№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дар'я Трайдэн

Бог і мілыя хлопчыкі: рэлігія і гомаэротыка ў творах Герарда Рэвэ

15 студзеня 2019

Бог і мілыя хлопчыкі: рэлігія і гомаэротыка ў творах Герарда Рэвэ

Нідэрландскі пісьменнік Герард Карнэліс ван хет Рэвэ (1923—2006) быў каталіком і гомасэксуалам. Гэтыя ягоныя ідэнтычнасці не знаходзіліся ў ваенным становішчы — наадварот, яны падмацоўвалі адна адну, знаходзілі эстэтычныя і метафізічныя сугуччы, нараджалі вобразы і сюжэты, якія былі аднолькава зразумелыя і нідэрландскім біскупам, і палюбоўнікам Рэвэ. Гомасэксуальнасць асэнсоўваецца пісьменнікам як Божы падарунак, як патаемная асалода, адкрытая для Рэвэ самім Госпадам. Захапленне мужчынамі ў яго і цялеснае, і ўзнёсла-паэтычнае, думкі пра Бога — таксама. Гэтыя дзве ніці быццам завязваюцца ў вузельчык, які сціскае сэрца і прымушае Рэвэ пісаць. І дзе там ужо аддзяліць адно ад другога — уяўны азадак маладога хлопчыка ў чорных кароткіх шортах пераходзіць у асліныя ногі, і хлопчык той — бог, і ён усміхаецца спагадліва, патаемна і спакушальна.

Досвед аднаполых стасункаў і рэлігійнае адчуванне — нярэдкае ў пісьменніцтве спалучэнне. Марына Цвятаева пісала і пра Бога, і пра жанчыну, Гертруда Стайн мела любімых святых, чые цэрквы наведвала ў падарожжах разам з Алісай Таклас, Жан Жэнэ апісваў свае прыгоды і гомасэксуальныя фантазіі ў рэчышчы каталіцкай эстэтыкі, аднак не звяртаўся да рэлігіі наўпрост, Міхаіл Кузмін апяваў каханне да мужчын і даследаваў вучэнне гностыкаў... Прыкладаў дастаткова, каб паставіць пад сумнеў непрымірымасць веры і гомасэксуальнасці.

Аднак няшмат хто пры гэтым адкрыта дэклараваў адначасова арыентацыю і рэлігійнае светаўспрыманне ў якасці вытокаў уласнай вобразнай сістэмы. Рэвэ ж паяднаў свае ідэнтычнасці і пачаў ствараць своеасаблівую, дзіўную прозу: мазахізм, замілаванне, закаханасць, прага, эрэкцыя, малітва разглядаюцца ім з двух пунктаў, і тыя стаяць так блізка, што страчваеш упэўненасць, што пункт не адзін і той жа.

Гомасэксуальнасць і каталіцтва. Уся творчасць Герарда Рэвэ закранае дзве гэтыя тэмы, ці, дакладней, гэтыя тэмы ўвесь час закранаюць Рэвэ.

Глеба, на якой Рэвэ паядноўвае нетрадыцыйную пару сваіх ідэнтычнасцяў, — гэта каханне і выратаванне. Галоўныя рысы боскага, паводле Рэвэ, — спагада, здольнасць да ахвяры і шчырая любоў. Любіць дурнаватых і злых сваіх дзяцей немагчыма без гумару, таму Бог пісьменніка здольны да гульні, жарту, хітрай усмешкі. Ён не падобны да хваравітага неўраўнаважанага старога, што жыве ў мінулым: у кнігах і прамовах Рэвэ Бог паўстае вечна маладым, тым, каго не дагоняць самыя спрытныя ногі, самыя спраўныя думкі. І, дарэчы, чаму Бог — гэта “ён”? Рэвэ казаў: “Мне падаецца, што Бог — жанчына. У любым выпадку ў ім ёсць нешта чароўнае ад маладой прыгажуні, якая раніцай чэрпае ваду з ракі. Не, дзе ж гэта было напісана? Мне падаецца, што я недзе гэта чытаў”. Заяўляючы такое, пісьменнік далёкі ад намеру зняважыць Госпада, зрабіць яго вобраз правакацыйнай эпатажнай гульнёй. Рэвэ не можа пагадзіцца на лянівую, аўтаматычную веру, на поўны давер царкве, Папу ці любой іншай асобе ў пытаннях, якія не могуць мець пэўнага і агульнага адказу.

Нягледзячы на тое, што Рэвэ гуляецца з канонамі (напрыклад, працягвае асэнсоўваць паэтыку Хрыстовага цела, даводзячы гэтае асэнсаванне да інтымных стасункаў), ён далёкі ад легкадумнага стаўлення да Бога. Аднак важна разумець, што Рэвэ не кіруецца рэлігіяй у звыклым сэнсе. Ён не шукае гатовых адказаў, загадзя намаляваных ліній правільнага жыцця. Веру, якая грунтуецца на чужых адкрыццях, змяшаных з запаветамі чыноўнікаў ад царквы, Герард Рэвэ высмейвае. “Бог Нідэрландаў”, “бог тваёй цётухны” — так Рэвэ называе ўніверсальную боскую фігуру, засвоеную ляніва, неразважліва і абмежавана. Рэвэ супраць адзінага на ўсіх і як вернік, і як пісьменнік, і як перакананы антыкамуніст.

Герард Рэвэ з недаверам слухае тых, хто пахваляецца асаблівымі адносінамі з Богам, ведае ягонае меркаванне па кожным магчымым пытанні. Дасціпна, з упэўненай іроніяй Рэвэ адказваў тым, хто бачыў Бога цікаўным суседам, які высочвае кожную дробязь і фіксуе на фотакамеру праз няшчыльна ссунутыя шторы. Паводле Рэвэ, кожная сапраўдная вера — глыбока індывідуальная і пабудаваная на сутнасці, а не на мёртвым выкананні пэўных пунктаў, і нікому не дадзеная роля быць рупарам боскай волі. Кожны — не рупар, а толькі вуха.

У эсэ “Самому стаць пісьменнікам” Рэвэ даводзіць, што не трэба ўспрымаць царкоўныя догматы як правілы дзеяння ў паўсядзённасці: “Рэлігійны тэкст можа вытрымаць якую заўгодна інтэрпрэтацыю, акрамя літаральнай”. Паколькі Евангелле поўнае супярэчнасцяў, сама глеба хрысціянства дазваляе пошук, пытанне, уласнае адкрыццё. “Таямніцу, і нічога іншага, чалавек адчувае і хоча любіць. Рымска-каталіцкая царква не з'яўляецца царквой разважання і абмеркавання тэалагічных пытанняў. Гэта царква пачуцця і перажывання чагосьці, чаму ніхто не можа даць азначэнне”, — кажа пісьменнік. У публічнай лекцыі “Так і было насамрэч” — не апраўданне” Рэвэ прамовіў: “У мастацкім творы ёсць нешта, што ўхіляецца ад інтэлектуальнага аналізу”. З гэтых урыўкаў відавочна, што творчасць і вера ў Рэвэ паяднаныя адным вытокам, адной вобразнай сістэмай, пэўным бачаннем і разуменнем свету.

Паводле Рэвэ, усё, чым літаратура можа “абразіць” Бога, даўно ім самім і прыдуманае — і, падаецца, Бог атрымаў пэўную асалоду ад варушэння застылых цаглінаў царкоўнай упартасці. Вобраз Бога намаляваны пісьменнікам па сваім вобразе — як старажытныя грэкі ўяўлялі Алімп поўным зямных жарсцяў, так і Рэвэ мысліць боскую постаць у шчыльнай, непарыўнай сувязі з чалавечым, зямным. Іронія, самаўпэўненасць, здольнасць бачыць прыгажосць і атрымліваць ад яе асалоду, азарт пасадзіць дурнога ў калюжыну — гэта апісвае і Бога Рэвэ, і самога пісьменніка.

“Ці не літасць Божая і не доказ яго Любові тое, што гэты хлопчык існуе? Ці магу я жадаць больш, чым каб гэты хлопчык вырас у шчасці, сваім і чужым? Ці не грэшная думка, у якой хавалася б іншая цікавасць да яго? Чаму істота, якую я лічу неверагоднай, павінная належаць мне? І тады раптоўна, не разумею, чаму, мне прыгадалася: я ведаю, што Збаўца мой жывы , і ў Судны дзень Ён сыдзе на зямлю”, — так распавядае пра сваё першае рэлігійнае адчуванне Рэвэ. Ён паядноўвае захапленне маладым хлопчыкам з адчуваннем Божай прысутнасці ў свеце, асэнсоўвае аднаполую закаханасць, да якой многія ставяцца падазрона, як чыстую прыгажосць, дазволеную самімі нябёсамі. Пафасная, узнёслая інтанацыя, аднак, не затрымліваецца ў ягонай прамове — хутка пісьменнік заяўляе, што гэтая гісторыя — пра капялюш, бо калі б ён не меў капелюша, то не мог бы зняць яго пад уздзеяннем новага досведу. Далей ён пачынае разважаць пра памеры сваёй галавы, якой падыдзе не кожны галаўны ўбор, пра тое, якое ўражанне рабіла абноўка на мінакоў…

Часам складана зразумець, дзе пісьменнік прымярае маскі і стварае міражы, а дзе сапраўды прыадкрывае душу. Глыбокае інтымнае перажыванне атачаецца жартамі і гульнёй, Рэвэ дае падманлівыя каардынаты і мапы, і толькі ў няспынным суаднясенні ўсіх яго словаў можна аддзяліць сур’ёзнае ад іранічнага і правакацыйнага. Аповед неаднойчы збочвае, круціцца вакол драбніц аж да мільгацення ў вачах, а пасля зноў вяртаецца на пафасную вышыню адкрыцця. Такім чынам Герард Рэвэ распраўляецца з усімі важнымі ўспамінамі — перліна выяўляецца хрумсткай каляровай паперай, каб чытачу і слухачу давялося папрацаваць.

Здатны да моцнага слоўца, гуллівага падману і паэтычнай вольнасці, Рэвэ не пазбег пераследу за сваю творчасць. У кнізе “Бліжэй да цябе” Рэвэ апісаў сэксуальны акт з Богам, які прыйшоў да пісьменніка ў абліччы асла. Некаторыя палічылі такое вольнае ўяўленне пра Бога блюзнерствам — у прыватнасці, сенатар Алгар, які падаў на Рэвэ ў суд.

Так званы “Асліны працэс” (1966—1968 гг.) быў апошняй судовай справай пра блюзнерства ў Нідэрландах. Болей артыкул не выкарыстоўваўся, а ў 2013-м быў наогул скасаваны.

Хто ў працэсе быў сапраўдным аслом — згаданая жывёла ці пазоўнік — вызначыць цяжка. Рэвэ падрыхтаваў прамову, дзе тонка пакпіў з абсурднай заявы Алгара і давёў, што зямны суд у такіх пытаннях непатрэбны, немагчымы. “Гэта супрацьпастаўленне аднаго вобразу Божага іншаму, і я не думаю, паважаны старшыня, што задача вашай калегіі ў тым, каб абараняць адзін вобраз Гасподні перад іншым, — а менавіта гэтага патрабуюць ад вас мае апаненты”, — так характарызуе сутнасць судовага працэсу пісьменнік. Далей Рэвэ працягвае сваю думку пра сутыкненне вобразаў і праблематызуе адзінае важнае для яго пытанне: “З'яўляецца Гасподзь Ягнём з прабітымі, акрываўленымі капытамі ці аднагадовым мышына-шэрым аслом, які дазволіў тройчы запар валодаць ім, пранікаючы ў яго Патаемную Адтуліну, — якая розніца, пакуль Ён бярэ на сябе грахі гэтага свету і паказвае міласэрнасць Сваю ўсім нам”.

Прамовы Рэвэ пераканалі суд, і ў 1968-м абвінавачанне знялі. У тым жа годзе Герард Рэвэ атрымаў галоўную літаратурную прэмію Нідэрландаў — прэмію Хофта.Як гэта ні дзіўна, Герарда Рэвэ любілі і разумелі яшчэ пры жыцці: каталікі і атэісты, геі і гетэрасэксуалы набывалі ягоныя кнігі і дзякавалі — кожны са сваёй прычыны.

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Галоўную літаратурную прэмію Германіі (Deutschen Buchpreis) за найлепшы твор на нямецкай мове атрымаў аўтар раману «Вежа» (Der Turm) Увэ Тэлькамп (Uwe Tellkamp)...

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Не так часта ў беларускіх СМІ мы можам пачуць галасы беларускіх пісьменніц, якія б расказвалі не пра сваю творчасць ці грамадзянскую пазіцыю, а пра нешта асабістае, пра тое, што сфармавала іх асобу або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

2348