№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Аляксандра Макавік

Дарагая Вера: гісторыя аднаго перакладу

11 чэрвеня 2016

80 гадоў таму, 24 красавіка 1936 году, у Лондане нарадзілася Фэйт Элізабэт Джоан Рыч, адна з самых важных і незвычайных асобаў для беларускай культуры — незвычайная нават у каардынатах брытанскай эксцэнтрычнасці. Паэтка, журналістка, рэдактарка, а для нас — найперш перакладчыца (уласнае ангельскае імя Faith яна пераклала на беларускую, Вера, нібыта стварыўшы новы лёс), спадарыня Рыч магла б лёгка зрабіцца гераіняй авантурнага рамана, або метафізічнага даследавання, або і іскрыстай камічнай оперы — залежыць ад гледзішча, выбару фактаў з яе біяграфіі, якую яна пісала як твор: лёгка, таленавіта і натхнёна.

4 ліпеня 2008. Фота Андрэя Антонава

Вера Рыч у Вільні, на Зарэччы. 4 ліпеня 2008. Фота Андрэя Антонава


Дзіця з лонданскага прадмесця, без кроплі славянскай крыві (але з ангельскім святым у радаводзе — Эдмундам Кентэрберыйскім), яна выгадавалася ў ваенным і паваенным горадзе, вывучыла стараангельскую і стараісландскую мовы (у Оксфардзе наведвала курсы Дж. Р. Р. Толкіна), а затым і матэматыку; з дзесяці гадоў пачала пісаць вершы, а пазней выдала зборнікі ўласнай паэзіі (Portents and Images (1963), Heritage of Dreams (1964), Outlines (1969)); раптоўна і незваротна закахалася ў беларушчыну (той дзень, 25 кастрычніка 1953 году, экскурсію на імшу ў Беларускую каталіцкую місію на поўначы Лондана, яна шматкроць згадвала як самы вызначальны, літаральна пачатак новага жыцця), а затым захапілася і ўкраінскай мовай і пачала перакладаць з гэтых моваў паэзію (а яшчэ і з польскай, старанарвежскай, іспанскай, румынскай), працавала карэспандэнткай для Усходняй Еўропы ў часопісе Nature, вандравала (у стылі прыгодніцкіх раманаў мінулага — за савецкім часам незаконна пераходзіла польскую мяжу, прыкінуўшыся беларускай сялянкай, сутыкалася з агентамі службаў бяспекі ў Венгрыі і Польшчы), выкладала, бараніла правы чалавека, шмат пісала пра чарнобыльскую трагедыю, выдавала паэтычны перыёдык Manifold («Столкі») — «часопіс новай паэзіі», супрацоўнічала з Брытанскім ПЭН-клубам і арганізацыяй Index of Censorship.

Першы верш, перакладзены ёю з беларускай мовы, выйшаў у мюнхенскай газеце «Бацькаўшчына» ў 1957 годзе, — «На чужыне» Янкі Купалы. Некалькі беларускіх перакладаў надрукаваныя пазней у яе ўласных паэтычных кнігах, у 1960-я. А затым была анталогія яе перакладаў беларускай паэзіі Like Water, Like Fire: Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day (UNESCO Collection of Representative Works) («Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. дасёння»), што выйшла ў 1971 годзе і стала першай і ўнікальнай публікацыяй такога кшталту на ангельскай (і на заходнееўрапейскай мове ўвогуле). «Выбітнае дасягненне… Шмат хто прывітае [кнігу] як уводзіны ў «новую» і вартую літаратуру, якая нарэшце пачынае паўставаць з незаслужанага занядбання», — адгукнуўся на выданне «Journal of European Studies». Сама Рыч цудоўна ўсведамляла, што яна адкрывае нашую паэзію заходняму свету і ўпісвае яе ў еўрапейскі кантэкст: «Не так часта перакладчыку шанцуе быць самым першым у сваёй сферы, і я адчувала вялікі гонар».

Вельмі цікавы яе каментар да назвы анталогіі і тлумачэнне ўласнага творчага метаду: «Гэта стыхіі беларускай паэзіі, вада жыцця, фізічныя воды Беларусі з яе балотамі, азёрамі і вялікімі рэкамі, і сімвалічныя воды нараджэння і смерці; купальскія агні ў начных палях, зіхаценне вокнаў зімовых хатаў — і той неўтаймоўны агонь патрыятычнай любові і адданасці зямлі, дзе ты нарадзіўся. Заданне перакладчыка — скіраваць гэтую ваду і прынесці гэтую запаленую паходню ў іншую мову з іншым ладам мыслення».

 

Дзве вокладкі для адной анталогіі. Першы варыянт з Пагоняй быў прыбраны з распаўсюду пасля пратэсту савецкага Галоўліта.

Тут, мне здаецца, так ярка выяўлена тое, што дзівіць у Веры і захапляе: эмацыйная апантанасць стыхіямі и бездакорна лагічны разлік, такі сабе скандынаўска-матэматычны погляд — з містыкаю старажытных герояў і халоднай красой рацыянальнага. «Сама паэтка, я б адчувала, што здрадзіла сваёй мэце, калі б стварыла нейкую версію, не адпаведную паэтычнай форме арыгіналу. Калі паэт выказвае думкі ў вершы, то форма, гэтак жа, як і змест, вызначае выгляд і сэнс гэтых думак… Адначасова я імкнулася, каб пераклад ішоў за арыгіналам, радок за радком, не дадаючы лішняга, нічога не трацячы». Такім чынам — стварыць пераклад, максімальна блізкі да арыгіналу, з алітэрацыямі ды «ўнутранымі перазовамі», але зразумелы і эмацыйна ўзрушвальны для чытача адрознай культуры, дзе іншыя алюзіі, метафары, звыклыя паэтычныя вобразы. Задача прыгожая, амбітная і амаль немагчымая — словам, абяцанне прыгодаў.

У 1977-м з’явіўся ангельскамоўны «Тарас на Парнасе» — супольны пераклад яе і Арнольда Макміліна. А ў 1982 годзе надрукаваны The Images Swarm Free: A Bi-Lingual Selection of Poetry by Maksim Bahdanovič, Aleś Harun and Źmitrok Biadula («Снуецца зданяў рой») — зборнік перакладаў Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна і Змітрака Бядулі, з паралельнымі тэкстамі на дзвюх мовах. Апошнія гады спадарыня Рыч працавала над Коласавай «Новай зямлёй» і «Сымонам-музыкам», выйшаў яе пераклад кнігі Тацяны Сапач («Няхай не пакіне нас Восень» / Do not abandon us, Autumn). Яна няспынна паўтарала, што марыць перакласці і апублікаваць усяго Максіма Багдановіча. «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча ў Купалаўскім тэатры цяпер ідзе і з сінхронным ангельскім перакладам — дзякуючы Веры Рыч. Агулам, згодна з яе падлікамі, яна пераклала больш за сто беларускіх паэтаў. І ўсё гэта спалучала з процьмаю іншых справаў: працаю карэспандэнткі ў Nature, шматлікімі паездкамі, уласнай паэзіяй і выданнем часопіса, а таксама іншай любоўю — украінскай паэзіяй. Дзякуючы ёй на ангельскай з’явіліся Тарас Шаўчэнка, Леся Украінка, Іван Франко, дый ці не ўся ўкраінская класіка.

Калі я ўпершыню прачытала пра Веру Рыч, мяне моцна ўразіла, што асоба з іншай культуры, энцыклапедычна адукаваная і таленавітая ў шмат якіх сферах, некалькі дзясяткаў гадоў аддала перакладам паэзіі краіны далёкай, нязнанай і трагічнай, нават без уласнай дзяржаўнасці, на момант пачатку перакладаў. Тыя ж пытанні — аб прычынах інтарэсу і вытоках любові — задаюць і ўкраінцы. У адным інтэрв’ю ўкраінскім медыям Вера кажа, што яе невыказна бянтэжыць такое здзіўленне: некалі ў падарожжы ў Ізраіль памежнік, разглядаючы паперы, пабачыў, што яна ведае ўкраінскую, і запытаўся, навошта яе вывучыла. Вера адказала: «Каб перакласці Шаўчэнку». Больш пытанняў не было.

Шкада, што яе першая любоў, беларуская мова і паэзія, выглядае менш ушанаванай, чым украінская ва Украіне. Там перакладчыца ўганараваная прэміяй Івана Франка, Ордэнам княгіні Вольгі, а частка яе праху пахаваная побач з магілаю Шаўчэнкі ў Каневе, згодна з яе запаветам. Але, можа быць, недахоп афіцыйнага прызнання кампенсаваўся любоўю тых, хто яе тут чытаў і ведаў. У 2010 годзе Джудыт Відал-Гол, рэдактарка Index of Censorship, пісала: «Шанаванне, каб не сказаць, пачцівае трымценне, з якім ставіліся да Веры беларускія інтэлектуалы, было надзвычайнае. Я на свае вочы пабачыла гэта ў 1995 годзе, калі мы разам наведвалі Менск. Мяне запрасілі як галоўную выступоўцу, а Вера выбралася ў дарогу за кампанію. Аднак у нашых шматлікіх вандроўках па гіганцкіх вуліцах сталіцы або ў вечаровых забавах зрабілася крыштальна ясна: я тут усяго толькі трымаю сумку Яе Вялікасці, а яна — каралева для ўсіх прысутных».

І ўжо зусім не дзіўна, што беларуская каралева Вера ўсё жыццё правяла на лонданскім праспекце Веры. Як і шмат якія іншыя дэталі яе біяграфіі, гэтая ўспрымаецца як прыгожая наканаванасць. Яна расказвала ў інтэрв’ю Радыё Свабода: «Галоўная вуліца ў нашым раёне, авеню. І там ёсць вуліцы Максіма, Базыля і Вігі. Віга мусіла быць Ядвіга, але гэта было б заскладана... Архітэктар, які зрабіў праект гэтага новага раёна, быў з Усходняй Еўропы. Вера была жонкай архітэктара. І ў іх было два сыны — Максім і Базыль — і дачка Ядвіга».


На гэты адрас, Vera Avenue, 99, Grange Park, London, дванаццаць гадоў таму я даслала ёй яшчэ адзін зборнік перакладзенай ёй беларускай паэзіі, Poems on Liberty: Reflections for Belarus (2004). Мы ніколі не сустракаліся, аднак мне пашчасціла з ёй ліставацца. Улетку 2003 году мне выпала задача сабраць разам пераклады Веры Рыч для гэтай кнігі. А за год да таго цяпер ужо вялізную «Бібліятэку Свабоды» адкрыў зборнік з 365 вершаў (паводле колькасці дзён у годзе), і заснавальнік выдавецкай серыі Аляксандр Лукашук звярнуўся да Веры Рыч з ідэяй перакладу, а каардынатарка паэтычнага марафону Валянціна Аксак выбрала і накіравала частку з вершаў у працу.

Тое, што спачатку выглядала тэхнічным заданнем, нечакана ператварылася ў адну з самых захапляльных прафесійных прыгодаў, у эпісталярны раман і шанец пабачыць, як працуе Вера Рыч: шчаслівая ад знаходак і спакутаваная ад уласнага добра ўсвядомленага перфекцыянізму. Пасля дзясяткаў мэйлаў ужо магчыма было здагадацца пра настрой карэспандэнткі з колькасці клічнікаў або шматкроп’яў. Мне ўдалося сабраць кранальную калекцыю нечаканых і часта паэтычных прычынаў прапушчаных дэдлайнаў: анамальныя вясновыя халады, камп’ютарны збой, пылок квецені каштанаў, пільныя грамадскія справы, ашалелая лядоўня, нечуваная жнівеньская спёка, паэты-пачаткоўцы ў чаканні парадаў і маё любімае — вершы, назаўжды страчаныя ў кіберпрасторы. (Дарэчы, напраўду камень з сэрца, калі я прачытала шмат пазней, што такія адгаворкі ды тлумачэнні затрымак перажывалі з Вераю і іншыя яе рэдактары і выдаўцы, а прычына — найперш яе прага дасканаласці.)

Я захавала ўсе Верыны лісты — з першых допісаў захапілі яе каментары да перакладзенага і пытанні пра арыгіналы. Валянціна Аксак, да якой я звярталася па парады з Верынымі запытамі, адказвала, што перакладчыца бачыць сэнсы, няісныя для аўтараў, і расчытвае алюзіі, якіх не адчувалі самі творцы (у зборніку сярод прызнаных паэтаў былі і пачаткоўцы, але гэткая перакладчыцкая праніклівасць здаралася не толькі ў іх выпадку). А часам, з яе акадэмічнымі ведамі беларускай культуры, Вера са свайго брытанскага берага заўважала абсалютна цудоўныя, не бачныя тут, амаль містычныя рэчы.

Мне б хацелася падзяліцца некалькімі лістамі Веры Рыч — тымі, дзе яна расказвае аб працы: ахвотна, нават апантана, дзе жартуе і згадвае жыццёвыя здарэнні. Гэта ўсё было настолькі прыгожа, што Верына думка зрабіць да перакладаў каментары выглядала непазбежнай, і яны ўвайшлі ў кнігу. І шмат што засталося па-за кнігаю, толькі ў паштовай скрынцы. Перакладчыца пісала мне па-ангельску, акрамя самага першага мэйлу крыху дзівакаватай беларускай лацінкай, — выглядала, што па-ангельску будзе хутчэй.


Subject: праблемны верш

Date: Thu, 31 Jul 2003 16:20:58 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

вось верш — Леаніда Дранька-Майсюка — які ўздымае шэраг праблемаў. Тут не толькі некаторыя адсылкі будуць цьмяныя… але ў некаторых выпадках яны выклічуць памылковыя канатацыі ў сярэдняга брытанскага чытача. (Не паручуся за амерыканцаў!) У прыватнасці, я мяркую, што заўвагі спатрэбяцца для наступнага:

1) Святая Сафія — з увагі на тое, што для сярэдняга брытанскага чытача гэта будзе сабор у Канстанцінопалі Юстыніяна І. Таму трэба патлумачыць, што аўтар спасылаецца на Полацк, а таксама пра значнасць Полацка ў беларускай гісторыі.

2) Прага. Аналагічна і тут, у гістарычным кантэксце Прага асацыюецца з Зімовай каралевай [Элізабэт Сцюарт. — А. М.], Големам, алхіміяй. Але не са Скарынам.

3) А Лукішкі не будуць значыць нічога…

І нарэшце, лінгвістычная праблема ў апошняй страфе: я сутыкалася з такімі праблемамі ў мінулым, калі перакладала Шаўчэнку, і развязвала іх рознымі спосабамі. У «Великим льоху», з трэцяй (рускамоўнай) варонай — я надала ёй рускі акцэнт, а ў «Сне», з чыноўнікам, прымусіла яго прамаўляць напышлівай ангельскай.

Але тут, я мяркую, трэба «крэалізаваць». З увагі на тое, што ангельская мова — мова байструковая, крэалізацыя магчымая або ў французскую, або ў нямецкую. У гэтым кантэксце — і без найменшага жадання пакрыўдзіць сучасных немцаў — «крэалізацыя» ў камічную і граматычна непісьменную нямецкую — магчыма, мае абертоны, бліжэйшыя да арыгіналу, чым французскі варыянт… І будзе зразумела кожнаму чытачу ў Аб’яднаным Каралеўстве.

Вядома, мы можам адмовіцца ад перакладу верша, але я ведаю, што гэты дакладна быў у спісе на пераклад. І я шмат разважала над тым, што з ім рабіць.

Вера

 

Згаданы тут пераклад апошняй страфы быў геніяльны:

«Я жыву ў калхозі «Свабодны пуць»,

І мне ў ём харашо, пакуль

Плывуць вутаўкі маі — вуць, вуць, вуць!

Ходзяць курачкі маі — пуль, пуль, пуль!»

 

I lif in Kollektiv Rote Track.

Und full mein Life ist mit gut Luck,

While schwim mein Ducklinks, quack, quack quack!

Und run mein Chickens, cluck, cluck, cluck.

 

Subject: іншы запыт...

Date: Fri, 1 Aug 2003 14:30:47 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

дзякую за спіс… Цяпер я працую над ім, паступова, правяраю верш за вершам і рыхтую запыты для вас...

Таксама выглядаю, ці не з’явіцца нейкай новай думкі пра нешта…

Я дашлю больш вершаў сёння…

Аднак вось імгненны запыт, проста цяпер…

У вершы Вярцінскага дзве цытаты… Першая, як я разумею, з Гоі. Але адкуль другая? Яна выглядае дзіўна знаёмай, а ўсё ж не магу прыгадаць.

Пры гэтым цытаванне вядомай асобы часам мае стандартны выгляд у ангельскім тэксце, часта не зусім даслоўна, як у арыгінале, але ў такой форме, каб пазнавалася, — і таму нам давядзецца неяк захаваць гэтыя формы цытатаў у вершы…

Я не маю тэлефоннага нумару Вярцінскага або мэйлу. Можа, вы б змаглі звязацца з ім і запытаць, адкуль паходзіць другая цытата?

Адносна перакладчыцкіх нататак… Я ўжо маю ў галаве ўсё, што трэба напісаць, таму скласці іх разам не забярэ шмат часу. Гэтак жа, як і хутка напісаць перакладчыцкую прадмову. Не даўжэй за два працоўныя дні дакладна…

Спяшаюся,

Вера

 

Subject: Вершы 1—6

Date: Sat, 2 Aug 2003 09:39:29 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

не дзіва, што я не пазнала другой цытаты: у мяне штосьці кшталту сляпой плямы ў свядомасці, калі гаворка заходзіць пра Талстога… (Я спынялася ў доме ягонай пляменніцы ў Парыжы, у перыяд між школаю і ўніверсітэтам… Вельмі складаная лэдзі…) Аднак калі гэта Талстой, я мяркую, што няма стандартнага перакладу гэтага выказвання. Але для заўвагаў было б добра мець дакладную спасылку (з якой кнігі паходзіць, я паспрабую патэлефанаваць Вярцінскаму).

Эдуард Люсі-Сміт (гісторык мастацтва) даў мне стандартную форму для цытавання гэтага выказвання Гоі.

Чаму ангельская — байструковая мова? Ну, да ХІ стагоддзя мова, якую мы называем «стараангельскай», хоць і ўвабрала некалькі дыялектаў, была насамрэч чыстай германскай мовай… У ёй было адно некалькі пазычанняў, пераважна з лаціны і з сферы спецыфічна царкоўнай. Напрыклад, biscop (bishop) — з лацінскага варыянту episcopus, pistol (ад лац. epistola) і гэтак далей.

(Хоць сустракалася шмат дзівацтваў, разам з выразна славянскім пазычаннем tapor, якое трапляецца ў хроніках, здаецца, 1034 або 1035 году — у двух варыянтах, tapor/aexe.)

Але тады, у 1066-м, Англія была захопленая Вільгельмам Заваёўнікам [William the Bastard of Normandy], і моваю двара і арыстакратыі зрабілася (нармандская) французская. Увялі феадальную сістэму, ангельцы ператварыліся ў рабоў, прыкутых да зямлі… І ангельская мова зрабілася пагарджанай, як нешта нягеглае і бескультурнае, непрыдатнае для цывілізаваных дачыненняў.

Стараангельскія хронікі больш не вяліся, большасць пісьмовай літаратуры была на лаціне… А тое, што складала нерэлігійную літаратуру, — песні, каб забаўляць нобіляў, і г.д., было на французскай. Ангельская амаль памерла. Адзіная прычына, з якой яна захавалася, — тое, што ангельцы былі занадта «дурныя», каб вывучыць французскую, — і некаторыя «палітычна некарэктныя» святары настаялі, што нават «дурныя» ангельскія рабы мусяць чуць слова Госпада на іхнай роднай мове. Аднак вялікая колькасць французскіх пазычанняў непазбежна трапіла ў ангельскую. Таму калі зноў паўстала пісьмовая літаратура на ангельскай (XIII —XIV стст.), гэта была зусім іншая ангельская мова; яна страціла большасць граматычных уласцівасцяў (хоць сякія-такія граматычныя «закамянеласці» захаваліся, кшталту дзіўных формаў множнага ліку, як ‘mouse/mice’, ‘child/children’, ‘foot/feet’), і каля 40 % лексікі было лацінскага паходжання — узята наўпрост з лаціны або праз нармандскую французскую.

Гэта мела і добрыя, і кепскія вынікі. Кепска тое, што, у адрозненне ад, скажам, скандынаваў, якія ўсе могуць зразумець мову адно аднаго, няма ніводнай еўрапейскай мовы, якая была б гэтаксама ўзаемна зразумелая з ангельскай (гэта можа быць адной з прычынаў нашай зацятай ксенафобіі!). Далей — хоць нашая (пісьмовая) літаратура пачынаецца ў VII стагоддзі (а некаторыя вершы, запісаныя ў выжылых манускрыптах, лёгка маглі быць пераказаныя яшчэ і з ранейшых часоў), для сучаснага ангельскага чытача творы Чосэра (канец XIV стагоддзя) ужо ледзьве зразумелыя… А ўсё яшчэ ранейшае патрабуе спецыяльных ведаў граматыкі, слоўнікаў, і г.д. Таму фактычна ўся ангельская літаратура да XIV стагоддзя недаступная для ангельскага чытача, калі ён не адмысловец.

А з добрага — найперш граматыка спрасцілася настолькі моцна, што замежнікам адносна лёгка здабыць мінімальныя практычныя веды ангельскай мовы. Таму яна такая прыдатная ў ролі міжнароднай. Да таго ж у нас нечувана вялікі лексікон, пераважная большасць словаў мае дуплеты або амаль сінонімы — адзін паходзіць са стараангельскай, а другі — з французскай… Або нават трыплеты, з трэцім варыянтам наўпрост з лаціны. Напрыклад, трыплет ‘kingly’ (стараангельская), ‘royal’ (лаціна праз французскую) і ‘regal’ (непасрэдна з лаціны)... Гэта азначае, што для літаратурных мэтаў у нашым распараджэнні вялізны выбар лексемаў з цянюткімі адценнямі значэнняў.

Аднак гэта не дапаможа нам разабрацца з паэзіяй…

Я працую над вашым спісам і зноў правяраю кожны верш у тым парадку, што вы даслалі…

З першымі шасцю са спісу (Глобус, Мінкін, Анціпенка, Кірвель, Гуцаў, Разанаў) я адносна шчаслівая… Акрамя некалькіх правак да Мінкіна, новую версію якога я тут жа і далучаю.

Больш — неўзабаве.

Вера

 

Subject: больш вершаў

Date: Tue, 5 Aug 2003 23:26:00 +0200

 

Дзякуй за тлумачэнне цьмянага моманту ў Лужаніна…

(Хоць у 1956-м, калі я пачала перакладаць для ўкраінцаў, адзін з іх часта казаў мне пра складаныя месцы: «Не думай пра тое, што гэта значыць. Мы табе плацім не за разуменне. Проста перакладай!»)

Тут жа далучаю некаторыя каментары да вершаў…

Анатоль Дэбіш:

Хам вярнуўся на родныя гоні

З апраметнай — і проста на трон…

Я крыху непакоюся адносна «Хама». Для ангельскага чытача гэтае слова будзе асацыявацца або з сынам Ноя, або з Хэмам Пэгаці, з дыкенсаўскага «Дэвіда Коперфілда».

Аднак Ноеў сын — хоць і не адданы сын, але зусім не дурань, а Хэм Пэгаці хоць і невялікага розуму, але шчыры просты хлопец — соль зямлі, як мы кажам.

Як я разумею, Хам у беларускай мове — спалучэнне лютага глупства і хітрасці… Асоба, чый кругагляд і мэты вельмі абмежаваныя — але адначасова для дасягнення гэтых мэтаў яна звернецца да найпадступнейшых хітрыкаў, на якія здатная.

Мне здаецца, у нас няма дакладнага эквіваленту… Мы маем некалькі імёнаў для архетыпічных дурняў (у казках і г. д.), але гэта ‘Simple Simon’, ‘idle Jack’ — шчырыя, добрасардэчныя і сумленныя персанажы, і нягледзячы на іхную дурасць, урэшце ўсё складаецца для іх добра (нават калі даводзіцца далучыцца феям, каб уратаваць іх!) — проста таму, што яны ў асноўным добрыя людзі.

Таму… тут не тое што слова не мае канатацыяў або эмацыйнага адпаведніка ў ангельскай, хутчэй яно мае іншыя канатацыі.

Адзіны наш персанаж, падобны да гэтага спалучэннем хітрасці і бязлітаснасці, — Калібан у Шэкспіравай «Буры». Але ж Калібан жыхар субтрапічнай выспы!!!

Віктар Жыбуль. Ніякіх праблемаў… (Я атрымала вялізную асалоду, перакладаючы гэты верш.) [Верш «Я не хачу быць пупом зямлі. У зямлі й без мяне хапае пупоў. Я хачу быць пупом неба». Іншым выклікам быў пераклад верша Веры Бурлак, але гэта мо варта асобнага тэксту. — А. М.]

Арына Балобан. Няма пытанняў. (NB. Для ангельскага чытача гэты верш мусіць быць асабліва выразны, бо стыль перагукаецца з паэмай Фрэнсіса Томпсана «Hound of Heaven». Хоць тут, вядома, сітуацыя супрацьлеглая — душа ўцякае ад Бога!)

Арцём Кавалеўскі. Без пытанняў. (Як вы пабачыце, мне ўдалося захаваць унутраныя рыфмы!)

…………..

Date: Mon, 11 Aug 2003 11:05:07 +0300

 

Дарагая Аляксандра,

далучаю новыя вершы і каментары…

Я спадзяюся даслаць неўзабаве больш, з адпаведнымі нататкамі, у наступныя дні. Спадзяюся, пад канец тыдня…

Але, як вы магчыма чулі, учора быў найгарачэйшы дзень за ўсю гісторыю Англіі (тэмпература паднялася вышэй за 100 градусаў Фарэнгейта, амаль 38 Цэльсія)… Ну, я бачыла і гарачэй, калі была на Сінаі… Але тут праблемаю не толькі спёка, але і вільготнасць, і забруджанасць (праз дарожны рух)… Амаль немагчыма працаваць удзень або спаць уначы.

(Здараюцца і іншыя дзіўныя рэчы… Учора, калі я вярталася з царквы, замок у маіх уваходных дзвярах — яго напоўніцу прасмажыла сонца — пашырыўся ад спёкі, і я не магла ўсунуць у яго ключ!)

У кожным разе, спадзяюся даслаць сёння больш вершаў…

Я адзначыла сабе, што вы думаеце пра ‘chapel’ and ‘church’. Я згаджуся, што гэта мо не так важна. Пры гэтым згадваю вялізныя праблемы з тутэйшай украінскай газетай — калі праваслаўныя сказалі, што яны абражаныя, бо «Калядны зварот» да каталікоў быў апублікаваны перад праваслаўным… Я мяркую і спадзяюся, што вернікі ў Беларусі больш разважлівыя (і больш спагадныя!), аднак лічу, што варта прыгадаць такі выпадак.

Ёсць яшчэ некалькі рэчаў, якія хачу абмеркаваць, але ўжо амаль 9-я гадзіна, і ў мяне цэлы спіс тэлефанаванняў на гэты ранак.

Больш вершаў — і абмеркаванняў — пазней…

……………….

……………….

 

Subject: ад Веры

Date: Tue, 7 Oct 2003 09:42:30 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

мне толькі што прыйшла ў галаву трывожная думка! Я меркавала, што мая прадмова будзе мець справу толькі з літаратурнымі матэрыямі — гэта значыць, тлумачыць тое, што Дораці Сэерс у сваіх каментарах да Дантэ называла ‘greater images’ (большымі вобразамі), якія праходзяць праз кнігу (Пагоня, бел-чырвона-белы), а таксама апавядаць пра некаторыя нюансы перакладчыцкай тэхнікі ды таго, што я спрабавала здзейсніць…

Я меркавала, што будзе і прадмова ад радыё, з гісторыяй паўстання кнігі з радыёпраграмы.

Але перачытваючы ваш апошні мэйл, я цяпер раздумваю, ці не чакаецца, што я сама апавяду аб кнізе ў прадмове. Калі так, я магу зрабіць гэта.

У кожным выпадку, ці не маглі б вы паведаміць, наколькі адкрытай (або стрыманай) я мушу быць, апавядаючы пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і пра тое, чаму такая кніга выглядае неабходнай? Апёкшыся ў мінулым, цяпер я вельмі асцярожная што да палітычнага «агню». Найгоршае, што можа здарыцца са мною, — адмова ў візе. Гэта будзе сумна, і ўсё ж не трагічна. Але я не хачу ствараць дадатковых праблемаў для вашых людзей!

Спехам,

Вера

 

P.S. ‘Ode to Zmicier Bartosik!’

You wish you had been born a Vilnia cat?

I wish that I could find my Vilnia map!!!!

(I wish I had not lost my Vilnia map!)

 

Апошні абзац — экспромт, гэткі паэтычны шарж, на верш Змітра Бартосіка, што пачынаўся словамі «Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом…» і шчодра згадваў віленскую тапаніміку (Звярынец, Пагулянка, Чырвоны Штраль, Замкавая гара, Ліпоўка, Добрая Рада, Зарэчча). Перакладчыца адгукаецца: «Ода Змітру Бартосіку! Табе б нарадзіцца шэрым віленскім катом? А мне б адшукаць маю віленскую мапу!» — багата паўзабытых рэчаў для перакладу! Я сабрала звесткі пра ўсе згаданыя мясціны з іх магчымымі алюзіямі, з кніжак, мапаў і ад віленскага сябра. А Вера напісала наўздагон, што пракансультуецца яшчэ і з фатографам Дзянісам Раманюком, «яе віленскім экспертам».

 

Subject: Re: ад Веры

Date: Tue, 7 Oct 2003 11:11:24 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

так, я была ў Вільні… Чатыры разы, здаецца…

Першы раз у сакавіку 1991 году, з савецкай візай, прыдатнай толькі для Масквы, і больш за тое — з найстражэйшымі інструкцыямі ад нашага амбасадара ў Маскве, каб я кіравалася з дому наўпрост туды, не спыняючыся ў Менску… І крый божа ніякіх пабочных вандровак у Вільню!!! Ён быў злы, бо я выправілася з Масквы ў Кіеў (без належнай візы) і выступіла з прамовай на святкаванні ўгодкаў Шаўчэнкі ў Палацы «Україна», там было шмат пра свабоду і незалежнасць, і яна (пра што я дазналася пазней) транслявалася ў «Астанкіна» на саюзным тэлебачанні…

Што нагадвае мне пра… Ці бачылі вы мой уласны верш на свабоду, «Пралог»? Мне б варта было даслаць яго ў праграму. Але я зразумела (памылкова), што ўжо выкарысталі мой «Рэцэпт цуду» і што ад кожнага чалавека прымаецца толькі адзін верш! Шкада… Мне б хацелася пабачыць, што зрабіў бы з яго беларускі перакладчык…

Вера

 

Subject: Суботнім ранкам — ад Веры

Date: Sat, 11 Oct 2003 06:04:35 +0200

 

Дарагая Аляксандра,

як я казала, я актыўна задзеяная ў гэтак званым «Нацыянальным дні паэзіі» ў чацвер. (Гэта НЕ нашае сапраўднае паэтычнае свята, якое прыпадае на 17 лістапада, дзень Святой Хільды, апякункі ангельскай паэзіі. Шмат у чым яна падобная да Святой Ефрасінні — толькі на шэсць стагоддзяў старэйшая!) Я моцна злуюся на кастрычніцкія святкаванні, бо як рэдактарка паэтычнага часопіса вымушаная таксама рабіць некаторыя рэчы…

Я не спала ўсю папярэднюю ноч, завяршаючы сцэнар для свята, і большасць дня ачуньвала. Толькі што прачнулася… Сёння я мела паўдзельнічаць у Чэлтэнхэмскім літаратурным фестывалі (адна з найважнейшых літаратурных падзеяў у Англіі, але я надта стомленая, каб пайсці).

У любым выпадку, я мушу дапісаць нататкі, прадмову, і засталіся апошнія некалькі перакладаў, якія было б занадта шкада не ўзяць у кнігу…

 

Subject: аб прадмове

Date: Wed, 15 Oct 2003 11:29:22 +0200

Я толькі што атрымала гэты допіс — калі ўжо даслала прадмову…

Дарагая Аляксандра,

выглядае, што я зноў маю доступ да сваёй пошты.

«Без палітыкі» мне пасуе… Было зусім крыху «палітыкі» ў прадмове, але я змяніла прыкладна паўтара сказа. Далучаю папраўленую прадмову.

Пры гэтым адна ці дзве перакладчыцкія нататкі крыху палітызаваныя. Я ўжо не кажу пра самі вершы!!!

Калі ласка, звярніце ўвагу, што я датавала прадмову 25.Х.2003. Калі магчыма, захавайце гэтую дату. Прычына мусіць быць відавочная. [Так, гадавіна той самай вызначальнай сустрэчы з беларускім светам у 1953-м, якая для Веры запачаткавала новае жыццё. — А. М.]

Cпяшаюся… Пазнюся на семінар у 1.00, а дарога туды займае каля гадзіны.

Вера

 

Калі напярэдадні Верыных народзінаў я перачытвала гэтае даўняе ліставанне, згадалася мноства вясёлых, драматычных і дзіўных момантаў падчас падрыхтоўкі кнігі, а таксама ўсё тады перачытанае, высветленае і спазнанае — дзякуючы запытам перакладчыцы. Мне хацелася б цытаваць кожны ліст, бо Вера Рыч і з штодзённых гісторыяў — прыкладам, сняданку або паездкі ў метро — магла зрабіць паэзію. Або анекдот. Але паспрабую пра самае важнае.

 

Subject: Re: Manchester?

Date: Sat, 16 Oct 2004 09:34:05 +0100 (BST)

 

Дарагая Аляксандра,

Выбачаюся, што не напісала раней (я была даволі-такі хворая на бранхіт — і насамрэч дагэтуль хварэю!).

Кнігі прыйшлі трыма хвалямі.

1) Праз студэнтаў Кветкі [Сяброўская мянушка Веры Рыч для Элана Флаўэрса, навукоўца, прафесара Кінгстанскага ўніверсітэта. — А. М.]

2) Праз Джыма Дынглі.

3) Поштаю. Два пакункі заказной поштай — значыць, з вялікай затрымкаю, і да таго ж мне давялося атрымліваць іх на пошце, даволі нязручна, але неістотна — галоўнае, дайшлі.

Я вельмі шчаслівая тым, якая атрымалася кніга. Хоць ужо і знайшла колькі памылак… Ці можна будзе зрабіць спіс памылак? Калі так, я дашлю яго. Вельмі шкада, але прынамсі адна не з маёй віны…

Спадзяюся, у вас усё добра.

Тут у Англіі надвор’е шэкспіраўскае: ‘The rain it raineth every day!’

Вера

 

У тыя дні бел-чырвоныя кніжкі «Poems on Liberty» выпраўляліся і ў Прагу, і ў Англію, і ў Львоў (для сяброў, даследчыкаў і біёграфаў), і ў ЗША праз Пётру Касатага (аўтара сайта «A Belarus Miscellany» з раздзелам пра Веру), і ў Вільню праз студэнтаў і вандроўнікаў, і ў Польшчу, і ў тутэйшыя бібліятэкі — дарэчы, цяпер кніга даступная на сайце Радыё Свабода ў электронным фармаце: http://docs.rferl.org/be-BY/2010/03/22/poems_on_liberty.pdf

Я і далей атрымлівала пошту ад Дарагой Веры, як нязменна і сіметрычна называла яе ў лістах, — на жаль, радзей, бо паменела нагодаў. І, на жаль, часам невыказна сумную пошту.

 

Subject: Навіны

Date: 19.02.2006

 

Дарагая Аляксандра,

пішу, каб паведаміць… што пасля некалькіх месяцаў агулам благога здароўя ў мяне пачаўся рак грудзей… Як толькі гэта зрабілася ясна, дактары імкліва правялі ўсе неабходныя тэсты — але ўсё адно ён развіваецца і пачаў захопліваць лімфатычную сістэму… Таму 26 лютага я выпраўляюся ў шпіталь, і на наступны дзень хірургі зробяць аперацыю…

Калі я ачуняю пасля аперацыі, яны, відаць, распачнуць «прафілактычную» хіміятэрапію — каб забіць як мага больш злаякасных клетак, што могуць распаўсюджвацца ў іншых органах цела… Як вы ведаеце, гэта прывядзе да таго, што мае валасы выпадуць, таму цяпер я сур’ёзна раздумваю пра колер і стыль парыка!

Ну, так або інакш, я была змагаркаю ўсё жыццё, таму, пэўна, зусім натуральна, што я скончу яго — этымалагічна — як «амазонка».

Але я прашу ўсіх, хто мяне ведае, маліцца за мяне. (NB. Святая Агата, здаецца, добрая святая для звароту пры хваробах грудзей.)

Выбачайце, што турбую вас у гэтай справе… Але яшчэ застаецца процьма беларускай літаратуры, якую я хачу перакласці… Таму малітва за маё жыццё і здароўе — ускосным чынам — будзе малітваю і за Беларусь!

Я далучаю ваш адрас да спісу людзей, якіх трэба паінфармаваць пра вынік аперацыі… Які б ён ні быў… Магчыма, вы зможаце перадаць гэтыя навіны і іншым!

А калі здарыцца найгоршае… Калі ласка, папрасіце «Нашу Ніву» апублікаваць пра мяне добры некралог!

Найлепшыя зычэнні ўсім…

Вера

 

Date: 3/24/2006

verarich_emergency@yahoo.co.uk

 

Дарагая Аляксандра,

я жывая — як і варта чакаць — але не настолькі, як бы мне хацелася быць жывой вось проста цяпер…

Джон Мілтан у санеце «On his blindness» («На ягоную слепату») пісаў, што «They also serve who only stand and wait» («І тыя служаць, хто адно стаіць і чакае»…). Аднак стаяць (або хутчэй сядзець!) і чакаць для мяне зусім не лёгка ў гэты момант!!!

Але я думаю і малюся за нашых сяброў… Асабліва за пісьменнікаў! Прашу, перакажыце мае найлепшыя зычэнні ўсім, з кім вы дачыняецеся…

Я ведаю, што шмат хто з вас маліўся за мяне падчас маёй нядаўняй аперацыі. А цяпер мая чарга адказаць узаемнасцю…

Цяжка выказаць, што я хачу перадаць вам усім… Але я мяркую — у святле нашай колішняй супольнай працы — вы зразумееце!

Вера

…………..

…………..

 

Здавалася, Вера пераможа ўсе нягоды і хваробы. Яна не раз хвалілася, што ў яе сям’і жывуць вельмі доўга, і запэўнівала, што ў яе такія ж планы. 18 снежня 2009 года доктар параіў ёй пакласціся ў шпіталь, але і тады Вера аддала перавагу працы над перакладамі, згадваюць сябры. А 20 снежня яна ціха памерла ва ўласным ложку, у лонданскім доме на авеню Веры. Гэтымі днямі, калі ёй споўнілася 80 гадоў, большасць з якіх яна прысвяціла любімай справе жыцця — перакладам беларускай паэзіі, думаеш, што было б справядліва, каб і ў нас тут некалі з’явіўся праспект Веры.

Чытайце таксама

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Мастацтва белетрыстыкі

Генры Мілер

Мастацтва белетрыстыкі

У 1934 годзе Генры Мілер, якому было тады сорак два і які жыў у Парыжы, выдаў сваю першую кнігу. У 1961 годзе гэтая кніга ўрэшце выйшла на яго радзіме, дзе хутка зрабілася скандальным бэстсэлерам...

Залаты век ілюстрацыі: Артур Рэкхэм

Залаты век ілюстрацыі: Артур Рэкхэм

Мне імпануе роля перакладчыка як актора

Дзмітры Плакс

Мне імпануе роля перакладчыка як актора

- Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самая любімая? - Я пачаў чытаць у тры з паловай гады, і з тае пары амаль усе кніжкі, якія чытаю, – для мяне любімыя. Прынамсі, у працэсе чытання.

988