№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наталля Гардзіенка

Беларускія жаночыя ўспаміны

19 лютага 2016

Беларускія жаночыя ўспаміны

Беларуская мемуарыстыка — не асабліва даследаваная з’ява, а жаночая і наогул амаль не звяртае на сябе ўвагі навукоўцаў. Пры гэтым успаміны беларусак у апошнія дзесяцігоддзі даволі часта можна сустрэць на кніжных паліцах, яны трапляюць нават у рэйтынгі найлепшых кніг году.

Сачыць за беларускай жаночай мемуарыстыкай я пачала гадоў з пятнаццаць таму, але, магчыма, праз спецыфіку зацікаўлення эміграцыяй, найбольш трапляліся мне на вочы ўспаміны тых, хто ў той ці іншы перыяд свайго жыцця апынаўся па-за межамі Беларусі. Зрэшты, магчыма, жанчыны-эмігранткі сапраўды значна часцей пісалі мемуары, чым іх сёстры ў метраполіі. Прынамсі гэтая думка патрабуе асобнага даследавання.

Прыведзеныя ніжэй жаночыя ўспаміны з розных прычынаў выглядаюць важнымі і для мемуарыстыкі, і для беларускай літаратуры наогул. Бадай усе іх можна яшчэ сёння знайсці на паліцах кнігарань. Але гэта не рэйтынг, гэта просты спіс, пабудаваны пераважна паводле храналогіі аповедаў аўтарак успамінаў: ад ранейшых да сучасных. Чытач заўважыць, што, за выключэннем адных, усе мемуары паходзяць з ХХ ст., што зусім натуральна, і шмат у якіх згадваюцца тыя самыя падзеі, асобы. Аднак пры гэтым кожны тэкст застаецца індывідуальным, унікальным, вартым увагі.

 

Саламея Пільштынова. Авантуры майго жыцця.Мінск: Папуры, 2015. — 384 с.

Успаміны Саламеі з роду Русецкіх Пільштыновай (1718 — пасля 1760) — адны з найстарэйшых у айчыннай мемуарыстыцы. Аўтарка жыла ў XVIII ст., паходзіла з Наваградчыны і пражыла надзвычай насычанае жыццё. Яна была не толькі прыгожай жанчынай, але і таленавітай лекаркай. Яе здольнасці маглі ацаніць у Стамбуле, Сафіі, Нясвіжы, Пецярбургу (яна была знаёмая з імператрыцай Ганнай Іаанаўнай) і іншых гарадах. Усюды, куды трапляла жанчына, яна сустракалася з тымі ці іншымі складанасцямі, якія ўдала пераадольвала. Усе гэтыя “авантуры” і апісаныя ў мемуарах, што чытаюцца як прыгодніцкі раман. Зразумела, сёння складана вырашыць, якая частка аповеду Саламеі Пільштыновай мела рэальную аснову, а якая — плён аўтарскай фантазіі. Тым не менш гэтыя ўспаміны, хоць і былі ў арыгінале напісаныя па-польску, ёсць важнай з’явай у айчыннай мемуарыстыцы.

Цытата: “Пасля я засталася лекаркаю ў доме гэкім-пашы. А там быў адзін турак, імам, гэта значыць султанскі капелан, і быў ён вельмі прыгожы чалавек, малады, разумны, вучоны, багаты, меў надзвычай прыемны голас і заўсёды мусіў быць ля султана, бо яго султан вельмі шанаваў. Але Пан Бог пакараў яго, пачалі гнайнікі псаваць твар таму імаму, дык ён ужо не мог быць ля султана, толькі ў сваім пакоі. I вось даў мне на лекі гэкім-паша таго султанскага імама. I я з дапамогаю Пана Бога і з парадамі майго мужа ўзяла яго пад свой нагляд і шчасліва вылечыла, і пасля гэтага стаў яшчэ больш паважаць мяне гэкім-паша, апрача таго, туркі неахвотна да сваіх жонак і да сваіх дачок пускаюць лекараў-мужчын, дык мяне ён пасылаў заўсёды да вялікіх турчанак, паняў тутэйшых”.

 

Марыя Стагановіч. Мае ўспаміны. Мінск: Лімарыус, 2012. — 200 с.

Свае ўспаміны Марыя Стагановіч (1898—1995), жонка пасла польскага Сойма 1928 г., пісала ў вельмі сталым веку, жывучы на эміграцыі ў ЗША. Аднак аповед яе датычыць самага пачатку ХХ ст., падзеяў гісторыі сям’і прыказчыка ў маёнтках графа Храптовіча на Наваградчыне. У мемуарах, што часам выглядаюць як запісаны вусны аповед, адлюстравалася штодзённае жыццё на Наваградчыне, падзеі Першай сусветнай вайны, бежанства і побыт на Смаленшчыне. Да этнаграфічных па сваім характары ўспамінаў дадаюцца звесткі пра народныя звычаі, рэцэпты традыцыйнай беларускай кухні, запісы песень і іншае, што з дзяцінства памятала аўтарка — маці чатырох дзяцей і адданая жонка. Гэты тэкст добра чытаць у звязку з мемуарамі мужа — Аляксандра Стагановіча — “Успаміны пасла”, што рэпрэзентуюць зусім іншы погляд і іншы перыяд сямейнай гісторыі.

Цытата [аповед пра Смаленшчыну]: “Мясцовасць негарыстая, роўная, пясчаная дарога. Паабапал людзі капаюць картофлю. Зусім нейкія дзіўныя, марудныя. Усе жанчыны ў лыкавых лапцях, тоўста накручаны на лытках анучы, тканыя паневы, спадніцы, абшытыя шнуркамі, у сарочках з рукавамі вышытымі ці тканымі, доўгія гарсэты суконныя сівыя. У маладзіц чапцы нашытыя пацеркамі блісчастымі, а паверх хусткі. Дзяўчаты ў сарафанах і вышытых сарочках нат у доле, таксама ў лыкавых лапцях. А кошыкі не такія, як у нас, а невялічкія, круглыя, як вядзерцы, і канапляны шнурок. А картофля, як гарэшкі. Так бедна і некультурна выглядалі людзі, іх вупраж і конікі маленькія”.

 

Зоська Верас. Успаміны // Выбраныя творы. Мінск: Беларуская навука, 2015. С. 69—186. Варыянт у: Пакуль рука пяро трымае: Успаміны, лісты. Мінск: Лімарыус, 2015. С. 11—49.

Пісьменніца і грамадская дзяячка Зоська Верас (сапр. Людвіка Сівіцкая, 1892—1991) пражыла доўгае жыццё і стала культавай асобай для нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. У яе лясную хатку ў савецкія часы прыязджалі пісьменнікі, гісторыкі, мастакі — усе, хто цікавіўся беларускім рухам пачатку ХХ ст. Яна была асабіста знаёмая з класікамі беларускай літаратуры, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, магла расказаць пра знакавыя падзеі ў нацыянальным жыцці. Гэтымі аповедамі поўняцца і яе ўспаміны. Гродна, Варшава, Мінск, Пецярбург, Вільня паўстаюць у мемуарах у сувязі з тымі ці іншымі падзеямі яе жыцця. Ёсць тут і асобы, міжасабовыя дачыненні ў колах беларускай інтэлігенцыі, і “рэдакцыйная кухня” віленскіх перыёдыкаў. Успаміны Зоські Верас пабудаваныя як аповеды пра пэўныя эпізоды, падзеі, людзей і надзвычай багатыя на дэталі.

Цытата: “Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. [Максім] Багдановіч чуўся горш. Тэмпература падымалася. Трэба было яму змяніць клімат. Пастанавілі на супольных нарадах, што паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі, што трэба на дарогу і ў канцы лютага наступіліад’езьдзіны. Мы ўсе хацелі правясьці на вакзал, але Максім запратэставаў: “Пажагнаемся тут,у Бел. Хатцы. Мне будзе цяжэй раставацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей”. Жагналі мы Яго са сьлязамі на вачах, якбы прадчувалі, што жагнаем на заўсёды. Маці мая абняла Яго і пацалавала ў галаву. Ён сказаў: "Я не магу голасна гаварыць, а п. Людвіка дрэнна чуе, а так бы хацеў сказаць ёй шмат мілых слоў! Я ёй напішу!" І не напісаў, не хапіла відаць сілы. А можа і напісаў , а лісту ня выслалі чужыя людзі? Хто ведае...

Але калі прышла вестка аб Яго сьмерці, такой цяжкой у адзіноцтве, мы не маглі дараваць сабе зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць Яго не парадзіўшыся з дохтарам, ня ўпэўніўшыся, што Ялта яму паможа. Як глупа. Трэба было запэўніць на мейсцы больш выгоды, больш сардэчнай апекі. Смерць бы Яго, нажаль, ня мінула, але няхай бы паміраў паміж намі, паміж сваімі адданымі Яму прыяцелямі, у роднай старонцы. Ён жа гэтага хацеў, да гэтага імкнуўся. А можна меў надзею, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае...”

 

Юліяна Вітан-Дубейкаўская. Мае ўспаміны. Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Літве, 1994. — 190 с.

Юліяна Вітан-Дубейкаўская (1886—1969) пісала свае ўспаміны, жывучы ў паваенным нямецкім Нюрнбергу. Актыўная ўдзельніца беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст., яна расказвае пра падзеі і людзей, з якімі яе зводзіў лёс. Сярод герояў аповедаў можна знайсці Алаізу Пашкевіч (Цётку), Янку Станкевіча. Браніслава Тарашкевіча, але найбольш — братоў Луцкевічаў. На старонках успамінаў разварочваецца трагічная гісторыя кахання аўтаркі і Івана Луцкевіча, хвароба якога не дазволіла маладым пабрацца шлюбам. У тэксце багата дыялогаў, размоваў, а таксама кранальных міжчалавечых адносінаў.

Цытата: “— Юлінька, — пачаў Іван, — гэтыя апошнія месяцы лежачы самотны й хворы, я меў шмат часу быць із сваімі думкамі. І я думаў аб табе, я ізноў перажыў, як мы пазнаёміліся й пакахаліся, якая ты для мяне была заўсёды добрая, а я часта быў «немагчымы», а галоўнае, што я не парупіўся даць табе сваё імя. І вось гэта мяне асабліва мучыць, што за ўсімі справамі я забыўся аб нашай асабістай справе. Чаму ты мяне ў той час ня лаяла й не дамаглася свайго права?

Я яго супакоіла як магла, што хвароба й цяжкія абставіны маёй сям'і былі перашкодай, што тут больш маёй віны, чым яго, што ў Вільні ніхто на нас коса не глядзеў, што мы ня венчаныя; усе, хто нас знаў, разумелі, што ў такіх абставінах, як мы былі, трудна вымагаць, каб мы пажаніліся. Але цяпер вайна скончылася, на канфэрэнцыі ў Вэрсалі вырашаецца лёс новае Эўропы і Незалежная Беларусь зажыве сваім собскім жыцьцём. Няхай цяпер іншыя вядуць далей беларускія справы, а ты заслужыў на адпачынак і вось я прыехала, каб цябе даглядаць і як толькі паправішся, то разам паедзем у Вільню й там абвянчаемся.

— Не Юлінька, — радасна ўсхапіўся Іван, — мы ўжо тут, перад ад'ездам возьмем шлюб, і падарожжа ў Вільню будзе нашым вясельным. Ну і я хутка папраўлюся, калі ты будзеш пры мне. Ах, як мне хочацца ў Вільню!

Я ўва ўсім зь ім згаджалася й падтрымвала ягоныя летуценьні; гэтак я супакойвала й цешыла маё беднае хворае дзіця. Іван, як шмат цяжка хворых, жыў больш успамінамі й летуценьнямі, на ўсё глядзеў з надзеяй на лепшае, адным словам, у яго аслабела здольнасьць крытычна разглядаць нашу жорсткую рэчаіснасьць, ён ізноў мог верыць і цешыцца, як дзіця. І я зь ім, як дзіця, рабіла пляны, што потым на зіму паедзем ізь Вільні ў Швайцарыю, або Францыю, каб ён там канчальна выздаравеў”.

 

Наталля Арсеннева. Аўтабіяграфічны нарыс // Выбраныя творы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2002. С. 461—501.

Невялікія паводле памеру ўспаміны Наталлі Арсенневай (1903—1997) важныя ўжо праз саму асобу аўтаркі, стаўленне да якой у афіцыйным дыскурсе колькі разоў змянялася. “Аўтабіяграфічны нарыс” пры гэтым дазваляе зразумець, чым жыла паэтка і ў творчым, і ў сямейным, і ў грамадскім плане. Тут ёсць аповед пра Вільню 1920-х, беларускую гімназію, шлюб і выезд у Польшчу, вяртанне ў Беларусь і вываз у Казахстан, выжыванне там і новае вяртанне ў Беларусь, вайну, акупацыю, гібель сына, уцёкі ў Нямеччыну і бадзянне па ўцякацкіх лагерах. Просты аповед, які падкупляе сваёй шчырасцю і вельмі добра тлумачыць матывацыю шмат якіх беларускіх дзеячаў, што пасля Другой сусветнай вайны апынуліся на эміграцыі.

Цытата: “Успамінаючы мінулыя гады, я магу сцвердзіць, што напісала найбольш я тады, калі найменш была звязана сямейнымі і хатнімі абавязкамі і калі мела найбольш перажыванняў. Перажыванні, цяжкасці, хоць і цяжкія, жудасныя, даюць чалавеку нешта такое, што пабуджае ў ім натхненне, творчую сілу. Таксама і калі паэт чуе, што творамі ягонымі цікавяцца, што яны патрэбныя, — сіла ягонае творчасці адразу шугае ўгару. Наадварот, калі адчуваеш і сябе і свае творы нікому непатрэбнымі, наступае знеахвочанне, поўны заняпад усялякага паэтычнага натхнення...”

 

Марыя Кіпель. Пасля арышту мужа… // Яўхім Кіпель. Эпізоды. Мінск: Лімарыус, 2013. С. 148—158.

Дзесяць старонак тэксту Марыі Кіпель (1904—1992), уключаныя ў мемуары яе мужа Яўхіма, на першы погляд не могуць параўноўвацца з іншымі шматстаронкавымі ўспамінамі. Аднак гэты надзвычайны аповед належыць “жонцы нацдэма” і апісвае менавіта падзеі, што адбываліся ў жыцці маладой жанчыны пасля арышту мужа. Гісторыя своеасаблівай беларускай “жонкі дзекабрыста”, голас тысяч жанчын, што, не быўшы асуджанымі самі, тым не менш сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Ва ўспамінах — шматгадзінныя чэргі, каб перадаць штосьці ў турму, няпэўнасць, невядомасць пра лёс мужа і ўласныя перспектывы, клопаты пра сына і выезд следам за асуджаным і высланым сужэнцам у Налінск Вяцкай вобласці.

Цытата: “Надышла раніца‚ я пабегла ў горад‚ цэлы дзень хадзіла па ўстановах і напрыканцы дня раптам усведаміла: не‚ гэта не памылка‚ гэта жахлівая рэчаіснасць‚ і мне страшна рабілася думаць аб нечым наперад. Перада мною ясна паўстаў абраз: у тую ноч арыштавалі колькі сот людзей. Я бачыла іхных жонак‚ бацькоў ды родных і каля міліцыі‚ і каля розных камісарыятаў‚ і найбольш каля ГПУ. I каго толькі я не спаткала ў той дзень каля ГПУ! Там былі і людзі‚ з якімі мы былі знаёмыя праз Акадэмію‚ знаёмыя з тэатру‚ журналісты‚ пісьменнікі... Ува ўсіх некага ў тую ноч арыштавалі‚ забралі. Ясна‚ ніхто з намі ў той дзень не гаварыў‚ і я нічога нідзе не даведалася”.

 

Ларыса Геніюш. Споведзь // Збор твораў. У 2 т. Т. 2: Проза. Лісты. — Мінск: Лімарыус, 2010. С. 11—252.

Аўтабіяграфічная “Споведзь” Ларысы Геніюш (1910—1983) ёсць своеасаблівай класікай беларускіх жаночых успамінаў. Даволі эмацыйны, часам філасофскі аповед паэткі пра дзяцінства ў фальварку Жлобаўцы каля Воўпы, жыццё з мужам, а потым з сынам у Зэльве, у міжваеннай і ваеннай Празе, далей — арышт і савецкія лагеры. Ва ўспамінах Ларысы Геніюш багата не толькі асабістых падзеяў і перажыванняў, але і гістарычнага кантэксту. Тут можна спаткаць шмат вядомых з падручнікаў па гісторыі Беларусі прозвішчаў дзеячаў, з якімі яна была знаёмая. Гэтыя ўспаміны варта чытаць, каб адчуць тое сапраўднае чалавечае вымярэнне нашага мінулага.

Цытата: “Па вуліцы вядуць дзяцей нямецкіх, вядзе іх нехта ад швайцарскага Чырвонага Крыжа. Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей, коцяць на зямлю, топчуць нагамі. Муж закрыў мне сваім каптаном голаў: “Не глядзі, маці, не глядзі”. А ў хаце сядзець ніяк нельга, бо скажуць: ня цешышся з “асвабаджэньня”, і можа быць нявесела... Удома Юра бяжыць з плачам і крычыць: “Не хачу жыць на такім сьвеце, гдзе б'юць дзяцей”. О, сын, нашчадак шляхотнага няшчаснага народу. Суседка прыпала мне да грудзей і плача: “Пані докторова, я не магу глядзець на зьдзекі над людзьмі, але толькі вам гэта магу сказаць, сваіх баюся”. О мілая пані Копэцкая, нядаўна ж яна перахоўвала, памагала яўрэям... Нейкія людзі падышлі на вуліцы й кажуць мне тое, што й мая суседка, што ён вярнуўся з лагеру й таму бачыць зьдзеку ня можа. Так, мучыць і забіваць могуць толькі выбраныя, і такім менавіта аддалі ўладу над рэштаю людзей. Яшчэ так нядаўна, калі спыняўся ля нас цягнік са зьняволенымі ў паласатым, мы іх кармілі, глядзелі ўсіх, і немцаў. А цяпер... А цяпер за адно нямецкае слова раз'юшаныя чэшкі лупяць насьмерць. Ішлі палонныя бэльгічане й нешта папыталіся па-нямецку, дык так на іх напалі бабы, што ледзь не забілі на месцы, і толькі даведаўшыся, што гэта палонныя з Бэльгіі, перамяніліся адразу ў чулых самарытанак — бэльгічане ім плюнулі ў твар. Босых немак гоняць па разьбітым шкле й лупяць, і ўсё ім мала, а вусатыя савецкія ваякі выносяць немцам па куфлю піва. Бой кончыўся, прагаласілі перамогу, і баец не патрабуе болей забіваць, яму хочацца добрага міру. Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бензінам і паляць. Згінь ты, прападзі з такою культураю! Поўнасьцю перабраўшы гітлераўскія мэтады, крычаць, што яны дэмакраты! На Панкрацкім пляцу вешаюць публічна Пфіцнэра, гэта гісторык нямецкі, які фальшаваў гісторыю чэхаў, і за тое яму такая “чэсьць” — публічна вешаць. Нам каб хоць дачакаць публічна адлупіць тых, якія фальшуюць нам нашую мінуласьць!”

 

Анеля Катковіч і Вераніка Катковіч-Клентак. Успаміны. Беласток: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 1999. — 142 с.

Успаміны дзвюх сёстраў Анелі і Веранікі Катковіч — гэта два асобныя тэксты, апублікаваныя пад адной вокладкай і аб’яднаныя агульнай тэмай. Асноўная частка гэтых мемуараў расказвае пра падзеі, звязаныя з найцяжэйшым перыядам у жыцці абедзвюх жанчын — знаходжаннем у сталінскіх лагерах. Ужо пасля Другой сусветнай вайны Анеля і Вераніка былі прысуджаныя да 10 гадоў “исправительных лагерей”. Пры гэтым успаміны Анелі, большыя паводле памеру, паўнейшыя, расказваюць і пра даваенны час, калі дзяўчына вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, Віленскім універсітэце, працавала настаўніцай, а пазней, у часы нямецкай акупацыі, — перакладчыцай. “Лагерная” ж частка мемуараў сёстраў — з аповедамі пра працу на лесапавале і “на слюдзе”, пра нараджэнне Веранікай у турме сына, яе пакуты з дзіцем на этапах і смерць малога, адабранага ад маці ў лагеры, — жахлівыя старонкі, якія варта чытаць усім, хто сёння настальгуе па савецкім мінулым.

Цытата: “Славік быў асалодай той горкай долі. Хоць яму ня споўніўся годзік, ён прывык да лагерных умоваў. Быў вясёленькі, кожны дзень вітаў мяне з радасьцю, і не гараваў, калі пакідала яго няням. Добра разьвіваўся. Усіх ён радаваў. Ідылія аднак трывала нядоўга. Калі хлопчыку споўнілася год і тры месяцы, у канцы траўня 1951 г. адабралі ў мяне дзіцятка й перамясьцілі ў дзіцячы садзік, які знаходзіўся па-за тэрыторыяй лагера. Маленькі й там пачаткова быў спакойны, чакаючы мяне. На жаль, дарма. Мінуў звычайны час расстаньня, рабочы дзень, і не дачакаўшыся мяне, стаў непакоіцца й плакаць. Прывыкшы да грудзей і занепакоены маёй адсутнасьцю, не прымаў ніякай яды. Безь перапынку плакаў і зваў маму. Мае намаганьні пабачыцца зь дзіцём, каб хоць накарміць яго, заставаліся беспасьпяховымі. Урэшце рэшт, на адзінаццаты дзень канвой завёў мяне ў дзяцінец. Поўную надзеі на сустрэчу са Славікам, прывялі мяне да паўпрытомнага, засінелага ад голаду, з уздутым жывоцікам дзіцяці; пабуджанага час ад часу сутаргамі бясьсільнага плачу. Я спрабавала ратаваць дзіцё. Было аднак запозна. Славік не рэагаваў на мае пяшчоты. Перамагло яго тое пекла, якое дзяліў са сваёй маці”.

 

Руднік, Галіна. Птушкі пералётныя. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011. — 192 с.

Успаміны “Птушкі пералётныя” супрацоўніцы радыё “Свабода” Галіны Ганчарэнкі-Руднік (нар. 1930) першапачаткова былі чытаныя на радыё і толькі потым выйшлі асобнай кнігай. Гэта аповед дачкі рэпрэсаванай маці, якою заапекавалася цётка — оперная спявачка Барбара Вержбаловіч. У часе вайны дзяўчынка разам з ёю жыла ў Мінску і ў 1944 г. падлеткам пакінула радзіму. Жанчына згадвае бамбардаванні Берліну, пошукі прытулку ў Нямеччыне, лагеры для перамешчаных асобаў, выезд у ЗША, дзе ўдалося атрымаць вышэйшую адукацыю, вяртанне ў Еўропу і працу ў беларускай рэдакцыі Радыё “Вызваленне/Свабода” цягам больш як 40 гадоў. Успаміны адкрываюць малавядомыя старонкі жыцця на чужыне, асаблівасці арганізацыі і штодзённасці працы на радыё, атмасферу “халоднай вайны”. Гэта погляд з іншага боку “жалезнай заслоны”.

Цытата: “Праз тры месяцы [пасля смерці ў верасні 1954 г. супрацоўніка беларускай рэдакцыі Леаніда Карася] у мюнхэнскай газэце “Зюддойчэ цайтунг” зьявілася маленькая зацемка такога зьместу: “У той час уважалася, што Карась стаўся ахвярай нейкага нешчасьлівага выпадку. Аднак новыя дадзеныя дазваляюць дапускаць, што Карась загінуў у выніку злачынства”.

Вось так раптоўна скончылася нашае радаснае й бесклапотнае жыцьцё ў Мюнхэне. Цяпер мы баяліся вечарам выходзіць з хаты. Перасталі гуляць у парку, як толькі пачынала цямнець.

Але гэта быў толькі пачатак. […]

Кожны раз, як мы зь цёцяй прыляталі ў Нью-Ёрк на адпачынак, то нашыя землякі спатыкалі нас, як бы мы прыляцелі зь лініі фронту”.

 

Кіпель, Зора. Дні аднаго жыцьця…: Успаміны, артыкулы, дзёньнікі. Мінск: Зміцер Колас, 2010. — 936 с.

Кніга “Дні аднаго жыцьця…” уключае ў сябе напісаныя з розных нагодаў успаміны грамадскай дзяячкі, шматгадовай супрацоўніцы Славянскага аддзела Нью-ёркскай публічнай бібліятэкі Зоры Кіпель (1927—2003), яе аўтабіяграфічныя артыкулы, што публікаваліся ў эміграцыйных перыёдыках, і найбольш — дзённікі. Рэгулярныя запісы пра штодзённыя справы жанчына рабіла цягам 1978—1994 гг. Такім чынам, чытач можа стаць сведкам 16 гадоў жыцця сям’і актыўных амерыканскіх беларусаў. Запісы пераважна кароткія, робленыя хутчэй для памяці, прысвечаныя падзеям дня. Тут шмат побытавых дэталяў, асобаў, справаў. Усё гэта дае магчымасць зразумець і адчуць, што значыць быць беларусам на чужыне штодня.

Цытата з успамінаў “Сустрэчы ў Нью-ёркскай публічнай бібліятэцы”: “Наведвалі бібліятэку й беларусы з БССР: былі гэта пераважна дэлегаты на Генэральную Асамблею ААН. Як звычай, у складзе дэлегацыі бывалі пісьменьнікі або асобы з галіны культуры, мастацтва. Яны заходзілі ў бібліятэку. У Вітаўта [Кіпеля] гэткія знаёмствы пачаліся ад пачатку 60-х гадоў, а я з “савецкімі” стала сустракацца пазьней. Бальшыня зь іх былі няшчырыя, калі гаворка заходзіла аб беларускасьці ў рэспубліцы, казалі: беларускасьць “працьвітае”, а вы, эмігранты, нешта выдумляеце! На шчасьце, былі наведнікі з БССР і шчырыя. З гэткімі можна было размаўляць, аналізаваць, хоць шырака й не афішавацца. Гэтак я пазнаёмілася зь Пятром Фёдаравічам Глебкам, Аркадзем Тоўсьцікам, Уладзімерам Шчасным, Генадзем Бураўкіным. З Генадзем мы адразу пасябравалі, варожасьці, недаверу як і не было. Нават у тыя змрочныя часы мы зь ім размаўлялі вельмі шчыра. Ён нам зь Вітаўтам адразу спадабаўся: прыйшоў у бібліятэку сам адзін, без праважатых. У першай жа гутарцы з Генадзем мы пераканаліся, што ён жыве Беларусьсю, як і мы, хоць некаторыя ягоныя творы мы рэзка крытыкавалі, як бы выкідалі іх вон зь ягонае творчасьці. Асабліва нам спадабалася выказаная ім тады “мара” давесьці тыраж “Маладосьці” да 25 тысяч, а мо й вышэй!”

Зразумела, што гэта толькі невялікая частка жаночых успамінаў, што пабачылі свет цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Можна згадваць і шмат іншых аўтарак: Раісу Жук-Грышкевіч, Марыю Ганько, Вольгу Грыцук, Івонку Сурвілу, Юлію Андрусышын, Вольгу Храптовіч-Буцянёву ды іншых. Ад мужчынскіх успаміны жанчын часта адрозніваюцца большай эмацыйнасцю, прывязкай да сямейнай гісторыі, што стварае асаблівы ракурс аповеду. На найбліжэйшую перспектыву плануецца і з’яўленне на кніжных паліцах новых выданняў жаночых мемуараў. Так, чакаюць выдаўца поўныя ўспаміны Паўліны Мядзёлкі. У найбліжэйшы час пабачаць свет мемуары яшчэ адной эмігранткі з “пакалення Ды-Пі” — мастачкі Тамары Стагановіч. Такім чынам, жаночая мемуарыстыка ўвесь час папаўняецца новымі тэкстамі і, хочацца спадзявацца, мае шанец на прыцягненне да сябе ўвагі як шараговых чытачоў, так і навукоўцаў.

Чытайце таксама

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

«Мова — гоман векавога бору...»

Максім Лужанін

«Мова — гоман векавога бору...»

У маі 1979 года на старонках «Звязды» быў надрукаваны артыкул Кандрата Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» Народны пісьменнік і акадэмік даволі сурова крытыкаваў тых аўтараў і рэдактараў, якія,…

3049