№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наталля Рак

Ці ўключаная Беларусь у "свет камандораў" (паводле рамана Маргарэт Этвуд "Аповед Пакаёўкі")

19 лютага 2016

Ці ўключаная Беларусь у

Фемінісцкі дыскурс у літаратуры традыцыйна адлічваюць з пачатку ХХ ст, але ўплывовай тэндэнцыяй ён стаў толькі праз паўстагоддзя, калі ў куфры заходняй цывілізацыі назапасіліся працы такой колькасці філосафак, літаратарак, антраполагак і паэтак, што ігнараваць іх ужо было немагчыма. Я маю на ўвазе і Маргарэт Мід, і Рут Бенедыкт, і Сімону дэ Бавуар, і Мэрэлін Фрай, і Бэці Фрыдан, і многіх іншых.

Постстрактуралізм і постмадэрнізм таксама нядоўга былі выключна патрыярхальнай парафіяй. Храналагічна нова-стара-новая літаратурная сістэма амаль супадае з другой хваляй фемінізму — 60—70-я гады ХХ стагоддзя. Тут плыні амаль зліваюцца адна з адной і ўтвараюць магутную раку пад назвай фемінісцкая дэканструкцыя. Яе вытокі знаходзяцца ў працах Юліі Крысцевай, але сапраўднай дэльтай, на маю думку, ёсць творчасць Маргарэт Этвуд.

Для Маргарэт Этвуд гендарны аспект і яго літаратурнае даследаванне — асноўны аўтарскі метад. Гэта прэпарацыя стасункаў жанчыны са сваім целам у “Мадам Аракул”, і міфалагічная дэканструкцыя вернай жонкі-качкі Адысея ў “Пенелапіядзе”. Але праграмным творам паэткі і пісьменніцы можна лічыць “Аповед Пакаёўкі”.

Сам раман уяўляе сабою дзённік "Пакаёўкі" — жанчыны, якой "пашчасціла" быць абранай для працягу роду Камандора ў тэакратычнай імперыі. У гэтай змрочнай антыўтопіі галоўнай жаночай каштоўнасцю ёсць яе фертыльнасць, што вызначае месца жанчыны тут і цяпер. Імя пакаёўкі зусім не трэба ведаць — Фрэд (імя "яе" Камандора) + ава (суфікс прыналежнасці) = Фрэдава (Offred у арыгінале). Асабістае ж імя — ці Джун (June — “чэрвень”), ці Мэйдэй (Mayday — “травеньскі дзень”) — так і застаецца таямніцай для чытача/чытачкі. Але затое вядомыя імёны лесбіянкі Мойры, якая безвынікова змагаецца з гамафобіяй, і Сірэны Джой — стэрыльнай жонкі Камандора. Імя — гэта частка асобы, быццам гаворыць Этвуд. Для сістэмы дастаткова "іезэвэляў" (якіх прымушаюць быць прастытуткамі), "марфаў" (якія вядуць хатнюю гаспадарку), жонак, пакаёвак, не-жанчын (нефертыльных) і яшчэ колькі кастаў.

Любыя пачуцці жанчыны табуяваныя — гэта забарона не толькі на самастойны выбар каханка, але нават на матчыну любоў. Увогуле, у свеце, які дэтальна малюе Этвуд, усё чалавечае для жанчыны забароненае — поўны кантроль над целам, паводзінамі. Так званыя анёлы веры шчыра за гэтым сочаць. Але ці ёсць жанчына ўвогуле чалавекам, а не "two legged womb"? У тэакратычнай дзяржаве камандораў адказ выключна адмоўны: жанчына —"нечалавек". Пра гэта сведчыць не толькі даведзены да скрайнасці рэлігійны патрыярхальны фундаменталізм, але і найвышэйшы ўзровень жаночай мізагініі як вынік.

Этвуд выкарыстоўвае біблейскія алюзіі не толькі дзеля адсылкі да папулісцкіх закідаў паўночнаамерыканскіх кансерватараў. Для пісьменніцы важна пераасэнсаваць з фемінісцка-дэканструктывісцкага пункту гледжання месца жанчыны ў так званых хрысціянскіх культурах. У рамане шматлікія спасылкі на Біблію ці на традыцыйныя хрысціянскія інтэрпрэтацыі — ад Цырымоніі (сэкс дзеля рэпрадукцыі), імёнаў (марфы і іезэвэлі) — дадаюць пэўныя акцэнты. Ды і сам інстытут Пакаёвак у рамане амаль "спісаны" са старазапаветных гісторый пра Агар (пакаёўка Абрама), Валы і Зілфы — пакаёвак Якава. Заўважна, што адносіны паміж жанчынамі розных каст падкрэсліваюць пэўную мізагінію, закладзеную прынамсі ў хрысціянскай інтэрпрэтацыі біблейнага свету: жонкі — пакаёўкі, святыя — грэшніцы.

Тым не менш рэлігійны фундаменталізм у "Аповедзе Пакаёўкі" ёсць у пэўнай ступені эўфемізмам для любых ідэалогій і сцэнароў паводзін, скіраваных на пазбаўленне жанчыны імені ў самым шырокім сэнсе — пазбаўлення яе суб’ектнасці нават на ўзроўні мовы (пытанне, закранутае Аленай Казловай у адным з яе артыкулаў.

У гэтым плане фемінісцкая дэканструкцыя як літаратурны метад можа быць перанесеная на культурнае поле, у тым ліку і беларускае: калі сацыяльныя, палітычныя, культурныя ці побытавыя падзеі разглядаюцца не вачыма мужчыны, а жанчыны. Дзеля прыкладу леташні выпадак з удзелам (ужо) былога арт-дырэктара “Элемы” Івана Айплатава. Адкрыта сэксісцкія выказванні справакавалі як мінімум у фэйсбуку “айплатаў-гейт”, і гэта лепей, чым нічога. Але голасна не былі агучаныя два галоўныя пытанні: а) чаму мужчына ўвогуле дазваляе прынамсі ў масмедыях пастуляваць, што павінная ці не павінная жанчына гаварыць альбо рабіць; б) чаму арт-дырэктарам кампаніі, аўдыторыя якой выключна жаночая, з’яўляецца мужчына? 

Для беларускага грамадства пытанні больш чым радыкальныя, бо хто, як не мужчына, можа вызначыць, якой мусіць быць жанчына (гэта той самы патрыярхальны прывілей, ад якога не жадаюць адмаўляцца беларусы і частка беларусак, бо трэба  будзе вызначаць сябе самастойна — а гэта заўсёды праца). Я не гавару пра гендарную сегрэгацыю ці пра цэнзуру (большая частка сэксістаў звычайна выкарыстоўвае гэтыя так званыя "сэксісцкія бінга", каб пазбегнуць дыскусіі). Я пра тое, што жаноцкасць дагэтуль "прыватызаваная" ў беларускім соцыуме мужчынамі. Якой мусіць быць жанчына ў “свеце камандораў” паводле рамана М. Этвуд? Фертыльнай, прывабнай і маўклівай. Ну і працавітай, вядома.

Добра, што ў ХХІ ст. беларускі ідэал жанчыны нарэшце пачынае змяняцца і набываць нейкія рысы асобы. Але, калі шчыра, гэты працэс ідзе вельмі павольна. Не ў апошнюю чаргу таму, што самі жанчыны падтрымліваюць пэўную мізагінію. Для мяне не былі шокам каментарыі на tut.by да артыкулаў пра хатні гвалт — амаль палова вікцімблэймераў [1]  была менавіта каментатаркамі. Гэта досыць звыклая з'ява для “свету камандораў” — жанчыны транслююць нецярпімасць да іншых жанчын і падыходзяць да абмеркавання з пазіцыі “белага гетэрасэксуальнага мужчыны”. Аднак выраз "я не феміністка, але...", які часта  выкарыстоўваецца падчас такіх абмеркаванняў, ёсць самым пачаткам салідарнасці.

Салідарнасць асобаў: хатніх гаспадынь і працоўных, чайлдфры і шматдзетных, малярак і выкладчыц, чыноўніц і тых, хто выйшаў на пратэст, атэістак і верніц. Ці ёсць гэтая салідарнасць у Беларусі? На маю думку, яна яшчэ неасэнсаваная як з'ява ў сучаснай беларускай культуры, але ўжо існуе. Гэта заўважна і па дыскусіях у фэйсбуку, і па тэмах, якія падымаюць СМІ. 

Але пакуль існуюць метафарычныя айплатавы, якіх нават не звальняюць тут-і-цяпер, гэтай з'яве яшчэ далёка да мэйнстрыму ў нашым грамадстве. І пакуль фотасэты жанчын вялікіх памераў, якія знаходзяцца за межамі стандарту ў нашым грамадстве, выклікаюць агіду ці здзіўленне — мой адказ: так, Беларусь знаходзіцца ў “свеце камандораў”. Як і Іран з Саудаўскай Аравіяй, дзе тэакратычная дзяржава не ёсць эўфемізмам сістэмы, рэпрэсіўнай у дачыненні да жанчын.

 

Каментар

[1] Вікцімблэймінг — (ад анг. victim blaming — абвінавачанне ахвяры) — перанясенне адказнасці за гвалт ці любыя супрацьпраўныя дзеянні на ахвяру. Вікцімблэймеры — тыя, хто вінаваціць ахвяру. Увесь сэнс выказвання любога вікцімблэймера зводзіцца да “сама вінаватая”.
1893