені. Сёння, аднак, ужо ніхто не задае пытання ці вартая аналізу жаночая паэзія сама па сабе — здаецца, гэта ўжо высветлены факт, і адпраўны пункт для таго, каб зрабіць яшчэ адзін крок наперад, — даследаваць створанае жанчынамі, вызначыць галоўныя тэндэнцыі паэзіі, напісанай жанчынамі, яе трансфармацыі ў канкрэтныя гістарычныя перыяды і, магчыма, вызначыць далейшыя перспектывы развіцця, а таксама пазбавіцца стэрэатыпаў, звязаных з ужываннем слова “жаночая”. Акрамя таго, цэлы пласт беларускай літаратуры пакуль застаецца незапатрабаваным, і хацелася б спадзявацца, што гэтая лакуна будзе запоўненая.

Жаночы рух першапачаткова ўзнік з мэтай дамагчыся выбарчага права для жанчын, і самай прагрэсіўнай краінай у гэтым плане можна лічыць Новую Зеландыю, якая першай у свеце ў 1893 г. адкрыла для жанчын выбарчыя ўчасткі. У 1920 г. Кангрэсам ЗША была прынятая 19-я папраўка да Канстытуцыі, што давала выбарчае права жанчынам. У Англіі гэтае права ў 1918 г. атрымалі толькі замужнія жанчыны, у 1928 — усе астатнія (у Францыі жанчынам далі такое права толькі ў 1946 г., а ў Швейцарыі — у 1970-х). У 20-я гг. XX ст. у Еўропе і ЗША фемінісцкі рух першай хвалі, дасягнуўшы разам з выбарчым правам законаў, якія дазвалялі вышэйшую адукацыю і працу па-за межамі дома, палічыў свае задачы выкананымі, і актыўнасць жаночых арганізацый пачала слабець.

Несумненна, на гендарную палітыку савецкай дзяржавы не маглі не ўплываць падзеі, якія адбываліся ў гэтай сферы ў іншых краінах, а найперш — у Расійскай імперыі. І. Юкіна адзначае, што хоць амаль ва ўсіх працах на тэму жаночага пытання падкрэсліваецца перадавая роля заканадаўства бальшавікоў, якое забяспечыла жанчын выбарчым правам пасля 1917 г., яшчэ ў верасні 1917 г. часовы ўрад надзяліў жанчын правам абірацца ва Устаноўчы сход, такім чынам, бальшавікі зусім не былі першапраходцамі, і да атрымання жанчынамі палітычных правоў ні савецкі ўрад, ні партыя бальшавікоў не мелі ніякага дачынення. Праўда, аднак, і тое, што многія пытанні заставаліся нявырашанымі і першыя заканадаўчыя акты саветаў былі накіраваныя на іх вырашэнне, напрыклад, першая Канстытуцыя, прынятая ў чэрвені 1918 г., замацавала роўныя палітычныя і грамадзянскія правы жанчын. Можна сказаць, што савецкае заканадаўства значна апярэджвала свой час, але, тым не менш, даволі хутка “законы аб раўнапраўі пачалі разглядацца не ў логіцы правоў жанчын, а ў логіцы яе павіннасці. Ад ідэалогіі свабоднай асобы, якая мае права выбару і адказвае за сябе, адбыўся пераход да ідэалогіі асобы, мабілізаванай на пабудову камунізму, інакш кажучы, якая права выбару не мае”[5]. Пры гэтым даследчыкі, наколькі можна бачыць, разыходзяцца ў меркаваннях наконт таго, ці магчыма, гаворачы аб першых дзесяцігоддзях савецкай улады, весці гаворку пра фемінізм (І. Жарэбкіна, напрыклад, лічыць, што першая хваля фемінізму ў Савецкім Саюзе прыпадае на 80-я гг. ХХ ст. і звязаная з дзейнасцю часопіса “Марыя” ў Санкт-Пецярбургу[6], у той час як І. Юкіна выдзяляе наступныя перыяды развіцця фемінізму ў Расійскай імперыі / Савецкім Саюзе: жаночы рух (1858—1905), фемінісцкі рух (1905—1918), савецкі фемінізм — ці прынамсі яго першая хваля (1918—1930), завяршэнне якога аўтар звязвае з закрыццём жанаддзелаў у 1929 г.; другая хваля савецкага фемінізму — 80-я гг.). І. Юкіна таксама выкарыстоўвае такі тэрмін, як “дзяржаўны фемінізм першых гадоў савецкай улады”, і гэты тэрмін нам падаецца найбольш удалым.

Актуальнасць выдзялення міжваеннага перыяду заключаецца яшчэ і ў тым, што жанчын, якія пісалі і друкаваліся ў пачатку ХХ ст. (да Першай сусветнай вайны), можна было налічыць з дзясятак. Прычым калі аўтаркі ХІХ ст., здаралася, бралі сабе мужчынскія псеўданімы, то цяпер, наадварот, яны імкнуліся падкрэсліць сваю полавую прыналежнасць. У 20-я гады іх колькасць значна ўзрасла, даходзячы да некалькіх дзясяткаў (у наш час гаворку можна весці пра сотні). Такім чынам, жаночую паэзію альбо паэзію жанчын немагчыма не выдзеліць у асобную катэгорыю, бо яна вымагае ўважлівага даследавання з розных пунктаў гледжання, у тым ліку і сацыяльна-палітычнага. Колькасны рост творчых жанчын быў звязаны і з сацыяльнымі працэсамі: як справядліва адзначае А. Гапава, “у міжваенны перыяд на беларускіх землях рэалізуюцца дзве версіі нацыянальнага будаўніцтва: у Савецкай Беларусі адбываецца пабудова сацыялістычнай і “сацыяльнай” дзяржавы, у Заходняй Беларусі — фармаванне буржуазнай нацыі. Адпаведна, рашэнне жаночага пытання ў першым выпадку прадугледжвае “абуджэнне жаночых мас для новага жыцця”, а ў другім звязанае з актывізмам асобных (і ў пэўным сэнсе дастаткова прывілеяваных) жанчын, у той час як масы жанчын “застаюцца ў цемры”. Гэтыя дзве версіі здаюцца вельмі рознымі, што звязана з роляю дзяржавы ў гэтых працэсах, аднак паміж імі ёсць і агульнае. У абодвух выпадках жанчыны разглядаліся як частка больш вялікай супольнасці: класа ў першым выпадку, нацыі — у другім, хоць у абодвух выпадках гаворка ідзе хутчэй пра паняцце “клас-нацыя”. У абодвух выпадках як самі жанчыны, так і грамадства, у якім яны жылі, меркавалі, што надзяленне правамі ўсяго грамадства дазволіць вызваліць жанчын. І ў абодвух выпадках гэта сапраўды было так, але толькі да пэўнай ступені”[7].

З Першай сусветнай вайной завяршыўся “нашаніўскі” перыяд, а Беларусь выйшла з вайны са шматлікімі чалавечымі і матэрыяльнымі стратамі, аднак абазначыла сваю прысутнасць на мапе свету, і гэты факт ужо не мог ігнаравацца нікім. Нацыянальнае адраджэнне працягвалася як у межах сацыялістычнага будаўніцтва, так і па іншы бок заходняй мяжы. Пры гэтым у Савецкай Беларусі адбывалася дэканструкцыя традыцыйных гендарных стасункаў, прынамсі, іх вонкавых формаў. А. Гапава звяртае ўвагу, што “дзяржава, якую ўзялася будаваць пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны савецкая ўлада, акрамя іншага, займалася рашэннем дзвюх задач: з аднаго боку, стварыць сацыялістычныя нацыі на месцы некалькіх этнічных і лінгвістычных арэалаў, а з іншага — вырашыць “жаночае пытанне”. Гэтыя глабальныя мэты ў некаторым сэнсе супярэчаць адна адной”[8]. Тым не менш, у Беларусі адначасовасць гэтых працэсаў прывяла да таго, што савецкая ўлада была вымушаная вывесці жанчыну ў публічную прастору, і сацыялізацыя творчай жанчыны адбывалася ў рэчышчы беларускага нацыянальнага адраджэння, хай сабе ў гэтым разе і запушчанага зверху.

Дзяржава ставіла перад сабой задачы актывізацыі жаночага насельніцтва для ўдзелу ў будаўніцтве сацыялізму і эканамічнай мадэрнізацыі краіны. З гэтай мэтай пры мясцовых партыйных камітэтах у 1918 г. былі створаныя жанкамісіі, у верасні 1919 г. — жанаддзел пры ЦК РКП(б), следам за ім — жанаддзелы ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках. І. Гаўракоў адзначае: “Адным з важных дыскурсаў ў першыя гады савецкай улады было так званае “жаночае пытанне”  — сукупнасць розных аспектаў становішча жанчыны ў новым грамадстве, яе сацыяльных роляў і правоў, жыццёвых сцэнарыяў і каштоўнасцяў, што адпавядалі запытам часу і грамадства. “Эмансіпацыя зверху”, якую праводзілі бальшавікі, сутыкнулася з мноствам праблем. Адна з галоўных — якімі спосабамі данесці да аўдыторыі перадавыя ідэі аб жаночым раўнапраўі і паскорыць уключэнне жанчын у будаўніцтва новага грамадства. Такім універсальным сродкам пераканання стала публіцыстыка”[9].

Напрыклад, артыкул адной з кіраўніц жанадзела пры ЦК РКП (б)  (1920—1921) Аляксандры Калантай (якую І. Юкіна лічыць прадстаўніцай марксісцкага фемінізму) “Дарогу крылатаму эрасу: Ліст да працоўнаф моладзі!”, надрукаваны ў 1923 г. у часопісе “Маладая гвардыя” (№ 3 (10)),  выклікаў вялікі рэзананс, а выраз “крылаты эрас” увайшоў у шырокі ўжытак у тым ліку і беларускіх пісьменнікаў. Артыкул складаўся з трох частак:  “Каханне як сацыяльна-псіхічны фактар”; “Гістарычная даведка”; “Каханне-таварыства”. Яго аўтарка пісала: “Разам з перамогай камуністычных прынцыпаў і ідэалаў у галіне палітыкі і эканомікі непазбежна павінная адбыцца і рэвалюцыя ў светаўспрыманні, у пачуццях, у будове душы працоўнага чалавецтва. Ужо цяпер адзначаецца новае стаўленне да жыцця, да грамадства, да працы, да мастацтва, да “правілаў жыцця” (г. зн. да маралі). У правілы жыцця як складнік уваходзяць стасункі паміж паламі. Рэвалюцыя на духоўным фронце завяршае вялікі зрух у мысленні чалавецтва, выкліканы пяцігадовым існаваннем працоўнай рэспублікі”[10].

У канцы Калантай прыходзіла да высновы, што “пакуль мы знаходзімся яшчэ на зломе дзвюх культур. І ў гэты пераломны момант, звязаны з гарачымі схваткамі двух светаў на ўсіх франтах, уключна з фронтам ідэалагічным, пралетарыят зацікаўлены ў тым, каб усімі мерамі палегчыць хутчэйшае назапашванне запасаў "сімпатычных пачуванняў". У гэты перыяд перад маральным ідэалам, што вызначае кантактаванне полаў, з'яўляецца не аголены інстынкт полу, а шматгранныя любоўна-таварыскія перажыванні як мужчыны, так і жанчыны. Гэтыя перажыванні, каб адпавядаць патрабаванням новай пралетарскай маралі... павінныя абапірацца на тры асноўныя палажэнні: 1) роўнасці ва ўзаемных стасунках (без мужчынскай самадастатковасці і рабскага рашчынення сваёй асобы ў каханні з боку жанчыны), 2) узаемнага прызнання правоў другога без прэтэнзіі валодаць непадзельна сэрцам і душой іншага (пачуццё ўласнасці, узгадаванае буржуазнай культурай), 3) таварыская чуласць, уменне прыслухацца і зразумець работу душы блізкага і любімага чалавека (буржуазная культура патрабавала гэтую чуласць у каханні толькі з боку жанчыны)”[11].

Беларускі жаночы рух развіваўся ў межах агульнага жаночага руху Расійскай імперыі. Вядома, што Алаіза Пашкевіч (Цётка) брала ўдзел у жаночым з’ездзе ў Маскве (май 1905 г.) як "дэлегатка ад беларускіх жанчын". І надалей “дзяржаўны фемінізм” у БССР развіваўся ў рэчышчы агульнасавецкага. Услед за расійскай з’явілася і беларуская жаночая прэса. 5 сакавіка 1924 г. у Мінску ў дзяржаўным тэатры адкрыўся І Усебеларускі з’езд работніц і сялянак, на якім і была ўзнятая праблема стварэння друкаванага органа беларускіх жанчын. Праз паўгода, у канцы лістапада 1924 г., быў створаны часопіс “Беларуская работніца і сялянка”, яго першым рэдактарам стала тагачасная загадчыца жанаддзела ЦК КП(б)Б Марыя Муратава (1922—1927)[12]. Часопіс “Беларуская работніца і сялянка” публікаваў артыкулы і агітацыйныя матэрыялы (у тым ліку ў мастацкай форме), якія сцвярджалі ідэю “новай жанчыны”, распаўсюджаную яшчэ ў дарэвалюцыйнай Расіі, але ўзбагачаную новымі канатацыямі. Дарэчы, у рэдакцыі працавалі не толькі жанчыны, напрыклад, пэўны час абавязкі стыль-рэдактара часопіса выконваў паэт Сяргей Дарожны.

Агітацыйную функцыю мелі і выданні кшталту “8 сакавіка” (1926), якое пачыналася з артыкула Леніна “Міжнародны дзень” (дзе між іншым сцвярджалася: “…уцягнуць у палітыку масы немагчыма без таго, каб не ўцягнуць у палітыку жанчын. Бо жаночая палавіна роду чалавецтва пры капіталізме ўціснутая падвойна…”[13]). Сярод аўтараў — і “сялянка з в. Сапожкава, Кармянскага раёну Магілёўскай акругі К. Драбышэўская”, якая пісала:

 

Цяпер сабе сама я пані:

Хаджу ў чытальню, ў клюб хаджу.

Ламацца нада мной ня стане

Ніхто, — я грамаце вучусь[14].

 

Адзначыліся ў аўтарах І. Чабарык (Ігнат Шпак) з вершам “Голас кабеты”, паэт Андрэй Александровіч (адзін з актыўных аўтараў часопіса “Беларуская работніца і сялянка”) з вершам “Свята жанчын”, З. Бандарына з вершам “8 сакавіка”, Марыля (Самуіл Плаўнік/Змітрок Бядуля) з вершам “Вясковай кабеце”, у якім таксама чуваць водгукі тагачасных рэалій:

 

Дзяўчына маладая, сталая матка,

На З’ездах Саветаў і ты дэлегаткай!

Будуй сваё шчасце адважна і поўна —

Пад сцягам Чырвоным з усімі ты роўна![15]

 

У канцы кніжачкі друкаваўся “Інтэрнацыянал” і сцэнка А. Гарачага “Жаночая праўда”. Як бачым, асноўную частку аўтараў склалі мужчыны, хай сабе і “замаскіраваныя”.

Для беларускай літаратуры палітыка сацыялізацыі жанчын вылілася ў іх прыцягненне да літаратурнай дзейнасці і разам з першай хваляй беларусізацыі мела станоўчыя наступствы. Выхад жанчын з прыватнай сферы ў публічную, усеагульная ліквідацыя непісьменнасці, магчымасць не абмяжоўвацца чатырма класамі царкоўна-прыходскай школы ў Савецкай Беларусі (у Заходняй Беларусі магчымасць атрымаць адукацыю мелі далёка не ўсе) прывяла да таго, што прыход маладых жанчын у літаратуру стаў масавым. І хоць у пачатку дваццатых працягваюць, хоць і не вельмі актыўна, сваю творчую дзейнасць паэткі “нашаніўскага прызыву” Канстанцыя Буйло, Зоська Верас, Алена Цапрынская, чыя лірыка захоўвала рысы “нашаніўскай” эстэтыкі і паэтыкі, самае галоўнае — у літаратуру прыходзяць новыя маладыя сілы, звязаныя з творчым аб’яднаннем “Маладняк”, якое ўзнікла ўвосень 1923 г. Ганна Брэская, Акіліна Мялешкіна, Іда Чырвань, Арына Глінская, Наля Маркава, Наталля Вішнеўская, Зінаіда Бандарына, Яўгенія Пфляўмбаўм, Ганна Арахоўская-Базыленка і многія іншыя прыйшлі ў літаратуру праз рэгіянальныя аддзяленні “Маладняка”. Іх уваход быў поўны энтузіязму, які выліваўся ў творчасці, як у вершы Іды Чырвань “Маладняку” (1925):

 

Старое зруйнуйце —

Яму з шляху йсці.

Мы сваё будуем,

Мы паперадзе.

 

Маладняцкі крокі

К сонцу ўраз, — ды прытка!

Наш размах шырокі,

Ў сэрцы — хвалі рэчкі.

 

Паэзія “маладняковак” мела характэрныя для ўсёй маладнякоўскай паэзіі рысы, але пры гэтым вылучалася асаблівай танальнасцю. І калі ўжо казаць пра мужчынскае і жаночае ў  творчасці, то рэцэпцыя творчасці Ясеніна адбывалася незалежна ад полу (узяць хоць бы вершы Налі Маркавай). “Расейская школа вершавання — і то школа 20-х гадоў — у творчасці маладняковак згледжваецца няўзброеным вокам. Асабліва прыкметны пралеткультаўскі ўплыў з яго машынамі, сцягамі, культам будучыні. А праз гэтую вонкавую атрыбутыку яскрава прабіваюцца характэрныя ясенінскія інтанацыі”[16], адзначае Ю. Пацюпа. І. Багдановіч звяртае ўвагу, што падабенства ў паэзіі розных аўтараў аб’яднання “ахоплівае сферу ідэалогіі — адбіццё ў мастацкіх вобразах грамадскай тэорыі “класавасці”; паэтыку — вытрымліванне стылёвага прыёму супастаўлення “старога” і “новага”, “учарашняга і сённяшняга”, “мінулага і будучага”; топасы — топасы “завірухі”, “віхуры”, “рання”, “радасці” і інш.”[[xvii]] Аднак можна сказаць, што ў паэзіі жанчын (у асноўнай сваёй масе маладых дзяўчат) амаль не назіраецца “бурапеннасці”, уласцівай хлопцам, у той жа час пэўная ўвага надаецца жаночай праблематыцы і многія вершы адлюстроўваюць працэсы сацыялізацыі жанчын, што адбываліся ў тагачасным грамадстве, прыцягненне жанчын да сацыялістычнага будаўніцтва. Некаторыя аўтаркі абсалютна шчырыя, прынамсі ў першай палове 20-х, як Наталля  Вішнеўская ў вершы “Да дня жанчыны” (1925), дзе славіць вызваленне жанчыны з кола спрадвечных абавязкаў:

Гэй, ляці, мая першая песня

У кужэльную, шэрую вёску.

Гэй, туды, дзе у хаце курнай

Тчэ жанчына схіліўшыся кросны!..

 

Ўжо ад хатніх турбот векавечных

Ад жніва, ад калыскі дзіцяці

Яе клічуць к сабе усяўладна,

Яе кліча вялікая праца...

 

Далёка не ўсе гісторыкі адназначна ацэньваюць імкненне вызваліць жанчыну “ад калыскі дзіцяці”, многія лічыць, што ў гэты перыяд былі закладзеныя механізмы разбурэння не толькі традыцыйна-патрыярхатнай, але і сям’і ўвогуле, якія леглі ў аснову працэсаў, што пачалі набіраць шырокі размах з 1930 г. пад уплывам рэпрэсій.

Уласна кажучы, тэма супрацьпастаўлення вёскі і горада, распаўсюджаная ў творах маладнякоўцаў, адлюстроўвала больш шырокую тэму супрацьстаяння цывілізацыі і культуры, інакш кажучы, індустрыялізацыю сельскай гаспадаркі. Адным з прыкладаў увасаблення гэтай тэмы можна лічыць верш Акіліны Мялешкінай “Вясна” (1926):

 

Сэрца бадзёрыць юнацкі мой май

І вабіць п’яняючай ласкай.

Колькі не смейся, о, поле! выбачай —

Больш горад заве сваёй казкай.

 

Пляцовак, дзе маладыя аўтаркі маглі публікаваць свае творы, было таксама дастаткова. Галоўнымі і найбольш чытанымі з іх сталі часопісы “Маладняк”, “Полымя”, “Беларуская работніца і сялянка”, газеты “Савецкая Беларусь” і “Чырвоная змена”. Акрамя таго, філіялы "Маладняка" выпускалі ў рэгіёнах свае альманахі і часопісы: "Маладняк Калініншчыны" (1924—1926 гг.), "Маладняк Барысаўшчыны" (1926 г.), "Аршанскі маладняк" (1925—1927 гг.), "Уздым" (Бабруйск, 1926, 1928 гг.), "Наддзвінне" (Полацк, 1926 г.) і інш., і гэтыя рэгіянальныя выданні рэцэнзаваліся ў цэнтральным выданні арганізацыі — часопісе “Маладняк”.  Як ні дзіўна, часопіс “Узвышша”, на нашую думку, самы высокамастацкі, паэзіі, напісанай жанчынамі, не друкаваў, і ўвогуле, здаецца, не друкаваў аўтарак-жанчын.

Мэтанакіраваная праца з жаночым кантынгентам дала і першы гендарны плён у літаратуры: у 1926 г. тыражом 2000 экзэмпляраў у серыі “Кніжніца Маладняка” выйшла сумесная кніга З. Бандарынай, Н. Вішнеўскай і Я. Пфляўмбаум “Вершы”. Рэдактарам кнігі выступіў У. Дубоўка. Кожная аўтарка была прадстаўленая сямю вершамі, а таксама фотаздымкам. Гэтыя вершы яшчэ не зусім майстэрскія, але галасы іх аўтарак ужо гучалі на поўную сілу (дарэчы, практыка сумесных выданняў была ў той час даволі распаўсюджанай і сярод хлопцаў).

У невялікай рэцэнзіі на кнігу, надрукаваную ў часопісе “Маладняк”, М. Байкоў пісаў: “Зборнічак вершаў паэтак-маладняковак зварачае на сябе ўвагу, што гэта першы за час рэвалюцыі зборнік жаночае творчасці. Вядома, што нашыя кабеты сарамяжныя і іх трэба парадкам раскачаць, каб яны пачалі выяўляць сябе ўраўне з мужчынамі. Праўда, некаторае выяўленне ў беларускай літаратуры жаночая творчасць знайшла сабе яшчэ да рэвалюцыі. Да гэтай катэгорыі належаць зборнік Канст. Буйло і вершы Цёткі, аднак, калі не лічыць вельмі скромнай па сваіх размахах Хмаркі, чамусь у час рэвалюцыі нашыя кабеты маўчалі ды маўчалі...”[18] Крытык адзначае і характэрныя рысы творчасці кожнай з аўтарак: "Зборнічак вершаў Бандарынай і К-° відавочна паказвае, што беларуская камсамолка выходзіць на шлях шырокай грамадзянскай дзейнасці. Грамадзянскія матывы асабліва выразна чуваць у вершах Бандарынай. У яе ж “гул фабрычны прывітанне спявае”... Вершы Вішнеўскай і Пфляўмбаўм больш лірычны па свайму зместу, прычым у першай мае перавагу, я б так казаў, лірызм суб’ектыўны, а ў другой — аб’ектыўны, — замілаванне да роднай краіны"[19]. 

У цэлым М. Байкоў даволі высока ацэньвае творчасць маладняковак: “Большасць вершаў можа вытрымаць крытыку. Беларускія паэткі паказалі, што яны могуць пісаць ня горш, а часам, калі мова датыча жаночых інтарэсаў, жаночае долі-нядолі, лепш за іх таварышаў-хлопцаў. Праўда, як першыя спробы маладога пярка, вершы маюць і бракі”. Сярод недахопаў М. Байкоў адзначаў шаблоннасць пабудовы вершаў і рыфмаў, але падсумоўваў, што зборнічак пакідае прыемнае ўражанне і з’яўляецца гарантыяй поспехаў паэтак у будучыні.

Кніга была прыязна сустрэтая і ў Заходняй Беларусі. Напрыклад, Антон Луцкевіч апублікаваў у “Беларускім календары” за 1929 г. артыкул “З усходніх загонаў (Літаратурны агляд)”, дзе пісаў: “...адзначым адну вельмі прыемную праяву, якой з’яўляецца зборнічак вершаў трох маладых пяснярак: З. Бандарынай, Н. Вішнеўскай і Я. Пфляўмбаўм. Наша паэзія мае надта мала жаноцкіх найменняў. Апрача Цёткі ды Буйлянкі — бадай нікога больш з жанок ня бачылі мы на нашым адраджэнскім Парнасе. Дык тым прыемней адзначыць уваход на Парнас беларускі гэтых трох паэтак. Праўда ад ацэнкі іхняе творчасці (ведама, у маладнякоўскім духу) мы мусім сяння ўстрымацца, бо лішне мала маем матэрыялу дзеля гэтага. Але спадзяемся, што яны і самыя пойдуць яшчэ наперад у сваім мастацкім развіцці, і павядуць за сабой цэлы рад новых пяснярак”[20]. А ў часопісе “Жаноцкая справа” ў 1931 г. (№ 2, 3, 4), акрамя невялікай нататкі пра кнігу, друкаваліся і па некалькі вершаў кожнай з аўтарак.

Дзяўчаты сапраўды мелі сур’ёзныя намеры пісаць далей і развіваць свае здольнасці. У часопісе “Полымя” ў 1927 г. № 8 у раздзеле “Хроніка беларускае культуры” сустракаюцца наступныя звесткі: “Зіна Бандарына здала Беларускаму Дзяржаўнаму Выдавецтву для надрукавання зборнік вершаў “Звоны-перазвоны”[21]. На жаль, іншай інфармацыі, датычнай гэтага зборніка, мы пакуль не маем. З невядомых прычынаў кніга “Звоны-перазвоны” не пабачыла свету, але ў 1931 г. у З. Бандарынай усё ж такі выйшла кніга вершаў пад назвай “Веснацвет”. Хоць, думаецца, гэта была ўжо зусім іншая кніга.

У тым жа 1927 г., але ўжо ў хроніках часопіса “Маладняк” (№ 5) з’яўляюцца і першыя звесткі пра тое, што Я. Пфляўмбаўм “рыхтуе да друку зборнік лірычных вершаў”[22], але толькі ў 1930 г. у № 1 і № 3 гаворка ідзе пра тое, што кніга здаецца ў друк, прычым агучваецца і яе назва — “Мелодыі”. Гэты зборнік таксама не пабачыў свету, хоць, мяркуючы па цудоўных вершах, якія Я. Пфляўмбаўм друкавала пасля выхаду сумеснага зборніка, кніга магла б стаць сапраўднай падзеяй.

Калі мы гаворым пра Савецкую Беларусь, то 30-я гады сталі новым этапам у палітыцы дзяржаўнага фемінізму, якая ў свой час паспрыяла зменам у статусе жанчыны і ў самім жаночым руху. Актыўныя дыскусіі па “жаночым пытанні”, што адбываліся ў 1920-я гады пры падтрымцы жаночых аддзелаў, практычна сышлі на нішто. Сталінскі ўрад перагледзеў папярэднюю палітыку ў дачыненні да жанчын і сям’і, напрыклад, у сярэдзіне 30-х стала цяжэй атрымаць развод, аборты зноў забаранілі. Эмансіпацыю жанчын абвяшчалі дасягнутай, а “жаночае пытанне” — вырашаным. Гэта датычыла ўсяго Савецкага Саюза.

І. Гаўракоў, разважаючы аб гендарнай палітыцы, адзначае: “…злом грамадскіх каштоўнасцяў пасля Кастрычніка 17-га года ў значнай меры адбіўся на “жаночым пытанні”. Падрыхтаваны дзейнасцю апалагетаў марксісцкага фемінізму, падагрэты і даведзены да сваёй кульмінацыі Аляксандрай Міхайлаўнай Калантай, гэты працэс прывёў да таго, што ў нейкі момант ідэалы барацьбы і пабудовы новага свету змянілі традыцыйныя жаночыя каштоўнасці. Гэта была спроба стварэння Новай жанчыны, з новым складам розуму, іншымі жыццёвымі арыенцірамі і мэтамі. Нягледзячы на вядомыя перагібы, многія з ідэй Калантай актуальныя і сёння. На жаль, савецкія кіраўнікі ў рэшце рэшт адмежаваліся ад тэорыі Калантай, аддаючы перавагу агульнай крытыцы замест тонкага і паслядоўнага аналізу на карысць савецкай жанчыны”[23]. Дадамо сюды згортванне беларусізацыі і рэпрэсіі, якія хваля за хваляй пракаціліся па шэрагах беларускіх літаратараў, і робіцца зразумелым, што спад жаночай паэзіі ў Савецкай Беларусі (як і ўвогуле ўсёй літаратурнай дзейнасці незалежна ад полавай прыналежнасці) быў непазбежным.

Апошняй ластаўкай стаў доўгачаканы, як бачыцца, зборнік вершаў З. Бандарынай “Веснацвет[24], які ўсё яшчэ заставаўся адной з першых кніг паэзіі, напісаных жанчынамі у беларускай літаратуры. І з’явілася яна ў самым пачатку 30-х гадоў, калі, можна сказаць, ужо адбыўся пералом у гендарнай палітыцы дзяржаўнага фемінізму. Кніга выйшла ў той час (1931), калі жанаддзелы ўжо спынілі сваё існаванне (1929), таму верш “Жанаддзелу Беларусі”, што ў яе ўвайшоў, гучаў дысанансам з рэальнасцю.

 

Росквітам цудоўным

і прывабным

Усміхнулася нам

шчасная

зара.

Вольнымі арліцамі

ўзмахнулі крыллем

Родная матуля

і сястра.

 

Для кожнага даследчыка паўстае пытанне: як ставіцца да вершаў “на патрэбу дня”? Ці варта разглядаць іх у агульным кантэксце творчасці паэта, ці адкінуць іх як творы, што страцілі надзённасць, а іх мастацкая якасць не выклікае захаплення? У дадзеным выпадку мы не будзем выкрэсліваць “палітычную лірыку” аўтаркі, яна дастаткова красамоўная з гендарнага пункту гледжання. І прачытваць яе вершы можна па-рознаму.

У творах З. Бандарынай прарываецца сіла маладосці, пазіцыя актыўнага ў сацыяльным плане чалавека, як у вершы “Імклівасць”: “…Я на свет нарадзілася / з бурай, / каб імкнуцца тварыць, / будаваць, / каб бяздоннай прагай, / віхурай / цвіль прывычак / ушчэнт руйнаваць”. У прынцыпе, пазіцыя, характэрная ці не для ўсёй тагачаснай мужчынскай паэзіі, і гэтая пазіцыя актыўнага суб’екта дзеяння праяўляецца і ў вершы “Адыйшоўшым”, які сам па сабе можа стаць падставаю для грунтоўнага артыкула. Верш ўяўляе з сябе дыялог лірычнай гераіні з замужняй сяброўкай, ён застаецца актуальным і сёння: дастаткова замяніць “любы камсамол” (адзнаку мінулага часу) на, напрыклад, “любы свой бамонд” або любы іншы публічны асяродак, як сотні жанчын пазнаюць сябе ў лірычнай гераіні твора:

 

На гэрань, на прымус і пялёнкі

Ты змяніла любы камсамол.

А калісьці радасна і звонка

Заклікала верай новых дзён.

Дружа мой, адкуль такія змены?...

 

Кругагляд такі абмежаваны —

Дабрабыт, кватэра, муж і сын;

Малы свет кругом замураваны

І мінулых успамінаў дым…

 

“Камсамол” у дадзеным выпадку азначае магчымасць самарэалізацыі, выхаду ў публічную прастору, і адказ сяброўкі не страціў сваёй актуальнасці, ён утрымлівае і крытыку шматлікіх заклікаў тагачаснай прэсы (нагадаем, што адзін з раздзелаў часопіса “Беларуская работніца і сялянка” якраз і называўся “Новы быт”):

 

“Новы быт — колькі прыгожых слоў!

А на справе — кухня і пялёнкі.

А на справе — брудныя наскі”.

І ў вачах счарнелаю вясёлкай

Дагаралі імпэту агні…

 

Лірычная гераіня З. Бандарынай тлумачыць цяжкасці з арганізацыяй побыту наступным чынам: “Гэта спадчыны агідная адрыга…” і ў імкненні яе пераадолець заклікае: 

 

Вырвем з коранем агідлы, рабскі звычай,

Жыць па-новаму, па-новаму кахаць,

Каб ня быць ахвяраю прывычкі,

Каб тварыць, імкнуцца, будаваць.

 

У вершы “Апошняя вясна” супрацьпастаўленне-дыялог мужчынскага і жаночага — гэта супрацьпастаўленне ірацыянальнага і рацыянальнага, прыроднага і сканструяванага, культуры і цывілізацыі: “Ў вітрынах кармазыняць вішні, / Па вуліцах гудзіць, снуе аўто… / А ў полі дзесь… / Ды ты не зразумееш… / Табе больш любы горад і завод, / Прамені любіш ты электрыкі і зменнасць / І грукат, гул трамваяў і аўто...” Аднак у вершы “Не дакарай мяне мінулым” лірычная гераіня З.Бандарынай абірае іншыя ноты ў дыялогу з мужчынам, накіраваным на збліжэнне і ўсталяванне сяброўскай гармоніі: “Не дакарай мяне мінулым, / Аб перажытым не кажы. / Дай руку брата сэрцам чулым, / О навучы, як трэба жыць!”.

Ніякім чынам нельга пагадзіцца з Ю. Пацюпам, які пісаў пра З. Бандарыну: “Ідэалогія, відаць, падарвала яе музу, і паэтка звярнулася ўрэшце да прозы”[25]. З паэтак-“маладняковак” З. Бандарына даўжэй за астатніх змагалася за права працягваць паэтычную творчасць. Пасля паэтычнай публікацыі 1933 г. (у Я. Пфляўмбаўм, напрыклад, у 1931 г.) наступіў вельмі працяглы перапынак (наступная публікацыя адбылася за год да смерці ў 1958 г., верш “На купалаўскіх сцежках”). Часы змяніліся. А можа быць, З. Бандарынай проста надакучыла апраўдвацца: "Прынамсі калісьці т. Дворкіна[26] (“Маладняк”, № 9), крытыкуючы мой “Веснацьвет”, абвінавачвала мяне ў няшчырасьці, базуючыся на разыходжаньнях у гэтак званай грамадзкай і асабістай лірыцы. Так і цяпер — я пішу вершы палітычна актуальныя і больш таго, для “Работніцы і калгасьніцы”, старанна працуючы над больш простай і даступнай формай, стымул дзеля іх — новы творчы дзень будаўніцтва, пульс зьвязаны з маім пульсам. Мяне глыбока хвалюе кожная перамога, і ў гэтым вялізнае маральнае задавальненьне. Аднак, пэўныя творчыя няўдачы, вузка асабістыя перажываньні жанчыны таксама нараджаюць лірыку, і мне цяжка вырашыць яе мастацкую вартасьць"[27].

У БДАМЛіМ у фондзе Л. Бэндэ захоўваецца машынапіс з рэдактарскай праўкай вялікага артыкула Алеся Кучара “Становішча і перспектывы развіцця беларускай савецкай паэзіі”, які быў апублікаваны ў 1934 г. у часопісе “Полымя рэвалюцыі” (№ 1). Адзін з раздзелаў называецца “Ці патрэбна нам пяшчотная і жаноцкая лірыка”, і гаворка там ідзе пра З. Бандарыну[28]. У пачатку А. Кучар спасылаўся на артыкул З. Бандарынай “Маё слова ў спрэчках”, дзе яна ўздымала пытанне “злучнасці грамадскай і інтымнай лірыкі”, а пасля ставіў пытанне рабром: "Ці патрэбна нам сапраўды жаноцкая і пяшчотная лірыка і ці быў такім лірыкам Гайнэ. Праўда, Гайнэ даваў малюнкі кахання ў духу лепшых эстэцкіх сантыменталістаў, але Бандарына не разумее таго, што гэтыя сантыментальныя малюнкі кахання Гайнэ даваў для таго, каб у гэтыя ж вершы яшчэ з большай сілай надсмяяцца над гэтым пяшчотным сантыментальным каханнем... Не быў Гайнэ ні “пяшчотным”, ні “жаноцкім” лірыкам, а Зіна Бандарына паўтары стагоддзі пасля смерці гэтай пяшчотнай і жаноцкай лірыкі хоча яе культываваць"[]. Кучар крытыкуе верш “Маё credo”, называе некаторыя грамадскія вершы паэтэсы “пустымі” і “халтурнымі”, адзначае, што “грамадскасць ёй патрэбна толькі тады, калі ў яе жаночым сэрцы бываюць непрымірымыя пачуцці”[30]. Але ў друкаваны варыянт артыкула гэтая частка, як і частка пад назвай “Пра рэвалюцыйную рамантыку”, не ўвайшлі. Магчыма, рэдакцыя палічыла, што раз няма патрэбы ў жаноцкай і пяшчотнай лірыцы, то і пісаць пра іх не варта. Ды і для рэвалюцыйнай рамантыкі месца ў Савецкай Беларусі больш не засталося.

Ці магла ў такой атмасферы існаваць паэзія, ды і ці магла існаваць літаратура ўвогуле? З 1934 г. да 1945 З. Бандарына не друкавала не толькі вершаў, але і прозы. Аднак не кінула паэзію, хоць наступная публікацыя паэзіі адбылася толькі ў 1958 годзе (прынамсі, наколькі вядома на сённяшні дзень). Тым не менш, у БДАМЛіМ захоўваецца машынапісны паэтычны зборнік З. Бандарынай “Выбраныя вершы”, палову якога складаюць творы, напісаныя ў 40—50-я гады.

Многія літаратуразнаўцы лічаць, што толькі Я. Пфляўмбаўм не кінула літаратуры, пісала “ў стол” да апошніх дзён і пасля доўгага маўчання выдала кнігі вершаў “Сувой жыцця” ў 1989 г. і “На захадзе сонца” ў 1992 г.  Думаецца, калі б З. Бандарына пражыла болей, то і яе новая кніга ўбачыла б свет.  

Многія паэткі раз’ехаліся з Савецкай Беларусі хто куды. У вымушаным зацішшы 30-х гадоў ва Усходняй Беларусі пачыналі друкавацца Марына Барсток і Эдзі Агняцвет, аднак гендарная афарбоўка іх вершаў была зусім інакшай, прынамсі, пра неабходнасць вызвалення жанчыны гаворка больш не ішла.

 

У якасці заключэння

Калі аўтарак можна налічыць некалькі дзясяткаў, то паэтычных кніжак у жанчын у Савецкай Беларусі мы налічылі усяго чатыры “дарослых”: адну калектыўную (Бандарына З., Вішнеўская Н., Пфляўмбаўм Я. Выбраныя вершы. 1926, Мінск) і тры персанальныя (Бандарына З. Веснацвет, 1931, Мінск; Эдзі Агняцвет “Маё пакаленне”, 1935, Мінск; Эдзі Агняцвет “Вершы”, 1938, Мінск). Акрамя згаданых выйшлі і тры вершаваныя кнігі для дзяцей І. Каганоўскай: “Як Натка гутарыла з маткай” (1932), “Ударныя брыгады ў дзіцячым садзе” (1933) і “Кіскі і кніжкі” (1935). Кніг магло б (і павінна было) быць больш, але не здарылася. За гэты ж перыяд тры кніжкі выйшлі ў аўтарак з Заходняй Беларусі: Арсеннева Н. Пад сінім небам, 1927 (Вільня), Вайцюлевіч В. Вершы. Dzejas. 1932 (Рыга), Тарас Н. На ўсход ідучы, 1940 (Мінск).

У параўнанні з жаночай паэзіяй Заходняй Беларусі паэзія жанчын Усходняй Беларусі была значна больш гендарнай і палітызаванай з прычыны самой сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У сваю чаргу, паэзію жанчын Заходняй Беларусі можна назваць у большай ступені трансцэндэнтнай, нацыянальна скіраванай, з характэрнымі хрысціянскімі матывамі. 

Хочацца верыць, што неўзабаве ўбачыць свет анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду, якая дапаможа па-іншаму паглядзець на літаратурны працэс 20—30-х гадоў і на ўдзел у ім жанчын. Анталогія проста неабходная для ўзнаўлення гістарычнай справядлівасці, каб больш не з’яўляліся фразы кшталту “Наталля Арсеннева — адзіная жанчына-паэтка на беларускім паэтычным алімпе 1920—1930 гадоў”[31]. Магчыма, Н. Арсеннева мела ці не самы магутны талент, але, на шчасце, не была адзінай, у тым ліку і на паэтычным алімпе.

У канцы сваёй прадмовы да раздзела аб творчасці паэтак Савецкай Беларусі Ю. Пацюпа напісаў: “Падсумоўваючы наш агляд, хочацца звярнуць увагу на некаторыя акалічнасці эпохі. Савецкая ідэалогія абяцала шырокае вызваленне чалавека, і жанчыны ў прыватнасці. На даную тэму нямала было затрачана хвальнага патасу, палемічнае энэргіі, ды ў выніку ўсё вярнулася ў патрыярхальную даўніну. Многія з паэтак пражылі доўгае жыццё, але ці так, як ім хацелася? Практычна ніводная з іх не стала соцрэалісткаю. Яны ў час замаўчалі. Зышлі з паэтычнае дыстанцыі. У прозу. У навуку. У сям’ю. У самоту. У няведамасць”[32].

Гэты сыход быў вымушаным і часта ратаваў жыццё. І цяпер стаіць задача вярнуць беларускую жаночую паэзію 20—30-х гадоў з “няведамасці”, каб аднавіць гістарычную і мастацкую справядлівасць.



[1] Фіцнер Т.А. Гендэрныя праблемы ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.  Аўтарэферат дысертацыі. — Мн.: Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, 2003; Фіцнер Т. А. Эвалюцыя беларускай жаночай паэзіі ХХ стагоддзя з пазіцыі гендэрнага прачытання // Гендер и проблемы коммуникативного поведения: Сборник материалов Третьей международной научной конференции. — Полоцк: ПГУ, 2007; Калядка, С.У. Беларуская сучасная жаночая паэзія: Мастацкія канцэпцыі “жаночага шчасця”. — Мінск, 2010 і інш.

[2] Гл. Жыбуль, В. Замужам за “антысавецкім агітатарам”: штрыхі да жыццяпісу Ганны Брэскай // Роднае слова. 2011. № 12; Жыбуль В. "У самым нязначным… можна знайсьці шмат цікавага": жыццё і творчасць Хмаркі (Наталлі Панамаровай) // Роднае слова. 2013. № 1; Маракоў Л. Наля Маркава: “Я ў сугучнасць сваіх песень заплятаю васількі…” // Голас Радзімы. 2000. 12 студз. (№ 2) і інш.

[3] Напрыклад, у кнізе: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Скоблы, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. — Мінск: Кнігазбор, 2008.

[4] Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Мн.: ЕГУ, 2002. С. 100—123.

[5] Юкина И. Русский феминизм как вызов современности / И.И.Юкина ; под ред. Т.А.Мелешко. — СПб. : Алетейя, 2007. — С. 443. (Серия “Феминистская коллекция”).

[6] Жеребкина И. Это сладкое слово… Гендерные 60-ые и далее. —  СПб. : Алетейя, 2012. — С. 172.

[7] Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Мн.: ЕГУ, 2002. С. 100—123.

[8] Гапова Е. Может ли комсомолка отказать комсомольцу? [электронны рэсурс] —  Рэжым доступу: http://magazines.russ.ru/nz/2008/4/ga28-pr.html — Дата доступа: 30.11.2015.

[10] Коллонтай А. Дорогу крылатому эросу! [электронны рэсурс]. —  Рэжым доступу: https://www.marxists.org/russkij/kollontai/winged_eros.htm, дата доступа 23.11.2015.

[11] Коллонтай А. Тамсама.

[12] Больш падрабязна гл.: Дарашчонак П. Першае выданне для беларускіх жанчын: часопіс “Алеся” ў 1924—1930 гг. // Беларускі гістарычны часопіс, 2014, № 12.

[13] 8 сакавіка: зборнік. — Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926. — С. 3.

[14] Драбышэўская К. Давай дарогу бабе вольнай.—Тамсама, с. 5

[15] Марыля. Вясковай кабеце. — Тамсама, с. 14.

[16] Пацюпа Ю. Першыя паэткі Савецкае Беларусі // Саламея, 2001, № 11 ліпень — жнівень, С. І.

[17] Багдановіч І. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння. Мінск: Бел. навука, 2001. С. 316.

[18] Байкоў М. З.Бандарына, Н.Вішнеўская, Я. Пфляўмбаўм. Вершы. Выданьне ЦБ Маладняка. Менск, 1926 46 стар. — Маладняк, 1926, № 3. — С. 149.

[19] Тамсама. — С. 150

[20] Луцкевіч А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва / Антон Луцкевіч; уклад., прадм., камэнт., індэкс імёнаў, пер. з пол. і ням. А. Сідарэвіча. — Мінск: Кнігазбор, 2006. — С. 235.

[21] Полымя, 1927, № 8. — С. 199.

[22] Маладняк, 1927, № 5. — С. 96.

[24] Гл. Данільчык А. Зборнік З.Бандарынай “Веснацвет” як люстэрка жаночай паэзіі 20-30-хх гг. ХХ ст. //  Пра час “Узвышша”: матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2008 — 2010). Вып. 5. / уклад. Г.В.Запартыка, В.В.Жыбуль, У.Г.Кулажанка; навук. рэд. М.І.Мушынскі.—Мінск, РІВШ, 2011.— С. 78—84.  

[25] Пацюпа Ю. Першыя паэткі Савецкае Беларусі // Саламея, 2001, № 11 ліпень — жнівень, —С. І.

[26] Юлія Дворкіна (1902-1943), аўтар  рэцэнзіі “Зіна Бандарына. Веснацвет”, надрукаванай ў часопісе “Маладняк”, 1931, № 9.

[27] Бандарына З. Маё слова ў спрэчках // Літаратура і мастацтва. 1933, № 19 (9 ліп.). С. 3.

[28] Кучар А. Становішча і перспектывы развіцця беларускай савецкай паэзіі: Артыкул. Машынапіс з рэдактарскай праўкай. БДАМЛІМ, Ф. 66, воп. 1, с. 1406, ліст 91.

[29] Тамсама, ліст 92.

[30] Тамсама, ліст 93.

[31] Вабішчэвіч Т. Арсеннеўская восень // Новы час, 2003, № 16.

[32] Пацюпа Ю. Саламея, 2001, № 11. — С. І.

 

Чытайце таксама

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

У сваім блогу Джозэф Саліван (Joseph Sullivan), аглядальнік The Book Design Review, напрыканцы года абраў найлепшыя, на яго погляд, вокладкі…

Услед за чароўным народам

Ганна Янкута

Услед за чароўным народам

Чароўны народ прыходзіць да чытачоў невялікай казкі Толкіна, каб забраць іх з сабой у Чароўны Край і Далёкія Памежжы. Чароўны народ прыходзіць і да тых, хто чытае вершы Антона Францішка Брыля, паэта і…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Кандрат Крапіва

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын...

4811